Сарока на шыбеніцы
Шрифт:
А нос нам для чаго,
А нос нам для чаго?
А нос нам для таго,
А нос нам для таго...
“Няхай носам дыхае,” – рэзюмаваў нехта, і размова перайшла на Іну, каралеву курсу. Мужчынская палова гасьцей з ахвотай падтрымала тэму, пасыпаліся жартачкі, плёткі... Пальцы, аднак, не адпускалі Вераніку, заціскаючы ёй рот зь нейкім амаль мэдыцынскім прафэсіяналізмам. Ад дыму ў яе сьлязіліся вочы, а ў вушах гайдаўся нядаўні Жораў эскпромт. І вельмі, вельмі хацелася жыць. Тым ня менш на Вераніку забыліся, і яна са зьдзіўленьнем, якое імгненна зьмянілася жахам, зразумела, што калі зараз жа, вось зараз жа не глыне паветра,
Сьвет раптам здрыгануўся й паплыў да адчыненага акна, туды, дзе на падваконьні сядзеў, зьвесіўшы ногі на сырую вуліцу, выдыхнуты вясёлым пакоем прывід. Вераніка яшчэ раз дрыганула нагамі, на спадніцу ёй упала гара нарэзанага сала ды недаедзеная фарбаванай вараная бульба, пасыпаная зьверху кропам і попелам. Фіранкі не варушыліся. На парозе нечакана вырас адзін з тых вусатых, якія глядзелі ў холе тэлевізар, у тым жыцьці, у мінулым, у эпоху бяз пальцаў на вуснах. “Ёсьць!” – закрычаў ён урачыста, зьняў капюшон і вываліў на стол мокрыя пляшкі. Пальцы расьціснуліся, і Вераніка падавілася паветрам, а тыя самыя пальцы ўжо клапатліва грукалі ёй па сьпіне. “Давай з намі!” – падміргнуў ёй Жорык, і вось Вераніка ўжо трымала, паліваючы спадніцу гарэлкай, плястмасавы кубачак і разявала бязгучна рот, бо й так грымела на ўвесь паверх: “Патаму што нельзя, патаму што нельзя, патаму што нельзя, патаму што нельзя!”. Твары танулі ў татарскім дыме. Зусім ужо здаровая, без усялякіх прыкметаў нядаўняй прастуды, яна ўсё ж азірнулася потым, каб высьветліць, чый жа гэта быў голас, але са сьцяны на Вераніку глядзеў толькі постэр успацелай, падобнай да пантэры Магды – рыхтык такі, які вісеў у Веранікі дома.
***
Яна бачыла, як Ён толькі што зайшоў у кабіну ліфта, як за Яго заўжды гатовай засьмяяцца сьпінай самкнуліся дзьверы, чула, як Ён задуменна зьвінеў ключамі, ведала нават, куды Ён ідзе (не пытайцеся, адкуль, у гэтым будынку ня ходзяць проста так на першы паверх), – яна бачыла, чула, ведала, і ўсё ж, праходзячы па пустэльным калідоры міма Ягонага кабінэту, націснула лёгка ручку. Ручка паддалася, кабінэт аказаўся незамкнутым, і Вераніка, падпарадкаваўшыся імгненнаму парываньню, увайшла. На ўсялякі выпадак у яе было тлумачэньне гэтага візыту, пад пахаю яна трымала напагатове вялікую скураную тэчку, у якой, папраўде, знаходзіўся толькі адзін аркуш, затое насамрэч важны, аркуш з гербам, які патрабаваў падпісаньня, хаця й не настолькі неадкладнага, каб ісьці зь ім да намесьніка проста зараз. Вераніка зьмяёй упаўзла ў кабінэт і ціха прычыніла дзьверы. Тут пахла плошчай ды добрай вэнтыляцыяй, скрозь краты адчыненых вокнаў даносіліся бадзёрыя крыкі будаўнікоў. Вераніка з салодкім пачуцьцём злачынцы агледзелася ды зноў схапілася за ручку дзьвярэй: з-за дзьвярэй невялікае, але высокае шафы вызірнула Ларыса ды адразу ж выставіла перад сабой далоні, нібы паказваючы, што яна ні да чаго не дакраналася. “Прывітаньне”, – агаломшана прамовіла Вераніка й зрабіла зь нявінным выглядам некалькі крокаў да стала, на якім, сярод вясёлага гармідару рэчаў, горда стаяў у цені дзяржаўнага сьцяга маленькі сьцяжок маладых антыфашыстаў на шэрай падстаўцы.
– Міласьці просім, – адгукнулася Ларыса, адступіўшы далей ад шафы, паказваючы, што ні за якай шафай яна ніколі не стаяла. – Ён у сталовую пайшоў, каву піць.
– А я пастанову па Рачку прынесла, – хутка сказала Вераніка. – Але, мусіць, я лепш яму ў рукі...
– Па Рачку? – зрабіла Ларыса вялікія вочы. – Так хутка? Яшчэ ж месяц ёсьць у запасе.
Вераніка паклала тэчку на стол і тут жа забрала назад. “Зараз мы адчынімся”, – дзьверы, здавалася, варушылі ручкай, аднак гэта лухта, адсюль павінна быць чутно, калі нехта набліжаецца да кабінэту. Нават гудзеньне ліфта яны б пачулі. Ларыса падыйшла да Ягонага крэсла й паклала рукі на сьпінку, чакальна паглядаючы на Вераніку.
– Добра, я пайду, – Вераніка, не адрываючы ад Ларысы вачэй, паволі зрабіла крок назад.
– Ну давай, –
усьміхнулася Ларыса. – Пойдзеш са мной у абед у Цэнтральны? Толькі я сёньня ня ем... Так, банан сабе куплю.– А я пірожнае, – прамовіла Вераніка з выклікам, потым пастаяла крыху моўчкі й дадала ўжо гучней:
– Крэмавае.
– Крэмавае? – задыхнулася Ларыса. – Ад салодкага ведаеш што бывае?
Вераніка зноў падыйшла бліжэй, цяпер паміж імі быў толькі Ягоны стол. Вецер варушыў сьцяжкамі, на манітор кампутару паволі апусьцілася муха.
– А ты што, дарэчы, тут робіш? – запыталася Вераніка ціхім голасам, паправіўшы нейкую паперчыну, якая ўжо была гатовая зьляцець з краю стала.
– Працую, – сказала Ларыса, выцягнуўшы галаву так, каб Вераніцы было відаць кожную зморшчыну на яе ілбе.
– У чужым кабінэце?
– У чужым, – са штучнай вінаватасьцю ў голасе адказала Ларыса.
– А можа, ня трэба ўсё ж у чужым?
– А можа, ня трэба суваць нос у чужыя справы?
– А можа...
Ён зайшоў у кабінэт як заўсёды спартовай хадою, нават трохі падскокваючы. “Якія людзі...” – мімаходзь правёў пальцамі па аголеным плячы Веранікі ды сеў паміж імі за стол, і муха расчаравана вылецела ў акно. “Ну што, Ларыса Бацькаўна, як посьпехі?”
– Ды тут у вас... – Ларыса зморшчылася, хітнула галавой на шафу. – Палову папераў трэба ў макулятуру.
– Добра, давядзецца сакратарку клікаць, – Ён адкінуўся ў крэсьле ды пацягнуўся. – Дзякуй за дапамогу. Уяўляеце, дзяўчаты: а кава ў іх – паверыць не магу – скончылася... Што за народ!..
– У сакратаркі Чэслава Карлавіча ёсьць, – сказала Ларыса, адчыняючы дзьверы. – І кававарка, калі яна толькі працуе.
– Ага, – адгукнуўся Ён, думкамі ўжо далёка ад кавы. – Так. А ў Веранікі Бацькаўны што?
Вераніка моўчкі паклала яму на стол тэчку, ён раскрыў, прабег вачыма ды засьмяяўся зьбянтэжана:
– Рана! З гэтым пачакаем! Не сьпяшайся так, Вераніка, сонейка, не сьпяшайся, а то памрэш!
Вераніка ўзяла тэчку ды пайшла да выхаду. Ларысы ў кабінэце ўжо не было.
– Пастой, – Ён падыйшоў да яе. – Ведаеш, Веранічка...
Яна моўчкі глядзела ўніз, на мыскі ягоных туфляў.
– Ведаеш, што... Ты толькі не крыўдуй.
Ён паклаў руку ёй на плячо ды паспрабаваў зазірнуць у вочы:
– Мы ў пятніцу гуляем супраць міліцыі. І, ведаеш, замест цябе вырашылі ўзяць Олю. Ну, гэтую, практыкантку... Яна нішто сабе знаўца, асабліва па розных юрыдычных пытаньнях... Пасядзі пакуль у запасе, адпачні... Окей?
Вераніка кіўнула ды ўзялася за ручку.
– Але ты прыходзь, пабалець! – крыкнуў Ён ды зноў сеў за стол, уключыў кампутар ды глыбока задумаўся, нібы Вераніка даўно ўжо выйшла.
***
Ты ў мяне ў гасьцях. Гэта, аднак, няпраўда: як можна быць у гасьцях у таго, хто сам вечна ў гасьцях? Як можна быць у гасьцях, знаходзячыся ў сябе на радзіме? Франк толькі што сыйшоў да сябе ў гатэль, і мы адразу ж выключаем сьвятло й забіраемся ў ложак. Месяц, гэтая сьветлавая рэкляма ночы, завіс акурат у нашым квадраце акна, і мне трохі шкада тых, хто да раніцы яго пазбаўленыя. Але не дзяліцца ж ім з астатнімі?
Я ніколі не параўноўваю цябе зь Веранікай. І калі б Вераніцы прыйшло раптам у галаву раўнаваць або параўноўваць, яна б таксама ня мела на гэта права. Бо Вераніка была там, у тым жыцьці, ты ў гэтым, і хто ведае, хто будзе са мной ва ўсіх наступных. Не, я ня веру ў перасяленьне душаў, я веру ў бясконцасьць і незваротнасьць выгнаньня, як бы гэта патасна не гучала. Усе гэтыя краіны не мяжуюць паміж сабой – больш за тое, калі існуе адна, то астатнія зьнікаюць.
– Я хацела б, каб ты заўжды быў побач, – кажаш ты раззлавана. – Але ж я ніколі на гэта не пагаджуся. Але, ведаеш, я б насамрэч хацела... Што за лухту я вярзу?
– Заўсёды побач, – шапчу я. – Як сьмерць. Дзякуй. Ведаеш, адзін наш пісьменьнік напісаў калісьці кнігу “Сьмерць-мужчына”.
Мы выпілі зашмат, і таму я нарэшце пытаюся пра тваіх бацькоў.
– Маці была журналісткай, – кажаш ты трохі зьдзіўлена, – а бацька – бацька доктар.
– Адзіная, напэўна, сапраўды патрэбная людзям прафэсія, – пасьміхаюся я ў цемры.
– Ты перабольшваеш, як заўсёды. Ён быў даволі дзіўны. Дарэчы, наконт сьмерці... Неяк ён распавёў мне такую... такую прыпавесьць. Жыў на сьвеце адзін лекар, п’яніца й дурань, ні да чаго ўжо праз сваё п’янства не прыдатны... Нічога сур’ёзнага яму не давяралі... Сядзеў ён неяк на начным дзяжурстве, прыкладваўся, як зазвычай, да біклажкі, лямпа на стале, вакол цёмна й ціха, і тут падыходзіць да яго нейкі незнаёмец у белым халаце й пытаецца, у якой палаце ляжыць фраў Хойтэ, якую сёньня даставіла хуткая.