Восень пасярод вясны
Шрифт:
— А якім чынам акторка паверыць, што я — гэта я?
Сумеўся і Звяждоўскі:
— Сапраўды, ледзь не забылі пра галоўнае. Ты скажаш; люблю Вільню, сталіцу Гедыміна. А яна павінна адказаць: так, узаемна!
— А сваё прозвішча я абавязаны ёй назваць?
— Не, гэта не абавязкова.
У тую раніцу пазней за ўсіх у Анеліне ўстала Марыся. Спачатку яна доўга ляжала пад пуховым пярнатам у лёгкай дрымоце, чакаючы, пакуль звычна пакліча на першае набажэнства кляшторны звон. Не дачакаўшыся ж яго, здзіўлена расплюшчыла вочы і замест паўкруглых шэрых скляпенняў пабачыла над сабой нізкую блакітную столь з памаляванымі на ёй белымі воблачкамі, з-за якіх выглядалі ружовыя
Уставаць не хацелася, і Марыся працягнула руку да століка, прыкрытага зверху надтрэснутым кавалкам мармуру, узяла часопіс, куплены ёй па дарозе ў Вільню. Дзядзька тады яшчэ сказаў, што цяпер ёй абавязкова прыйдзецца вучыць рускую мову, бо на Літве без яе, у адрозненне ад Варшавы, ніяк не абыдзешся. Потым, ужо ў Анеліне, настойліва паказваў новыя для яе літары. І цяпер яна ўжо магла павольна прасілабізаваць: «Иллю-стриро-ванный се-мей-ный ли-сток». Але далей чытаць не хацелася, і яна пачала разглядаць малюнкі. На першай старонцы красавалася жанчына з кнігай на каленях і з пяром у руцэ, а ўперадзе ўзвышаўся пастамент са скульптурай рагатага быка і аголенай жанчыны, што напаўляжала на яго спіне… Марыся сарамліва адвяла погляд: законніцы казалі, што паказваць плоць — гэта пякельны грэх, і заўсёды патрабавалі, каб сукенка была зашпілена на апошні гузік. А тут — бессаромна прыгожая аголенасць. Яна настойліва прыцягвала, вабіла і вабіла погляд. І Марыся злавіла сябе на думцы, што і яе цела, мусіць, не менш прывабнае, чым у той, на вокладцы, і нават уявіла сябе ў яе постаці. Але тут жа спалохана перагарнула старонку. Там былі новыя малюнкі: дзівосныя ледзяныя горы, невядомыя дрэвы і звяры, палацы з белымі калонамі. Невядомы прывабны свет, аб існаванні якога яна там, у кляштары, нават не падазравала.
З задумення вывеў яе лёгкі скрып дзвярэй. На парозе стаяла цётка Галена — яшчэ з папяровымі папільёткамі на галаве, але ўжо не ў квяцістым шляфроку, а ў доўгай шэрай сукенцы, якая добра скрадвала яе паўнату.
— Уставай, Марыська. Сёння цяжкі дзень наперадзе. Спраў многа.
— Зараз, цёцю, — дзяўчына паслухмяна спусціла з ложка ногі, спавітыя доўгай паркалёвай кашуляй. — А што мне трэба рабіць?
— Найперш памыцца і адзецца, а потым пойдзем з табой аддаваць распараджэнні Мальвіне. У нас сёння будзе многа чужых людзей, і мы павінны паказаць ім, як сустракаюць гасцей на Літве.
— Распараджэнні? Я ў гэтым, цёцю, зусім не разбіраюся. Няхай лепей дзядзя распараджаецца. Ён усё ўмее.
— Твой дзядзя… — засмяялася Галена, і смех яе прагучаў напята. — Твой дзядзя — ранні пташак. Узяў стрэльбу і сказаў, што пойдзе на паляванне, а потым некуды загляне, каб запрасіць сваіх крэўных. На хлапечыя сцежкі яго пацягнула…
— А што я магу…
— Ты? Ты павінна да ўсяго прыглядацца і прыслухоўвацца. І ўсё ў сябе ўбіраць, усмоктваць разам з тутэйшым паветрам.
— Але ж — навошта?
— Такі ўжо наш жаночы лёс. Гэта толькі твае законніцы лічаць, што нам наканавана ўсё жыццё хадзіць бясплоднымі смакоўніцамі. Аднак мы мусім раней або пазней, — тут твар Галены злёгку перасмыкнуўся, — стаць гаспадынямі і маці. Хаця
б таму, што іначай супыніцца род чалавечы. Хаця б таму, што гэта, ну, як бы тут табе сказаць, дае нам некаторае задавальненне, сатысфакцыю… Зрэшты, што тут гаварыць — з часам усё зразумееш сама.— То добра, я зараз буду гатова…
Калі Галена з Марысяй, акрыўшыся ад ранішняга холаду ватаванымі паўсалопамі, спусціліся з веранды на двор, яны адразу ж пачулі вэрхал каля паветкі. Упёршыся рукамі ў клубы, Мальвіна, жонка анелінскага аканома Талочкі, бэсціла старога мужыка ў паношаным кажуху і шапцы-аблавушцы, які стаяў ля кучы дроў і маўкліва набіраў сабе ў бярэма тоўстыя сукаватыя паленні.
— То якое ж ты меў, хаме, права без ведама пана Талочкі памяняцца з гэтым лайдаком?! Панстронкаў вам абодвум захацелася! Бізун па вас, пся юха, даўно не хадзіў!
— Няма чаго, пані, пужаць мяне пастронкамі, — зацята абараняўся мужык. — Не панскі я, не панскі! Я палушанскі, скарбовы, значыць! І цар нас у крыўду не дасць! — Мужык рашуча павярнуўся да Мальвіны, і цяпер яны стаялі амаль упрытык.
— Ах ты, пес, яшчэ адбрэхвацца ўздумаў… — Мальвініна рука з заціснутым у ёй вялізным драўляным апалонікам узнялася ўгору, але тут жа апусцілася, бо побач пачуўся голас Галены:
— Кіньце, Мальвіна, з самай раніцы гнявіць пана бога. Вунь і паненка слухае… Ды і завошта крыўдзіць беднага хлопа?!
— Крыўдзіць! Быдла яны, разбэсціліся, рабіць нічога не жадаюць. Толькі ў карчме мокнуць…
— Але ж, Мальвіна, ён работу збіраецца рабіць, дровы несці.
— Дровы! Дровы загадана насіць Гармашу, а не яму. Ён не наш, а з суседняй вёскі. Дзяржаўны.
— А дзе Гармаш?
— Вось гэтая старая падлоціна кажа, што захварэў. Ведаю я тую хваробу! Я яму памяняюся!
— Дык што ж тут благога, калі адзін чалавек дапамагае другому? Добрая, міласэрная справа! Ты, чалавеча, — Галена звярнулася да старога, — нікога не слухай. Насі дровы! Гэтая пані не такая ўжо злая, як спрабуе сябе паказаць. Праўда, Мальвінка? Ну, не злуйся, злосць зусім не пасуе да. твайго анельскага твару…
Але Грыва нічога не чуў, стаяў скамянела, утаропіўшы вочы ў тую, маладзейшую, што пацепвалася ад золкага ветру. На нейкае імгненне іх позіркі сустрэліся, і стары тут жа спалохана адвёў свой убок, на свіран. Верхнія паленні пачалі з бярэма глуха сыпацца на зямлю, каб падняць іх, Грыва прысеў.
— Хам’ё — яно хам’ё і ёсць! — сплюнула ўбок Мальвіна. — Нават падзякаваць пані за ласку не можа…
— Хадзем, Мальвіна, нам трэба ў свіран! Работа стаіць, — Галена пацягнула Талоччыху за рукаў.
— Ці ведаеш хоць, дзе тыя печкі? — кінула Мальвіна наўздагон мужыку, які паволі аддаляўся, ледзь перастаўляючы здранцвелыя ногі.
— Ведаю, пані. Я іх клаў… Разам з братам.
— І глядзі, каб нічога-ніякага. Ведаю я вас! Кухарка прасочыць! Я сама кішэні выверну!
— Ну за што вы, пані, яго так! — нечакана для сябе самой уступілася за мужыка Марыся. Погляд старога здаўся ёй бездапаможным і нейкім пяшчотным. — Яго ж твар дабром свеціцца.
— Ва ўсіх іх свеціцца! — перадражніла Мальвіна. Аддаўшы Галене патрымаць апалонік, яна дастала з кішэні пук ключоў, выбрала самы вялікі і адчыніла ім заржаўлены замок, які злучаў два прабоі. З-за прыадчыненых дзвярэй, шаляваных у елачку, патыхнула нечым духмяным і кіслым.
— Асцярожна, вашэці, тут за парогам правалілася дошка. Колькі казала Касінскаму, каб уставіў новую, а ён…
Маеўская, а ўслед за ёй і Марыся шырокім крокам перажэргалі парог і спыніліся, не ведаючы, куды ісці далей. З паўзмроку ледзь выступалі высокія бочкі, саламяныя кадоўбчыкі, ступы, маслабойкі. Са столі на дратах звешваліся кашы з валакнянымі пасмамі-бародамі ўнізе.
— Гэта каты, — адчуўшы неўразуменне сваіх спадарожніц, растлумачыла Мальвіна. — Залазяць сюды на пах вяндліны. Скачуць угору і кіпцюрамі касмацяць кашы. Халеры на іх няма.
— І ім хочацца вэнджанага, — усміхнулася Галена.
— Каму не хочацца, — уздыхнула Мальвіна. — І чалавеку, і зверу. Толькі нельга сёння падаваць вяндліну. Вялікі пост!
— Вядома, пост! — ухваліла Галена. — І ксёндз, пабачыўшы яе на стале, нас асудзіць. Сёння павінна быць усё поснае. Што мы можам падаць з поснага?