Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пастка для рэха

Паплаўскі Алесь

Шрифт:

— Людзі, гэта вар’ят!.. Яго трэба спыніць. Ён небяспечны…

Гэта апошнія словы, якія я здольны вымавіць…

16

Мінаюць дні — шэрыя і аднастайныя.

Вось ён я!.. Усё яшчэ існую… Плявок Сатаны не спыніў і ніколі не спыніць Гадзінніка майго жыцця. Бо «…всё, что произнесено, не опасно. Тонкая паутина Тьмы будет немедленно разрушена огнём пространства…».

І калі скупое святло кранецца сваімі гаючымі промнямі нашай Сапраўднасці — выпакутаванай і адваяванай у Цемры, — прыходзьце паглядзець на нашы цені…

Ініцыятыва

не на маім баку. Асоба, якая сядзіць за сталом насупраць, пачынае гульню першай. І гэта не можа не хваляваць мяне. На раскратаваным лісце паперы, у клетачцы зверху, яна выводзіць першы свой крыжык. Не задумваючыся, побач з ім малюю свой маленькі нулік. «Што за гульня такая вар’яцкая?» — ніяк не магу ўцяміць я і скоса пазіраю на жанчыну. Твару яе разглядзець нельга з-за густога дыму, які вісіць у паветры. Дым едкі і жоўты. Дым выядае вочы. Дым тлусты і задушлівы.

— Ты — гэта ты… Такога сябе ты стварыў сам…

«Што ты плявузгаеш? Адкуль табе ведаць, хто я? — злуюся я. — Што азначае: такога сябе стварыў сам?..» Падняць галаву і разглядзець як след сваю саперніцу не стае моцы. Як толькі я намагаюся зрабіць гэта, нейкія непадуладныя мне пачуцці разбураюць маю рашучасць. Я адчуваю, як маё спакутаванае сэрца працінае смяротны жах. Ад жанчыны вее ледзяным холадам Вечнасці. Мне відны толькі яе рукі. Яны маленькія, з выразна акрэсленымі сінімі пражылкамі і з выцягнутымі, як у музыкаў, тонкімі худымі пальцамі. Гэта рукі старэнькай бабулькі. Аднак, нягледзячы на ўзрост, рухі іх упэўненыя, спрытныя і няўлоўныя. Гэта — рукі-аўтаматы. Пальцы рухаюцца ўздоўж стала і вытвараюць такое, што мне пачынае здавацца, быццам за сталом са мною сядзіць фокусніца. Самапіска ў руках жанчыны ажывае, нібыта ў руках барабаншчыка барабанныя палачкі. Я ўважліва сачу за яе спрытнымі рухамі і пераконваюся, што жанчына махлюе, што гульня ідзе не па правілах. Пераконваюся, але не пярэчу ёй. Бяссілле прыгнятае і прыніжае мяне...

— Ты не згодны з маімі доказамі?

Кашчавыя пальцы выпісваюць у паветры невядомую мне фігуру і малююць чарговы крыжык. Крыжыкаў столькі ўжо, што іх хапіла б на цэлыя могілкі.

Ну, Дольчык, што скажаш на гэта?

— Пра што вы? — здзіўляюся я і пакорліва малюю свой чарговы нулік.

— Твой ход непрадуманы, Дольчык, як і ўсё тваё жыццё, — свідруе маю свядомасць хрыплы, шапялявы голас. — За гэта табе яшчэ адзін крыжык… Каб перамагчы мяне, трэба мужнасць і воля. А ты гэтыя якасці страціў. Твая слабасць у тваім эгаізме.

«Чарговая выхаваўчая лекцыя, — злуюся я, упарта шукаючы клетачку для выратавальнага нуліка. — Давай, выхоўвай… Я прывык… Нагадай мне пра эгаізм… Потым пра сумленне...»

— Ілжэш… Жыццё нельга спланаваць. Хто з нас не мае заганаў?.. Ідэальных людзей не існуе. Маімі дарадцамі таксама не заўсёды былі адны толькі сумленне і справядлівасць… Але гэта я і без твайго напаміну ведаю. Але ведай і ты, мой дух яшчэ жывы. Ён пратэстуе супраць гэтага нутранога холаду — холаду абыякавасці, холаду бяздушнасці… Пратэстуе супраць несправядлівасці. Ты мяне чуеш, як там цябе?..

— Неблагі ход, Дольчык… Толькі адкуль табе ведаць, што такое справядлівасць? Тваё сумленне набытае ў ламбардзе, як і твой гадзіннік. Яно разменена на ілюзію, якую ты называеш сумленнем. Стрэлкі спыніліся ў чаканні... Стрэлкі заблыталіся і не ведаюць, у якім накірунку рухацца. Нашто такое жыццё, калі слова «заўтра» выклікае жах і гідлівасць? Хіба ты не зразумеў, што жыццё ігнаруе цябе?

— Ігнаруе — значыць

цікавіцца… А страх — гэта…

— Страх — гэта атупенне. Гэта нешта сярэдняе паміж здрадай і сумленнем… Баяцца — значыць не верыць.

— Людзі баяцца не смерці, а невядомасці… Абмежаванасці ў прасторы…

— Чалавекам можна назваць сябе толькі тады, калі вымаўляеш «Я» без боязі. Ты здольны сказаць смела і незалежна: «Я»?

— Нашто вам гэта?

— Каб сказаць табе, што ты прайграў, Дольчык!..

— Я не прайграў… Ты наўмысна закрыла пальцам пустую клетку… Гэта і ёсць месца для майго пераможнага нуліка…

Я адрываю стомлены позірк ад стала і аглядаюся. У пакоі ніводнай душы. Воблака густога жоўтага дыму пачынае пакрыху рассейвацца, агаляючы ўсю мярзотнасць, усю несапраўднасць форм гэтага дзіўнага памяшкання. І я пачынаю разумець, што дым — гэта толькі ілюзія. У пакоі кружляе мёртвае кляновае лісце. Яно напамін пра апошнюю восень — восень майго неўміручага кахання. Я не жадаю больш мірыцца з тым, што здарылася са мною шмат гадоў таму. Я — зусім другі чалавек ужо. І мне хочацца бегчы прэч з гэтай магілы неразгаданых таямніц.

Я кідаюся да дзвярэй і не знаходжу іх.

…Прытомнасць вяртаецца разам з адчуваннем холаду блізкай Зімы. Снег — белы-белы, нібыта вата на аперацыйным стале. Вата ў крыві, і ўсведамленне таго, што адбываецца вакол, абвастрае жаданне жыць. Малады хлопец у белым халаце, што стаіць побач і вымярае мой пульс, зусім не падобны да доктара. У яго дзіцячыя рысы твару і стомлены выгляд. Нешта да болю блізкае ўгадваецца мне ў гэтым твары. Намагаюся ўстаць са стала. Нехта ўтрымлівае мяне за руку. І я зноў губляю прытомнасць…

Мне мрояцца барыкады. Маё спакутаванае ад болю «Я» кружляе над Пляцам Незалежнасці.

…Амапаўцы чакаюць загаду. Разглядзець твары вайскоўцаў нельга. Замінаюць шчыльна састаўленыя шчыты. Здаецца, што сцяна з пластыку з хвіліны на хвіліну рухне. І вайскоўцы змятуць з плошчы ўзбунтаваны натоўп. Мінае час, але гэтага не здараецца. Што стрымлівае вайскоўцаў, застаецца загадкай.

— Украіна!.. Украіна!.. Украіна!.. — выкрыкваюць дэманстранты.

Ад натоўпу аддзяляецца маладая жанчына і перасякае вузкі калідор, утвораны паміж дэманстрантамі і амапаўцамі. Набліжаецца да аднаго з вайскоўцаў і замацоўвае на пластыкавым шчыце некалькі белых гваздзікоў. Яе ўчынак выклікае шквал адабральных воклічаў. Я пазнаю гэтую жанчыну. Яшчэ б…

Я цікую за сваім целам з вышыні птушынага палёту. Я — не я. Я — згустак энергіі, згустак эмоцый. Я здзіўлены і ўзрушаны. Мною авалодвае зайздрасць. Я шкадую, што не ўкраінец. І не з-за таго, што не люблю сваёй Радзімы… Наадварот… Гэтая незнаёмая жанчына з натоўпу — валяльшчыца, матальшчыца, няважна, хто, — дапамагае мне высунуцца з нары, якую я вырыў для сябе сам. Высунуцца і аглядзецца…

Гэта зусім іншы Свет, пра існаванне якога я пачынаю толькі здагадвацца. Але, каб у ім жыць, у ім трэба і нарадзіцца яшчэ…

Расплюшчваю вочы. У пакоі працуе тэлевізар. Экран іскрыцца жоўта-блакітнымі колерамі — колерамі свабоды і незалежнасці. Аператары паказваюць жанчыну буйным планам. І нішто ўжо не можа спыніць яе. Голас вырываецца на волю. Голас жыве ў сэрцах мільёнаў людзей: — …калі яны разумеюць гэта, а яны не могуць не разумець гэтага, яны ніколі не пойдуць супраць нас.

— Украіна!.. Украіна!.. Украіна!..

— Зноў падманулі народ, — незадаволена бурчыць сусед па бальнічным ложку.

Поделиться с друзьями: