Пастка для рэха
Шрифт:
— З сённяшняга дня гэты чалавек будзе жыць з намі, — не гледзячы яму ў вочы, заявіла мама, знаёмячы з айчымам. Ачкарык, як яму падалося, задаволена ўсміхнуўся.
— А я?
— Ты?.. — здзіўлена паціснула яна плячыма і, апамятаўшыся, запэўніла: — І ты таксама. — Памаўчала і, пэўна, дацяміўшы, на што ён намякае, злосна прыкрыкнула: — Не строй з сябе дурня. Ты выдатна разумееш, аб чым я. Ты дарослы, каб табе нешта тлумачыць…
— Што тлумачыць? — цынічна ўсміхнуўся ён.
— Тое, што я таксама хачу жыць. Я чакала столькі часу. Я лічыла, што ты падрасцеш і зразумееш мяне. А ты…
—
— Сціхні!.. — зрываючыся на крык, загадала яна. Схапіла за рукаў і моцна пацягнула. — Я пакахала гэтага чалавека. Табе зразумела?
— Бацьку ты таксама кахала? — спытаўся ён праз слёзы.
— І бацьку кахала… Але пачуцці старэюць… А аднойчы яны паміраюць, як і ўсё, дарэчы. І яшчэ… У цябе хутка будзе брацік…
— Я не хачу браціка, не хачу! — заўпарціўся ён, пазіраючы на ачкарыка, які прысутнічаў пры іх размове. — Я не хачу, каб ён нараджаўся! Чуеш? Не хачу! Не хачу!..
— Дурань! — выціснула яна і паблажліва ўсміхнулася.
5
Шчасце часцей за ўсё валіцца да нас прама з нябёсаў, і мы з Фёцам у гэтым пераконваліся не аднойчы ўжо. На такую халяву мы з ім і разлічваем зараз, швэндаючы ўдоўж і ўпоперак па звярынцы ў «пошуках настрою». Гэта пакуль адзінае месца, дзе можна «збіць» сякую-такую капейку, а таму, нягледзячы на ўсе перашкоды, якія нам чыняць абставіны, сыходзіць адсюль ні з чым мы не збіраемся. Кацапы — лянівыя, гатовыя ісці на любыя саступкі, абы самім не корпацца ў брудзе. А нам з Фёцам не западло, за грошы мы і за сланом прыбярэмся.
Звярынец у наш правінцыйны горад прывезлі браты Запашныя з далёкай Масквы — тыя самыя, аднаго з якіх два гады таму ледзь не задраў у клетцы тыгр. Пра гэты трагічны выпадак мы даведаліся ад абслугі. Нам бы таксама задумацца, не хадзіць пеўнямі блізка ля загарадак, дык не — хоць кол на галаве чашы, не перапрэш. І сапраўды, здзівіць нас нічым немагчыма. Мы — хлопцы бітыя. Мы самі каго хочаш здзівім. «Масты» з кіраўніцтвам звярынца намі наведзеныя з першага ж дня, а таму прабрацца на тэрыторыю без квітка для нас — плёвая справа.
Сёння нам не шанцуе. Сёння ў іх санітарны дзень, а таму нават дурню зразумела, што пажывіцца на халяву не атрымаецца. І на што мы разлічваем, ведае толькі адзін Бог. Фёца абражана маўчыць. Я ж мітусліва зіркаю па баках, шукаю ўчарашні дзень.
Хмыр у скураным капелюшы паўстае перад намі з неадкуль, і заўважаем мы яго неадразу.
— Ты яго ведаеш? — косіцца на мяне Фёца. Недаверліва паварочваю галаву і на ўсякі выпадак раблю некалькі перасцярожлівых крокаў назад:
— Звальваем!.. — шапчу я.
Фёца ігнаруе маю прапанову. Сыходзіць ні з чым адсюль — па ўсім відаць — ён пакуль не збіраецца. Я ж вывучаю позіркам адміністратара і пачынаю здагадвацца, што нічога станоўчага гэтая сустрэча нам не абяцае. Тым больш што бачым мы гэтага чэла ўпершыню і да размовы з ім не падрыхтаваныя.
— Не хапала нам толькі міліцыі, — злуюся я і цягну Фёцу да выхаду. Недамерак пускаецца наўздагон.
— Перастань! — ухіляецца Фёца. — Ён жа п’яны! Эй ты, п’янтос!
У недамерка насуплены, змрочны твар, але гэта яшчэ ні аб
чым не сведчыць.— Табе якая розніца, п’яны ён ці не?
— Якая розніца, гаворыш? — усміхаецца Фёца. Здзірае з галавы кепку, з якою не разлучаецца амаль ніколі, і паспешліва хавае яе за пазуху.
— Якая розніца, гаворыш?! — узмацняе ён голас і робіць ваяўнічы крок да адміністратара. — А такая розніца… Эй ты, сабака! Гультаі! Я вам пакажу міліцыю! Я вам пакажу панядзелкі па-беларуску!
Нам кранты, гэта відавочна. На твары недамерка з’яўляецца здзіўленне. Незаўважна яно ператвараецца ў агіду, і ён абразліва жмурыцца. Я рыхтуюся даць яму адпор. Але яго клічуць з офіса. Недамерак мітусліва азіраецца, і я разумею, што лёс нам дорыць магчымасць змыцца. Адмаўляцца ад яе — дурасць. Штурхаю Фёцу пад бок і піхаю да выхаду, але той, каторы ўжо раз, ухіляецца. Падлятае да загарадак з малпамі. Я збянтэжана пазіраю яму ўслед: гэтага нам толькі не хапала!
— Кайфуеце, гады! — падступае ўсутыч ён да загарадкі з чорнамордай малпай. — Чаго вылупілася, Чыта?!
Жывёліна ўзбуджана ўзвізгвае, зрываецца з месца і робіць некалькі палахлівых кругоў па загарадцы. Фёца расплываецца ў вар’яцкай усмешцы:
— Разумее, гад?!
Палахліва зіркаю на адміністратара, потым на старую макаку і ўсміхаюся… З Фёцы… А той ваяўніча ўздымае руку, і жывёліна зноў пачынае гойсаць па цеснай загарадцы. Ёй напляваць на нас, на адміністратара і на тое, што ў нас з учарашняга дня не было ў роце макавай расінкі.
— Фёца, даражэнькі, звальваем, — занудліва прашу я.
Малпа спыняецца і дэманстратыўна паказвае мне сваю чырвоную задніцу.
— Ах ты гад! — замахваецца Фёца.
Азіраюся. Недамерка ад нас аддзяляе некалькі крокаў. Чую яго частае дыханне і злосна лямантую:
— Фёца, перастань!
Наша мітусня канчаткова выводзіць малпу з сябе, і яна ваяўніча кідаецца на нас. Рашотка выгінаецца пад цяжарам яе цела.
— Злуешся, гад! — скаліцца Фёца.
— Ахова! Ахова! — чую я за плячыма хрыпаты голас недамерка. — Хто вас пусціў сюды, га?
Адміністратар хапае Фёцу за каўнер і цягне да вагончыка. Там, як я здагадваюся, знаходзіцца ахова звярынца.
— Хто вас пусціў сюды, га? Ахова! — гукае некуды ў пустату недамерак. — Вы што, зусім таго ўжо?! — круціць ён указальным пальцам ля скроні.
Трашчыць па швах Фёцына кашуля. І я кідаюся сябру на дапамогу. Недамерак не вытрымлівае майго націску і адпускае Фёцу.
— Ахова! Міліцыя! — лямантуе ён як ашалелы.
— Перастаньце! — рашуча загадваю я. — Што вы заладзілі: ахова, міліцыя? Што мы зрабілі кепскага? Што?
— Што зрабілі кепскага? Не, вы толькі зірніце на гэтых разумнікаў! У іх яшчэ паварочваецца язык пытацца! — здзіўляецца недамерак. Мы маўчым, і яго ваяўнічасць пакрыху згасае. Тады мы смялеем і пачынаем апраўдвацца. Недамерак пераконвае нас прыкладамі.
— У адным звярынцы такому ж, як вы, адшчапенцу, бабуін у запале выбіў зуб, — займаецца ён нашым сумленнем. — Той, як і вы, забаўляўся тым, што раздражняў жывёліну, кідаючы ў яе каменьчыкі. Бабуін наблізіўся да рашоткі і трапным баксёрскім ударам адправіў веселуна ў накаўт. Ачухаўся ён толькі ў медпункце, дзе лекары і наклалі яму на губу швы.