Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сарока на шыбеніцы

Бахарэвіч Альгерд

Шрифт:

Першым, што трапілася ёй у руку, была памада. Вераніка імкліва прымусіла яе высунуць свой акрываўлены язычок. “Сьмерць” – выдрапала яна шпількай на пунсовым тлушчы, літары атрымаліся маленькія, касабокія, наўрад ці Ларыса іх заўважыць, але ж гэта Вераніку й не цікавіла. Важна, што на вусны ёй ляжа тонкім, роўным слоем сьмерць. Гэта была добрая, дарагая памада. Нікому, ніякаму хлопчыку або чэславападобнаму старому дзіку не зьлізаць сьмерць з Ларысіных вуснаў. Яна яшчэ знайшла фатаграфію іхнага аддзелу ў шуфлядзе стала, і выкалупала адтуль Ларысу, трохі закрануўшы, праўда, аднаго ні ў чым не вінаватага супрацоўніка, спэцыяліста ў ацэнцы фашыстоўскай маёмасьці,

пра якога хадзілі чуткі, што ён гомасэксуаліст. Выдраная з групавога здымка Ларыса стала спачатку папяровым камяком, а потым паляцела ў вакно. Вось так.

Яна асьцярожна вызірнула ў калідор і ў лоб сутыкнулася з зусім незнаёмай тоўстай жанчынай. “Дзяўчына, кнігі не жадаеце набыць?” – жанчына стала на яе шляху й закорпалася ў валізе. “Танна”. “Не цяпер,” – прамовіла Вераніка, намагаючыся абыйсьці прадавачку кніг. “Ёсьць Марыніна, Дашкава, Блад, Хорар, Кэтрын Дэс”, – не адставала жанчына. “Выдавецкія кошты”. Нейкае імгненьне Вераніка змагалася зь яе навязьлівай тушай. “Добра!” – амаль закрычала Вераніка, чуючы, як падымаецца ліфт. “Хадземце да мяне ў кабінэт”. “А гэта ня ваш?” – узрадавалася жанчына. “Дык я туды, а потым і да вас зайду”.

– Ведаеце, мне бегчы трэба, – сказала Вераніка, агінаючы прадавачку. Прадавачка кінулася за ёй. У кабінэце Вераніку вымусілі купіць тры стракатыя кніжачкі. “Я прымаю таксама замовы”, – сказала жанчына горда й прысела на крэсла для наведнікаў. “Такой таннай Камасутры, як у нас, вы ня знойдзеце больш нідзе. Ёсьць дзіцячая літаратура. Гары Потэр з ілюстрацыямі.”

“Вон!” – ціха сказала Вераніка, седзячы ў сваім крэсьле, і заплюшчыла вочы. “Да пабачэньня”, – ветліва сказала жанчына ды выйшла. Туфлі звычна ўпалі з ног Веранікі, і яна з хрумсьценьнем паварушыла пальцамі. Зазваніў тэлефон і тут жа змоўк. Нібы нагадаў пра працу. Яна нэрвова тарганула мышкай і з інтарэсам прачытала на экране манітора пакінутае невядомай наведніцай і ўпэўнена напісанае вялікімі літарамі слова: “Сучка”.

***

Ён перавярнуўся на другі бок і цяпер быў ад яе на адлегласьці выцягнутай рукі. Дыханьне Лекса было роўнае, гэта спаў сьвяты, гэта спаў судзьдзя, гэта спаў лекар. Вераніка сама ня ведала, чаму яна прачнулася. Ноч у Доме не парушалася ніводным гукам. Магчыма, там, глыбока пад зямлёй, цяпер стагналі ды парыквалі, трубілі ды клікалі на дапамогу, але тут, у вежы, чуваць нічога не было. Вераніка выцерла краем прасьціны ўспацелую шыю ды ўстала. Наступіла на ланцуг: сёньня Лекс зноў не прыкаваў яе, ён ужо відавочна ўпэўніўся, што Ўладзе няма сэнсу адсюль уцякаць. Тры месяцы сьвяцілі ў акно. Лекс ляжаў на сваім краі ложка, як гаспадар – шырока раскінуўшы рукі, цяжка, вольна, грузна... Ланцуг пад яе нагамі зноў зазьвінеў. Яна зірнула на Лекса зь пяшчотай, але той нават не паварушыўся. І тады Вераніка ціха выйшла з пакою.

Можна было б легчы зараз да яго, і прыціснуцца ўсім целам да ягонай грубай уніформы. Аднак наўрад ці гэта б яму спадабалася. На ноч у іх проста не заставалася сілаў, такімі насычанымі, такімі аднастайна-салодкімі, балюча-мокрымі былі дні. З ранку да ночы, з ранку да ночы. Як доўга яе чакаў Лекс, калі ўпершыню ён стаў марыць пра госьцю, пра палонную, пра саўдзельніцу, пра рабыню... Невядома. Колькі яму насамрэч: трыццаць, сорак, восемдзесят? Чатырнаццаць? Вераніка йшла ўніз па вінтавой лесьвіцы, лёгкімі рухамі ўключаючы сьвятло. Не, ёй не хацелася цяпер ягонага цела. Урэшце яна спусьцілася на першы паверх, ледзь ня ўпаўшы на апошнім, самым стромым павароце. Тут былі дзьверы, што вялі вонкі. Тут былі дзьверы ў сутарэньні.

Тут былі яшчэ адны дзьверы. І яна адчыніла іх.

Яна рухалася па ярка асьветленым калідоры, нібы лунацік. Калідор рэзка пайшоў улева, і яна паслухмяна пакрочыла туды. Вераніка апынулася на вузкім мастку, што завіс высока над прасторнай заляй. Адсюль яна бачыла клеткі, бачыла бяссонных монстраў, якія рыхтаваліся да заўтрашняга пекла, бачыла на адным узроўні з сабой складаныя, а можа, зусім і не складаныя мэханізмы, з дапамогай якіх, пэўне, Лекс апускаў новыя ахвяры ў падрыхтаваныя турмы. Ціхі піск. Гудзеньне, рэзкае сьвятло лямпаў. Пах крыві, пах спароўваньня, пах гнілое саломы. Яна дабралася да канца металічнага мастка. Пад яе нагамі рыпела дробная жалезная сетка. Галава кружылася. Вераніка зрабіла яшчэ крок і апынулася перад новымі дзьвярыма. У ёй не было ні страху, ні сьмеласьці. Яна йшла наперад, як у сьне.

Пасярод пакою, зусім голага, роўнага, нібы ўнутранасьць куба, проста ў паветры віселі вялікія, падобныя да гамаку вусны. Фіялетавыя вусны, пульхныя вусны. Яны віселі ў паветры без усялякае падтрымкі, і трохі пагойдваліся. Два выцягнутыя воблакі, якія яшчэ й дыхалі. Вераніка спынілася перад імі, і вусны, здавалася, таксама яе разглядвалі. Чым: гэтай вузкай шчылінай паміж імі, або добра бачнымі порамі на тонкай чалавечай скуры? Мноствам пораў. Два воблакі, два выпарэньні, два застылыя струмяні фіялетавага газу. Адзін на адным. Вусны не ўсьміхаліся, выраз іх быў спакойны й мудры.

– Хто ты? – запыталася Вераніка й не пачула свайго голасу.

Вусны ня рухаліся, і толькі калі яна захацела паглядзець на іх ззаду, трошкі расчараваная маўчаньнем, у пакоі пачуўся стомлены голас:

– Да каго яна зьвяртаецца? Да каго? Да цябе або да мяне?

Вераніка пасьпешліва вярнулася на сваё месца. Цяпер вусны насамрэч варушыліся.

– Я хацела пагаварыць з вамі.

– Нас двое, – сказалі стрымана вусны. – З кім ты будзеш гаварыць?

– З абодвума, – сказала Вераніка, падумаўшы.

– Гэта добра, – адгукнуліся вусны. – Гэта ты вельмі правільна сказала. З абодвума. Чуеш, яна будзе гаварыць з намі абодвума.

– Абедзьвюма, – сказаў той самы голас, хаця й больш капрызны.

– Абаімі, – урачыста прамовілі вусны. – Ты хочаш ведаць, хто мы? Хіба ты ня бачыш?

– Бачу, – сказала Вераніка. – Але ж я хацела ўдакладніць.

Вусны ўсьміхнуліся.

– Цябе завуць Аліса?

– Я Ўлада, – сказала Вераніка, зусім аголеная Вераніка, Вераніка-рабыня, Вераніка-пляма на экране.

– Яна мне падабаецца, – прамовілі вусны.

– І мне. Што ж ты хочаш ад нас?

Вераніка прысела на кукішкі. Яна задумалася.

– Я ня ведаю, чаго можна чакаць ад вуснаў. Чаго можна ад вас хацець.

– Мы можам цалаваць. Можам складвацца банцікам. Можам выгінацца. Ствараць настрой. Але мы ўсяго толькі вусны. Дзьверы. Мы можам размыкацца, і тады ўсё залежыць ад таго, хто перад намі.

– Можа быць, патлумачыць ёй? – сказалі вусны.

– Але ж мы ўжо ўсё сказалі? – прамовілі вусны.

– Яна сама здагадаецца, – шапнулі вусны.

– А калі не, гэта яе праблемы, – усьміхнуліся вусны.

– Але яна не такая, як астатнія, – таргануліся вусны.

– Добра, давай, – ледзь варухнуліся вусны й прыадкрыліся.

Вераніка пабачыла ў адкрытым роце начное поле, над якім кружлялі сьветлякі, зусім блізка быў лес, патыхнула холадам, пахам вільготных кветак, праляцеў, шумна машучы крыламі, кажан, ацепалася недзе на дрэве сава. І потым вусны стуліліся.

– Ты хочаш туды? – спыталіся вусны.

Поделиться с друзьями: