Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Стэпавы воўк

Гессе Герман

Шрифт:

– Важна іграць, гер Галер, іграць як мага лепш, як мага больш і як мага мацней! Вось у чым штука, мсье. Калі я трымаю ў галаве ўсе творы Баха і Гайдна і магу сказаць пра іх самыя разумныя рэчы, дык ад гэтага яшчэ няма нікому ніякай карысці. А калі я вазьму сваю трубу і сыграю моднае шымі, дык гэта шымі, добрае яно ці благое, усё роўна прынясе людзям радасць. Ударыць ім і ў ногі і ў кроў. Толькі гэта і важна. Зірніце як-небудзь на бале на твары ў той момант, калі пасля доўгага перапынку зноў загучыць музыка, - як тут жа заблішчаць вочы, уздрыгваюць ногі, пачынаюць смяяцца твары! Вось дзеля чаго граеш.

– Выдатна, гер Пабла. Але, апрача пачуццёвай, ёсць яшчэ і духоўная музыка. Апрача той музыкі, якую граюць у гэты вось момант, ёсць яшчэ і несмяротная музыка, якая жыве, нават калі яе і не граюць у гэты момант. Можна адзінока ляжаць у сябе ў ложку і ў думках паўтараць якую-небудзь мелодыю з «Чароўнай флейты» альбо з «Цярпенняў паводле Мацвея», і тады музыка адбудзецца без флейты альбо скрыпкі.

Вядома, гер Галер. І «Знемажэнне», і «Валенсію» таксама кожнай ночы моўчкі ўзнаўляюць многія адзінокія летуценнікі. Самая бедная машыністачка ўспамінае ў сябе ў канторы апошні ўанстэп і адстуквае на сваіх клавішах яго такты. Ваша праўда, хай у гэтых адзінокіх людзей будзе свая нямая музыка, хай тое «Знемажэнне», хай «Чароўная флейта», хай «Валенсія»! Але адкуль жа бяруць гэтыя людзі сваю адзінокую, нямую музыку? Яны атрымліваюць яе ў нас, у музыкантаў, спачатку яе трэба сыграць і пачуць, спачатку яна павінна ўвайсці ў кроў, а потым ужо можна вымройваць яе сабе дома, у сваёй каморцы.

– Згода, - сказаў я холадна.
– І ўсё-такі нельга ставіць на адну ступень Моцарта і найноўшы факстрот. І не адно і тое самае - граць людзям боскую і вечную музыку альбо танныя аднадзёнкі.

Заўважыўшы хваляванне ў маім голасе, Пабла адразу ж скроіў самую мілую фізіяномію, ласкава пагладзіў мяне па плячы і надаў свайму голасу неверагодную мяккасць.

– Ах, дарагі мой, наконт ступеняў вы, мабыць, цалкам слушны. Я анічога не маю супраць таго, каб вы ставілі і Моцарта, і Гайдна, і «Валенсію» на якія заўгодна ступені! Мне гэта зусім не абыходзіць, вызначаць ступені - не мая справа, у мяне пра гэта не пытаюцца. Моцарта, магчыма, будуць граць і праз сто гадоў, а «Валенсію» не будуць - гэта, я думаю, мы можам спакойна аддаць Госпаду Богу, Ён справядлівы і распараджаецца тэрмінамі, якія наканавана пражыць нам усім, а таксама кожнаму вальсу і кожнаму факстроту, Ён напэўна зробіць правільна. А мы, музыканты, павінны рабіць сваё, выконваць абавязкі свае і задачы: мы павінны граць тое, чаго якраз у дадзены момант хочацца людзям, і граць мы гэта павінны як мага лепш, прыгажэй і энергічней.

Я ўздыхнуў і здаўся. Гэтага чалавека нельга было ўзяць нічым.

У некаторыя моманты старое і новае, боль і весялосць, страх і радасць на дзіва змешваліся. Я быў то на нябёсах, то ў пекле, часцей тут і там адначасова. Стары Гары і новы жылі адзін з адным то ў жорсткім разладзе, то ў міры. Часам здавалася, што стары Гары зусім ужо мёртвы, што ён памёр і пахаваны, і раптам ён аказваўся тут, загадваў, тыраніў, браў безапеляцыйны тон, а новы, маленькі, малады Гары канфузіўся, маўчаў і дазваляў прыпіраць сябе да сцяны. Іншым часам малады Гары хапаў старога за горла рэзкай хваткай, і тады стаяў стогн, ішла барацьба не на жыццё, а на смерць, настырна вярталіся думкі пра брытву.

Часта, аднак, боль і шчасце залівалі мяне адной хваляй. Так было ў тое імгненне, калі я праз некалькі дзён пасля свайго танцавальнага дэбюту ўвайшоў увечары да сябе ў спальню і на вялікае здзіўленне, страх, жах і радасць застаў у пасцелі прыгажуню Марыю.

З усіх неспадзяванак, якія мне дагэтуль падносіла Герміна, гэта была самая неспадзяваная. Бо ў тым, што прыслала мне райскую птушку менавіта яна, я ні секунды не сумняваўся. Той вечар я, як выключэнне, правёў не з Гермінай, я слухаў у кафедральным саборы добрае выкананне старадаўняй царкоўнай музыкі - гэта была мілая і смутная вылазка ў маё ранейшае жыццё, на нівы маладосці, у сферы ідэальнага Гары. У высокай гатычнай зале храма, прыгожыя сетчатыя скляпенні якое, прывідна ажыўшы, калыхаліся ў гульні нешматлікіх свяцільняў, я слухаў п'есы Букстэхудэ, Пахельбеля, Баха, Гайдна, я хадзіў па сваіх любімых старых дарогах, я зноў чуў выдатны голас вакалісткі, якая спявала Баха, з якою калісьці сябраваўся і перажыў мноства незвычайных канцэртаў. Галасы даўняе музыкі, яе бясконцая вартаснасць і святасць выклікалі ў маёй памяці ўсе ўзлёты, экстазы і захапленні маладосці, сумна і задуменна сядзеў я на высокім клірасе госцем у гэтым высакародным, шчасным свеце, які колісь быў маёй радзімай. Пад гукі гайднаўскага дуэта ў мяне раптам паліліся слёзы, я не стаў чакаць канца канцэрта, адмовіўся ад сустрэчы са спявачкай (о, колькі прамяністых вечароў бавіў я колісь з артыстамі пасля такіх канцэртаў!), ціхенька выйшаў з сабора і стомлена паплёўся па начных вулках, дзе паўсюль за вокнамі рэстаранаў джаз-аркестры наярвалі мелодыі маёй цяпершчыны. О, якая атрымалася з майго жыцця змрочная блытаніна!

Доўга думаў я, сноўдаючыся той ночы, пра свае адносіны да музыкі і зноў нагледзеў у гэтых такіх кранальных, такіх ліхашчасных адносінах да яе лёс нямецкай інтэлігентнасці. У нямецкай душы пануе мацярынскае права, сувязь з прыродай у форме гегемоніі музыкі, невядомая ніякаму іншаму народу. Замест каб па-мужчынску паўстаць супроць гэтага, прыслухацца да інтэлекту, да логасу, да слова, мы, людзі інтэлігентныя, усе запар трызнім моваю без слоў, здольнаю выказаць невыказнае, выказаць тое, чаго выказаць нельга. Замест каб як мага правільней і сумленней граць на сваім інструменце, інтэлігентны немец заўсёды франдыраваў супроць слова і розуму, заўсёды какетнічаў з музыкай. І растварыўшыся ў музыцы, у дзівосных і шчасных

гукавых вобразах, у дзівосных і салодкіх пачуццях і настроях, якія ніколі не ператвараліся ў рэчаіснасць, нямецкі розум праспаў большасць сваіх сапраўдных назначэнняў. Мы, людзі інтэлігентныя, усе не ведалі рэчаіснасці, былі ёй чужыя і варожыя, а таму і ў нашай нямецкай існасці, у нашай гісторыі, у нашай палітыцы, у нашай грамадскай думцы роля інтэлекту была такой жалю вартай. Так яно, вядома, я часта прадумваў гэтую думку, знемагаючы часам ад палкага жадання стварыць сабе нарэшце рэальнасць, зрабіцца нарэшце сур'ёзным і дзейсным чалавекам, замест таго каб вечна займацца эстэтыкай і прыкладным мастацтвам у вобласці духу. Але гэта заўсёды канчалася прызнаннем сваёй духоўнай немачы, капітуляцыяй перад лёсам. Мелі рацыю геры генералы і прамыслоўцы: ад нас, «інтэлігентаў», не было толку, мы былі непатрэбнай, адарванай ад рэальнасці жменькай дасціпных пустабрэхаў. Цьфу, каб ты звялося! Брытву!

Увесь і цэлы ў такіх думках, у адгалосках музыкі, з ацяжэлым ад скрухі сэрцам, ад тугі па жыцці, па рэальнасці, па сэнсе, па непапраўна страчаным я нарэшце вярнуўся дамоў, адолеў свае лесвіцы, запаліў у гасцёўні святло, паспрабаваў нешта там чытаць, успомніў пра ўмову, якая вымушала мяне заўтра ўвечары з'явіцца на віскі і танцы ў бар «Сесіль», я адчуваў злосць і прыкрасць не толькі на самога сябе, але і на Герміну. Якія б добрыя і чыстыя памкненні ні кіравалі ёю, якой бы цудоўнай істотай яна ні была - няма каб яшчэ тады даць мне загінуць, яна штурхала, яна папіхала мяне ў гэты бесталковы, чужы, мітуслівы, цацачны свет, дзе я ўсё адно заўсёды буду чужы і ўсё лепшае ўва мне зачаўрае і загіне.

І я сумна патушыў святло, сумна ўвайшоў у спальню, сумна пачаў распранацца, але тут мяне збянтэжыў нейкі нязвыклы пах, пахла парфумай, і, азірнуўшыся, я ўбачыў, што ў маёй пасцелі ляжыць прыгажуня Марыя, ніякавата ўсміхаючыся вялікімі блакітнымі вачыма.

– Марыя!
– сказаў я. І першай подумкай было, што мая гаспадыня папросіць мяне з кватэры, калі пра гэта даведаецца.

– Я прыйшла, - сказала яна ціха.
– Вы на мяне серду не маеце?

– Не, не. Я ведаю, Герміна дала вам ключ. Ну так.

– О, вы сярдуеце за гэта. Я пайду.

– Не, мілая Марыя, заставайцеся! Толькі якраз сёння, сама ўвечары, мне вельмі журботна, сёння я не магу быць вясёлым, але, можа, змагу заўтра.

Я крыху схіліўся да яе, яна абхапіла маю галаву абедзьвюма далонямі, вялікімі, моцнымі, падцягнула да сябе і пацалавала ўзасос. Потым я сеў да яе на ложак, узяў яе за руку, папрасіў гаварыць ціха, каб нас не пачулі, і пачаў глядзець на яе прыгожы, поўны твар, які дзівосна і незнаёма, як нейкая вялікая кветка, ляжаў перад мною на маёй падушцы. Яна павольна пацягнула маю руку да сваіх вуснаў, пацягнула яе пад коўдру і паклала на свае цёплыя з ціхім дыханнем грудзі.

– Можаш не быць вясёлым, - сказала яна.
– Герміна мне ўжо сказала, што ў цябе гора. Гэта кожны зразумее. А я табе ўсё яшчэ падабаюся, га? Таго разу, калі мы танцавалі, ты быў вельмі закаханы.

Я пачаў цалаваць яе вочы, рот, шыю і грудзі. Толькі што я думаў пра Герміну, горка і з дакорам. А цяпер я трымаў у руках яе дарунак і быў ёй удзячны. Марыіны пяшчоты не прычынялі болю цудоўнай музыцы, якую я чуў сёння, яны былі вартыя яе і былі яе ўвасабленнем. Я павольна сцягваў коўдру з прыгажуні, пакуль не дабраўся, цалуючы, да кончыкаў яе ног. Калі я лёг да яе, падобны на кветку твар яе ўсміхнуўся мне з разуменнем і прыхільна.

У гэтую ноч побач з Марыяй я спаў нядоўга, але моцна і хораша. Як дзіця. А ў прамежках сну я піў яе цудоўную, вясёлую маладосць і пазнаваў у ціхай балбатні мноства цікавых рэчаў пра жыццё яе і Герміны. Пра жыццё гэтага роду я ведаў вельмі мала, толькі ў тэатральным свеце трапляліся мне часам раней такія істоты, і жанчыны, і мужчыны, паўмастакі-паўпрайдохі. Толькі цяпер я крыху заглянуў ў гэтыя цікаўныя, гэтыя дзівосна мілыя, гэтыя дзівосна распусныя душы. Усе гэтыя дзяўчаты, звычайна з беднаты, надта ж бо разумныя і надта прыгожыя, каб аддавацца ўсё сваё жыццё толькі якой-небудзь кепска аплачванай і бязрадаснай службе дзеля кавалка хлеба, жылі то на выпадковаыя заробкі, то на капітал сваёй прывабнасці і прыемнасці. Часам яны сядзелі месяцамі за пішучай машынкай, часам бывалі палюбоўніцамі заможных жуіраў, атрымлівалі кішэньковыя грошы і дарункі, часам хадзілі ў футрах, раз'язджалі на аўтамабілях і жылі ў гранд-гатэлях, а часам туліліся ў паддашках, і хоць часам, пры вельмі ўжо снаднай прапанове, згаджаліся на шлюб, увогуле ж да яго не гарнуліся. Некаторыя з іх не былі ў каханні палкія і саступалі дамогам толькі з агідай, і тое за самую высокую плату. Іншыя, і да іх належала Марыя, вызначаліся нязвыклай здольнасцю да кахання і патрэбай у ёй, большасць ведала толк у каханні да абодвух полаў; яны жылі адзіна дзеля кахання і заўсёды, апрача афіцыйных і плацёжаздольных сяброў, мелі ўсякія іншыя любоўныя сувязі. Апантана і дзелавіта, трывожна і легкадумна, разумна і ўсё-такі неўсвядомлена жылі гэтыя матылькі сваім дзіцячым, але вытанчаным жыццём, жылі незалежна, прадаючыся не кожнаму, чакаючы сваёй долі шчасця і добрага надвор'я, закаханыя ў жыццё і ўсё ж прывязаныя да яго менш, чым мяшчане, жылі ў заўсёднай гатовасці ісці за казачным прынцам у ягоны замак, з заўсёднай, хоць і паўусвядомленай упэўненасцю ў цяжкім і сумным канцы.

Поделиться с друзьями: