Стэпавы воўк
Шрифт:
Я не ўстояў. Чай быў пададзены мне ў яе гасцёўні з прыгожымі дзедаўскімі партрэтамі і дзедаўскай мэбляй, і мы крыху пагаманілі. Не задаючы адкрытых пытанняў, гэтая ласкавая жанчына даведалася сёе-тое пра маё жыццё і мае думкі, яна слухала мяне з той сумессю ўвагі і мацярынскай непрыдзірлівасці, з якой ставяцца разумныя жанчыны да дзівацтваў мужчын. Зайшла гаворка і пра яе пляменніка, і ў суседнім пакоі яна паказала мне яго апошні аматарскі радыёпрыёмнік. Вось якую машыну змайстраваў вольнымі вечарамі гэты ўседлівы малады чалавек, захоплены ідэяй бяздротавай і ўгоднай Госпаду Богу тэхнікі, якому спатрэбіліся тысячы гадоў, каб адкрыць і вельмі недасканала прадставіць тое, што заўсёды ведаў і чым разумней карыстаўся кожны мысляр. Мы пагаварылі пра гэта, бо цётачка, крыху схільная да пабожнасці, не пярэчыла, каб пагутарыць на рэлігійныя тэмы. Я сказаў ёй, што ўсюдыіснасць усіх сілаў і дзеянняў была выдатна вядомая старажытным індыйцам, а тэхніка давяла да
На вечар аўторка я запрасіў гэтую прыгожую дзяўчыну з «Чорнага арла», і прабавіць рэшту часу каштавала мне немалых намогаў. А калі аўторак нарэшце настаў, важнасць маіх адносінаў з незнаёмай была ўжо мне да страшнага ясная. Я думаў толькі пра яе, я чакаў ад яе ўсяго, я гатовы быў усё прынесці ёй у ахвяру, кінуць да яе ног, хоць зусім і не быў у яе закаханы. Варта мне толькі ўявіць сабе, што яна парушыць альбо забудзе нашую дамоўленасць, і ўжо ясна бачыў, што тады будзе са мною: свет зноў апусцее, пацякуць шэрыя, нішчымныя дні, зноў вернецца жах пустаты і змярцвеласці вакол мяне, і адзінае выйсце з гэтага маўклівага пекла - брытва. А брытва зусім не зрабілася мне мілейшай за гэтыя некалькі дзён, яна палохала мяне зусім не менш, чым раней. Вось гэта мне і было агідна: я адчуваў глыбокі, шчымлівы страх, я баяўся перарэзаць сабе горла, баяўся памірання, супраціўляўся яму з такой дзікай упартасцю, быццам я здаровы чалавек, а маё жыццё - рай, жыву сабе ані дбаю. Я разумеў свой стан з поўнай, бязлітаснай яснасцю, разумеў, што не што іншае, як невыносны раздрай паміж няздольнасцю жыць і няздольнасцю памерці робіць так важнай гэтую маленькую прыгожую паскакуху з «Чорнага арла». Яна была акенцам, малюсенькай светлай проймай у цёмнай пячоры майго страху. Яна была ратункам, дарогай на волю. Яна павінна была навучыць мяне жыць альбо навучыць памерці, яна павінна была дакрануцца цвёрдай і прыгожай рукой да майго здубянелага сэрца, каб яно альбо расцвіло, альбо рассыпалася ад дотыку жыцця. Адкуль узялася ў яе гэтая сіла, адкуль прыйшла да яе гэтая магія, з якіх таямнічых прычынаў займела яна такое глыбокае значэнне для мяне, пра гэта я не думаў, ды і было мне гэта абы што; зусім няважна было гэта ведаць. Ніякае веданне, ніякае разуменне мне ўжо нічога не значыла, бо менавіта ж ім я быў перакормлены, і якраз у ім была самая вострая, самая прыніжальная і ганебная мука, што я так выразна бачыў і ўсведамляў свой стан. Я бачыў гэтага малога, гэтага звера Стэпавага ваўка мухай у павуціне, бачыў, як рашаецца ягоны лёс, як заблытаўся ён і які ён бездапаможны, як напружыніўся, каб упіцца ў яго, павук, але якая блізкая, здаецца, і рука дапамогі. Я мог бы сказаць самыя разумныя і тонкія рэчы пра сувязі і прычыны маіх пакутаў, маёй душэўнай хваробы, майго вар'яцтва, майго неўрозу, гэтая механіка мне была зразумелая. Але патрэбныя былі не веданне, не разуменне - не іх я так палка прагнуў - а ўражанні, рашэнне, штуршок і скачок.
Хоць тыя некалькі дзён я зусім не сумняваўся, што мая знаёмая стрымае слова, у апошні дзень я быў усё-такі моцна ўсхваляваны і няпэўны; ніколі ў жыцці я не чакаў вечара так нецярпліва. І якімі невыноснымі ні рабіліся напружанне і нясцерп, яны надзіва добра мяне бадзёрылі: неверагодна радасна і нова было мне, расчараванаму, хто ўжо даўно нічога не чакаў, ні з чога не радаваўся, цудоўна гэта было - цэлы дзень кідацца ў трывозе, страхаце і ліхаманкавым чаканні, загадзя ўяўляць сабе вынікі вечара, галіцца дзеля яго і апранацца (асабліва старанна, новая кашуля, новы гальштук, новыя шнуркі ў чаравікі). Кім бы ні была гэтая разумная і таямнічая дзяўчына, якім бы чынам ні ўступіла яна ў такі кантакт са мною, мне гэта не мела значэння; яна існавала, цуд адбыўся, я яшчэ раз знайшоў чалавека і знайшоў у сабе новую цікавасць да жыцця! Важна было толькі, каб гэта доўжылася, каб я аддаўся панадзе, каб пайшоў за зоркай.
Незабыўнае імгненне, калі я зноў убачыў яе! Я сядзеў за маленькім
столікам старога ўтульнага рэстарана, папярэдне заказаным па тэлефоне, хоць патрэбы ў тым і не было, і вывучаў меню, а ў шклянцы з вадой стаялі дзве цудоўныя архідэі, якія я купіў сваёй сяброўцы. Чакаць давялося даволі доўга, але я быў пэўны, што яна прыйдзе, і не хваляваўся. І вось яна прыйшла, спынілася каля гардэроба і павіталася са мною толькі ўважлівым, крыху выпрабавальным позіркам сваіх светла-шэрых вачэй. Я недаверліва прасачыў, як трымаецца з ёю афіцыянт. Не, дзякаваць Богу, ніякай фамільярнасці, ані знаку недыстанцыйнасці, ён быў беззаганна ветлівы. І ўсё ж яны былі знаёмыя, яна называла яго Эміль.Калі я паднёс ёй архідэі, яна радасна засмяялася.
– Гэта вельмі міла, Гары. Ты хацеў зрабіць мне дарунак, - так бо?
– і не ведаў, што выбраць, ну, не вельмі ведаў, ці маеш ты права дарыць мне што-небудзь, ці не пакрыўджуся я, вось і купіў архідэі, гэта ж толькі кветкі, а каштуюць усё-такі дорага. Дзякую. Мімаходзь скажу табе адразу: я не хачу, каб ты рабіў мне дарункі. Я жыву на грошы мужчын, але на твае грошы жыць не хачу. Але як бо ты перамяніўся! Цябе не пазнаць. Таго разу ты быў такі, як калі б цябе толькі-толькі з пятлі дасталі, а цяпер во - ужо амаль чалавек. Дарэчы, ты выканаў мой загад?
– Які загад?
– Забыўся? Хачу спытаць, ці ўмееш ты цяпер танцаваць факстрот. Ты казаў, што не хочаш нічога, апроч як выконваць мае загады, што слухацца мяне табе мілей за ўсё. Успамінаеш?
– О так, гэта застаецца ў сіле! Я казаў сур'ёзна.
– А танцаваць так-такі яшчэ не навучыўся?
– Хіба ж можна ўсяго за колькі тых дзён?
– Вядома. Факстрот можна навучыцца за гадзіну, бастон - за дзве. Танга больш складанае, але яно табе пакуль што і не патрэбнае.
– А цяпер мне пара нарэшце ведаць тваё імя.
Яна моўчкі паглядзела на мяне.
– Можа, ты адгадаеш. Мне было б вельмі прыемна, калі б ты адгадаў. Ну ж бо, паглядзі на мяне добранька! Ты яшчэ не заўважыў, што ў мяне часам бывае хлапечы твар? Напрыклад, цяпер?
І праўда, прыгледзеўшыся да яе твару, я згадзіўся з ёю, гэта быў хлапечы твар. І калі я хвілінку павагаўся, твар загаварыў са мною і нагадаў мне маю падлеткавасць і тагачаснага сябра - таго звалі Герман. На нейкае імгненне яна зусім ператварылася ў таго Германа.
– Калі б ты была хлопчыкам, - сказаў я здзіўлена, - табе след было б звацца Германам.
– Хто ведае, можа, я і ёсць хлопчык, толькі пераапрануты, - сказала яна гарэзліва.
– Цябе завуць Герміна?
Яна радасна запрамянілася, задаволена кіўнула, што я ўгадаў. Тут якраз падалі суп, мы пачалі есці, і яна развесялілася, як дзіця. Самае прыгожае і своеасаблівае, што мне падабалася ў ёй і чаравала, была гэтая здольнасць неспадзявана пераходзіць ад глыбокай сур'ёзнасці да пацешнай гуллівасці і наадварот, прычым яна пры гэтым зусім не мянялася і не крыўлялася, гэтым яна і была падобная на адоранае дзіця. Цяпер яна весялілася, падражнівала мяне факстротам, нават раз-поразу штурхнула нагой, горача хваліла ежу, заўважыла, што я лепш апранены, але знайшла яшчэ кучу недахопаў ў маёй знешнасці.
Гамонячы з ёю, я спытаўся:
– Як гэта ў цябе так атрымалася, што ты раптам зрабілася падобнай на хлопчыка і я адгадаў тваё імя?
– О, гэта атрымалася ў цябе самога. Як жа ты, вучоны муж, не разумееш, што я таму табе і падабаюся і важная табе, што я як бы люстэрка, што ўва мне ёсць нешта такое, што табе адказвае і цябе разумее? А ўвогуле ўсім людзям не зашкодзіла б быць адзін аднаму такімі люстэркамі, трэба было б так адказваць, так адпавядаць адно аднаму, але такія дзівакі, як ты, - рэдкія і лёгка збіваюцца на іншае: яны, як зачараваныя, нічога не могуць убачыць і прачытаць у чужых вачах, яны ні да чога не прычыняюцца. І калі такі дзівак раптам ўсё-такі знаходзіць твар, які шчыра на яго глядзіць і ў якім ён чуе нешта падобнае на адказ і роднасць, ну, тады ён, вядома, радуецца.
– Ты ўсё ведаеш, Герміна!
– усклікнуў я здзіўлена.
– Усё дакладна так, як ты кажаш! І ўсё ж ты зусім-зусім іншая, чым я! Ты мая процілегласць, у цябе ёсць усё, чаго няма ў мяне.
– Табе здаецца так, - сказала яна лаканічна, - і гэта добра.
І тут на яе твар, які сапраўды быў мне нейкім чароўным люстэркам, набегла цёмная хмара сур'ёзу, раптам увесь гэты твар задыхаў толькі сур'ёзнасцю, толькі трагізмам, бяздонным, як у пустых вачах маскі. Павольна, быццам праз сілу вымаўляючы слова за словам, яна сказала:
– Слухай, не забывай, што ты сказаў мне! А сказаў ты, каб я табе загадвала, а табе будзе радасць - слухацца маіх загадаў. Не забывай гэтага! Ведай, маленькі мой Гары: гэтак сама, як я хвалюю цябе, як мой твар дае табе адказ і нешта з мяне ідзе табе насустрач і пасяляе ў табе давер, - акурат так і ты хвалюеш мяне. Калі я таго разу ўбачыла, як ты паявіўся ў «Чорным арле», такі змораны, такі адсутны, такі няўвесь, нібыта быў ужо на тым свеце, я адразу адчула - гэты будзе мяне слухацца, ён прагне, каб я загадвала, і я буду яму загадваць! Таму я і загаварыла з табой, таму мы і паладзілі па-сяброўску.