Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Плошча. Гісторыя аднаго каханьня

Пятровіч Барыс

Шрифт:

Так, заўтра, бо на сёньня арганізатары, якія, відаць, і самі не чакалі, што на плошчы зьбярэцца столькі людзей і разгубіліся, аб’явілі мітынг закрытым і за­­клікалі ўсіх прыйсьці заўтра, каб падвесьці кан­чат­ко­­выя вынікі выбараў. Плошча выдыхнула рас­­чараваньнем, маўляў, нас так шмат сёньня сабралася і вы ня можаце скарыстаць гэтую сілу... Адчуў, што нельга так вось ні з чым распусьціць народ, адзін з нядаўніх кандыдатаў у прэзідэнты і заклікаў пайсьці да плошчы Перамогі, каб ускласьці кветкі да помніка. Нічога добрага, але хоць нешта… Людзі рушылі ка­лонамі па ходніках, аднак настрой ужо быў ня той, і Марыйка з Алесем вырашылі з імі не ісьці – павярнулі ў адваротны бок, да вакзалу: ім трэба было пабыць разам, удвох, перад тым, як разьехацца па дамоўках.

З “Дзёньніка” Марыі Б.

“Мілы Алесь… Сустрэча з табой на плошчы была настолькі нечаканай для мяне, што я не змагла пераадолець у сабе цікаўнасьць паглядзець, як ты будзеш паводзіць сябе пасьля таго, што здарылася між

намі… А ты павёў сябе абсалютна натуральна. Дакладней, для мяне на той момант, можа, і не зусім натуральна, бо мне хацелася, даруй, бачыць цябе прыніжаным і разгубленым, што было б пра­вільна, як мне думалася, а ты… мне абрадаваўся, пайшоў насустрач радасна ўсьміхаючыся. І выбіў у мяне глебу з-пад ног... Потым я зразумела, чаму так сталася: за час, які прайшоў ад нашае вандроўкі за горад, ты шмат перажыў і перадумаў. Ты зьмяніўся, урэшце рэшт. Ты стаў іншым. Ты змог зрабіць гэта, хоць на такое здольны ня кожны. Тым болей, мне здавалася, на такія зьмены ня здатны ты – той, якога я ведала… І мне стала цікава, што ж з табой здарылася?.. Да таго ж, прызнаюся шчыра, ты быў мне неабыякавы і тады, раней – і як чалавек, і як паэт. Таму я і пасябравала з табой, не адрынула адразу там, на прыпынку тралейбусным. Хоць і адчувала, як часам прасьлізгвалі ў тваім голасе ноткі зьдзеклівага стаўленьня да мовы і да тых, хто “змагаецца з рэжымам”. Цяпер, заўважыла, у цябе і гэта прайшло… Ты сказаў, што вершаў больш ня пішаш. А шкада – паэт ты быў ня з горшых... Некаторыя твае радкі я памятаю і цяперака. Асабліва той верш, пра вольных птушак у небе… І яшчэ адзін – пра чырвоных мурашоў…”

Назаўтра ўжо на пачатку мітынгу, на які пры­йшло ня менш людзей, чым 19-га, стала зразумела, і ня толькі Марыйцы з Алесем, што нельга вось так зьбірацца штодзень на плошчы, стаяць на хо­ладзе “чакаючы з мора пагоды”, трэба нешта ра­біць, каб прыцягнуць да сябе ўвагу ўладаў і ня толькі ўладаў, каб, урэшце, чагосьці дабіцца і каб зварухнуць на­род… Надзея тут, у натоўпе, на перамены ажыла па новай. Пачуліся размовы сярод моладзі, што варта застацца на плошчы, паставіць намётавы гарадок, наладзіць дзяжурства і не сыходзіць дамоў, пакуль не пераможам… Нас падтрымаюць іншыя, найперш студэнты, а затым выйдуць на вуліцы цэлыя заводы – будзе кіеўскі майдан, і тады ўлады ня змогуць спу­сьціць цішком сваю “элегантную перамогу” і пра­ігнараваць “во­лю народу”… Марыйка і Алесь адразу і разам вы­ра­шылі, што застануцца тут, на плошчы, і калі людзі расступіліся, сталі паўкругам і на вызвале­ным пляцы зьявіліся хлопцы і дзяўчаты ды пачалі ста­віць першы намёт, яны, не згаворваючыся, а па нейкім імгненным руху сьцятых рук, першымі кінуліся дапамагаць. Разам з імі тых, хто ставіў намёты, было ўсяго дзясятак чалавек. І адразу ж да іх ірванулі дужыя хлопцы ў чорным адзеньні і чорных спартовых шапачках-пеўніках, расьпіхалі і што змаглі выхапіць з рэчаў – выхапілі, зламалі, урвалі і… зьбеглі. Бо, пэўна, убачылі, што людзей не запалохаць, бо проста фізічна адчулі такі моц­ны пратэст і сілу мітынгоўцаў, а плошча загула абу­ральна, што здрэйфілі. Людзі апамятаваліся, утварылі кола ад выхаду з метро да прыступак Палацу Прафсаюзаў, і ўжо бесперашкодна моладзь паставіла першыя чатыры намёты.

Потым, канчаткова вырашыўшы, што застаюцца тут на ноч, Марыйка і Алесь пасьпелі яшчэ зьбегаць у бліжэйшы ўніверсам, каб купіць сяго-таго з пра­дуктаў і сагрэцца – папіць гарачае кавы. Пабеглі ня толькі яны, і прадавачкі падазрона пазіралі на ўзбуджаных маладзёнаў, якім раптам спатрэбіліся так позна бутэрброды з сабой ды яшчэ ў такой колькасьці. Адзін мужчына сказаў: “Колькі тут у вас бутэрбродаў? Пяцьдзясят? Забіраю ўсе…” А потым, калі прадавачкі даведаліся навошта, стараліся хоць позіркам выказаць сваю падтрымку і спачуваньне. Марыйка грэла рукі гарачай кавай, паглядала на гэтых цётак і думала: большасьць у Беларусі вось такіх, шчырых і мілых людзей, якім хочацца пераменаў і якія ненавідзяць саміх сябе за тое, што скарыліся нават ня сіле, а проста нахабству і беспардоннаму хамству ды хлусьні, але нічога з сабой зрабіць ня могуць, бо іх умела разьбілі на купкі, на адзінкі, замкнулі ў сем’ях, запалохалі – кожны сам за сябе… Яны ня вераць нікому побач, у кожным бачаць ня сябра, а ворага, які хоча разбурыць іх утульны, пешчаны гадамі, хай і бедненькі, сьвет... І аб’яднаць іх у сілу, якая паўстане супраць падману і несправядлівасьці, пакуль немажліва…

Марозчык на ноч узяўся неслабы, але Марыйка і Алесь не заўважалі холаду ў намёце, які стаў для іх укрыцьцем ад усяго на сьвеце, ад усяго сьвету. Ім трэба было пабыць адным, хай і на плошчы сярод тысячаў людзей – і намёт дазваляў гэта зрабіць. Ім шмат пра што трэба было распавесьці адно адному. І выказаць тое, што перадаецца ня словамі, а толькі праз няўлоўны поціск рук, праз позірк вочы ў вочы і ніяк іначай… Што і казаць, Марыйка сумавала па Алесю і часта згадвала пра яго, хоць і не хацела сабе прызнавацца ў гэтым. А тым болей, відаць, – Алесь. Віна перад дзяўчынай, якую ён здрадніцкі пакінуў некалі, не давала яму спакою. І цяпер у яго зьявілася мажлівасьць выгаварыцца. Не апраўдацца, не… а проста выгаварыцца, нават без надзеі на дараваньне.

Праз столь і бакавіны намёту прабівалася сьвятло ліхтароў з плошчы, але было цёмна, і гэта таксама спрыяла шчырасьці і адкрытасьці. Яны бачылі толькі вочы адно аднога зусім блізка, якія гарэлі, палалі агнём, блізкасьць дыханьня і целаў узбуджала яшчэ больш, і Алесь зусім перастаў саромецца самога сябе, нядаўняга няўдалага кавалера і самагубцы. Ён баяўся толькі аднаго: быць няшчырым і каб гэтую, мажлівую, няшчырасьць не адчула Марыйка. Ага, баяўся ён яшчэ аднаго:

страціць яе зноў – цяпер ужо назаўсёды.

Марыйка бачыла гэта і слухала ўважліва, не пе­рабівала, не перапытвала, хіба тады, калі ён расказваў, як сядзеў на краі даху і глядзеў у такі блізкі і зусім нястрашны туман, мацней сьціснула ягоную руку… Ён і сапраўды шмат перадумаў і зразумеў там, у адзіноце, на даху. Чаму самагубцаў ня любяць і не апраўдваюць практычна ні ў адной з рэлігіяў? Бо здацца, скарыцца абставінам вельмі лёгка, а пераадолець іх, перамагчы – няпроста, ня кожны на тое здольны. Для таго, каб засіліцца ці скочыць уніз са шматпавярховіка муж­насьці ня трэба, значна цяжэй “зрабіць жыцьцё” (памятаеш верш Маякоўскага, прысьвечаны Ясеніну? – спытаў Алесь). Шлях да ісьціны палягае праз па­мылкі і выпрабаваньні, спадзяюся першыя і самыя важныя я прайшоў, казаў Алесь. Я паглядзеў у вочы сьмерці і цяпер яе не баюся. Яна сама прыйдзе ў адмераны час. Аднак важна прайсьці свой жыцьцёвы шлях ня здрадзіўшы сабе, сваім ідэалам, ня схібіўшы нідзе. Тварыць дабро – вось звышзадача. Спакойна, без мітусьні, бяз крыку. І калі хоць адзін чалавек стане лепшым, дзякуючы стасункам са мною, навучыцца заўважаць клопаты, турботы, боль іншых, як свае, калі хоць аднаму з маіх бліжніх будзе лягчэй ад таго, што я ёсьць побач, – значыць, я жыву не дарэмна… А калі я дапамагу дзясяткам, сотням…

Алесь замоўк раптам, закончыўшы тым расповед, і толькі цяпер яны адчулі, што зусім замерзьлі ў на­мёце, што закляклі іх целы і што трэба разьмяцца, каб не захварэць. Выйшлі на сьвятло. Было гадзіны дзьве ночы. 2.15 – дастала тэлефон і паглядзела Ма­рыйка. (Між іншым убачыла – мама званіла разоў дзесяць. Але тэлефанаваць ёй ня стала – позна ўжо турбаваць…) Больш за дзьве гадзіны праляцела для яе, як адно імгненьне. Намётавае мястэчка, а яго ўжо можна было назваць так, налічвала… Марыйка адыйшлася ўбок – раз, два, тры… васямнаццаць на­мётаў, з тых першых чатырох, у адным з якіх і “па­­сяліліся” яны з Алесем. Пасярод на дыванках было ўтворана нешта кшталту складу, куды ставілі тэрмасы з гарбатай, прадукты, цёплыя рэчы – усё гэ­та, аказваецца, людзі пачалі прыносіць сюды амаль адразу пасьля ўсталяваньня першых намётаў. Зн­чыць, яны за размовай прапусьцілі шмат важнага і прыемнага. Вакол было шумна і, можна сказаць, весела. Намётавае мястэчка было абкружанае двай­ным колам хлопцаў і дзяўчат са сьцягамі – ахо­ва. Марыйка ўзьлезла на бетонную агароджу ва­кол уваходу ў метро і агледзе­лася. Была глухая ноч, але чалавек пяцьсот заставаліся на плошчы. Мі­ліцыянты, а яны ўжо былі тут, стаялі па­воддаль. Ся­род людзей Марыйцы і Алесю падалося цяплей, чым у намёце. Да іх падыйшоў хлопец, які, па ўсім, стаў галоўным у мястэчку, каб пазнаёміцца: хто яны і адкуль, разьмеркаваць абавязкі. А потым, да раніцы, каб не замерзнуць, яны прыдумлялі ней­кія гульні, таньчылі, бегалі, штурхаліся, стараліся пад­трымаць, падвесяліць адно аднога. Аднак гэта ўда­валася з цяжкасьцю – сама атмасфера не спрыяла весялосьці. Начное неба вісела нізка-нізка і ціснула на іх усім сваім целам і ўвесь час не пакідала адчуваньне, што за імі сочаць сотні вачэй…

З “Дзёньніка” Марыі Б.

“Нас было так мала ў намётавым мястэчку ў першую ноч на плошчы – з 20 на 21 сакавіка... Чаму міліцыянты і амапаўцы не “разабраліся” з намі адразу? Ня думаю, што яны не ўспрынялі нас усур’ёз: маўляў, памерзьне малеча да раніцы, і разьбяжыцца па хатах. Прынамсі, той, хто быў на плошчы тады, так бы не палічыў: намеры ў нас былі якраз сур’ёзныя – стаяць да канца. Хоць якім павінен быць той “канец”, мы ня ведалі: пералік галасоў, прызнаньне гэтых выбараў несапраўднымі, перавыбары? Не, мы разумелі, што спадзявацца на гэта было немагчыма. Дык тады на што? Навошта было гэтае глупства з намётавым гарадком, гэтая адкрытая, на ўвесь белы сьвет роспач, якую назвалі пратэстам? Чаму мы засталіся на плошчы?.. Ды таму, што а-брыд-ла ўсё, таму што нікому не было веры і даверу. Нават так званым кандыдатам, а ня тое, што “ўсенароднаабранаму”. Таму што адчулі мы, што нас у чарговы раз надурылі і ўсе, усе гатовыя зноў скарыцца гэтаму, апусьціць і га­ло­вы і заўтра, як ні ў чым ні бывала, выйсьці на працу… Як рабы… Рабы становішча, у якое самі сябе ўвагналі.

Можа быць, гэтая незразумелая няпэўнасьць з нашага боку і відавочная непадрыхтаванасьць, а таксама абсалютная ўпэўненасьць у незваротнай перамозе з процілеглага боку, і абараніла лагер і пратэстантаў у тую ноч. Пераможцам было не да нас. І ніхто зьверху ня даў каманду разбурыць, разагнаць, зьнішчыць… А назаўтра, з узыходам сонца, было ўжо позна. Таму і прастаяла мястэчка на плошчы больш за трое сутак.

Калі мы паставілі свой намёт, я падняла вочы ўверх і на цёмным небе ўбачыла чараду белых птушак. І адкуль яны ўзяліся тут якраз у гэты момант? Глыбокай ноччу!!! “Гэта добры знак, – сказаў Алесь, які быў побач: – Бог з намі, і ён нам дапаможа…” І я паверыла яму.”

У тую першую ноч ніхто з жыхароў намётавага мяс­тэчка не заснуў і на хвіліну. І ўвесь час з імі быў адзін з кандыдатаў – Мілінкевіч з жонкай. Пад раніцу стала вядома, што ягоных двух сыноў арыштавалі на падыходзе да плошчы з цёплым адзеньнем і адвезьлі ў сьпецпрыёмнік-ізалятар. Да­рэчы, затрыманьні тых, хто адыходзіў з намётавага мястэчка да прыбіральні ці пагрэцца кавай ды гарбатай у бліжэйшай начной кавярні, пачаліся амаль адразу. Як і тых, хто нёс у лагер тэрмасы з кіпнем, ежу, цёплае адзеньне. Значыць, ня ўсе былі разгубленыя зьяўленьнем намётавага мяс­тэчка: міліцыянты пра­цавалі… Але арыштоўвалі людзей пакуль яшчэ не адкрыта, а хаваючыся, вы­скокваючы з двароў, арак – “падваротняў”.

Поделиться с друзьями: