Восень пасярод вясны
Шрифт:
— Глядзіце, цёцю, тут нейкія старыя кнігі… — паставіўшы свечку на мармуровую кансольку, Марыся ўзяла з адчыненай пакі тоўсты фаліянт у цісненай скураной вокладцы, ледзь адшпіліла жоўтую засцежку. — Ого, ад рукі пісаная. Толькі пажаўцела ўсё, нічога не разабраць.
— Вазьмі з сабой. Можа, пану Сыракомлі прыгодзіцца на што… А дзе ж тая кісляціна? У гэтым куце не відаць, тут — таксама… А, мусіць, тут. Нешта за абразам чарнее. — Галена адставіла ўбок перакулены партрэт вусатага мужчыны з сабакам, а за карцінай ці, дакладней, пад карцінай аказалася цэлая купа наваленых навалам бутэлек. Зверху яны былі пакрыты аслізглай цвіллю.
Галена грэбліва выхапіла пальцамі доўгую чорную пляшку, узняла
— Цуда, ды і толькі! — усклікнула яна. — Бургун! Ды яшчэ ўраджаю 1789 года! Равеснік Французскай рэспублікі! Ты ведаеш, колькі Венк дзярэ ў Вільні за такую бутэльку? Хаця што ты ведаеш, ты і віна, пэўна, ніколі не каштавала.
— Не каштавала, цёцю…
— Сёння пакаштуеш!.. О, дык тут і бардо ёсць, і арак!.. Няшчасце — арак увесь выцек, пустая бутэлька. Зрэшты, няхай гэтым Яцак зоймецца, калі вернецца, ён лешпы знаўца напояў, чым мы з табой. Вось толькі гэтага бургуна захопім з сабой. Няхай Людвік падзівуецца, калі прыедзе… Пайшлі назад!
Калі Галена з Марысяй вылезлі, замурзаныя, наверх, Мальвіна асцярожна здымала скурку з абскубанага індыка.
— Пабойся бога, Мальвіна! Індыка — у вялікім посце, у пёнтак?!
— Не палохайцеся, вашэця, — Талоччыха задаволена заўсміхалася. — Мы яго рыбай нафаршыруем. Ото будзе здзіўленне!.. Ну што — знайшлі ў склепе віно?
— Знайшлі. А як жа, знайшлі! — Галена паказала бутэльку. — Там яшчэ ёсць. І многа. Толькі ты, каханая Мальвінка, раскажы мне, адкуль яно? І люстэркі, і партрэты?
— Як тут шаноўнай вашэці вытлумачыць… Прывезлі ўсё з Нясвіжа. Маці пана Яцака загадала прывезці, калі радзівілаўскае менне па руках пайшло. А паколькі стары палацык ужо развальваўся, а новы яшчэ толькі будавалі, то склалі ўсё тут, у свірне. Свіран гэты, да ведама вашэці, стары вельмі, Яшчэ пры Дзядулі пана Яцака будаваны.
— Чаму ж потым дабро не перанеслі ў палацык? Чаму дапусцілі, каб струхнела, стлела, змарнела?
— Стары пан так загадаў, бацька пана Яцака. Ён сам сюды не хадзіў і ўсім іншым забараняў.
— Але ж па якой прычыне?
— Няхай вашэця лепей спытае ў пана Яцака. А то, — Мальвіна не прамінула мажлівасці адпомсціць Галене, — можа, пра тое мне і расказваць няможна. Бо хто вашэця для яго — чужы чалавек. Госця!
Апошняе слова, дакладна разлічанае, падзейнічала на Галену, як аплявуха. Хаця — што яна магла запярэчыць? Фармальна так яно ўсё і было.
— Хадзем, Марыська! — клікнула яна дзяўчыну. — Не будзем перашкаджаць пані Мальвіне ў яе высакародным занятку! Завялікі для нас гонар!
— Чаго яна, цёцю, так? — спытала Марыся, калі яны выйшлі за дзверы і спусціліся на сцежку.
— Ад няпэўнасці. Не ведае, што Яцак зробіць з маёнткам, ці даруе за лес. Нервуецца, а таму і колецца…
— Даруем ёй, як і Хрыстус дараваў сваім крыўдзіцелям!
— Даруем! Бо яна сапраўды не ведае, што чыніць. — Галена ўважліва паглядзела на дзяўчыну. — А ты нездарма хлеб у кляштары ела. Сяму-таму цябе там навучылі… Толькі за сабой глядзець не прывучылі. Ну што гэта за валасы, што за прычоска! Пра пекнасць сваю трэба дбаць. Пялегаваць яе!
— Пекнасць? Але ж, цёцю, я не пекная. Законніцы мне гэта не раз казалі. Адно плячо ў мяне вышэй за другое, і шыя набок звернута.
— Выкінь, дзіцятка, з галавы дрэнныя мыслі, — узыходзячы на веранду, Галена ўчапілася Марысі за руку. — Не гэта ў жанчыне галоўнае, далёка не гэта. А ўсім іншым пан бог цябе не абдзяліў, — Галена яшчэ раз пільна глянула на дзявочы твар. — Ніколі я не бачыла, каб пры русых валасах і блакітных вачах былі такія чорныя і такія раскошныя бровы. Іншыя наўмысна малююцца… Ямачкі на шчоках, класічны тонкі нос. Толькі бульбінка на канцы носа крыху псуе яго. Хаця не, ведаеш, каханая, не псуе, а робіць тварык
нейкім дзіцячым. Доўга старэць не будзеш!— Выходзіць, цёця лічыць, што нельга мяне назваць непрыгожай? — яны ўжо былі ў салоне, дзе, стоячы на каленях, той дзіўны мужык памешваў качаргой паленні ў вагністым жэрале круглай кафлянай печкі.
— Вядома, нельга, дурненькая, — кінуўшы на крэсла паўсалопу, Галена цяпер сама ўглядалася ў люстэрка. — Вось убачыш вечарам: усе мужчыны вытрашчаць на цябе вочы.
— А можа, так ніхто і не прыедзе…
— Прыедуць! Калі даведаюцца, што сам Сыракомля тут будзе, — лётам прылятуць! Дзе яны знойдуць іншую аказію яго пабачыць?! А там, глядзіш, сасватаюць цябе. Пан Яцак, — вочы Галены па-змоўніцку бліснулі, — калі захоча, вядома, табе, як краўнячцы, Анелін апіша, і станеш жыць ты тут, нібы ў пана бога за пазухай, насельніцтва Расійскай імперыі памнажаць.
Марыся ўся запаланела:
— Тэж цёця скажа!
— О, з такім румянцам табе яшчэ болей да твару! А то нейкая бледная ты — як з крэйды… Каб мне ружу вечарам на шчокі наклала! І валасы на папільёткі накруціла! У спальні вазьмі.
— У якой спальні, цёцю?
— Ах, мілае дзіця маё, няшчасце маё, вечна ты пакоі блытаеш. Да адной цэлі ў сваёй кляшторнай турме прызвычаілася… Глядзі вось, — Галена павяла вокам па салоне, але, не знайшоўшы паперы, падышла да Марысі. — Дай сюды сярнічкі… Так мне растлумачыў усё пан Яцак. — Галена паклала на стале ў рад пяць палачак. — Гэта адна сцяна, ад уезду. А вось такая ж другая, ад гарода. Цяпер пакладзём па дзве сярнічкі замест бакавых сцен. Бачыш, выйшла скрыначка, прамавугольнічкам называецца. Та-ак, пасярэдзіне пазначым сені, яны ідуць наскрозь, ад адной веранды да другой. Зважай: па баках атрымаліся дзве роўныя скрыначкі, квадрацікамі называюцца яны. Цяпер разгародзім іх крыж-накрыж… Злева… Справа… Што атрымалася?
— Восем роўных скрыначак! Акурат у нашым доме, — усцешылася Марыся. — А пасярэдзіне сені.
— Разумніца! Усе пакоі тут аднолькавыя. Усе злучаны паміж сабой, усе маюць выйсце — на веранду або ў сені. Толькі ў левай палавіне, ну, дзе твая спальня, унутраныя дзверы забіты. А там, дзе крыжыкам сходзяцца сценкі, пастаўлены гэтыя круглыя печкі, Адна печка — а грэе на чатыры пакоі. На ўсякі выпадак ёсць яшчэ і бакавыя печкі, якія выходзяць у сені.
— Разумна прыдумана.
— Разумна і проста. Гэта бацька пана Яцака так намудраваў. Намаляваў два крыжыкі, падзяліў іх сенямі — і ўвесь план. Кожны пакой загадаў ён пафарбаваць у свой колер. Вось гэты салон, дзе мы цяпер, называецца белым. Прама — кабінет пана Яцака, ён жоўты. За ім, у нарожным пакоі, наша спальня, ну, значыць, пана Яцака… Яна памалявана ў зялёны колер. Значыць, папільёткі ты ў зялёным пакоі знойдзеш… Направа ад салона — кухня, ці, як выражаецца Мальвіна, буфетная. Так-с, цяпер адправімся на тую палавіну. Твой пакой які?
— Блакітны. Блакітны — і белыя хмаркі.
— А побач другая гасціная мае памеранцавы колер. Далей ідуць нарожныя пакоі, у якіх я не была. Але пан Яцак мовіў мне, што яны брыдчэйшыя. Даўно там ужо ніхто не жыве.
— І ўсе гэтыя пакоі, цёцю, збудаваны для аднаго чалавека?
— Чаму ж для аднаго, каханая. Калісьці тут жылі бацькі пана Яцака, яго сёстры. Было людна.
— А цяпер, калі нас не будзе, дом зусім апусцее?
— Апусцее. Толькі кухарка прыйдзе пыл сцерці і вазоны дагледзець. Ну і яшчэ, каб вільгаць не завялася, печкі выпаляць, — тут Галена з трывогай успомніла, што яны ў пакоі не адны, што ўвесь гэты час іх размову, няхай і нявінную, чуе чужы чалавек. Нерухома сядзіць на каленях, гледзячы ў жэрала печкі. — Ты ідзі, чалавеча. Няхай тлее вуголле. Толькі дзверкі зачыні… Вось табе, — Галена ліхаманкава пакорпалася ў партманетцы, — троху грошаў за фатыгу.