Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сарока на шыбеніцы

Бахарэвіч Альгерд

Шрифт:

– Чым будзем сёньня займацца? – спытала яна, паклаўшы кнігі на калені.

– Сэксам! Мне адкуль ведаць, якой вы там хярнёй страдаеце? – агрызнуўся Драгуноў, але падсеў да яе, ад яго прымірэнча пахла потам ды тытунём, а больш, здаецца, нічым.

– Алгебрай? Фізыкай? – дапытвалася Вераніка. – Ці вось, расейскай літаратурай, мы цяпер цікавы твор чытаем, заўтра праверачная.

– Слухай, Вераніка, давай толькі хутчэй, падуры мне галаву сваёй хератой ды валі дахаты, – нязлосна сказаў Драгуноў і паглядзеў нецярпліва ў акно.

Вераніцы ня надта хацелася займацца з Драгуновым ні алгебрай, ні фізыкай, яна сама баялася гэтых прадметаў, бо ясна сабе ўяўляла, што нешта істотнае так і пройдзе міма яе, як

ні шчыруюць настаўнікі. Яна з палёгкай паклала кнігі назад, пакінуўшы толькі адну, таўшчэзную хрэстаматыю.

– Тады літаратурай, – радасна прамовіла яна. – Цяпер мы праходзім твор Гогаля “Нос”. Ты ведаеш, як поўнасьцю звалі Гогаля? І назаві мне, калі ласка, калі ён нарадзіўся й памёр.

Драгуноў засунуў палец у нос і нічога не адказваў. Тут Вераніка, якая напружана разважала, якім чынам зацікавіць свайго апекаванца, пачула, як у кватэру нехта заходзіць, пачула цяжкі грукат торбаў, шоргат вопраткі на вешалцы ў перадпакоі.

– Мамаша прыйшла, – пазяхнуў Драгуноў.

І сапраўды, у пакой зазірнула поўная, прыгожая, дагледжаная жанчына, уся ў пярсьцёнках ды каралях, вельмі падобная да Драгунова носам ды падбародзьдзем. “Добры вечар”, – прасьпявала яна грудным голасам, – “Ты, напэўна, Вераніка, Алёша мне казаў, што вы хацелі сёньня пазаймацца. Я пайду зраблю гарбаты, а ты, Алёшанька, пакажаш потым дзяўчынцы, дзе ў нас прыбіральня”.

– Сама пакажаш, – прабурчаў Драгуноў і адкінуўся да сьцяны, пачухаўшы нагу.

Маці Драгунова ласкава пасьміхнулася ды, мэлядычна нагадаўшы пра нейкі “наш любімы пірог”, зачыніла дзьверы.

– Добрая ў цябе мама, – сказала Вераніка.

– Дрэнных не трымаем, – ашчэрыўся Драгуноў. – Слухай, што ты ўсё пра памёр, не памёр... Распавяла бы мне што-небудзь цікавае. Пра гэтага Гогаля.

Вераніка зьдзівілася, таропка заківала галавой, але нічога цікавага пра Гогаля ёй у галаву не прыходзіла. Зьнешне Гогаль ёй не падабаўся, сьлізкі ды непрыгожы, зусім на пісьменьніка не падобны, хутчэй на вычварэнца нейкага. Яна бачыла мімаходзь у бібліятэцы ягоную кніжку “Мёртвыя душы”, панылую, шэрую. А ім давядзецца і яе праходзіць.

– Давай ты мне лепш пачытаеш уголас! – узрадавалася Вераніка нечаканаму рашэньню праблемы. – У цябе ж з гэтым праблемы. Трэба больш трэніравацца.

Драгуноў заскрыгатаў зубамі, але потым прысунуўся да Веранікі бліжэй, узяў у яе кнігу й пачаў усё ж чытаць. Занятак гэты быў для Драгунова пакутлівы, чытаў ён па складох, занадта доўгія, на ягоную думку, словы рашуча скарачаў, абрубаючы да прыставак, а сустрэўшы складаны сказ, проста замяняў ягонае зьмесьціва невыразным мычаньнем. Вераніка досыць наслухалася такіх чытаньняў у школе. Голас Драгунова, які адразу ж, як толькі Драгуноў апусьціў вочы ў кніжку, стаў агідна-пісклявым, навяваў на яе сон. Але гэта было лепш, чым тлумачыць Драгунову нешта, да чаго ў самой няма асаблівае схільнасьці. На кухні завіхалася маці Драгунова, якая да таго ж яшчэ й сьпявала ля пліты, гэта Вераніку дужа зьдзіўляла. Вераніка пазяхнула ды пачала разглядваць пакой. На шафе стаяла пакрытая пылам мадэль самалёта, на стале ляжалі нейкія мэталёвыя шарыкі, пасьцель, край якой вызіраў з-пад шарсьцяное коўдры, даўно трэба было мяняць. Драгуноў нарэшце справіўся са старонкай і адкашляўся, гучна загарнуўшы кнігу.

– Ну што, гадзіцца? – спытаў ён і вярнуў кніжку на калені Веранікі. – Слухай...

Вераніка спалохалася, такімі жывёльнымі сталі раптам гэтыя вялікія пустыя вочы, што без папярэджаньня ўзьніклі проста перад яе тварам, такі бруд зацямніў іхную дагэтуль абыякавую сьветлыню, а Драгуноў загаварыў таропка, шумным шэптам, імкнучыся, каб ягоны подых ні за што не абмінўў твар Веранікі, каб яна адчула яго:

– Слухай, Вераніка, а пакажы мне свае цыцкі, а? Пакажы, Вераніка! Пакажы!

Яна ўскочыла зь месца, чырвоная ад сораму, а Драгуноў

глядзеў абыякава на яе бязладныя рухі, ды казаў амаль апраўдальна:

– Ды што я сказаў? Дзеўбанутая нейкая... Я ж ня проста так... Я табе заплаціў бы, як пацан. У мяне капуста ёсьць, зарабіла б. Вось дурная. Ну, наша справа прапанаваць.

Вераніка аддыхалася ды вырашыла зараз жа ўзяць сябе ў рукі. Як ні дзіўна, у яе атрымалася, яна нават зноў села на ложак, толькі ўжо трошкі далей ад Драгунова. Тут якраз у пакой зноў зазірнула маці ды паклікала іх піць гарбату. Думаючы пра тое, што было б, пачні Драгуноў да яе лезьці (што-што? Закрычала б), Вераніка вымыла рукі й села за стол, засланы чыстым белым абрусам. Маці завяла зь Веранікай размову, распытвала пра яе сям’ю, пра тое, хто дзе працуе, гэтая вельмі прыемная жанчына з ружовай, празрыстай, быццам налітай малаком шыяй размаўляла так па-сяброўску, што Вераніка неяк неўпрыкмет забылася на нядаўняе здарэньне... Драгуноў крышыў пірог ды моўчкі крывіўся.

– А нашаму Алёшаньку вось не хапае сканцэнтраванасьці, – уздыхнула маці Драгунова ды паклала Вераніцы на сподачак яшчэ пірагу. – Вельмі за яго хвалююся. Здольных ня любяць, я ведаю...

І маці Драгунова пачала мякка дакараць сыночка за няўседлівасьць ды ляноту. Вераніка піла гарбату ды ня ведала, што сказаць. Тое, што яна чула, нібы гаварылася пра якога-небудзь Малькова, але з напаўдэбільным Драгуновым, якога ведалі як роднага ў дзіцячым пакоі міліцыі, які выпэцкаў аднойчы сьцены ў клясе прынесеным з прыбіральні лайном і некалі ўкусіў троечніцу Люду, і які цяперака з выразам глыбокае нянавісьці да навакольнага сьвету выкалупваў зь пірага разынкі, ніяк не стасавалася.

– Ня ведаю, кім ён стане, – пяшчотна зірнула на Драгунова маці ды горка ўздыхнула, – артыстам, навукоўцам або прэзыдэнтам банку, але нам трэба ўсім разам дапамагчы яму знайсьці свой шлях у жыцьці...

– Цяжка сказаць, – сьцепанула нарэшце плячыма Вераніка, – мне здаецца, яму спачатку трэба навучыцца чытаць, ён у вас дагэтуль па складах чытае...

На стол раптам упала злавеснае маўчаньне. Маці Драгунова зьбялела ды з бразгатам апусьціла кубак. Драгуноў скурчыў твар.

– Заткніся! – заенчыла маці Драгунова. – Заткні рот, прастытутка малая! Яшчэ адна будзе нас вучыць! І так швэндаюцца празь дзень! Разумныя такія ўсе! Ды вы пазногця ягонага ня вартыя!

Драгуноў засьмяяўся, маці ўстала, абагнула пасьпешліва стол і абняла яго за плечы. Вераніка папярхнулася й разьліла гарбату на абрус.

– Каб духу твайго тут...! Ня бойся, сынок, ня бойся.

Драгуноў па-майстэрску зьбіваў пстрычкамі са стала крошкі. Вераніка паднялася, схапіла зь вешалкі паліто й ледзь не забыла сумку, давялося ўжо з-за парога, міма асьветленага акна прычыненых кухонных дзьвярэй, вяртацца ў пакой Драгунова, дзе ўсё яшчэ разьвітальна й непапраўна пахла яе дзявочай парфумай.

***

Гэта была ўсяго толькі маленькая сярэбраная кропелька, нібы сьлед бліскучага скорага дажджу, якая не пасьпела высахнуць на яе носе. Вераніка йшла да кабінэту не сьпяшаючыся, даючы ўсім магчымасьць ацаніць перамену, але зьвярталі на яе ўвагу адно жанчыны, а вось Ён – Ён нават не зірнуў на яе твар, падпяваючы няўважна музыцы ў навушніках, кіўнуў толькі і зьнік за сваімі дзьвярыма. У кабінэце Вераніка яшчэ раз разгледзела завушніцу, мініятурны шрубок якой зусім было не відаць, перад вялікім люстэркам, і знайшла, што правільна абрала й памер, і колер. Надзела цёмныя акуляры, потым зьняла, потым зноўку надзела. Вывучыла сябе ў профіль, палюбавалася, як незалежна й з годнасьцю загараецца каштоўная кропачка, калі павярнуцца да шкла, ці, напрыклад (яна ўзьняла падбародзьдзе, адкінула з ілба валасы) да суразмоўцы, да суседа, да Яго – вось так, або вось так. Прыгожа. І ніякае чырвані сёньня, як і абяцалі.

Поделиться с друзьями: