Сарока на шыбеніцы
Шрифт:
Незадоўга да абеду яна йшла па калідоры, у канцы якога парыпвала наросхрыст адчыненае акно, да Алы, ішла па справах і нарэшце сустрэла Чэслава. Той завушніцу адразу заўважыў, і, вядома ж, яму закарцела дакрануцца да яе пальцам, Вераніка гэта стрывала, яна насамрэч сапраўды хвалявалася, усе навокал казалі, што пажылыя людзі не асабліва любяць такія рэчы. Аднак Чэслаў быў і насамрэч сваім чалавекам, хаця й зь сівымі валасамі ў вушах. “А для чаго гэта?” – толькі й пацікавіўся ён, – “Што гэта азначае?”. “Нічога”, – зьбянтэжылася Вераніка. “Гэта знак прыналежнасьці... да нейкае маладзёжнае групоўкі?” – не адставаў Чэслаў, дабрадушна пагладзіўшы Вераніку па галаве. “Хіпуем?”. “Ды не, не,” – замахала Вераніка рукамі, намагаючыся ветліва скінуць са сваіх валасоў руку Чэслава. “Проста прыгожа, модна...”. “Ды ведаю я, унучка!” – засьмяяўся добразычліва Чэслаў, прыбіраючы руку. “У гэтай нашай зоркі, Анжалікі, таксама увесь нос у золаце! А яшчэ пуп! Ты сабе ў пуп нічога ня хочаш засунуць,
Тым большым было яе зьдзіўленьне, калі праз тыдзень ёй патэлефанавала з суседняга кабінэту Ларыса. Пачала Ларыса здалёк, але потым раптам змоўкла, ня скончыўшы фразы, ды прашыпела незадаволена ў слухаўку:
– Ты ўсё ж здымі сваё колца!..
– Якое колца?
– З носу завушніцу здымі! Я, канечне, разумею, выглядае й праўда файна, але вось наш Карлавіч...
– А мне ён нічога такога, – запярэчыла Вераніка.
– Ён проста чалавек, ня тое што другія начальнікі. Дарма што мужык... Чэслаў вельмі перажывае, кажа, што дзе заўгодна, але на дзяржаўнай службе... Здымі, Веранічка, прашу, Чэслаў пігулкі ажно піў, так расхваляваўся. Сама бачыла.
– Але ж нідзе не забаронена...
– Здымі, Вераніка, богам прашу. Шкада старога.
І яна зьняла, вырашыўшы, што будзе надзяваць пасьля працы й на выходныя, але завушніца патрабавала толькі поўнае адданасьці, на гульню ў хованкі яна не былі згодная, толькі так: каханьне або забыцьцё. І Вераніка яе разумела, і падарыла ўрэшце практыкантцы-пітэкантрапцы, перад тым, як тая сыходзіла з аддзелу давучвацца. Невялікая страта, дый зброя так сабе.
***
Амаль усе крэўныя Веранікі па бацькавай лініі мелі такі вось нос: разьдзелены напалам на кончыку вузкай прадаўгаватай умяцінай. Самой Вераніцы пераймацца з гэтае прычыны было няма чаго, у яе радавая рыса пакінула відавочна найменшы сьлед, толькі калі вельмі ўжо прыгледзецца, паклаўшы Веранічыну галаву сабе на калені, можна было пабачыць на яе носе тонкую кароткую лінію, якая хіба абазначала, але не праводзіла выразнае мяжы, пагранічнага рову між палавінкамі. Карацей, Вераніка ніколі не адчувала шкоды ад уласнага носу. Ад іншых частак цела – так, мы ўжо ведаем, ад якіх асабліва, але нос – бацькаў нос быў да яе літасьцівы.
Стрыечнай сястры пашанцавала меней. Дзядзька Валера, бацькаў брат, даў ёй амаль усё, што мог. І хаця асабістае жыцьцё сястры йшло зусім няблага, і яшчэ ў школе за ёй хадзіў натоўп заляцанцаў, і часам Вераніка зайздросьціла сястры, прызнаючы, што тая ўсё ж прыгажэйшая – а ўсё адно, даволі часта позірк спыняўся на гэтым падвоеным кончыку, і думалася тады зь лёгкім спачуваньнем і сымпатыяй: усё ж не стварае бог нічога ідэальнага, чым-небудзь ды нагадае пра чалавечую недасканаласьць і безабароннасьць. Сястра была старэйшая, Вераніка амаль што любіла яе й калісьці, калі камуністычнае сонца першабытна-справядлівага дзяцінства ўжо заходзіла, брала зь яе прыклад: сястра была надзвычай незалежная, рана адчула сябе дарослай, імкнулася будаваць сваё жыцьцё сама й вучыцца на сваіх памылках, а таксама ніколі не саромелася, а наадварот – выстаўляла напаказ сваю жаноцкасьць. Таму, відаць, і выйшла замуж так рана, казала маці Веранікі, і нарадзіла тады, калі многія яшчэ толькі пачынаюць задумвацца, кім і з кім быць. Сястра прымала Вераніку якой ёсьць, ніколі не папракала й не вучыла, распавядала пра свае таямніцы і заўжды была гатовая выслухаць Веранічыны. Што там казаць: магчыма, яна была адзінай сапраўднай сяброўкай Веранікі ў той час... І грошы на перадачы Лёньку яна давала, і падарункі Вераніцы рабіла такія, каб тая змагла адчуць сябе жанчынай, а ня вечнай пакаёўкай, нанятай бацькамі...
І вось сястра зрабіла тое, чаго ад яе не чакаў ніхто. Узяла й выправіла адным махам хібы свайго носа, схадзіўшы разок у студыю прыгажосьці. Уся радня дагэтуль абмяркоўвала гэты вар’яцкі ўчынак, за грошы, патрачаныя на апэрацыю, можна было набыць невялікі гараж на ўскраіне. Яны сустрэліся зь Веранікай у цэнтры гораду, сястра ўпэўненым крокам павяла яе, тады яшчэ трэцякурсьніцу, у дарагую, але бруднаватую кавярню за царквой. Яны селі, сястра запаліла цыгарэту, замовіла ледзянога шампанскага, і Вераніка з асалодай выпіла, з гордым жахам паглядаючы на сястру. А сястра са сьмехам распавядала ёй пра тое, што вымушаная была рабіць начамі з мужам, каб той пагадзіўся.
– Цяжка зь імі... Мне многія сябры казалі: не рабі гэтага, гэта дакладна адлюстроўвае твой характар. Адзін нават заявіў: табе твой нос пасуе, ты зь ім прыгожая й не такая як усе. Але разумееш, Веранічка...
Сястра затушыла цыгарэту й тут жа прыпаліла новую.
– Я сама ведаю, што й з такім носам лепшая за ўсіх. Але калі я цяпер гэта зрабіла... Я адчула сябе, як на крылах. Ведаеш, я стала сябе паважаць.
І Вераніка задумалася тады: як лёгка ўсё, вось і яна, калі зможа, расправіцца са сваімі вушамі, прывядзе іх да належнага стану. А сапраўды, у
які аглушальна казачны час яны жывуць!.. Можна стаць скульптарам уласнага цела, а можна мастаком, а можна... Былі б толькі грошы.На жаль, пасьля таго як Вераніка скончыла ўнівэрсытэт, зь сястрою яна стала бачыцца ўсё радзей, а потым і наогул сустракала яе толькі па вялікіх сямейных сьвятах. Магчыма, сястра вырашыла, што цяпер Вераніку, як падрыхтаванага жаўнера, можна са спакойным сумленьнем здаць на рукі жыцьцю. А потым сястра ўвогуле стала глядзець на Вераніку чамусьці то зь нейкай пагардай, то з дакорам, хаця й не казала нічога такога. А можа, мне проста гэта здаецца, думала Вераніка, на новай працы яна, як ёй здавалася, пачала някепска разьбірацца ў людзях, а вось са сваякамі зусім заблыталася. І яна ўпершыню ў сваім жыцьці з сумам узгадала мінулае, калі перабрала ў памяці іхныя колішнія размовы, і нават расплакалася неяк, паўтараючы “Проста я стала дарослая...”, і неяк лягчэй станавілася ад гэтых бессэнсоўных словаў.
***
Імпрэза была прысьвечаная чарговым угодкам перамогі над фашызмам, рыхтавацца да яе аддзел пачаў яшчэ ўзімку, таму цяпер, калі над палацам адначасова апусьціліся нарэшце вечар, верталёт з мэрам і змораныя сьцягі, Вераніцы ўсё навокал здавалася амаль нерэальным. Няўжо й праўда гэтае мерапрыемства, бяз згадкі пра якое, ускоснае або простае, не абыходзіўся ніводзін дзень, сапраўды адбудзецца, і празь нейкія дзьве-тры гадзіны на яго можна будзе забыцца... Перад пачаткам афіцыйнае часткі Вераніцы давялося пабегаць: яна сустракала й рассаджвала ганаровых гасьцей, папраўляла гальштукі на хлопчыках, мітусьліва шукала разам з астатнімі зьніклага гукаапэратара, які, як высьветлілася, нікуды й не зьнікаў, проста зайшоў у бліжэйшую краму электратавараў паглядзець футбол... Пад нагамі блыталіся маладыя паэты з суполкі “ПаЛІТрух” пад кіраўніцтвам Любові Сукубовіч: страшныя, успацелыя, адпрасаваныя, бледныя. Кожнаму трэба было ўсьміхнуцца, з кожным быць ветлівым, Вераніка раптам зразумела тую строгую бабу, якая калісьці рыхтавала яе да першага ў жыцьці выступу, зразумела, што такое адказнасьць. Нарэшце на сцэну выйшлі вядучыя, Вераніка зьнясілена прыхілілася да шэрай калёны за сьпінай гукарэжысэра ды заплюшчыла вочы...
Скулы яе балелі ад усьмешак, але ўсё, усё, у панядзелак адгул, а дома гарачая ванна... Яна зноў паглядзела на ярка асьветленую сцэну, дзе, нібы жаніх і нявеста, шчасьліва ўсьміхаліся шыкоўна разадзетыя вядучыя. Ім таксама даводзілася нялёгка, Вераніка шчыра раскайвалася цяпер, што за гадзіну да пачатку так груба, ажно парвалася нешта ў горле, накрычала на хлопца, які цяпер ладна й звонка пералічваў фундатараў сьвята. Гэта быў студэнт архітэктурнага Максім, прыгожы хлопчык, нічога ня скажаш, і галоўнае, адказны, такому б у іхным аддзеле працаваць – а накрычала ж з-за дробязі нейкай, ён пакінуў у куртцы нейкі сьпіс, вось і ўся праблема. Прыемны цяжар добра выкананай працы ўсадзіў-ткі Вераніку ў апошні рад, там было некалькі вольных месцаў. Яна азірнулася, на яе з удзячнай, супакаяльнай усьмешкай глядзеў Чэслаў. Вераніка ветліва пасьміхнулася яму ў адказ. Карлавіч нахіліўся да вуха мэра, які неяк празьмерна, па-дзіцячаму радаваўся таму, што адбывалася на сцэне, мэр выслухаў, азірнуўся, знайшоў Вераніку ды ёй падміргнуў. Няблага для пачатку.
Нечакана скрозь няспынны ўрачысты рокат дзявочага голасу, што йшоў з прымацаваных на сьцяне калёнак, Вераніка пачула таямніча-знаёмыя ноткі. Яна прыслухалася, не без намаганьняў, бо сэнс імпрэзы быў, натуральна ж, ня ў словах, якія гучалі са сцэны – у касьцюмах, у ардэнах, у ідэі, карацей кажучы, але ня ў словах. Са сцэны чыталі нешта ў рыфму, нешта, што яна ўжо недзе чула... Вераніка ня ведала, што там за тэкстоўкі раздалі ўдзельнікам, гэтым займалася практыкантка, і тут дзяўчына ў вайсковых ботах, якая ў пачцівай адзіноце замерла на сцэне, прамовіла ў паважную цішыню залі (зрэшты, цішыня гэтая каля таго месца, дзе сядзела Вераніка, парушалася віскам маленькіх балерын з калідору): “Палямі, лугамі, лясамі, хлябамі, клянемся навечна за подзьвіг тарбамі...”, і Вераніка ўспомніла, і зноў, каторы ўжо раз за гэты год, падумала, якая ж яна старая.
Потым у залю забеглі, трохі замінаючы адна адной (і гэта нягледзячы на ўсе рэпэтыцыі), маленькія балерыны, і пад самы дах паляцелі галубы, якіх наўмысна не кармілі цэлыя суткі... “Пад дахам павукоў багата”, – шапнула Ларыса, якая непрыкметна падсела да Веранікі, яна некалькі гадоў працавала ў гэтым палацы, – “Паляцелі есьці з галадухі.” Але ўсё далей ішло гладка, Вераніка змагла нарэшце расслабіцца, палюбавацца на Яго – Ён, як заўсёды апрануты па-плэйбойску, але з густам, весела рабіў прысяданьні перад сцэнаю, шчоўкаючы фотаапаратам. Грымнула музыка, публіка ўстала, потым зноў села. Пачаліся прамовы, прамовы, выступы, крэкчучы й машучы адмоўна галавой, нібы яго ўгаворвалі, на сцэну падняўся мэр, за ім глава, потым і Чэслаў сказаў некалькі словаў... Аднак тут ад Веранікі і яе калегаў ужо нічога не залежала, толькі б гукаапэратар не падвёў. Вераніка сядзела і ўсё больш пераконвалася, што трэба застацца на дыскатэку, трэба вытрасці зь сябе ўсю гэтую стому, што назапасілася ў порах яе душы за гэтыя месяцы.