Плошча. Гісторыя аднаго каханьня
Шрифт:
Яна йшла на плошчу адна, ішла ня загадзя, а якраз пад прызначаны ў абвестках час: недзе без пяці сем гадзінаў вечару была ля крамы “пад гадзіньнікам” насупраць КДБ. І насьцярожана заўважала, што не адна яна набліжаецца да Кастрычніцкай плошчы. Ішла і думала: ці пусьцяць сёньня людзей на плошчу, ці мо яна акружаная некалькімі шэрагамі амапаўцаў, як бывала звычайна, і людзей пачнуць хапаць ужо на падыходзе і закідваць у аўтобусы... Навучаная ранейшым досьведам, міжволі ўзіралася далёка наперад, каб улавіць там нейкія рухі і перастрахавацца. Аднак нічога падазронага не было. Побач і насустрач ёй ішлі, здавалася, звычайныя мінакі. Вось і плошча: праход свабодны, міліцыянтаў не відаць, пэўна, загадзя пралічылі “пераможцы”, што людзі сюды ня пойдуць, пабаяцца запалохваньняў. Колькі апошніх дзён па тэлевізіі круцілі выступ старшыні КДБ, які казаў, што ўсіх, хто выйдзе 19 сакавіка на менскую Кастрычніцкую плошчу, залічаць у экстрэмісты-тэрарысты і іх чакае альбо пажыцьцёвае зьняволеньне ў турме, альбо… расстрэл. Так, расстрэл. І паварочваўся ж язык казаць такое да свайго народу… Але гучала гэта страшна і пераканаўча. А перад тым прайшлі арышты – прэвентыўныя – сярод актывістаў апазіцыі, тых, хто мог, нягледзячы ні на што, выйсьці на плошчу: больш за сто чалавек ужо сядзелі
Марыйка ўсьміхнулася і цяпер, згадаўшы той выступ. Улады тут паказалі сваю слабасьць і тым, мажліва, шмат у каго, хто і не зьбіраўся ісьці на плошчу, абудзілі цікавасьць…
Але сьмех-сьмехам, цікавасьць-цікавасьцю, а яна йшла на мітынг і сур’ёзна думала, што нікога на плошчы ня будзе, а тых, хто ўсё ж пойдзе да яе, пахапаюць на падыходзе. Тым болей, што ўлады сабе рукі разьвязалі: ужо вядома, што перамога на іх баку і яны застаюцца яшчэ на адзін тэрмін, а значыць, можна дзейнічаць сьмела, бязьлітасна, без аглядкі і бяз боязі, што за жорсткасьць давядзецца адказваць. Навошта ў такім выпадку ёй ісьці “пратэставаць”? Чаго тым даб’ешся, што каму дакажаш?.. Але Марыйка ішла, бо да-ста-ла ўжо, бо колькі можна дурыць народ, спадзеючыся, што ніхто не адважыцца нават пікнуць… Ішла, хутчэй, з адчаю, хоць мама і прасіла яе: не ідзі… Сяброўка маці была ў выбарчай камісіі на нядаўніх парламенцкіх выбарах і са сьлязамі на вачах расказвала, як прымушалі іх “правесьці” патрэбнага ўладам кандыдата: давялі план загадзя, колькі працэнтаў галасоў на іхнім участку ён павінен набраць, а ў іх атрымалася, што перамог апазіцыянер, а прадстаўнік уладаў не набраў і дзесяці адсоткаў, і тыя – пры папярэднім прымусовым галасаваньні… Яны падлічылі і ціха, самі сабе, парадаваліся. Старшыня камісіі павезла пратакол у раён, а сябры камісіі, як звычайна, сталі рыхтавацца адзначыць заканчэньне працы. Накрылі стол – торт, гарбата, кава, адкаркаванае чырвонае віно прытоена ля ножкі стала, а старшыні ўсё няма. Потым прыязджае заплаканая і кажа: дзяўчаты, трэба перапісаць пратакол, лічбы павінны быць вось такімі і паказвае на паперцы: 90 адсоткаў за кандыдата ўладаў… А як жа нашыя падлікі? А ніяк… А як галасы людзей? Ніяк… Трэба перарабіць і ўсё: інакш на працу заўтра можна і ня йсьці. Ды, зрэшты, што перажываць! Усе так робяць… І ніхто ведаць ня будзе, ніхто не абурыцца… А разам і бацьку ня страшна біць (тут лепш сказаць – служыць…). Перапісалі, што ж рабіць… Можна з пэўнасьцю сказаць, што і сапраўды, так было не на адным іхнім участку. І ня толькі на тых выбарах, а і на гэтых... У Беларусі з 1995 году перамагае той, хто падлічвае галасы. Аксіёма.
Так, амапаўцаў вакол плошчы не відаць, пэўна, як звычайна, сядзяць у сваіх машынах у блізкіх, навакольных, дварах, і наганяюць у сабе злосьць на праклятых апазіцыянераў, што не даюць ім па гэтым холадзе быць дома, з сям’ёй, а вымушаюць сядзець у прамерзлых аўтобусах… Было і сапраўды халаднавата, хоць другая палова сакавіка, але зіма яшчэ не адступала. Пакуль ішла, Марыйка марозчыку не заўважала, а прыпынілася трохі, і шчокі прыхапіў жарсьцьвяны сівер. Зірнула на гадзіньнік – без хвіліны дзевятнаццаць. Наперадзе, на плошчы, некалькі купак людзей – зусім мала. Сярод іх ці ня большасьць знаёмых ёй твараў – з папярэдніх акцыяў, з сустрэчаў на розных імпрэзах, вечарынах – усё больш “сьвядомыя” са студэнтаў, пісьменьнікаў, мастакоў, ёсьць і незнаёмыя, але пра іх адразу можна сказаць, што то пераапранутыя стукачы. Зрэшты, і сярод гэтых было нямала ужо знаёмых з тых жа ранейшых акцыяў. Звычайная справа: спачатку аціраюцца, прыкмячаюць актывістаў, а потым, у адзін момант, па каманьдзе “Начали!”, накідваюцца, валяць з ног, хапаюць ды цягнуць нахабную апазіцыю ў легкавікі. І там скручваюць, зьбіваюць, каб больш не хацелася пратэставаць.
19.10. Мітынг павінен быў бы пачацца ўжо – так абвяшчалі, але плошча пуставатая і, самае галоўнае, нікога з арганізатараў, нікога з камандаў прэтэндэнтаў ды і саміх кандыдатаў у прэзідэнты, няма… Расчараваньне агарнула, абхапіла і сьціснула плечы Марыйкі і згорбіла постаць яе, як ад наймоцнага сіверу. Паспрабавала супакоіць сябе надзеяй: мітынг перанесьлі на пазьней… Між тым пачынала цямнець і на ноч браўся добры марозік. Градусаў пад дзесяць. Марыйка прайшлася да знаку, дзе пачынаюцца ўсе дарогі Беларусі, азірнулася на вялізны рэкламны тэлеэкран, дзе паказвалі навіны – расказвалі пра тое, як заканчваюцца выбары. Падыйшла да месца, дзе на Новы год стаяла елка. Лёд пад нагамі – каток заліты ўзімку яшчэ не растаў… На гмаху Палацу Рэспублікі, абазваным саркафагам, заўважыла дзьве чорныя на тле неба постаці – ужо назіраюць за намі гэбісты, хто ж яшчэ можа там быць – пасьміхнулася. Пачула: людзі між сабою гавораць, што цягнікі на станцыях метро “Купалаўская” і “Кастрычніцкая”, што пад плошчай, ужо не спыняюцца. Тых, хто хацеў бы выйсьці тут і далучыцца, адвозяць да наступных станцыяў. Значыць, мо яшчэ ня ўсё страчана?
19.30 – народу трохі пабольшала, але… Зрэшты, Марыйка заўважыла, праходжваючыся, што па-за плошчай, у скверыку ля Купалаўскага тэатру, зьлева і справа на ходніках у бок ГУМу і ў бок цырку, людзей нямала – і відавочна, то не выпадковыя мінакі. Але на плошчу пакуль не выходзяць, прагульваюцца паводдаль. Баяцца… Хоць, зноў жа, што самае дзіўнае: міліцыянтаў і сьпецназаўцаў у форме паблізу як не было відаць, так і няма…
З “Дзёньніка” Марыі Б.
“Апошняе, што ў мяне застаецца, надзея… Гэта не высокія словы. І не пачатак чарговага вершыка. Я, напэўна, іх, вершаў, зусім больш пісаць ня буду. Пасьля прычашчэньня “акрэсьцінкай” нават прозу пісаць не захочацца, ня тое, што вершы. Не, тут зусім ня страшна, і ня так ужо і брыдка, як падаецца з жыцьця. Гнюсна – так, але ня страшна. Толькі, прызнаюся, ахвоту пісаць для друку мне тут адбілі надоўга. Раней думала: скончу свой журфак і ў дзяржгазету не пайду, лепш – у незалежныя журналісты. Цяпер і таго ня хочацца. Ня ведаю, мусіць, гэта часова, гэта на дадзены момант такі настрой. Жыць то трэба будзе неяк і па вяртаньні ў… жыцьцё… Не хачу пакуль пра тое думаць. Аднога хіба ўлады дабіліся гэтым маім затрыманьнем і адсідкай (і ня толькі маім) – у мяне (і ня толькі ў мяне – гэта агульная думка) зьнік страх перад сьпецпрыёмнікам-разьмеркавальнікам, перад турмой увогуле. Тыя, хто прайшоў хрышчэньне Акрэсьціна, у большасьці сваёй цяпер стануць “прафесійнымі” змагарамі за свабоду і незалежнасьць – гэта адзінае, чаго дабіліся ўлады масавымі арыштамі. Такая тут думка пануе. Нам цяпер нішто ня страшна. Прайшоўшы праз “акрэсьцінку” больш яе не баішся. Так думаю я цяпер. Так думаюць мае сябры. Загартоўка – файная рэч… А як будзе далей – жыцьцё пакажа. Надзея не памірае… Ні першай, ні апошняй. Ніколі. Надзея непамірае ніколі...”
Даўніх знаёмых у купках, што былі раскіданыя па плошчы, яна заўважала, некаторыя нават пазнавалі яе і ківалі галавой на знак прывітаньня, але то былі не настолькі вядомыя ёй людзі, каб падысьці да іх і стаць побач. Так, некалі даўно разам суседнічалі на нейкіх акцыях… А яна ўжо амаль два гады, як адмовілася ад удзелу ў іх, каб лішне не сьвяціцца і давучыцца. Ды і ня бачыла яна плёну ад тых пікетаў з партрэтамі зьніклых ды налепак “Дыктатуры капец!”, “Далоў Луку!”, “Game over!”. Ну, і для каго “… over!”? У каторы раз… Марыйка зноў падыйшла да знаку, дзе пачынаюцца ўсе дарогі Беларусі і адкуль да Масквы 700 кіламетраў, да Варшавы 600, а да Вільні ўсяго 185, як раптам убачыла адзінокую, дужа знаёмую, постаць. Так, гэта безумоўна быў ён… Алесь… Ёй захацелася адразу ж сыйсьці адсюль, каб не сустрэцца з ім нават позіркам. Але штосьці спыніла яе. Ён яе ня бачыў, і яна вырашыла паназіраць за ім. Хлопец быў настолькі адзінокі пасярод плошчы, хай і няшчыльна, аднак ужо запоўненай людзьмі, што ёй стала шкада яго. Яна згадала іхнія сустрэчы, і падумала: а ён быў шчырым са мною часьцей, чым іншыя. Часам, праўда, яму хацелася быць лепшым, чым ёсьць, аднак тое было бяскрыўдным, нават сьмешным. А ўвогуле, ён быў проста трусам, якіх тут, у гэтай краіне, большасьць, бо трусасьць гэтая, пэўна, закладзеная ў беларусаў на генетычным узроўні, і змагацца з ёй ня ў кожнага стае сілаў. Ды, можа, і ня боязь, не баязьлівасьць гэта, а просты інстынкт самазахаваньня…
Ня просты, зрэшты, а гіпертрафаваны за гады паўстаньняў і вынішчэньняў. Напрацягу менш, чым ста гадоў – з 1795 году па 1864, на Беларусі адбылося тры буйныя, на жаль, няўдалыя, паўстаньні супраць расейскага панаваньня, і паўставалі на барацьбу лепшыя з лепшых, і іх вынішчалі, забівалі, высылалі ў Сібір, яны эмігравалі ў Еўропу… А тут заставаліся тыя, у каго ў душы і сэрцы пасяляўся страх. А потым быў 1917 год, а затым сталінскія рэпрэсіі, якія на Беларусі пачаліся ня ў 1937-м, а ў 1929-м… І зноў гінулі, не – планамерна вынішчаліся – лепшыя… А ў тых, хто заставаўся, пасяляўся жах і насаджалася жаданьне не вытыркацца, жыць па прынцыпах – абы ціха; мая хата з краю; галоўнае, каб не было вайны… З новай сілай праявілася гэта пасьля прыходу да ўлады першага прэзідэнта. Страх прырастаў паступова, разам з тым, як набіраў сілу рэжым. Жорсткія расправы над тымі, хто думае іначай, і татальны кантроль – ня толькі над сродкамі масавай інфармацыі, але і над перамяшчэньнем людзей, над іх магчымасьцю працаваць і, як многім здавалася, над тэлефоннымі размовамі… прымусіў многіх па-сьлімакоўску зашыцца ў свае цесныя кватэркі і не высоўвацца, не казаць нічога лішняга нават сябрам, асьцерагацца ўсяго, ня тое, каб нешта ня страціць – губляць многім не было чаго, а проста з перасьцярогі: беражонага Бог беражэ…
Аднак Алесь усё ж прыйшоў сюды. Чаму, навошта? Як ён жыў гэты час, што яны ня бачыліся?.. Што рабіў, ці пакутаваў хоць?.. І Марыйка вырашыла падыйсьці да Алеся. Што ён зробіць? Разгубіцца, шарахнецца ад яе, уцячэ, як уцёк тады?.. Ці згадвала яна гэтага хлопца за прамінулы час? Згадвала і, хутчэй, шкадавала яго, а не ненавідзела… Дакладней, спачатку ненавідзела, а потым – шкадавала… Але і цяпер яшчэ тлела ў яе злосьць на яго, за той учынак, калі ён зьбег, пакінуўшы яе адну супраць трох хлопцаў. Злосьць і неразуменьне. Добра, хлопцы аказаліся зусім ня страшнымі, а нават сімпатычнымі, пасьмяяліся разам з няўдалага кавалера і правялі да станцыі, пасадзілі на бліжэйшую электрычку да Менску… Так, злосьць яшчэ тлела, але цяпер тая злосьць перарасла ў цікаўнасьць, захацелася ёй зазірнуць яму ў вочы. Не, не прыстыдзіць поглядам, а паспрабаваць зразумець.
Ён яе ня бачыў, стаяў сярод людзей – адзін, сам у сабе, як на бязьлюдным востраве. Прынамсі, так ёй падалося. Пэўна, ён нікога не шукаў тут і нікога не чакаў. Калі Марыйцы заставалася падыйсьці да яго два-тры крокі, ён раптам павярнуўся да яе – нібы нутром адчуў набліжэньне… Яна думала – ён спалохаецца, замітусіцца… А ён засьвяціўся радасьцю: “Марыйка!..” – міла прамовіў і заўсьміхаўся. І яна ад нечаканасьці азірнулася – мо гэта не да яе…
Да пачатку мітынгу яны ўзбуджана прагаварылі, не заўважаючы нікога вакол: ён раз-пораз прасіў у яе прабачэньня і казаў, як хацеў яе пабачыць і як шукаў гэтае сустрэчы. Яна больш маўчала, але і не адпрэчвала яго.
Словам, прымірэньне адбылося нечакана проста. І для яго, і для яе. І калі да мікрафону выйшаў першы выступоўца, яны ўжо стаялі побач і Алесь трымаў руку Марыйкі ў сваёй – грэў. Можа, прымірэньню паспрыяла і агульная атмасфера, што панавала на плошчы. Калі пачаўся мітынг, людзі ўбачылі, што іх сабралася нечакана шмат. Тысячаў дваццаць, ня менш. І нястрымная эйфарыя ахапіла ўсіх, нібыта яны і сапраўды перамаглі на гэтых выбарах. Прынамсі, яшчэ не прайгралі. І калі выступоўца сказаў: мы не прызнаем вынікаў выбараў, мы будзем патрабаваць пераліку галасоў і паўторных выбараў, і над плошчай загучала магутнае: “Ганьба!”, потым: “Верым! Можам! Пераможам!” – ня толькі ў Марыйкі на вочы набеглі сьлёзы радаснага ўзбуджэньня. Яшчэ больш пачуцьці ўдзельнікаў мітынгу распаліў хлопец, які з бел-чырвона-белым сьцягам узьлез на дах маршрутнага аўтобусу, што падыйшоў да прыпынку, і так і ад’ехаў на ім, размахваючы сьцягам… Народ на плошчы адчуў сваю сілу, і што іх сёньня і тут – не спыніць, не зламаць…
Выступоўцы зьмянялі адзін аднаго, прасьвістала над плошчай небывалая сьнегавая завея, якая прыйшла ніадкуль, з чыстага, здавалася б, неба, і, казалі потым, што нідзе ў Менску і нідзе ў Беларусі, апроч гэтай плошчы, завірухі ў той час не было. Людзі, закутваючыся ў шалікі і каптуры, адразу ж загаварылі, што гэта ўлады зарганізавалі гэтую мяцеліцу, каб напалохаць мітынгоўцаў і разагнаць па дамах, што, пэўна, недзе на дахах дамоў стаяць сьнегавыя пушкі з Раўбічаў ды Сілічаў… Але завіруха гэтая раптоўная і хуткацечная яшчэ больш зьяднала людзей, узмацніла пратэст, узрушыла і адгукнулася жаданьнем прыйсьці на плошчу і заўтра…