Сімъ побдиши
Шрифт:
А Томка… Аніразу пра яе не пацікавіўся — як адрэзаў ад свайго лёсу. І вось ледзь не яе дакладную копію сустрэў. І — зноў ва ўніверы!
Ён абудзіўся, нярвова пастукаў далоньмі па скураным падлакотніку і хацеў было звярнуцца да памочніка, але той адвёў ад вуха слухаўку і залепятаў:
— Іван Уладзіміравіч, гэта забастоўка. Метрапалітэн стаў, а машыністы патрабуюць павышэння заробкаў. Вось народу на наземных прыпынках і сабралася…
Прэзідэнт неўразумела ўтаропіўся ў памочніка, а той чакаў новага пытання і, лыпаючы вачыма, дадаў:
— Я з мэрам звязаўся, а затым пазваніў Керзан і пацвердзіў. У яго сабралася нарада з міністраў-сілавікоў. Хоча Вам асабіста далажыць і ўдакладніць магчымыя дзеянні…
Картэж
Сваю незадаволенасць прэзідэнт і выказаў у слухаўку старшыні Службы дзяржаўнай бяспекі:
— Віктар, якая на хрэн забастоўка?! Які метрапалітэн?!!
— Іван Уладзіміравіч, сітуацыя неадназначная… Машыністы раніцай адмовіліся выходзіць на лінію. Народ мусіць ціснуцца па аўтобусах і тралейбусах. Мы вывелі максімальную колькасць парка, але ён не спраўляецца. На прыпынках чэргі і азлобленасць. Даём інфармацыю, што ў метро збой на электралініі. Адначасова адпрацоўваем службы метрапалітэна, — нарэшце ў дакладзе з’явілася кароткая паўза; Керзан глыбока ўздыхнуў і завяршыў: — Машыністаў падтрымаў прафсаюз чыгуначнікаў. Натоўп незадаволеных колькасцю да тысячы мітынгуе на плошчы і, па апошніх данясеннях, збіраецца ісці да Дома ўрада…
— Работнічкі, вашую макаўку! — невядома на каго — ці на забастоўшчыкаў, ці на спецслужбы, ці на ўсіх разам — крыкнуў прэзідэнт і, загадаўшы павярнуць картэж назад, забасіў у слухаўку: — Усіх спакойна выціснуць з плошчы! Завадатараў-актывістаў арыштаваць! Працу метро аднавіць!
— Ёсць! — пачулася ў слухаўцы. — Усё зробім, толькі… з метро праблема. Няма машыністаў і дыспетчараў, ды і сука начальнік метрапалітэна на плошчы…
— Хоць сам са сваімі ахламонамі, калі такое прафукалі, у цягнікі садзіцеся ды катайцеся! Ці ты мне прапануеш?
— Н-у-у…
— Ну-гну! Рабацяг з прыгарадных электрычак зніміце, з іншых рэгіёнаў перакіньце… Хоць з Поўначы! Словам, каб праз паўгадзіны саставы пайшлі. А не — усе пойдзеце. І гэта… Тога начальнічка метро ды іншых актывістаў, паўтараю, упакуй!..
З набліжэннем да цэнтра сталіцы нават зрокава адчувалася напруга: народ тоўпіўся на прыпынках-мурашніках, тратуары ператварыліся ў людскія рэкі, на прылеглых да перакрытага праспекта вуліцах цягнуліся доўгія заторы.
Картэж спыніўся каля станцыі «Цэнтральная». Уадначас з ахоўнікамі жвава выскачыў з машыны прэзідэнт ды, колка зірнуўшы наўкруг, па-мядзведжы пасунуўся да аўтобуснага прыпынка: заграбаючы рукамі, разводзячы пяты і стульваючы насы чаравікаў — нібыта футболячы штось нябачнае. Вялікая прадаўгаватая галава ў такт крокаў гушкалася на шырокіх плячах пад дарагім даўгаполым пінжаком, які крыху хаваў непрапарцыянальнае тулава: здавалася, грудная клетка была наўпрост падагнаная па аб’ёме і ўстаўленая ў таз (а можа, усё выглядала так праз падоўжаны і прыхаваны адзежай бронежылет?). Гарадчукі не паспелі параскрываць ад здзіўлення раты, а прэзідэнт ужо гаварыў:
— Дарагія мае, я вымушаны прасіць у вас прабачэння за часовыя нязручнасці. Як вы ўжо, напэўна, ведаеце, адбылася правакацыя ў метро. Некаторым апазіцыйным актывістам, гэтым ролікавым-шмолікавым, падбухтораным замежнымі фондамі і разведкамі, надакучыла спакойна працаваць! Зарплатай, як мне далажылі, яны незадаволеныя! Зарплатай амаль міністэрскай! Многія з вас аб ёй яшчэ толькі мараць! — з кожным словам голас набіраў моцу і напаўняўся сталёвымі нотамі. — Зажраліся і пайшлі мітынгаваць на плошчу! Я ім, бачыце, перастаў падабацца! Ну хай яно і так, я ж не дзеўка, каб усім падабацца, але пры чым тут вы?! Якое яны маюць права спыняць працу метро — стратэгічнага для нашай сталіцы аб’екта?! Чаму вы павінны
з-за іх пакутаваць на спёцы ды плішчыцца ў аўтобусы?! Ды і хто аплоціць прадпрыемствам ды заводам страты ад вашых спазненняў? — Прамоўца кашлянуў і закончыў мякчэй: — Паверце, мы паставілі на лінію ўвесь наземны транспарт, але яго не хапае… Яшчэ колькі хвілін — і метро пойдзе. Мы навядзём парадак і разбяромся з віноўнымі.Прэзідэнт загадаў пасадзіць у машыны свайго картэжа, нават у «даішныя», старых, дзяцей ды жанчын і развозіць іх па горадзе, а сам у суправаджэнні нябачных ахоўнікаў пешшу пашыбаваў да будынка Адміністрацыі — у здзіўленых, захопленых, любоўных і адданых позірках электарату.
А калі праз паўгадзіны ў кабінет увайшоў памочнік Жакей і далажыў аб тым, што тэлефануе і просіць сустрэчы намеснік кіраўніка Адміністрацыі па гуманітарных пытаннях Заяц, прэзідэнт пакусаў ніжнюю губу і сказаў раздражнёна:
— Перадай, хай лепш заўтра… Перакажы пра маю сустрэчу на прыпынку… Хай там тэлебачанне падключыцца, адэкватна пра забастоўку раскажа. — Памочнік матнуў галавой і намерыўся ўжо было ісці, але прэзідэнт ткнуў у яго пальцам і прыпыніў: — Ты гэта… Я яшчэ ў машыне хацеў сказаць… Там, ва ўніверсітэце, дзеўчынёха мне цыдулкі з пытаннямі перадавала. Даўганогая такая, брунэтка… — Яго вочы ўраз пабольшалі, а ў зрэнках з’явіліся агеньчыкі. — Разведай, словам, хто і адкуль. Ну і сам разумееш, што…
ІV
Нябачаны дагэтуль чалавечы павадак зліваўся да берагоў Масквы. Меншыя ручаіны акрайных ваяводстваў цяклі да Волгі і расцягваліся ў размаітую плыню на дзясяткі вёрстаў: вершнікі з шаблямі і лукамі, стральцы з мушкетамі і сякерамі, кананіры з абозамі гарматаў і зелля-пораху, зачыншчыкі і гранатчыкі, драўляныя гуляй-гарады, атрады пішчальшчыкаў у высокіх шлемах-шышаках, пяхота з пікамі, мячамі ды шчытамі, нарэшце — раць-пасошнікі, закліканыя ў набор з усіх гарадоў і весяў, абознікі і святары. Хто берагамі ці дарогамі, калі яны былі, хто вадой на лодках і плытах, — усё варушылася, гохкала, тупала, скрыпела, друзгала, плёхала ды мкнула да высокіх сценаў Казані — каб у адзіным наплыве змыць мусульманскае іншаверства і атушыць на маскоўскай зямлі татарскія пажары.
Гэта быў ужо трэці за чатыры гады паход. Два папярэднія не дасягнулі выніку: выступалі восенню, зіма ахалоджвала ваярскі пыл, гарматы і людзі патаналі ў вадзе і снезе. Кусаючы ў цёплых палацях ад бяссілля вусны, цар даваў загад на адступленне. Адзіная заваёва — збудаванне гарадка-цвержы Свіяжск на сутоку Волгі і Свіягі недалёка ад Казані. Але ён стаў бяльмом на татарскіх вачах і мог быць у любы час знішчаным.
Вясной у Маскве сабралі вялікую баярскую раду, і яна прапанавала адмовіцца ад вайны, здзейсніць урачысты перанос святых машчэй з Дабравешчанскага сабора ва Успенскі ды паслаць у Свіяжск асвечанай над імі вады. Цар жа прыслухаўся да слоў сваіх найбліжэйшых людзей — Андрэя Адашава і князя Івана Курбскага. Вырашаецца будучыня ўсёй Маскоўскай дзяржавы, пераконвалі яны. Ці мы пераможам цяпер, ці ніколі. А Эдзігер-Магамет, калі яго не спыніць, аб’яднаецца з крымчакамі і можа пагражаць новым ігам. А таму — трэба спяшыць, цар, і самому табе ўзначаліць паход…
16 чэрвеня 1552 года Іван IV перадаў уладу ў Маскве ў рукі цяжарнай царыцы Анастасіі і выступіў на Казань. Шэсць палкоў — Перадавы пад ачолам Адашава, Вялікі Курбскага, Правай і Левай рукі, Старажавы і Царскі — павінны былі напрыканцы жніўня сустрэцца перад Свіяжскам.
Дарога была цяжкай і спякотнай. Яна зацягнулася да восені, і толькі 11 верасня маскоўскія палкі пачалі абступаць Казанскія сцены, якія з трох бакоў надзейна атулялі рэчкі Булак і Казанка, а з Арскага поля — глыбозны роў. І падвойныя дубовыя сцены ў сем сажняў таўшчыні, засыпаныя знутры пяском і каменнем.