Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сарока на шыбеніцы

Бахарэвіч Альгерд

Шрифт:

Яна й засталася, і ёй у галаву зноў прыйшло параўнаньне гэтае імпрэзы зь вясельлем – яшчэ калі фае ачышчалі ад непатрэбных ужо стэндаў, яна заўважыла, як падобныя ўсе прысутныя на вясельных гасьцей у чаканьні блізкага пачастунку, людзі хадзілі, паціралі рукі, адпаведна апранутыя, з адпаведнымі жарцікамі. Мэр і сьвіта адправіліся ў кабінэт дырэктара палаца, а Вераніка з калегамі – у грымёрную. І там Вераніка дала сабе палёгку – выпіла спачатку адзін кубачак гарэлкі з апэльсінавым сокам, потым яшчэ, пілося лёгка, нібы дыхалася пасьля доўгага нырца ў халодную ваду. Потым яна танчыла з Максімам, потым выпіла яшчэ віна з самім мэрам, ля гардэробу ўжо калыхалася чарга, за вокнамі было цёмна, да палацу доўгай чарадой пад’яжджалі таксоўкі... Спачатку Вераніка ўважліва сачыла за тым, з кім танчыць Ён, але пакрысе Ён перастаў зьмяшчацца ў полі агляду, выпадаў, нібы наўмысна, і гэта раздражняла Вераніку. Яна цудоўна станчыла з Чэславам, які й тут умудраўся гладзіць яе па галаве, а потым зноў упала ў рукі Максіма, да якога раптам праніклася сымпатыяй і захацела ўсё, чуеш, усё распавесьці, зараз жа... Але шклянка Максіма была зусім пустая. “Хочаш, я табе прынясу зараз што-небудзь,” – цяжка варочаючы языком, сказала Вераніка й пацалавала студэнта ў шыю, каб не наважыўся ўцячы. Яна пайшла, і доўга не магла знайсьці грымёрку, і потым запыталася ў прыбіральшчыцы, і тая паказала дарогу праз два цёмныя апусьцелыя калідоры. Вераніка шумна ўвалілася ў пакой, на невялікай скураной канапе сядзеў Ён, а болей тут нікога не было, апрача цыгарэтнага дыму.

Ён

быў абсалютна цьвярозы; няўважліва кіўнуўшы Вераніцы, Ён трымаў цыгарэту, аднак не падносіў яе да вуснаў, напружана думаючы пра нешта. “А, Вераніка гатовая памерці”, – нарэшце абыякава ўсьміхнуўся Ён пад яе запаленым поглядам. “Гледзячы з кім”, – нахабна прамовіла Вераніка, яна яшчэ ніколі так ні з кім не размаўляла нават па асьцы. Ён зьдзіўлена паглядзеў на яе, і ў вачах Яго бліснуў інтарэс. Вераніцы ў той момант нічога іншага й не было трэба, Максім, які, відаць, ужо навыдумляў сабе невядома што, быў імгненна забыты, так і сядзеў ён недзе на другім канцы зямлі з пустым плястмасавым кубачкам. Вераніка зрабіла рашучы крок да канапы й дакранулася сваімі каленямі да Ягоных. Ён паслухмяна даў ёй узяць сваю прахалодную, чыстую руку, ды пакласьці на лыткі Веранікі, потым яна, заміраючы ад нечаканае раскошы, дала гэтай руцэ самой пагуляць па яе нагах. Ён рабіў гэта нясьпешна, нібы лянотна, а другая, і трэцяя, і пятая, і ўсе ўнутраныя, незнаёмыя дагэтуль ёй Веранікі прымушалі першую, вонкавую раз за разам выгінацца ад асалоды. Недзе ўнізе Ён недарэчна шмыгнуў носам, і яна, прымружыўшы вочы, усьміхнулася, расшпіліла тым часам блузку, падражніла яго станікам, які якраз нібыта з уласнага жаданьня пачаў паціху спаўзаць... Неверагодная сьмеласьць захінала Вераніку пры думцы, што нехта можа ў любы момант увайсьці, яе пачынаў душыць нэрвовы сьмех, і гэта яе ўзбуджала. Ён шмыгнуў носам яшчэ раз і раптам ускінуў рукі ўверх, а затым дабрадушна, гучна засьмяяўся, спружыніста падняўся ды, усё яшчэ сьмеючыся, рушыў да дзьвярэй. Яна не абарочвалася й толькі чула, халадзеючы, як у пакой нехта ўвайшоў, цяжка дыхаючы, ды наліў сабе, зьедліва фыркнуўшы. На тым месцы, дзе Ён толькі што сядзеў, была цёплая, глыбокая ўмяціна, Вераніка апусьціла ў яе твар і пасядзела так крыху на кукішках, а потым паднялася, як была, у паўрасшпіленай блузцы ды задранай амаль да пояса спадніцы, Ён чокнуўся з Ларысай, пракаўтнуў Вераніку ды выйшаў вонкі.

***

У перасьцярозе Ольды Вераніка пабачыла адно толькі хітрасьць. Кожнаму вядома, што гэтыя мілыя курдупелі насамрэч вялікія хітруны. Таму Вераніка, пакінуўшы, як і абяцала, вёску на самым сьвітанку, адразу ж рушыла да ручая. У актыве яна мела амаль восемдзесят пунктаў, у пярэстым заплечніку ляжалі два праснакі, сыр і трохі сушаных ягадаў, а на душы было вольна ды спакойна. Мяккія зручныя чаравікі, падораныя ёй на Дзень сумных успамінаў, таксама нешта ды значылі, відавочна, думала Вераніка, яны могуць ёй чымсьці дапамагчы, зрабіць, калі спатрэбіцца, нябачнай або перанесьці раптам праз прорву, у таямнічым лесе нічога не бывае проста так. І калі прыпасы скончацца, то ў заплечніку яна, цалкам магчыма, знойдзе якую-небудзь кнігу заклёнаў. Сонца яшчэ толькі паднялося над сінімі, бы разьліты атрамант, вершалінамі дрэваў, калі Вераніка дабралася да ручая. Яна папіла зь яго, з задавальненьнем адзначыўшы яшчэ адзін пункт, ды, удыхнуўшы на ўсе грудзі яшчэ калючага ранішняга паветра, пераскочыла празь нячутную, дрогкую ваду на замшэлыя камяні невядомасьці.

Спачатку быццам бы нічога не зьмянілася, той самы лес, тыя ж ягадныя паляны, рассыпаныя вакол зь несумненна штучнай нерэгулярнасьцю, тыя самыя матылькі, што сьпявалі нешта клясычнае. Аднак ці то ўяўленьне Веранікі, падагрэтае намінкамі Ольды, пачало дзейнічаць, ці то яна проста стамілася – лес вакол стаў нібы чужым, выцягнуліся, як шлягбаўмы, цені, фарбы пазмрачнелі, зблытанае кустоўе ўсё часьцей загароджвала ёй шлях, ссоўваючы злосна вецьце, нібы патрабуючы паказаць дакумэнты, і ўжо не мільгалі між ялінаў ды папараці шматлікія мікраскапічныя вушастыя стварэньні, гібрыды зайца ды пчалы, якімі так шчодра быў заселены лес. Наогул, жыўнасьці траплялася ўсё менш. Потым Вераніка ледзь ня ўпала, зачапіўшыся заплечнікам за нейкі надта ўжо кіпчасты куст, правая рука яе ажно па запясьце пагрузілася ў вільготны, халодны, непрытульны мох, і Вераніка бадай што з агідай выцерла далонь аб плашч. Яна вырашыла спыніцца, каб трохі перавесьці дух. Усё ж трэба было слухацца Ольду. Яна зірнула на мапу: сьвіран, зь якога яна калісьці выйшла, дарога, бязьлюдныя пясчаныя пусткі, паўднёвая брама гораду, за якой быў відаць ускрайчык нейкага палацу ды яшчэ парачка шпіляў, потым крыху безаблічнага лесу, пакручастая, нібы лябірынт, сьцежка, па якой гномы везьлі Вераніку, іхная вёсачка – сьветлы кружок між бяскрайняе чарнаты, бледная палоска ручая, і далей сьцежка, што чамусьці пачала зацягвацца ўжо цёмнай плеўкай: вось пакуль і ўвесь яе шлях па гэтай гульні. Навокал чорным-чорна, і невядома, што пад гэтай чарнатой: уваход у падзямельле або якісьці крывасмок, або пшанічнае поле, дзе можна было наняцца жнейкай, падзарабіць трохі манэтаў ды вярнуцца да гораду, або наогул – замак мясцовага фэадала, дзе зь Веранікі зробяць рабыню або прапануюць руку й сэрца. Вераніка вырашыла ісьці далей, ня можа быць, каб яна ў выніку куды-небудзь не прыйшла: гэты сьвет ня быў круглы, ён быў незваротна пляскатым, хіба што які павалены дуб акажацца брамаю, што вядзе адразу ж на супрацьлеглы бок гульнёвай тэрыторыі. Дый тое яшчэ ня факт – ён можа весьці куды заўгодна. Напрыклад, вярнуць яе да гномаў. Вось весялуха будзе, калі яна выйдзе зь іхнага вогнішча, жуючы праснак, уся ў полымі, і паваліць іхныя пузатыя кацялкі... Вераніка зрабіла крок наперад, і тут кампутар зноўку завіс.

Расчараваная, яна пайшла на кухню зрабіць сабе гарбаты, патыліцы бацькоў, якія глядзелі не адрываючыся, але й не сьмеючыся, нейкі камэдыйны тэлесэрыял, нечакана моцна напалохалі Вераніку. Чамусьці яна была ўпэўненая, што знаходзіцца ў кватэры адна. Хто яго ведае, чаму, здавалася, ніякіх прычынаў так лічыць у Веранікі не было, бацькі сёньня, у гэтую дажджлівую, стылую й ні для чога не спрыяльную суботу, нікуды й не выходзілі, маці нават у краму не пайшла, хаця гэта быў яе ўлюбёны занятак апошнім часам. Кватэра выклікала ў Веранікі раздражненьне, бо ў гэтую хвіліну Вераніка ўспрымала яе толькі як частку свайго новага кампутара: усе гэтыя дыванкі, фатаграфіі, вострыя локці шафаў і шафак, вузкі праход калідору, вешалкі ў перадпакоі, непатушанае сьвятло ў лазьніцы, прышчэпкі на ланцугу, абутак у сетцы высахлае гразі, пах таропка вымытага посуду... Яны ня мусілі існаваць самі па сабе, прынамсі падчас гульні, але існавалі, самаўпэўнена заяўляючы пра сябе, груба матэрыяльныя, хаця нават ня мелі ў гульні ніводнага адпаведніка... Ставіць імбрык было лянота, яна наліла сабе астылага кіпню, пафарбавала яго густой алеістай запаркай, насыпала цукру проста з цукарніцы ды паходкаю лунаціка вярнулася ў свой пакой – бацькі сядзелі ў фатэлях, як мёртвыя. Дзіва: кампутар ажыў, толькі непрыгожы сваёй нерамантычнасьцю надпіс на нейкай незразумелай мове закрываў з галавой вандроўніцу Ўладу. Вераніка зьнішчыла яго ды рушыла далей.

Высьветлілася, што за час яе адсутнасьці нешта зьмянілася. Вераніка выйшла на нерухомую, бы закутую нябачным ільдом паляну, пасярэдзіне якой тырчаў вялікі, мудрагелістай формы пень. На пні сядзела істота, уся пакрытая рванымі ранамі, і цяжка было зразумець, нарадзілася яна такой або была зьнявечаная невядомай злой воляй. Агромністыя, амаль на ўсю галаву, белыя зь сінімі кропкамі вочы беднай істоты не міргаючы глядзелі на Вераніку, глядзелі зь невытлумачальным, зусім не віртуальным жахам, і варта было Вераніцы зрабіць крок наперад, як істота, высока падымаючы худыя, перапончатыя ногі, саскочыла з пня й кінулася ў гушчар. Аднак

Вераніцы было ўжо не да гэтага няшчаснага мясцовага жыхара. Над вершалінамі, недзе ня так ужо й далёка, віўся дымок, і Вераніка амаль бегма рушыла ў тым накірунку. Ды толькі прайсьці скрозь намертва счэпленыя, прыземістыя хмызы ды гальлё было нялёгка, урэшце Вераніка згубіла недзе заплечнік з прыпасамі, яна абярнулася: поўзаць па топкіх лясных прыцемках зусім не хацелася, Вераніка пайшла далей і неўзабаве разьдзерла сабе руку ад запясьця да локця аб нейкі доўгі, бадай што загостраны прут, што ажно рыпеў ад нянавісьці. Асьлепленая ня столькі моцным, колькі прыкрым болем, Вераніка схапіла яго ды, зь цяжкасьцю адламаўшы, кінула пад ногі. Ёй хацелася растаптаць гэты пракляты прут, яна падняла вочы, каб, калі што, вынішчыць і ягоных пакрытых шыпамі заступнікаў (яны ж тут усе былі заадно, гэтыя дэндрыты, якія толькі прыкідваюцца флёрай, насамрэч яны дурная варожая фаўна!), і пабачыла непадалёку напоўнены вадой роў, а за ім высачэзную агароджу, з-за якой віднеліся простыя драўляныя будыніны. З-за дрэваў, што неахвотна расступаліся ў гэтым месцы, канца агароджы відаць не было, але паселішча, верагодна, займала невялікую тэрыторыю, яно плыло над лесам, як зьбіты зь бярвеньня ледакол. Вераніка ўздыхнула, закасала плашч ды ступіла ў цёмную ваду рова.

***

Собіла ж гэтай самай Тані Кулакоўскай зь іхнае групы нарадзіцца менавіта ў сярэдзіне лістапада, калі зіма яшчэ не надыйшла, а ад восені ў паветры засталася адна атрута. Вераніка наглыталася яе ўдосталь, у той дзень яна пачувалася зусім блага, але заняткі прапускаць ня мела права, да сэсіі заставаўся ўсяго месяц. Сама зьдзіўляючыся сваёй нечалавечай упартасьці, яна неяк даседзела да канца практычных, ужо нават саромеючыся кашляць ды даставаць штохвіліны з сумачкі насоўку. Увесь сьвет пакрысе сканцэнтраваўся ў чырвані пад яе вінаватым прастуджаным носам, Вераніцы здавалася, што нават выкладчыца, якая ніяк не магла запомніць імёны студэнтаў, глядзіць на яе як на мярзотны, скручаны кавалак тканіны, у які загарнутая гэтая макрота восені, так, так, як на шмат разоў скарыстаную насоўку, на якой з-за сабраных у ёй выдзяленьняў нават вышытых ініцыялаў не прачытаць... Яны вучыліся ў другую зьмену; калі выкладчыца нарэшце пратрубіла адбой, за вокнамі было ўжо цёмна. На калідоры Вераніка сустрэла непрыкметную шэратварую дзяўчынку з паралельнай групы. “Ты йдзеш на плаваньне сёньня?” – запыталася тая як заўсёды шэптам, яна чамусьці шторазу шаптала, ня дзіва, што многія на курсе дагэтуль не здагадваліся пра яе існаваньне. “Па мне што, не відаць...” – ледзь не заплакала Вераніка. “А што такое?” – прашаптала дзяўчынка ёй наўздагон, але Вераніка яе не пачула.

З групы на занятках была хіба што палова. Кулакоўскай наогул не было відаць з раніцы, ні ў бібліятэцы, ні ў чыталцы, – сапраўды, цяжка выйсьці з дому ў такое надвор’е, калі ў цябе дзень народзінаў. Разыходзячыся, аднагрупнікі Веранікі ўмудрыліся яшчэ й млява рассварыцца з-за падарункаў. Урэшце дамовіліся сустрэцца ў інтэрнаце празь дзьве гадзіны, дамовіліся неяк без энтузіязму, сьпяшаючыся як найхутчэй разьбегчыся. Інтэрнацкія – гурток стракатых куртак – весела рушылі да сябе, Вераніка пашвэндалася па крамах, розум падказваў ёй, што трэба ехаць дамоў ды неадкладна прымаць меры, пігулка-кампрэс-ложак, а інакш заўтра давядзецца ехаць праз увесь горад у студэнцкую паліклініку. Але чамусьці, на ватных нагах, з пратэстуючым супраць прамахаджэньня пазваночнікам, яна блукала з аднае паўпустое крамы ў другую, шторазу задуменна пазіраючы ў жэрала мэтрапалітэну, зь якога ажно да супрацьлеглага боку вуліцы даляталі шум і яркае навязьлівае сьвятло. Час ішоў так марудна, што Вераніцы давялося наведаць некаторыя крамы па некалькі разоў. Насоўка больш не ўбірала вільгаці, і Вераніка купіла сабе новую, разам з падарункам для Кулакоўскай. Нарэшце яна вырашыла рухацца да інтэрнату. Гэта было зусім блізка, і калі яна падыйшла, гадзіньнік паказваў толькі палову на восьмую. У холе некалькі аднолькавых, бы блізьняты, вусатых хлопцаў у акулярах і спартовых касьцюмах глядзелі чорна-белы тэлевізар. Вераніка ведала іх, яны мала таго што ўсе вучыліся на адным факультэце, дык яшчэ і ў адной групе. Раней яна не заўважала, якія яны падобныя. У галаве Веранікі было горача, як у лазьні. Падобная да міліцыянта цётка ўзяла ў Веранікі яе студэнцкі й доўга зьвярала фота з апухлым ды асьлізлым Веранічыным тварам.

Як яна й баялася, сьвята ў пакоі Кулакоўскай было ўжо ў самым розруху. “І чаго я сюды прыперлася?” – думала Вераніка неяк аўтаматычна, і шукаць адказу ёй не хацелася. Са сталічных студэнтаў не прыйшоў ніхто, былі толькі інтэрнацкія. Вераніку сустрэлі ня тое каб абыякава, але й без асаблівае радасьці. Пасадзілі за стол, прапанавалі гарэлкі й чагосьці чырвонага, ліпучага... Вераніка выпіла спачатку ліпучага, а потым гарэлкі – падумала, так будзе лепш. І праўда, неўзабаве яна перастала шмыгаць носам, а потым і твары за сталом падаліся ёй цалкам добразычлівымі. У пакоі штохвіліны адбываўся нейкі рух, пастаянна нехта прыходзіў, нехта выходзіў, усе навокал цудоўна ведалі адно аднаго й не цырымоніліся, ласкава й трохі тужліва мацюгаючыся. Вераніка, якой з самага ранку пры думцы пра ежу станавілася млосна, ня сьнедала сёньня й не абедала, і таму хутка захмялела. Людзі ў пакоі былі ўсе на адзін твар, нібы ў супрацьгазах, спартовыя касьцюмы, тапачкі, хрыплыя галасы... На Вераніку ніхто не зьвяртаў увагі, ніхто не загаворваў зь ёй і ніхто не выганяў, яна ўпотай наліла сабе яшчэ, выпіла, закусіла цёплым агурком, агледзелася вакол, шырока адкрываючы рот, бо нос быў наглуха забіты. За сьпінай равеў магнітафон, потым нехта па імені Жора прыцягнуў гітару, завёў дзявочым голасам пра пальчатку ля дзьвярэй, і іншыя падхапілі, пакой быў напоўнены дымам, і гэты дым спыняўся ля адчыненай форткі ды імкнуў назад, у Веранікі зьявілася адчуваньне, што яе ніхто ня бачыць, можна было зрабіць сабе харакіры, ніхто б вокам не павёў, яна нешта закрычала ў гэтую шызую заслону – і праўда: безвынікова.

У сумцы Веранікі ляжалі падарункі для Тані Кулакоўскай, ружовы бегемот і віншавальная паштоўка, але Вераніка чамусьці ніяк не магла абраць момант, калі іх уручыць. Пра гаспадыню пакою, мажную, бялявую, з самымі вялікімі на курсе зубамі, успаміналі толькі тады, калі налівалі, ды Кулакоўская й не засмучалася з гэтае нагоды, седзячы на каленях у Жоры, які мэлянхалічна курыў імяніньніцы ў вуха. На нейкі момант стала цішэй, дзяўчаты старанна пераймалі сваіх пакінутых у Сонцаградах і Торфагорсках мамаў, кожная звычна скардзілася на лёс ды падпірала рукой падбародзьдзе, у кожнай вочы засьціла кінэматаграфічная бабская журба... Вераніцы спадабалася такая атмасфэра, яна павярнулася да сваёй суседкі, незнаёмай фарбаванай бляндынкі з мышыным тварам, і раптам пачала распавядаць пра выгоды абранай імі прафэсіі. Тая спачатку зьбянтэжана маўчала, ківаючы, а потым пачала ржаць, Вераніка засьмяялася таксама, але потым ёй здалося, што фарбаваная з чымсьці ня згодная, і Вераніка надзвычай лягічна пачала адстойваць свой пункт погляду.

Яна казала вельмі пераканаўча, даводзілася перакрыкваць цэлы стол, яна махала рукамі: высьветлілася, што ўсе замоўклі й глядзяць толькі на яе, глядзяць і зьдзекліва пасьміхаюцца. Ды толькі Вераніку было не спыніць. Фарбаваная ледзь ня падала тварам у талерку, поўную недапалкаў... Тут рот Веранікі заляпілі нечыя моцныя, з даўгімі кіпцямі пальцы, Вераніка намагалася іх скінуць, але рукі ня слухаліся, абмяклае цела гарэла. “Разыйшоўся Трулік”, – сказала Кулакоўская. “Піць нават бабе трэба ўмець,”— важка прамовіў з-пад яе Жора. Пальцы на вуснах Веранікі ўжо зьбіраліся расьціснуцца, але ім спадабалася гэтая гульня, і яны націснулі мацней, гэтыя пальцы з доўгімі пазногцямі, з пахам цыбулі. Вераніка пачала дрыгаць нагамі, талеркі на стале весела зазьвінелі. “Задушыш”, – дабрадушна сказала Маша, якая сёньня чытала даклад аб Насовічу. “Ды не,” – прамовіў сыты голас за сьпінай Веранікі, і тут жа Жора, ня скідваючы Кулакоўскай, узяў гітару, правёў па струнах: “Не, як яна яе задушыць?.. А нос для чаго?”. І ён усё ж скінуў з каленяў Кулакоўскую, узяў акорд і фальшыва працягнуў:

Поделиться с друзьями: