Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сімъ побдиши

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

Перадавы маскоўскі атрад быў ушчэнт разбіты яшчэ на подступах да горада, а затым узлютавала бура, раскідаўшы шатры царскага лагера, разбіўшы і патапіўшы на Волзе шмат лодак з правізіяй. Дождж ліў бесперастанку некалькі дзён, і кананіры пачалі баяцца за порах. А цар нястомна маліўся, а потым загадаў абнесці ўсе палкі цудатворным крыжам, які перад паходам падарыў яму мітрапаліт Макарый.

І дождж сціх. Зноў вызірнула сонца, і гэта надало маскоўцам рашучасці. Заварушыўся чалавечы мурашнік, загохкалі сякеры, на полі ўзняліся гуляй-гарады — драўляныя туры з высокімі платамі. На ірвы і рэкі леглі масты, а ў рэкі ды

ірвы — працятыя стрэламі целы…

Казанцы адказалі на грамату аб здачы горада ярай вылазкай. Іх удар прыняў на сябе Вялікі полк Курбскага. Шалёная лавіна з дзікім крыкам і шаблевым лязгам прайшла да сярэдзіны стану і захлынулася ў сваёй і чужой крыві. Парэшткі яе адступілі, з паўсотні — большасцю параненыя — сталі палоннымі. Іх выставілі перад доўгай сцяной збоку Арскага поля і паслалі другую грамату: біце чалом гаспадару цару і вялікаму князю маскоўскаму — і будзеце жыць, а не — жывот свой бясслаўна закончыце. У адказ «няверным свінаедам» была накіраваная брудная лаянка, і палонных на вачах абаронцаў забілі.

1 кастрычніка — у Пакроў Святой Багародзіцы — цар загадаў служыць прасвітарам і пяўцам ранішнюю ў гонар Ісуса Хрыста, а з абложаных сценаў у адказ загучалі малебны да прарока Магамета з просьбамі ратавання ад нячыстых паганцаў. Адны кляліся аддаць жыцці за веру і цара, другія — за Алаха і свой юрт.

А на другі туманны ранак грозна затрубілі сурны і забарабанілі накры. У самую доўгую сцяну з боку Вялікага палка пачалі біць дзясяткі гарматаў. Зямля задрыжэла пад нагамі, і калі вецер раздзьмуваў па наваколлі серна-сівы дым, былі відны на Казанцы некалькі водных тураў — везлі да сценаў бочкі пораху і атрад зашчыншчыкаў, каб па загадзе ваяводы Курбскага зрабіць падкоп і ўзарваць паўночную сцяну. Кананіры рыхтавалі валкамёткі; пешыя пішчальшчыкі, хаваючыся за драўляныя завесы, падступілі да цвержы і лілі на абаронцаў свінцовы град.

Ноччу ўсё аціхла, а на світанні Іван, накінуўшы паверх калантыру — на залачоныя латы — доўгі шэры плашч, прыйшоў разам з неадлучным Мацеем у шацёр-цэркаўку, узведзеную пасярод Старажавога і Царскага палкоў. Гучала літургія.

— …Воеже покорити под нози его всякого врага и супостата! — узнёсла спяваў рослы жаўтавалосы дыякан з драўляным крыжам на грудзях — і ў той момант сцены і свечкі ўздрыгануліся, і здалося, што неба абвалілася на зямлю.

Усе прысутныя ўпалі на калені і пачалі жагнацца.

— Гэта ў падкопе зелле ўзарвалі… — прашаптаў на царскае вуха Мацей.

— …Пашлі анёла свайго пераможнага, — узвысіўшы голас, працягваў дыякан, — як некалі да Ісуса Навіны дапамагчы разбурыць сцены Іерыхонскія. Іерыхон паў ад гукаў трубаў і крыкаў войска. О Прасвятая Багародзіца! Дапамагай і нам, грэшным рабам тваім, і малі Уладыку Хрыста, Бога нашага, хай пашле нам перамогу на праціўныя…

І зямля другі раз узварухнулася ад выбуху — яшчэ больш магутнага і страшнага. І загулі над ёй чалавечыя крыкі і клічы. Палкі пайшлі ў галоўны наступ, а ў цэркаўцы працягваўся малебен.

Іван скамянела глядзеў на дыякана і штось нячутна шаптаў. Мацей некалькі разоў далікатна спрабаваў звярнуць ягоную ўвагу на ўзбуджанага ганца:

— Гасудар, Вашая Вялікасць!.. Падкоп атрымаўся. Сцяна ўпала… Перадавы полк і полк Правай рукі ўварваліся ў горад!

У царскіх вачах успыхнула радасць.

— «И бе едино стадо и един пастырь», — прашаптаў ён і зноў аддаўся

малітве.

— Гасудар, час ехаць… Твае людзі і твой полк чакаюць цябе.

— Няма сілы мацней, чым слова нябеснае, — адказаў Іван, марудна наблізіўся да алтара і прачытаў малітву Гасподнюю. Усе, акрамя Мацея і некалькіх святароў, выйшлі з цэркаўкі.

Праз паўгадзіны з’явіўся другі ганец:

— Наступ слабее. Татары не здаюцца… Ваяводы і войска клічуць цара!

Іван глыбока ўздыхнуў. У ягоных вачах зазіхцелі гарачыя слёзы:

— Хрыстос Усемагутны, яві нам заступніцтва сваё!

Але словы згубіліся ў гарматных выбухах і стрэлах пішчаляў…

Сонца ўжо вісела над Арскім лесам, але — нібыта ашаломленае пякельным дзействам пад сабой — вышэй узнімацца не спяшала. Марудзіў і цар. Ён прыклаўся да цудатворнага вобраза Сергія, выпіў святой вады, з’еў прасфіры, папрасіў у свайго паходнага духоўніка дабраславення, а ў святароў — даравання грахоў. Зноў памаліўся, і тады загадаў Мацею падаць каня.

Калі Царскі полк перайшоў мост праз Булак і падступіў да сцяны, над дзвюма вежамі ўжо ўзнімаліся маскоўскія сцягі. Бой ішоў у горадзе, у вузкіх вулках, цесных ад наваленых трупаў. Пасля апоўдня бітва пачала затухаць. Некалькі сотняў крымчакоў, пасланых на падтрымку казанцаў, змаглі на конях вырвацца да валу, перайшлі праз брод Казанку, знішчылі тылы палка Правай рукі — і зніклі ў лясной гушчэчы.

А Казань перайшла да царскіх дружынаў. Апошняй захапілі мячэць — і забілі ўсіх іярэяў. Не пакаралі толькі жанчын і дзяцей — збіралі ў палон.

Расчырванелы Андруша Адашаў, скінуўшы шлем і завязаўшы змакрэлыя рудыя пасмы стужкай, прынёс Івану высокі крыж — і цар усталяваў яго на тым месцы, дзе яшчэ нядаўна лунаў сцяг казанскага хана.

— Быць тут царкве Хрыстовай! — бадзёра ўзносячы свой погляд у вечаровае неба, сказаў Іван і запрасіў усіх да малітвы за жывых і загінулых, пасля якой дапамагалі параненым, выстаўлялі варту і рыхтаваліся да агульнай царскай трапезы.

Прызначыўшы ў горадзе свайго намесніка, ужо назаўтра Іван вырашыў вяртацца ў Маскву. За ім выпраўлялася і войска — акрамя Старажавога палка, які заставаўся на зімоўку.

— А хто той дыякан, пад словы якога ўзрываліся сцены? Высокі такі, русы, з драўляным крыжам? — пацікавіўся нечакана перад сном Іван. Мацей шморгнуў носам і прабасіў:

— Дазволь выведаць, гасудар?

— Выведай-выведай… І запрасі яго назаўтра ў мой абоз — хачу дарогай з ім пагаварыць.

…Дыякана Іаана расшукалі толькі падчас дарогі, перад Уладзімірам, конна даставілі да чарговай стаянкі і прывялі ў царскі шацёр. Яго блакітныя шчырыя вочы пад чорнымі, як смоль, брывамі і доўгімі — як крыльцамі матылька — веямі хавалі неспакой. Абнечаканены і збянтэжаны, ён перахрысціўся:

— Гасудар пажадаў бачыць мяне, грэшнага…

Цар прыціснуў даланёй танклявую бародку, схіліў набок галаву і працяў госця цяжкім поглядам. Затым усміхнуўся і запрасіў дыякана прысесці.

— Хто ты і адкуль, і колькі гадоў маеш?

— Іа'aн Ф'eдаравіч, дыякан крамлёўскай Мікольска-Гостунскай царквы.

— У якой старадаўні абраз святога Міколы?

— Так.

— Жанаты?

— Жанаты, гасудар. Двое сыноў-пагодкаў растуць… А сам уроджаны трыццаць тры гады таму ў Літве. Вучыўся ў Італіі багаслоўю і друкарскай справе…

Поделиться с друзьями: