Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сімъ побдиши

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

Іван задаволена хмыкнуў і загаварыў:

— Бачу праўду ў вачах і словах тваіх. Веру табе, як крыві і целу роднаму. А таму і паклікаў цябе, Міхаіл Юр’евіч, каб парады спытаць, каб у часіну цяжкую да пляча блізкага прыхінуцца.

— Слабое, на жаль, цяпер плячо тое…

— Затое розум моцны! — Іван рэзка ўскочыў і паціснуў суразмоўцу рукі. Зірнуў вузкімі вачыма прасветлена, нават задрыжэлі веі: — Будзь госцем маім! Калі ад пачосткі адмовіўся — загадваю пір у твой гонар! А перад тым, пакуль зрыхтуюць усё, запрашаю ў лазню: змыць і пыл дарожны, і думы вязніцкія…

Гасцёўню — сцены якой былі абабітыя скурамі, а пасярод стаяў доўгі стол — напаўнялі пахі часнака і зялёнай цыбулі, у іх дамешваліся

дымныя водары печанай рыбы й смажанай дзічыны.

Іван і Міхал увайшлі бадзёрымі, расчырванелымі, у аднолькавых даўгаполых вішнёвых каптанах — толькі целы розніліся на паўвеку…

У місах і сподах былі прыгытаваныя печаны дзік, абсыпаны зелянінай, смажаныя перапёлкі ў пярцовай падліве, галовы шчупакоў з натаркаванай рэпай, юшка з шафранам, заечыя ныркі ў смятане з імбірам… Дубовыя кубкі поўніліся наліўкамі. У вялікім срэбным збане над кубкамі і карцамі чакала чырвонае рэйнскае віно. З яго і пачаў Іван пачостку:

— Прашу паспытаць: «Петэрсімона», найлепшыя лекі ад стомы і ліха! Галандскі купец адмыслова ў Маскву прывозіць.

Яны стоячы прыгубілі — і прыселі. Глінскі адламаў ад хлебнай лусты краец і доўга моўчкі жаваў. Іван уважліва назіраў за ім і піў.

— Ты мовіў, княжа, што хацеў у мяне, грэшнага, парады спытаць. Разумею, што пачуць хочаш, як далей жыць-кіраваць. Дык калі не перадумаў, магу нешта падказаць…

— Давай! — цар адставіў кубак і сплёў на грудзях свае доўгія рукі.

— Што ж, слухай. Толькі не крыўдуй, калі што не да душы прыйдзецца…

— Гавары!

— Стольны град твой — пад попелам. Народ — у голадзе. А што ў цябе перад вачыма? — твар Глінскага раптоўна стаў грозным. Цар глядзеў на яго спакойна і маўчаў. — Што?! Падобнай раскошы я не бачыў і ў Максіміліяна ў яго лепшыя часы! Зрабі першы крок: аддай усё гэта прасталюду маскоўскаму, які цяпер лебяду есць з гарэлай чалавечынай!

— Аддам, — раптам спакойна сказаў Іван. — І што далей?

— А далей заві ўсіх — і галыцьбу, і баяраў, і дзякаў — на адбудову горада. І сам тую працу ачоль, каб народ бачыў.

— Ачолю… — цар падсунуўся бліжэй да стала. — А затым?

— Затым сход збірай, сабор рыхтуй, раду склікай, як тое некалі слаўныя продкі рабілі — і ў вочы люду глядзі!..

…Праз два гады на Чырвонай плошчы перад адбудаваным наноў Крамлём не было дзе ўпасці шапцы. На вялікі Сабор з’ехаліся служнікі, пашныя, соцкія і дзясятнікі, дзякі і дыяканы, намеснікі і старожнікі з усіх гарадоў і ўдзелаў.

Цар стаяў на ўзвышэнні пасярод Саборнага пляца і прамаўляў гучна, узбуджана. Гаварыў пра пачатак новага жыцця для дзяржавы, пра злачынствы баяраў і ліхвярствы купцоў, абяцаў пакласці таму канец — у імя справядлівасці і любові. А напрыканцы, агледзеўшы ўзрушаны натоўп, звярнуўся да мітрапаліта:

— Малю цябе, святы ўладыка, будзь маім памочнікам у гэтай справе! Ты ведаеш, што я застаўся без бацькі ў чатыры гады. Родзічы не клапаціліся пра мяне… Яшчэ хлапчуком я сеў на царскі трон. Баяры ж адно кроў пілі — маю і вашую… — Іван уздыхнуў і правёў рукой над плошчай. — Ліхаімцы і суддзі, які дасце цяпер адказ за тыя слёзы і кроў?! — Ён узняў галаву да неба, затым марудна пакланіўся на ўсе чатыры бакі і пранікнёна закончыў: — Малю й цябе, народзе Хрыстовы, аб дараванні маіх грахоў, бо толькі адзін я найперш вінен перад Богам і вамі за ўсё здзейсненае на гэтай зямлі. Даруй і забудзь зло і несправядлівасці, бач ува мне свайго суддзю і заступніка!

Натоўп застагнаў, загуў, заварушыўся і пачаў хвалямі падаць на калені — ад царскага ўзвышэння да апошніх шэрагаў, якія, магчыма, мала што і чулі з прамоўленага…

3

Пасля выступлення ва ўніверсітэце ён загадаў ехаць у загароднюю рэзідэнцыю Вараніха. Пачуваўся незадаволеным і стомленым. Да ўсяго напала нейкая гідкая трывога, няўтульнасць…

Сустрэча аказалася непадрыхтаванай, не хочацца думаць — правакацыйнай.

Ну некалі ж і ён быў студэнтам, і таксама — не мядовым. Але каб так… І адкуль у іх столькі бравады, палітыканства, ліхасці нават? Дзяржава ім стыпендыі, інтэрнаты, а ў адказ?

Адказваць, зрэшты, сёння мусіў ён, а студэнты пыталі. Напачатку пра будзённае, асабістае, тое, напэўна, што куратары падрыхтавалі. А потым і паехала: чаму прэзідэнт не выканаў сваіх абяцанняў у тым і тым, дзе справы па казнакрадах ды карупцыянерах? Чаму год таму на стыпендыю яны маглі дваццаць разоў паабедаць у сталоўцы, а цяпер і на пяць не хапае? І гэтак далей! Усё роўна як не ў дзяржаўным універсітэце пабыў, а на сходцы апазіцыйнай партыі! «Дарэмна паслухаў Зайца, — падумаў прэзідэнт, — хай бы б сам і круціўся на той сустрэчы! Ды і рэктар — той яшчэ фрукт! І не выганіш жа адразу»…

Ён незадаволена ўздыхнуў і зірнуў у зацемненае шкло. Будынак банка, прыпынак, гадзіннік перад уваходам у метро…

— А што гэта столькі людзей на вуліцы? — неўразумела прагаварыў нібыта сам сабе, а памочнік Жакей ужо дастаў свой сотавік і пачаў выведваць. (Калі б памочнік не меў такога прозвішча, яго б трэба было прыдумаць. Яно служыла і пашпартнай пазнакай, і мянушкай. Прычым — з падвойным сэнсам. Жакей — ён і нястомны «вершнік», паразітам з вуснаў якога не сходзіла «галопампаяўропам», ён — да ўсяго — і ненасытны каваман. Аніхто не мог даўмецца: як у яго ўлазіць столькі кавы? Думалі, што той напой ужо і ў ягоных венах. А любімым гатункам была, натуральна, кава «Жакей»…) — «Маладзец, на ляту ловіць…», — прамільгнула задаволенае, і ўадначас згадка, якую прэзідэнт аніяк не мог дасюль выспеліць, патлумачыла нядаўнюю трывогу. Так, гэтая дзеўчынёха, што цыдулкі з пытаннямі перадавала! Чарнявая, даўганогая, з пульхнымі вуснамі ды ямінкамі на шчоках… Рыхтык як яго колішняя студэнцкая стрэмка Томка! Трэба ж…

Паспрабаваў падумаць пра штосьці іншае, зноў зірнуў за шкло, — машына праімчала па запоўненым гараджанамі праспекце, звярнула да кальцавой, — а ўспаміны неадступнай залевай хлынулі на яго.

Томка-Томка… Дзе ты, што ты?

Яны раззнаёміліся восенню «на бульбе» і пасля трох курсаў вучобы думалі распісацца. Томка хварэла ім, была нібыта зачараванай, штодня выштукоўвала нейкія прысмакі-вячэры. Хм, маладосць… Ён жа, кідкі чарнявы высачун, за спіной якога была служба ў войску, які не раз і біўся за яе на інтэрнатаўскіх танцах, урэшце выбраў напрыканцы вучобы не адданую стромкую Томку з далёкай лясной вёскі, а паўнаватую дачку міністра архітэктуры і будаўніцтва… І прапіску атрымаў, і з працай склалася, і кватэру, калі дачка нарадзілася, займеў… А вяселле якое тады цесць адбарабаніў: у рэстарацыі на беразе рэчкі, з аркестрам і ці не сотняй запрошаных! Праўда, запрошаных з боку нявесты, бо з яго, жаніха, боку былі толькі сведка — аднакурснік Уладзя Ролікаў (стаў кандыдатам гістарычных навук, а цяпер ссучыўся і ўзначальвае апазіцыйную Народную лігу) ды сват — кіраўнік дыпломнай прафесар Мікалай Заяц… Бацька на той час ужо дзесяць гадоў быў у зямлі, а маці-вяскоўка непрасыпна піла. Ну як такую за пашанотны стол?..

Так вось і пайшло. З аспірантурай, як ні стараўся Заяц (у якога сваіх дзяцей не было і які ці не сына ў ім бачыў), не склалася, ехаць па размеркаванні «за далёкія горы» не дазволіў цесць — і прыстроіў парторгам ва ўніверсітэцкі Інстытут прамысловасці і сельскай гаспадаркі. А калі партыя развалілася, ён ужо сам пра сябе парупіўся: з інстытуцкага парторга стаў дырэктарам — і на ўсё наваколле праславіўся гаспадарнікам. Ды і як было не праславіцца? Інстытут эксперыментальны, сотні лабараторый і прадпрыемстваў на яго працавалі. І з дзяржбюджэту падтрымліваўся. Заставалася толькі за дысцыплінай сачыць ды вышэйшае старое начальства не падводзіць. Лазня добрая з’явілася, у якой патрэбныя людзі адпачывалі… Ну і свінінкі, памідораў-агурочкаў нікому не шкадаваў, калі на магазінных прылаўках апусцела. І пайшоў далей, абраўся ад сваёй акругі народным дэпутатам…

Поделиться с друзьями: