Сімъ побдиши
Шрифт:
— Уладзіміравіч, — цяжка дыхаючы, прашаптаў ён ледзь чутна. — Як апошні штрых… Можа, ганарова ўзнімеш над домам?
Правіцель паспрабаваў усміхнуцца; перасмыкнуўшы моцнымі жаўлакамі, правёў пальцам па вуснах, нібы вызваліўшы іх ад жорсткіх вусоў (так рабіў, калі хваляваўся), — і задаволена матнуў галавой. Прэм’ер бадзёра паказаў яму на прыступкі да флагштока.
Неўзабаве на ўзвышэнні залунала блакітнае палотнішча з чырвонай зоркай пасярод — з год таму прынятая дзяржаўная сімволіка. Ранейшая — блакітная з сонечным кругам — пасля ўсенароднага рэферэндума была абвешчана нацыяналістычнай і забаронена.
«Вось яна, зорка нашай перамогі… — пафасам напаўнялася душа правіцеля. — Як і ў мінулых войнах, яна — зверху. І хай цяпер валодзькі ролікавы ды ягоныя падпявалы далдоняць пра нейкую там сімвалічную абсурднасць…
— Тут збудуем музей! Музей нацыянальнай жалобы і прымірэння. І абеліск — у памяць аб загінулых…
Праз тры гадзіны верталёт даставіў правіцеля ў Вараніху, дзе ён, адыходзячы ад мінулай напругі, доўга — да знямогі — плаваў у басейне, а потым падчас лёгкай вячэры ўключыў тэлевізар. Галоўны замежны інфармацыйны канал BNC надрыўна асвятляў падзеі ў Горна-Касоўскай вобласці ягонай краіны. Мільгалі кадры з параненымі, панарама руінаў… Бранятэхніка, самалёты, узрывы… І голас дыктара па-ангельску з сінхронным перакладам у цітрах:
— …Дыктатарскі рэжым Мароза, для якога чужымі застаюцца прынцыпы свабоднага грамадскага ўладкавання, найяскрава выявіў свой дэспатычны твар. Прыкрываючыся дэмагагічнымі лозунгамі аб аднаўленні канстытуцыйнага парадку ў краі, ён распачаў новую вайну і дзеля захавання ды ўзмацнення сваёй жалезнай улады пайшоў на забойства тысяч людзей, сярод якіх большасць мірных суграмадзянаў… — і ў экране зноў замільгацелі кадры з акрываўленымі старымі і дзецьмі…
Правіцель скрыгатнуў зубамі і кінуў пульт на стол — кнопкамі ўніз. Раптам уключыўся сталічны тэлеканал, у экране загаварыў маладжавы жоўтавалосы журналіст з крывым — як перабітым — носам:
— …«Век жыві — век вучыся», сцвярджае народная прымаўка. Вучыся жыць і ваяваць. Раней тое давалася прасцей: пакрыўдзіў хтосьці кагосьці — кулакі ці мячы пастукалі, і разышліся. Цяпер жа страшней. За вайной звычайнай распачынаецца вайна інфармацыйная. Яна ператвараецца ў сусветную і дыктуе грамадству, дакладней — навязвае, і свае прынцыпы, і сваіх пераможцаў…
Правіцель зморшчыў лоб, прыкусіў — разам з вусамі — губу і прыхінуўся да фатэльнай спінкі, каб паслухаць айчыннага тэлекаментатара, які бліжэй нагнуўся да студыйнай тэлекамеры і, артыстычна гуляючы паўзамі і лагічнымі націскамі, упэўнена жэстыкуляваў тонкай даланёй з заціснутай у ёй ручкай, узвышаў голас і вяшчаў далей:
— Усе вы, паважаныя гледачы, учора-сёння самі сталі нявольнымі ўдзельнікамі той чарговай сусветнай інфармацыйнай вайны, якая вядзецца без правілаў і чалавечай логікі. Нараспеў галосяць купленыя газеткі, радыёстанцыі і тэлеканалы (як, скажам, той жа BNC) пра спецаперацыю нашых войскаў у Горна-Касоўскай вобласці. І вайной супраць сваіх грамадзянаў, і генацыдам, і крывавай разнёй, і шаленствам дэспатычнага кіраўніцтва ўсё тое называюць. Паслухаеш — і застаецца толькі зацягнуць пятлю і павесіцца! І такія ўсе правільныя, гуманныя, усе такія цукровыя чалавекалюбцы! А да сутнасці, да праўды — анікому і клопату няма. Галоўнае — не сцяг справядлівасці ўсталяваць, а белае пасыпаць брудам ды чорнае назваць белым… — З дзясятак секундаў прамільгала нарэзка з замежных інфармпаведамленняў, пасля чаго зноў працягнуўся каментар: — Вось яны, сапраўдныя бомбавыя ўдары па нашай псіхіцы і нервах! І тыя, хто даваў каманду на тое бамбаванне, не бачаць бярвёнаў у вачах сваіх начальнікаў і працадаўцаў, не заўважаюць сапраўдных захопніцкіх войнаў, якія распалілі і распальваюць у свеце за сферы ўплыву іхнія ўрады! Так, нядаўна войскі еўраальянсу разбамбілі Югаславію. Знішчылі тысячы мірных жыхароў, тысячы дамоў… — Пайшлі кадры з хронікі: разбураныя гарады і вёскі, пакалечаныя дзеці, задаволеныя таўстамордыя замежныя вайскоўцы… — Так і карціць запытацца: што б учынілі кіраўнікі замежных «праўдарубаў» на месцы нашага ўрада?.. Гадамі датацыйная вобласць маналітнай краіны, якая толькі і рабіла, што смактала нашыя бюджэтныя сродкі — узяла і абвесціла сябе самастойнай! А яе князькі саманазваліся царамі! У якім замежным «свабодным» штаце такое магчыма?! Ды ім жа адразу б галовы паскручвалі! Спытайма, што б рабілі нашыя гора-настаўнікі?..
Запытацца можна, але вось ці пачуюць яны праўдзівы голас? Ці дазволяць ім адкрыць вочы ды вушы свае праўдзе? Праўдзе святой і пакутнай? Адказ, зразумела, адмоўны. Але галоўнае, каб тое пачулі ўсе мы — і аб’ядналіся пад справядлівымі штандарамі! Думайце і аналізуйце! Міра вам і дабрабыту!Правіцель задаволена хмыкнуў.
— Хто такі? — кіўнуўшы на экран, спытаў ён у Жакея.
— Іван Федарэнкін, сын міністра спорта.
— А нос крывы чаго? У бокс гуляў?
— Не ведаю… — Залыпаў памочнік. — Ён нядаўна на ТБ. Здаецца, някепска атрымліваецца… — памочнік наструніўся і не адводзіў ад правіцеля вачэй.
— Што значыць някепска?! — вялікія далоні гохнулі па скураных падлакотніках пульхнага фатэля. — Выдатна! — Правіцель устаў, выпіў келіх чырвонага віна, памаўчаў і выпаліў: — Пагаварыць і падтрымаць гэтага Федарэнкіна. Падтрымаць ад майго імя! Ну і грошай яму, сцэнарыстаў там лепшых, аператараў… Хай тэрмінова зробіць некалькі спецфільмаў. Ну сам ведаеш, пра што.
— Зразумеў! — усё цела памочніка ўраз налілося бадзёрасцю і рашучасцю. — Вы, як заўсёды, правільна адчулі: у тэлевізары заключана аграмадная сіла, мацнейшая за бомбы і танкі! І калі ўсё граматна абставіць…
— Ідзі працуй, стратэг… — перарваў яго ўладны голас. — Усе вы заднім месцам разумныя… Ды і да ўрачыстасцяў з прычыны перамогі над сепаратыстамі і тэрарыстамі рыхтуйцеся! А то зноў пазасынаеце на лаўрах…
У той час у кабінеце Мікалая Зайца, у якім таксама міргалі тэлекадры, зазваніў гарадскі тэлефон (сакратарка даўно пайшла дамоў).
— Алё… Алё! — трывожна пачулася ў слухаўцы. — Гасподар Заяц?
— Так… Слухаю вас.
— Янкавіч, Богдан Янкавіч. Памятаеце, некалі на канферэнцыі ў Падгорыцы сустракаліся?
— Так-так… — машынальна вымавіў Заяц, хаваючы здзіўленне і ўзнімаючы над акулярамі савіныя бровы.
— Ужо трэція суткі спрабую да вас дазваніцца… Дачуўся, што займаеце высокую пасаду…
У адказ — неўразумелае маўчанне.
— Дык вось, як ведаеце, месяц маю краіну бамбавалі новыя туркі еўраальянсу. І зноў, як і ў часы святога Пятра Цэціньскага, вашыя цары забылі на сваіх адзінаверных братоў. А замест падтрымкі — самі ўлезлі ў вайну з суграмадзянамі… Але я — не пра тое. Нас нішчаць сучасныя візіры, але мы з Божым словам і верай вытрымаем! Я… — штось у слухаўцы зашчоўкала, і некалькі фразаў было не разабраць. — …цікавіліся Евангеллем ад Яна. Яго збярог народу свайму святы Пётар… Не прадаў купцу з Бокі, як нагаворвалі… — Зноў шчаўчкі-памехі. —…вырашылі кнігу вам перадаць. Такое рашэнне прынялі браты-яніты… Бацька мой, царства яму нябеснае, быў іх сябрам. І прозвішча нашае — Янкавічы — ад іх… Верым, што тая кніга падтрымае вашую краіну і адвядзе ад бездані… Словам, а не бомбамі, пераможам!.. — Штось хруснула, і пачуліся кароткія мільгатлівыя гудкі — як агучаны медыцынскім апаратам трывожны пульс гаспадара кабінета…
V
30 жніўня 1553 года ён святкаваў імяніны — у невялікай, яшчэ бацькам збудаванай рэзідэнцыі ў Каломенскім.
Не любіў цар Маскву, не любіў ні сценаў белакаменных, ні баяраў цвёрдалобых. А тут было ўсё спакойна, нават па-дзіцячы пацешна. Так, тут ён супакойваўся целам, пачуваўся бесклапотна і ўзнёсла.
Запрошаных на абед адвялі напачатку ў царскі гардэроб і замянілі іх рознаколерныя каптаны на белыя мантыі з гарнастаевай апухай. Затым усе сабраліся ў прахалоднай трапезнай, перашэптваліся і ўсміхаліся.
Цар увайшоў марудна, касалапа заграбаючы нагамі квяцісты дыван, перахрысціўся, узяў кавалак мяса — і перадаў яго круглатвараму Адашаву, другі — цыбатаму Курбскаму, пераступіў ад задаволенасці з нагі на нагу і раздаў пахкія кавалкі яшчэ некаторым гасцям. Затым матнуў рукой краўчаму, каб той частаваў далей — і змірана назіраў, як памагатыя прамаўляюць:
— Цар табе даруе гэта.
У адказ госці ўставалі і кланяліся.
Затым у срэбныя кубкі налівалася раманея, алікантэ, мальвазія — найлюбімыя царскія віны, у драўляных каўшах ставілася свежая медавуха — і пачынаўся пір. Да мяса прыносілі шафран, кіслае малако, агуркі ў воцаце. Зноў і зноў уздымалі кубкі, а на стол выплывалі смажаныя лебедзі, журавы са спецыямі. Пілі — і з’яўляліся цецерукі, глушцы й рабчыкі ў смятане, зайцы з рысам, ласіныя мазгі, пірагі з мясам, падсалоджаныя арэхі.