Пастка для рэха
Шрифт:
— Ц-цюш-ша, — заікаецца яна, пагардліва аблізваючы губы, — я стамілася ад тваёй дурноты. Паспрабуй, коцік, пажыць без мяне. І не турбуй мяне, калі ласка, сваімі дакучлівымі тэлефоннымі званкамі. Дамовіліся?
Каб не чуць гэтых крыўдных слоў, не трэба ні да каго ўсур’ёз прывязвацца. Цяпер гэта я ведаю дакладна.
Адрываюся ад успамінаў і лезу ў кішэню за здымкам. «Ты тут таму, што я хачу на цябе паглядзець», — нахабна скалюся я. Немата негатыва матэрыялізуецца, і мы некалькі хвілін глядзім адно аднаму ў вочы, потым я рву здымак напалам. «Макака!» — шэпча мне Люська тонкімі сфатаграфаванымі вуснамі. Хвілінку вагаюся, потым хаваю рэшткі ў кішэню. «Відаць, старыя здымкі для таго і прызначаны, каб ім можна было выказаць усе свае крыўды і не пачуць у адказ абразлівых і здзеклівых слоў ад тых,
4
Вуліца, якою ён крочыць, знаёмая яму з дзяцінства. Ён здольны прайсці яе ўсю, ад пачатку да канца, нават з заплюшчанымі вачыма. Гэта на ёй жыве тая, дзеля каго ён прыйшоў сюды. Праўда, належнага задавальнення ад гэтага ён не адчувае. Ім авалодвае шчымлівае разбуральнае хваляванне, якое нават хваляваннем цяжка назваць, якое можна параўнаць хіба толькі са страхам. Напэўна, гэта і ёсць страх — страх застацца ў чарговы раз незразуметым, а значыць, адрынутым той, якую ён усё яшчэ кахае. І пачуццё гэтае мацнейшае за ўсё астатняе. Яно правацыруе яго на неадэкватныя ўчынкі, яно пажырае яго знутры, выкручвае цела, нібыта бялізну, не пакідаючы месца для радасці. Але надзея — рэч наіўная. У яе хочацца верыць нават тады, калі верыць у яе небяспечна. Яна, нібы той наркотык, спачатку спакушае, а потым трымае ў залежнасці. Нягледзячы ні на што, ён усё яшчэ жывы надзеямі.
Гэта яго горад. І не важна, што існуе шэраг прычын, каб не любіць яго. Гэты горад і не патрабуе ад яго нейкай любові. Ён жыве незалежна ад нечых настрояў. Мелеш сумна ўзіраецца ў фасады пустых жылых будынкаў і думае пра бессэнсоўнасць людскіх пакут, пра тую людскую сапсаванасць, якая замінае ім жыць нармальна. Недзе глыбока ў свядомасці выспявае даўно ўжо вар’яцкая ідэя развітацца з гэтым неразумным і непатрэбным жыццём — заплюшчыць вочы, каб раз і назаўсёды пазбавіцца ад гэтага спакуслівага жадання жыць. Магчыма, ён так некалі і зробіць, калі будзе ведаць, як тое зрабіць. А зараз…
Вуліца бязлюдная. Недзе ў аддаленні, на адцінку некалькіх дзесяткаў крокаў, ля пад’езда аднаго з даваенных жылых будынкаў ён бачыць двух маладых людзей. Яны таксама заўважылі яго. Дзяўчына падазрона касавурыцца. Яе тварык праменіцца зразумелым толькі ёй адной задавальненнем. «Каханне — занадта вялікае пачуццё для адных толькі пацалункаў, — думае Мелеш, пазіраючы праз дзяўчыну ў глыбіню расчыненых дзвярэй. — Не агаляйце сваіх пачуццяў, не выстаўляйце напаказ сваё шчасце — украдуць», — хочацца папярэдзіць яму гэтых наіўных, па ўсім відаць, маладых людзей. Ён спыняецца, каб агучыць гэтыя думкі, але ў апошнюю хвіліну перадумвае і крочыць далей. Дом, да якога ён накіроўваецца, выразна вымалёўваецца наперадзе. І яму бачны яго чырвоны чарапічны дах.
Пра тое, што бацька косіць сабакам сена, Мелеш даведаўся ўпершыню ад суседскага Лёшкі. З таго, што наплёў яму гэты пыхлівы задзірака, ён нічога не зразумеў, акрамя хіба толькі няскрытых намёкаў на сваю непаўнавартасць. І для таго каб дацяміць да гэтага, хапіла аднаго толькі слова. А наколькі яно было крыўдным і брыдкім, ён улавіў па той інтанацыі, з якой вымаўляў яго Лёшка: праз зубы, са шчырай хцівасцю, штурхаючы ў плечы:
— Байструк!
У голасе хавалася столькі абразлівасці і гідлівасці, што ён, не раздумваючы, кінуўся на Лёшку з кулакамі. А той, нібыта толькі таго і чакаў, збіў яго з ног і, асядлаўшы, прыціснуў цяжарам цела да зямлі. Мелеш злаўчыўся і вывернуўся. Некалькі хвілін яны валтузіліся ў поўным маўчанні, учапіўшыся адзін аднаму ў валасы. Але прадказаць, хто над кім возьме верх, няцяжка было з самага пачатку. Задыхаючыся ад пагарды, невядома з якіх крыніцаў абуджанай у ім, Лёшка ўсім целам крутануўся і, апынуўшыся наверсе, пераможна прашыпеў:
— Жры, байструк!.. Жры!.. Жры!
— Адпусці, — задыхаючыся папрасіў Мелеш.
— Жры, байструк! Жры! Жры! — азвярэла тыцкаў яго тварам у пясок Лёшка, распырскваючы са слінаю сваю злосць.
Пераканаўшыся ў неаспрэчнай яго перавазе, Мелеш адмовіўся ад далейшай барацьбы, прыціх і пачаў пакорліва чакаць той хвіліны, калі Лёшка, нарэшце, здаволіцца. Аднак той нібы сарваўся з ланцуга. Запэцкваючы вопратку саплямі, якія ліліся з яго носа няспынным ручаём,
ён малаціў Мелеша па чым пападзе кулакамі, і разлічваць на нейкую паблажлівасць не даводзілася. Мелеш адчуваў, як пруцянее ад гэтых удараў цела, як паступова пераўтвараецца яно ў камень, і ад безвыходнасці плакаў. Угаманіўся Лёшка толькі пасля таго, як пусціў яму з носа юшку. Кроў, па ўсім відаць, выклікала ў яго страх, бо на тым бойка і скончылася. Не падаючы выгляду, што спужаўся, ён выцер няспешна аб калашыны зашмальцаваных штаноў рукі і дзелавіта сплюнуў праз шчарбіну.— Будзеш цяпер ведаць, байструк!
Сказаў і няспешна рушыў прэч. Мелеш гэтага не бачыў. Ён ляжаў ніцма, уткнуўшыся тварам у пясок, і бязгучна плакаў. Яму здавалася, што варта будзе толькі ўзняць галаву, і Лёшка зноў накінецца на яго з кулакамі. Праз некаторы час, калі боль суцішыўся, ён падняўся з зямлі і агледзеўся. Змяркалася. Халоднае сутонне апусціла неба настолькі нізка, што здавалася, яно чапляецца за пляскатыя чарапічныя дахі прыземістых будынкаў. Выламаная з маўклівай прасторы ненатуральнасць панурага наваколля чорнымі выгінамі ўгрызалася ў замерзлае, скамянелае цела вуліцы. Недзе пад гэтым панурым небам маглі б назаўжды застацца і сляды яго нядаўняй ганьбы, сцёртыя восеньскай непагаддзю. Але дарма ён на тое разлічваў. Крыўда моцна ўкаранілася ў яго свядомасці, і пазбавіцца ад яе цяпер было немагчыма. Ён шмыгнуў носам і выцер твар рукавом бруднай кашулі. Паўзіраўшыся некалькі хвілін вакол сябе і, нікога не згледзеўшы, паплёўся праз двары дахаты. Незаўважна пракраўся ў прыбіральню, зачыніў дзверы на зашчэпку і зірнуў на сябе ў люстэрка. Адтуль глядзеў незнаёмы хлапчук — мурзаты, з разбітым акрываўленым тварам. І яму захацелася разбіць гэтае люстэрка. Ён нават замахнуўся, але рука так і павісла ў паветры. Такое жаданнне будзе ўзнікаць яшчэ неаднойчы, бо кожны раз у люстэрку, ён будзе бачыць сваю непаўнавартасць. А ў тыя хвіліны, каб стрымаць крыўду, ён заплюшчыў вочы і, сціснуўшы да болю кулакі, ціхенька прашаптаў, не разумеючы сэнсу сказанага: «Я заб’ю яго!».
Праз некалькі хвілін ён выслізнуў з прыбіральні і незаўважна залез пад коўдру. Аднак схаваць сінякі ад дапытлівых маміных вачэй не атрымалася. І не важна, што яна не падала выгляду. Каб не глядзець ёй у вочы, ён адвярнуўся да сцяны. Мама села побач і доўга сядзела моўчкі, цярэбячы яго густую вільготную чупрыну.
— А праўда, што наш тата… — пачаў ён няўпэўнена, імкнучыся прасачыцца ў гэтае зацягнутае да суму маўчанне.
— Што — праўда? — перапыніла яна яго напаўслове, нібыта здагадаўшыся, аб чым ён збіраецца запытацца.
— А праўда, што наш тата сабакам сена косіць? — выдыхнуў ён і рэзка павярнуўся, зазірнуў у вочы з наіўнай несхаванай надзеяй на тое, што гэта не так. Мама датыкнулася далонню да яго гарачай вільготнай шчакі і, нахіліўшыся, пацалавала ў вусны. І ён адчуў, як здрадніцкі ўздрыгнулі яе пальцы.
— Лёшкавы фокусы?.. — запытала яна ціха. — Што ён табе яшчэ наплёў?
— Ён абзываў мяне байструком…
— Гэта ўсё?
— Не… Цябе ён таксама называў байстручкаю... Ён сказаў, што ўсе мы Малаткі — дзеці блуду, што гэты блуд у нашай крыві…
— Дурань твой Лёшка, — выціснула сумна мама і паабяцала: — Заўтра я надзяру яму задніцу.
— Мама, а чаму нас усе Малаткамі называюць? — заўпарціўся ён.
— Хто — усе? Лёшка?
— Усе! — закрычаў ён у запале.
— Так ужо і ўсе, — сумна ўсміхнулася мама і ўсё ж патлумачыла, як сама тое разумела: — Пэўна, таму што працяглы час мы жылі ў Молатаве. Гэта далёка ў Расеі. Некалі быў такі горад.
— Чаму — быў? — назойліва дапытваўся ён.
— Таму, што ты яшчэ маленькі, і таму, што табе самы час класціся спаць, — сумна зазначыла яна, аднак, пачакаўшы, дадала: — Бабуля твая там у заробках была. І я там нарадзілася.
— Байстручкаю?
— Спі, — строга прыкрыкнула мама. І яму падалося, што яна плача гэтак жа бязгучна, як гэта ўмее рабіць толькі ён адзін.
Айчым — твор маміных ілюзій — паявіўся значна пазней, калі яму споўнілася трынаццаць. Цынічны і самаўпэўнены, ён уварваўся ў іх жыццё, не толькі разбурыўшы прыдуманую ілюзію шчасця, але і пасяліўшы ў яго дзіцячым сэрцы тую атрутную рэўнасць, якой хварэюць юнакі яго ўзросту, з-за якой гэты адрэзак жыцця дарослыя называюць пераходным узростам.