Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сцюдзёны вырай

Марціновіч Віктар

Шрифт:

Я вінавата маўчаў. Я зразумеў, што стаў для яе нагодай, падставай для прыняцця рашэння, якое можа яе згубіць. Я пакутліва падбіраў словы, каб запэўніць яе, што я — выключэнне, аднак па ўсім выходзіла, што ніякае я не выключэнне, бо сапраўды большасць маіх сяброў называлі сябе карэннымі North Americans, нават маючы цёмную скуру…

— Viraj, Наста, — нагадаў я слова, якое цудам запомніў па-беларуску. — Ты імкнулася ў viraj. І амаль што даляцела!

— Вырай? — перапытала яна. — Дык гэта для птушак вырай там, дзе цёпла. Для чалавека вырай — там, дзе ягоны дом! А дом у мяне на поўначы, скаваны ільдамі. Мне туды! Да таго ж, выявілася, што на нябёсах таксама ёсць страх і кашмары. І што калі ты застрашаны, ты будзеш баяцца і ў Стамбуле, і ў Амерыцы… Ты не зразумеў, Джон, — дадала яна светла. —

Адбыўшы свой тэрмін тут, у чысцяцы, я цяпер лячу не ў зваротны шлях, не на зямлю. Гэта іншая вандроўка. Гэтая вандроўка не назад, а наперад. Я ўзнагароджана выраем, узнагароджана нашай сустрэчай. Я лячу ў вырай, у свой заснежаны, сцюдзены вырай…

Я прачула абняў яе. Абняў, нібы збіраюся затрымаць у сваіх абдымках назаўжды, не пусціць на пагібель, на зняволенне, на вар’яцтва. І сапраўды, хто сказаў, што мы павінны зараз разысціся назаўсёды? Хто абвесціў гэты прысуд? І нават калі ён абвешчаны на нябёсах, я яшчэ магу яго абскардзіць, затрымаць яе побач і запэўніць (прыклаўшы ўсё ўласнае красамоўе) не ехаць у тую Вільню, якая мне падавалася невялічкім мілітарызаваным мястэчкам побач з уваходам у памежны падземны тунэль, які доўжыцца да самай Беларусі (тут перад кожным аўтобусам ці аўто са скрыгатам адчыняецца падобная да гільяціны жалезная заслона, якая аддзяляе цывілізаваны свет ад краіны, дзе абвешчана ў пошук Наста).

— Слухай, калі ты нікуды не ляціш з раніцы, дык чаму б нам не сустрэцца яшчэ раз? Напрыклад, апоўдні?

— Навошта? — запыталася яна. Здаецца, Наста вырашыла, што я адыграў сваю ролю ў ейным жыцці і магу сысці ў непатрэбны цень успамінаў.

— Мы б маглі схадзіць на Шагала.

— Мы яго бачылі.

— Здалёк! Няўжо цябе не цікавіць, якое ўвасабленне на гэтым палатне набыў ягоны ўлюбёны Вібескц?

— Віцебск, дурачына!

Як я нахвальваў шагалаўскі жывапіс! Як апісваў каларыстыку і вобразнасць! Як пераконваў, што без мастацтвазнаўцы Шагала не зразумець, таму ёй трэба скарыстацца неверагоднай магчымасцю не проста паглядзець на палатно, але атрымаць грунтоўны аналіз, як на Discovery (гэтае параўнанне зноў яе павесяліла). Магчымасцю палюбіць жывапіс на ўсё астатняе жыццё. Карацей, яна здалася. Я прапанаваў забраць яе заўтра з гатэлю на таксоўцы, але ж яна катэгарычна адмовілася называць, дзе жыве. «Для тваёй жа бяспекі», —растлумачыла яна. Тады я прапанаваў сустрэцца ў цэнтры, мяркуючы, што яна жыве недзе побач, у гістарычнай частцы.

— Давай абярэм месцам сустрэчы блакітную мячэць, — прапанаваў я. Кіраваўся я пры гэтым звычайнай турысцкай логікай, называючы самы буйны будынак у цэнтры. Да таго ж, я жыў у файным гатэльчыку зусім побач, у Султан-Ахмед і выгадваў колькі хвілін сну, якога заставалася не так і шмат.

— Блакітную што?

Тут высветлілася адна непажаданка: яна не ведае, што такое mosque (мячэць). Яе ангельская была даволі неблагой, яна часам валодала даволі спецыфічнай лексікай, здолела прыгадаць, напрыклад, што willow гэта вярба. Аднак, як у любога, хто не жыў доўга ў моўным асяродку, час ад час здараліся экзерсісы невыказнасці. Напрыклад, яна доўгі час не магла згадаць ангельскі аналаг «відэльца», калі мы праходзілі побач з той жанчынай, якая цыравала надзіманую лодку. Я не ведаю, як, у якім кантэксце вылез той відэлец побач з гумавым чаўном, аднак fork яна так і не прыгадала без дапамогі, тыкнуўшы мне ледзь не ў вока трохзубым рыбным відэльцам у «Бабушцы» ды запытаўшыся — «як завуць»?

— Blue Mosque, — цвердзіў я, але яна толькі рагатала. Я так разумеў, што слова «моск» мае нейкія цікавыя канатацыі ў яе моўным асяродку. Яна нават узгадала «моск», прычым яе ўласны «моск» як аб’ект, які я намагаюся сімвалічна згвалціць.

— Mosque is a worshiping place for a muslims! — тлумачыў я, але слова muslim яна таксама не ведала. Тады я зрабіў апошнюю спробу, апеляваўшы да мінарэтаў як прыкметы the mosque. Я сапраўды дурань, бо мне прыйшло ў галаву, што калі я выкарыстаю складанае слова minaret, дык яна яго дакладна не зразумее. Таму я выкарыстаў слова pillar — я працягваў казаць, што Blue Mosque гэта месца, дзе шэсць pillars. Звычайна ў mosques чатыры pillars, а тут — шэсць.

Яна зноў не разумела. Яна не ведала слова pillar, і не было ніякага рэлігійна карэктнага спосабу, каб гэтае слова

паказаць (мая спроба зрабіць гэта з дапамогай пальца атрымалася непрыстойнай).

Заўвага рэдактара (Я. П.): а як жа яна называла слуп ля твайго маёнтка, Джон?

Адказ: Янка, яна выкарыстоўвала слова column!

У роспачы я палез у кішэню і намацаў там кіпу візітовак з гатэлю, якія з нахабнай колькасцю памылак прапаноўвалі спа-працэдуры, лазню ды іншыя паслугі, якія могуць спатрэбіцца адзінокаму іншаземцу ў чужой краіне. У другой кішэні знайшоўся аловак. Я хутка намаляваў сілуэт Blue Mosque, пазнавальны купал, слупы мінарэтаў. Прынамсі, маляваў я няблага. Працягнуў ёй (у яе застаўся мой малюнак).

— А! Дык гэта блю моск? — cа здзіўленнем здагадалася яна. — Я не ведала англамоўнай назвы! У нас яна зусім па-іншаму завецца!

— Ля галоўнага ўваходу, добра?

— Добра, — пагадзілася яна.

Яна ўжо збіралася сыходзіць, але замерла і павярнулася да мяне. Што, якая думка прыйшла ёй у галаву ды змусіла гэта зрабіць? Не даведаюся, мабыць, ніколі.

— Вось што, Джон Вілаў. Ты ўсё роўна марадзёр, дык у мяне ёсць для цябе марадзёрскі падарунак. Раптам мы заўтра палаемся з-за тваёй ваяўнічай непісьменнасці ды няўвагі да роднай мовы, дык я і раздумаю… Магу. Дык бяры хутчэй, пакуль даю!

Яна працягнула мне тую палатняную ёлачную цацку, якую я ўжо бачыў у тэчцы. Трусік са збянтэжанай мыскай, якога нібы мамкі пазбавілі. Лялька была цёплай, здаецца, увесь час Наста не выпускала яе з рук. Мільганула думка пра пацалунак, але ж зразумеў: пакуль не назаву яе lips вуснамі (я не памятаў vousni), яна не дазволіць да сябе дакрануцца, дык я і спрабаваць не буду, бо не маю права.

— Гэтая цацка — мой талісман. Ён са мной з самага дзяцінства. Заўсёды прыносіў шанцаванне ды пачуццё бяспекі.

— Дык трымай яго! Табе бяспека больш патрэбная, чым мне!

— Ад такіх падарункаў не адмаўляюцца, Джон Вілаў. Трымай, бо гэтая рэч належыць табе. Гэтая цацка з маёнтку. Адзінае, што засталося ад твайго магчымага дзяцінства, якое ты страціў з-за руплівасці твайго дзеда, які вывез тваю будучыню і твой лёс у Амерыку. Лялька старая, дарэвалюцыйная, на палотнах твайго «рускага мастака» Жукоўскага такія можна пабачыць. Трымай. Хай табе шанцуе. Заўтра ў дванаццаць.

Мы паглядзелі адно на аднога. Лямантавалі чайкі над нашымі галовамі. Ах, як жа яны лямантавалі! Ці не гэта было папярэджаннем? Чаму я не пачуў папярэджанне? Потым яна ступіла ў цемру, а я выклікаў таксоўку і паехаў да сябе ў загрувашчаны фальшывым антыкварыятам гатэль.

Я засынаў, ахоплены ўзрушанасцю ад нашага знаёмства, засынаў, працягваючы мармытаць тыя нязвыклыя словы на мове, якія Наста мне спрабавала ўкласці ў галаву: у сне яны хутка ўсплылі ў падсвядомасці ва ўсёй сваёй квяцістасці, ах, як добра я размаўляў па-беларуску з дапамогай тых пяці назоўнікаў, якія паспеў пачуць! Якія складаныя сказы з іх утвараў! Прачнуўся я з «вуснамі» на ўласных вуснах. Мне падалося, што ў летуценні я ўспомніў беларускі назоўнік для lips, і хуценька, тым жа алоўкам, запісаў на адвароце яшчэ адной візітоўкі, каб не забыцца: гэтае слова мне сёння магло спатрэбіцца. Я захаваў гэтую сваю колішнюю гукапераймальную здагадку, яна ляжыць побач з маім лэптопам зараз, і я ўсміхаюся, гледзячы на помслівую пагарду мовы: «ousli» накрэмзана на візітоўцы хуткім усхваляваным почыркам.

Я апранаўся, упэўнены ў сабе і сваіх моўных здольнасцях. Але начная зачараванасць пачынала развейвацца. І вось я ўжо не мог узгадаць, як гучаць «шыя», «вейкі», а дакладней як гучаць тыя субстраты, якімі іх падмяніла ў сне хітрая падсвядомасць. У роспачы ад уласнай няпамятлівасці я распахнуў цяжкія аксамітавыя запавесы (прыкмету «нятаннага» гатэля ў Стамбуле!), і на пакой абрынулася халоднае бязлітаснае святло, якое, здаецца, выпаліла мяне да самага донца. Упершыню і адразу вельмі моцна прыйшло прадчуванне таго, што яшчэ не здарылася. Там зноўку ліў дождж, намагаючыся патапіць мора ці хаця б змыць з палотнішча прасторы лінію далягляду, але бялявы характар святла, лёгкая дымка, якой былі кранутыя дахі навакольных дамоў, трывожныя траекторыі, якія пракрэслівалі ў паветры чайкі, як быццам сцвярджалі: усё, дружа! Старонка перагорнутая! Сёння будзе зусім іншы дзень, у якім няма месца вашым моўным практыкаванням!

Поделиться с друзьями: