Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сімъ побдиши

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

Пасля Велікодных святаў апячаталі і гістфакаўскі «Ленінскі» пакой — аднак яго апантаны гаспадар прарваўся ў часовы штабны прытулак, спешна сабраў журналістаў і ва ўніверсітэцкім калідоры, запоўненым здзіўленымі студэнтамі і выкладчыкамі, даў прэс-канферэнцыю.

— Было перавернута ўсё нават у халадзільніку, — абураўся ён. — І гэта ва ўніверсітэце, храме навукі. Які прыклад моладзі?!.. Шукалі на сябе кампрамат, каб знішчыць… Але праўду не схаваеш і не ўкрадзеш! І вось нядаўна мне паведамілі, што Дума плануе зняць з мяне дэпутацкі імунітэт. Аднак няхай яны запомняць: народнага кандыдата

ў прэзідэнты Мароза не запалохаць!..

А тут — то машына з «праўдарубам» з моста зваліцца, то ў самалёт не пусцяць… І новыя чуткі папаўзлі па гарадах і весях: з ім ваююць, значыць — баяцца.

Разам з пасведчаннем кандыдата ў прэзідэнты Мароз і яго каманда атрымалі магчымасць афіцыйных сустрэчаў з выбаршчыкамі: на стадыёнах, у залах, на заводах і фабрыках. І калі даверлівы і шчыры ў сваёй любові і павазе электарат пачаў сотнямі і тысячамі ўкленчваць перад ім, Мароз канчаткова паверыў у сваю зорку, у сваё месіянства.

І ён не шкадаваў ні сілаў, ні часу, ні пагрозаў, ні ўсмешак, ні абяцанняў.

…І ён — перамог.

І ў сваёй новай ролі выглядаў упэўнена і спакойна.

— Вынікі выбараў я расцэньваю як вотум народнага недаверу ўраду і мясцовай бюракратычнай уладзе, якая тлусцее на народным горы, — адказаў ён на першае журналісцкае тэлефанаванне-віншаванне ў ноч падліку галасоў. — Цяпер краіна зажыве па-іншаму. Мы адбяром усё нарабаванае! Выкінем злодзеяў з заводаў! Народ уздыхне вальней. Цэнзура ў прэсе будзе адменена, як і манаполія дзяржавы на сродкі масавай інфармацыі. Годзе, нацярпеліся хлусні!..

Вярхоўная Дума на сваім чарговым пасяджэнні ўрачыста абвесціла Івана Уладзіміравіча Мароза першым прэзідэнтам краіны. Прэзідэнт прамовіў прысягу, а вечарам усе — нават колішнія ворагі — былі запрошаныя ў рэзідэнцыю на ўрачысты прыём.

У радасцях і эйфарыі, падалося, Мароз і яго каманда не заўважылі, што на інаўгурацыю прыехала зусім мала замежных дэлегацый. Ды і ўзровень іхняга прадстаўніцтва быў не вышэйшым: два спікеры парламентаў краін-суседак, тры віцэ-прэм’еры, а ў астатнім — паслы ды «нафтазацікаўленыя» грамадскія дзеячы…

ІІІ

1547, 1549, 1551 гады

Мядовы месяц (праз два тыдні пасля вянчання на царства Іван IV ажаніўся з баярскай дачкой Анастасіяй Захар’інай-Кошкінай) прайшоў для Крамля спакойна, як і два наступныя месяцы. Грашавітыя месцічы прызвычайваліся да новых правілаў-законаў і амаль не адчувалі зменаў.

Не адчувалі іх і служывыя, даведзеныя за гэты час да галечы і злосці. У Крэмль з розных краёў пайшлі хадакі-чалабітцы. Калі хто з іх здалеў данесці сваю злыбяду да царскіх вушэй — ляцелі галовы, кроў пырскала на лобнае месца, і ўсё зноў аціхала.

І так — два гады. Цар пасылаў у гарады сваіх намеснікаў, а атрымлімваў ад іх лісты са скаргамі на непаслушэнства баяраў. Бездажджлівая вясна прарочыла спякотнае лета і — голад, а казна не паўнела.

Калі разам з клопатамі надакучалі жаночае цела і начныя гульбішчы, ён выпраўляўся на паляванне. Звычайна, як і гэтым разам, у недалёкі ад Масквы Астравок. І дарога добрая, і лагчыны для загону зручныя, і дубы-алешыны высокія — твар не абдзярэш.

Царская

выправа яшчэ ехала полем, калі Мацей, прызначаны ўжо галоўным пасцельнікам, узняў каня на дыбкі і гізануў наперад. За ім — з дзясятак ахоўнікаў. І толькі тады Іван заўважыў доўгі, падводаў у сорак, абоз: коні пасвіліся ўздоўж дарогі, калёсы — састаўленыя паўкругам, над імі сівеў дымок кастра.

Мацей вярнуўся праз некалькі хвіль узбуджаным:

— Вашая царская вялікасць… Гэта ад Пскова пасольства. Падпільнавалі, сабакі, на дарозе. Хочуць з вамі гаварыць. На гарадскога намесніка ў іх скарга.

— Зноў?! — выкрыкнуў цар і злосна павялічыў «голыя» — амаль без веяк — вочы. — Я ўрэшце адвучу іх брахаць!

— Вашая царская… Нельга туды! У іх пішчалі і шаблі… — Мацей не паспеў дагаварыць, бо цар прышпорыў каня і рвануў наперад. Дагнаўшы, галоўны пасцельнік паўтараў свае насцярогі, але ў адказ чуў адно:

— Адвучу!!

Пскавічы — разнамасная сябрына баяраў і купцоў — убачыўшы цара, рашуча выйшлі насустрач, укленчылі, некаторыя — хто бяднейшы родам і казной — паздымалі шапкі.

А цар не спыніў каня. Стогн, крык, лямант! Кроў на пажоўклай траве…

— Я адвучу вас плакацца, адроддзе псінае! — цар біў пужкай налева і направа, конь наравіста гізаваў і сполашна таптаў аксамітныя кашулі, ваўняныя каптаны, шоўкавыя аднарадкі, саф’янавыя боты. І — белыя косткі.

— Выслухай, бацюхна!.. — нечая рука ўхапіла за шытую золатам папону, другая — за сядло. — Няма жыцця нашаму люду ад намесніка твайго…

Конь скочыў убок, і просьбіт — маладжавы чорнабароды мужчына — упаў вобзем. На ягонай спіне загулялі бізуны царскіх ахоўнікаў.

Іван ад’ехаў і спыніўся. Часта дыхаў, доўгая галава дрыжэла, раскосыя вочы — як у дымнай павалоцы. Высокія скулы завастрыліся, і пад імі няспынна варушыліся нацягнутыя жаўлакі. Цар шаптаў, нібыта жаваў:

— Адвучу… адроддзе… намеснік мной пастаўлены, і гэта мая воля… Супраць яе пайшлі, з пішчалямі… адвучу…

— Вашая вялікасць, што загадаеце? — гэта быў голас Мацея: пад’ехаў да цара і аддана схіліў галаву.

— Усіх галаваць! Усіх!.. Без суду і правежу! — Лютыя зрэнкі бліснулі скрозь мутную павалоку і апяклі пасцельніка.

Цар уздыхнуў і рукавом сцёр з ілба халодны пот…

Пакуль сцягвалі трупы, ён гарцаваў па пажухлым полі, толькі пыл курэў з-пад капытоў мокрага каня — як дым. Затым вярнуўся, прыгладзіў узбітыя валасы (шапку згубіў) і загадаў:

— Годзе, адпалявалі. Гайда дамоў!

Рушылі да Масквы. У першай слабадзе з прыдарожным шынком спыніліся спатоліць смагу.

— Нібыта, нарэшце, хмара… — Мацей выцягнуў нізкалобую галаву і глядзеў наперад. — Можа, і дождж будзе?

Шэра-попельнае воблака расцякалася па небакраі, варушылася, гусцела, і нехта з лоўчых, хто яшчэ не паспеў злезці з каня, сполашна прашаптаў:

— Божухна, гэта ж пажар…

Масква згарэла.

Згарэлі царскія і баярскія палаты Крамля, Успенскі сабор, казна, арсенал, два манастыры з цэрквамі, дзевяць бліжэйшых слабодаў.

Згарэлі амаль дзве тысячы гараджанаў. Мёртвы попел пакрыў дарогі і смярдзеў паленай чалавечынай.

Поделиться с друзьями: