Сцюдзёны вырай
Шрифт:
«Я нагадваў сабе чароўнага прынца, які прайшоў праз цяжкія выпрабаванні, забіў качку, выцягнуў з яе яйка, з яйка дастаў іголку, праз агонь і дрыгву прыскакаў да каралеўны…» — гэты фрагмент пераказвае сюжэт казкі, галоўнага ліхадзея якой некалі на беларускую перакладалі як «здыхліка неўміручага» (Кощей Бессмертный) — дробная помста першых лінгвістаў незалежнай Беларусі за культурнае дамінаванне ўсяго рускага. «Кощей бессмертный» — руская, а не беларуская казка. Я не надта абазнаны ў этна-лінгвістыцы, але ў Сеціве вы знойдзеце шмат узгадак пра тое, што казкі, на якіх гадаваўся ў дзяцінстве, назаўсёды фармуюць успрыманне суб’екта (пачытайце хаця б Леві-Строса). «Здыхлік неўміручы» — відавочная прыкмета нацыянальнасці тых, хто стварыў пастку для Насты. Яны — маскалі, яны гадаваліся на казках пра Івана-дурня, лайдака, якому нават птушкі вымушаныя былі дапамагаць зрабіць уласную працу.
І зусім ужо не пакідае сумневаў ягонае прызнанне, што каб знайсці каханую, ён распрацаваў «спецаперацыю». Слоўца, якое часцяком можна пачуць у ФСБшным этэры суседняй краіны, якой заўсёды ёсць справа да маленькай ды незалежнай суседкі са старажытнай гісторыяй і прыгожай мовай.
«Спецаперацыю» па пошуках Насты зладзілі менавіта нашыя рускія сябры, бо ні ў адной спецслужбы
І я, Янка Пільняк, свядомы беларус, міжволі адыграў уласную ролю ў дэбэшным спектаклі, што быў зрэжысіраваны Масквой. Я рэдагаваў гэты тэкст, я дамаўляўся аб ягонай публікацыі. Няма мне прабачэння! Што магу сказаць у абарону (голасам няўпэўненым ды вінаватым)? Што прадбачыў нейкую неспадзяванку ды намагаўся дапамагчы хаця б намёкам. Першая частка напісанага Вілаў тэкста называлася «Снег у выраі» — з-за тых не ўласцівых Турэччыне ападкаў, якія нібыта пабачыў Джон пасля таго, як не дачакаўся каханай. І вось, калі я дасылаў карэктуру на вычытку «аўтару», літаральна ў апошні момант, я вырашыў трохі змяніць сцэну, у якой герой уцямлівае, што спрычыніўся да Настынага вяртання. Там, дзе Вілаў «вінавата маўчаў», дзе ён нібы падбіраў словы, каб яна ўсё ж не адмаўлялася ад мэты знайсці супакаенне ў Штатах (пагана падбіраў!), я дапісаў ад яго імя тое, што вы ўжо прачыталі ў «Ахрэме»: «я зразумеў, што стаў для яе нагодай, падставай для прыняцця рашэння, якое можа яе згубіць». Першапачаткова тут не было слоўца «падстава», якое ў беларускай з’яўляецца кшталту сіноніму да нагоды. У суправаджальным лісце я прапанаваў Вілаў выкарыстаць гэты фрагмент, каб назваць гэтую частку як «Падстава». Ён трохі здзівіўся ды адзначыў, што па ягоным адчуванні «Снег у выраі» лепей за «Падставу». Але ж я запярэчыў, падкрэсліўшы, што «сцюжа» ды «вырай» ужо прысутнічаюць у назве, і нам не варта рабіць паўтор. Тым больш, што назва першай часткі ідзе ў тэксце адразу ж пасля назвы ўсяго твора. У рэшце рэшт Вілаў са скрыгатам пагадзіўся, бо мой аўтарытэт у стылістыцы тэкстаў лічыцца бясспрэчным.
Чаго я дамагаўся гэтым перанайменнем? Сапраўды, у беларускай «падстава» ёсць сінонімам «нагоды». Але ж рускі кантэкст, а няма сумневу, што Наста, як і ўсе мы, адной нагой ці паловай адной нагі стаіць у гэтым рускім кантэксце, дык вось, рускі кантэкст мае яшчэ адну канатацыю «падставы» — тое, што па-ангельску можна вызначыць як «set up», а па-беларуску — «пасткай» (я ж тады быў упэўнены, што Вілаў не можа прачуць шматзначнасці «падставы»). І вось тэкст выйшаў з «падставай» у шапцы. Чаму Наста не заўважыла гэтага майго засцерагальнага шэпта, які прагучаў на тле чужога тэкста? Эх, каб я ведаў, чым скончыцца!
І апошняя сумная рыса. Два тыдні прайшло пасля таго, як з Вільні дайшлі супярэчлівыя звесткі аб тым, што Насту ўзялі. Уся беларуская дыяспара, усе ўзгаданыя ў тэксце «сяргеі», у якіх мы з лёгкасцю пазнаем сапраўды існых беларусаў, яскравых прадстаўнікоў нашае эліты ў выгнанні, што сябравалі з мярзотнікам, спрабуюць расшукаць таго Вілаў. Ён жа нібы выканаў запланаванае побач з (выдуманай) Астай ды (выдуманым) мужам Асты і праваліўся пад зямлю ў пекла (туды яму і дарога). Хата ля анёла спусцела, спусцелі і пакоі, якія займаў «Іваноў». У агенцыі кажуць, што сапраўды нерухомасць была ў доўгатэрміновай арэндзе, але ж пашпартных дадзеных гасцей у іх не захавалася (а калі б захаваліся — што гэта б дало? На Лубянцы маглі зрабіць пашпарт на імя не толькі грамадзяніна ЗША Вілаў, але ж нават на адказнага карыстальніка жылплошчы «Дэмана Іванавіча Рагатага»). Дык вось, у гэтай мітусні, калі яшчэ не было зразумела, якіх памераў пастка была падрыхтаваная для Насты, на маю хатнюю скрыню прыйшла пульхная бандэроль з ЗША. Без зваротнай адрэсы, штэмпель «П. О. боксу» з Бостана ды стракатыя налепкі авіяцыйнай пошты. Адпраўніком быў заяўлены той самы Джон Вілаў, які ўбіўся ў ласку палове беларускай Вільні.
Дрыготкімі рукамі рву паперу, адчыняю кардонную скрынку ды бачу там ёлачную ляльку: палатняны трусік у клецістай сукенцы ды франтаватым паліто з адарванай у параксізме юнага садызму нагой. Ні ліста, ні якіх іншых тлумачэнняў. Перад тым, як знікнуць назаўжды, знікнуць без следу, Вілаў даслаў мне цацку, падараваную яму дзяўчынай, якая з-за яго скончыла ў астрозе. Не ведаю, ці то былі сентыментальныя пачуцці (калі падобныя пачвары здатныя на пачуцці), якія вымусілі яго напрыканцы «здаць інвентар». Бо можна ж было тую ляльку змясціць у якім-небудзь «пакоі славы» на Лубянцы, пакоі, у якім можна знайсці артэфакты, здабытыя цягам паспяховых аперацыяў, сімвалы пераможнасці дзяржбяспекі: ледасек, якім праламілі галаву Троцкаму, кубачак з кавярні, у якой атрымаў дозу палонію Ліцвіненка… Але ж вось выракся, даслаў тое, што яму не належала, бо не яго гэта спадчына — асабістыя рэчы зніклага маёнтка. Можа, не хацеў гнявіць здані, што яшчэ лётаюць там, над поплавамі ля Навагрудку? Ці кіраваўся спецыфічнымі службовымі забабонамі, згодна з якімі — дужа дрэнная прыкмета захоўваць маёмасць
тых, чый лёс паламаны дзякуючы табе? А можа, гэта быў знак таго, што Вілаў назаўсёды выходзіць з гульні, знікае, раствараецца ў паветры? Каб мы яго не шукалі? Вось апошняе, што звязвала яго з Настай, пекнай прыгажуняй са станам далікатным, нібы вітая калона часоў барока, лялька, лялька з адарванай нагой…Наста, я ведаю, што ты не прачытаеш гэтыя словы, але я бяру гэтага трусіка — твайго трусіка, кампаньёна па бестурботнаму дзяцінству, я бяру яго ў далоні, скручаны адчуваннем уласнай віны перад табой, я бяру гэтую маленькую палатняную істоту са збянтэжанай мыскай — яго сапраўды пазбавілі мамкі, бо ты ж гуляла з ім, была для яго як маці, я захоўваю яго ў доміку ўласных рук, я кранаю яго за лапку ды паводжу ёй з боку ў бок, гэта такое вітанне — ён не ведае, дзе ты, але ж вітае цябе, вітае, небарака, у якога няма душы і які з-за гэтага ніколі — ніколі, Наста, не здрадзіць. Не здрадзіць табе, як гэта зрабілі людзі, здаецца, усе людзі, усе да аднаго, якія цябе атачалі, і я — я ў іх ліку… Ён памятае пра вашыя гульні, пра тыя пяшчотныя словы, якімі ты яго клікала, ён нудзіцца, яму дрэнна без цябе, але ж ён маша лапкай, і мы з ім — мы ўдвух — спадзяемся, што там, дзе ты зараз, табе зрабілася трохі цяплей.
Як бралі Насту
Хай, піпл! З-за таго, пра што я тут сабралася казаць, гэты ўтульненькі бложак наведае процьма народу, большасць пра мяне і не чула, дык прадстаўлюся. Я — Крэйзі, тая чувіха з зялёнымі валасамі, якую можна пабачыць на ўсіх асабістых фотах Насты апошніх пяці гадоў. Мы з Настачкай, як бы тут пацнатлівей выказацца, карацей, мы з ёй людзі, якія добра, вельмі добра, ведаюць адна адну. Пазнаёміліся пяць год як, падчас адсідкі за нейкую там акцыю салідарнасці, Наста туды папёрлася, бо ёй балела, я — таму, што шукала драйву, потым была бойка з АМАПам насупраць магаза «Паляўнічы», вясёлая такая — цемень, выбліскі фотаапаратаў, народ раве — ну натуральна дыскатэка! Вы павінныя былі бачыць той ролік, дзе я ўскочыла на плечы «касманаўта» ды катался на ім з бел-чырвона-белачкай. Калі пачалі пакаваць у аўтазак, гэта я прыдумала спяваць «Зеленаглазае таксі» — здаецца, тым і здабыла сімпатыі Настулі. Потым прысуд, 15 сутак, дзяўчачая камера, ну і неяк ужо там з намі шмат чаго адбылося, і прыкальней за ўсё было цалавацца, калі ў вочка пяліўся канваір: яны там кансіліумы збіралі, мабыць, каля нашых дзвярэй, не ведаю, што там рабілі, але сапенне было чутно тое яшчэ.
Калі выйшлі, адразу паехалі да мяне і там ужо далі дусту, больш не развітваліся, толькі тады, калі мая дарагая бзднула ў Стамбул, ды так хутка, што нават я за ёй не паспела — дамаўляліся сустрэцца ўжо ў Штатах, там яна казала ў Каліфорніі аднаполыя шлюбы дазволеныя. Дык я ёй нават у Брусэлі ў ювелірцы на самым галоўным пляцы пярсцёнак стырыла, з дыяменцікам, збіралася ўрачыста ўручыць на свабоднай зямлі. Але ў Стамбуле мая Наста дала слабіну ды сказала, што не едзем нікуды, што застаецца яна ў Еўропе. Ну застаемся дык застаемся. Пажылі трохі ў Вільні, потым маханулі ў Нямеччыну, потым перасунуліся ў Прагу, і мне там больш за ўсё спадабалася, бо ніхто на дзявочыя абдымкі не азіраецца ды можна шмаль паліць, пазычыўшы запальніцу ў паліцыянта. Потым быў Берлін, Амстэрдам — добры гарадок, але ж надта тлусты: кава каштуе, як прастытутка ў Вільні — я за тыя дзесяць еўра сама ў бэхе на Шоду задавальняла аднаго прыстойнага каталіка, каб Настачцы было чым павячэраць. Усе сквоты кішаць мажорамі, якім шкада за гатэль дзве соткі еўра пакідаць, карацей, не спадабаўся нам Амстэрдам. Пабоўтала нас апошнім часам як след. Настунька змучылася ад параноі — яе зноў абвесцілі ў вышук, ды сябры з Беларусі пісалі, што шукаюць, як некалі Сталін Троцкага. «Што я такога зрабіла?» — не вытрымлівала яна, я ж яе песціла, гладзіла па валасах, ды мая бэйбі патроху супакойвалася.
Потым мая каханая трохі папусцілася на тэму прывязанасці да бацькаўшчыны, бо яе ў Стамбуле неяк моцна торкнула, ды пачасалі мы на Усход. «Там кошты на жытло таннейшыя», — сказала яна, як быццам бы мы здымалі жытло ўсе гэтыя гады, а не бадзяліся па бамжатнях ды падобных да бамжатняў свабодных майстэрнях мастакоў-авангардыстаў. Я пагадзілася, бо з дзяцінства было цікава пабачыць, як малпы трахаюцца, у заапарках іх трымаюць у розных клетках, дык не пазырыш. Да таго ж, у Бангкоку прасцей знайсці якога рускамоўнага свінтуса, якому сто баксаў за секс з белай дзяўчынкай — не грошы, бо навокал выключна азіяткі, —падумала я, але Насце нічога не сказала. Яна ўзяла моду мяне раўнаваць да кожнага, хто ў мяне засоўваў гэтую штуку — нібы з мужыком у дзяўчыны са сфармаваным унутраным светам могуць быць нейкія пачуцці, акрамя прагматычнага жадання вычапіць як мага больш грошай за як мага менш сексуальных высілкаў у ложку (ці не так было выдумана гетэрасексуальнае каханне?).
Павандравалі па Тайландзе, не спадабалася, у групе жаночага суправаджэння нейкага сярэдніх памераў (23 см) нафтавіка пераляцелі ў Індыю, там адразу ж збеглі з гэтага гарэму. Індыя была ўжо лепей, аднак брудненька. Наста тым часам валакла мяне на Поўнач, скончылі ў Чайне, у Тыбеце, трохі там пагойсалі па гарах, падражнілі маладжавых прыгожых, нібы дзяўчынкі, будысцкіх манахаў, ды Наста раптам зноў засмуткавала. Я кажу ёй — хэй, паглядзі, якое ў нас жыццё цікавае, вандруем, як чалюскіны, а яна ў адказ нешта пра радзіму, далася ёй тая радзіма з касымі хібарамі ды раскіданымі стрэхамі. Але ж я ў нас здабытчыца, яна — стратэг, таму павалакліся ў Еўропу, зачапіліся ў Ваве, бо ў Польшчы тыя ж бярозкі, і мова ёй нагадвала беларускую. Вось тут і здарыўся прыкол. Хтосьці ёй падсунуў інфу аб пераможцы «Глінянага хуя», нейкі амерыканец, які накрэмзаў раманчык па-беларуску. Апынулася, што яна таго амерыканца напаткала ў Стамбуле, ды ён выклаў «рамантычную» гісторыю іхняга кахання, за што і быў узнагароджаны галоўным беларускім літаратурным чэлесам. Яе трохі гэта ўразіла, яна ўсю ноч чытала ягонае сачыненне, недзе нават хлюпнула носам. Мне тэкст совала, я адкрыла на выпадковай старонцы, чытнула тры радкі ды зарагатала. «Ну, кажу, Наста, ты тут пава! Нібы тыя цёткі з куксамі з іспалкомаў! Размаўляеш тут так мудрагеліста, як у Набокава. Ты што, каб яго завабіць, вырашыла сур’ёзку ўключыць?». Яна нічога не адказвала, нібы сапраўды прасякнулася сімпатыяй да гібона — а ўсе ж мужчыны ў плане пачуццяў ды інтымных адносінаў натуральна гібоны. Я яшчэ доўга кпіла з недарэчнасцяў гэтага фрагмента. Адзінае, што там да Насты падобна — сцэна, дзе яна турку мозг калупае, каб ён з амерыканца тры шкуры за вячэру не лупіў. Вось тут — так, Наста. Усё астатняе — трызненне, апісанае мовай пазамінулага стагоддзя.