Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Восень пасярод вясны

Мальдис Адам Иосифович

Шрифт:

— Дзякуй шаноўнай пані. Мне нічога не трэба. — Грыва выпраміўся, глядзеў невідушчымі вачыма кудысьці ў акно. — Толькі хачу, за перапрашэннем пані, сказаць, што пані змахлявала. Або пані змахлявалі, ну, няпраўду сказалі. Калі пана дзедзіца тут не было, у пакоях жылі Талочкі… Балявалі тут. І баляваць будуць, калі панове паехаць рачыце. А яшчэ хачу сказаць, што Талочка на панскія грошы патаемна Сяржанты купіў, усё туды цяпер цягне, Галена ліхаманкава захадзіла па пакоі: дык вось чаму Мальвіна то такая ліслівая, што хоць да раны яе прыкладай, то кіпці паказвае. ІІойдуць у свой фальварак — і ўсё.

— А ты ў бога верыш? — спытала яна, спыніўшыся. — Перажагнайся, што праўду гаворыш.

— У імя айца і сына і святога духа, аман! Каб мне з гэтага месца не сысці.

— То якая ж табе карысць ад таго,

што ты мне сказаў?

— Ні-і-якай, шаноўная панечка. Я за праўду стаю, — мужык яўна нецярплівіўся.

— То ідзі, добры чалавеча. Я ўсё дзедзіцу раскажу.

— Пакуль што не трэба, панечка. Да заўтра не трэба. Расстроіце яго толькі перад гасцямі, — стары стаяў ужо ў дзвярах.

— Ты ўжо і пра гасцей ведаеш… — Ведаю, панечка, хто ж не ведае.

— То ідзі. І няхай за дабро лёс адплаціць табе дабром.

Выскачыў Грыва на веранду з адной вярэдлівай думкай: толькі б паспець! Паспець папярэдзіць, што вечарам з’едуцца паны і сярод іх галоўны наўмыснік, як яго, ага, Сыракомля… У Вільню, вядома, не паспець. Да станавога прыстава ў Жупраны — таксама. Ды і з панамі ён заадно — разам гарэлку жлукцяць і ў карты гуляюць… Тады ў Ашмяну, да спраўніка. Усе хваляць яго: да мужыкоў спагадлівы і з панамі не водзіцца. Толькі ў Ашмяну: дваццаць вёрст — туды, дваццаць вёрст — назад, да вечара можна паспець! І тады… І тады ён адпомсціць ім усім! І за сябе, і за дачку, і за ўнучку, што вырасла без бацькі і без маткі! Які гэта бацька, калі кінуў яе ў нейкую турму і цяпер не прызнае. О, не хоча прызнаваць, то прымусяць яго, наўмысніка, з нянавісцю падумаў Грыва пра Ляшчынскага. Супраць самога цара надумаў ісці… Не, такога зламысніка ў турму трэба! І тады ўся Аняліна дастанецца Марысьцы, А, значыць, і яму самому.

2. І быў дзень

Праводзіўшы да рагатак віленскага цывільнага губернатара Пахвіснева, ашмянскі земскі спраўнік калежскі асэсар Міхаіл Аляксандравіч Серабракоў рашыў перад абедам скочыць на момант да дазорца турэмнага замка адстаўнога штабс-капітана Мацвея Аляксандравіча Сулькевіча і забраць у яго пазычаныя нумары «Современника». Наконт кніг і часопісаў Міхаіл Аляксандравіч быў педант: аддаваў іх у аправу віленскаму пераплётчыку, трымаў у шафе, расстаўленымі ў строгім парадку, трывожыўся, калі кніга хадзіла па руках. І на гэты раз трывога аказалася небеспадстаўнай, бо сухарлявы Мацвей Аляксандравіч, сустрэўшы госця на парозе сваёй драўлянай будыніны, якая іменавалася замкам, бездапаможна развёў рукамі:

— Няма. Папрасілі ў мяне пачытаць добрыя людзі.

— Зноў хтосьці з насельнікаў твайго замка? То зайдзі ў камеру і вазьмі.

— Не, тут іншае. Ёсць у Ашмяне пару разумных хлопцаў. Па пятніцах збіраюцца чытаць. А сёння ж якраз пятніца!

— Ой, глядзі, Аляксандравіч, каб потым не прыйшлося гэтых хлопцаў перасяляць у твой замак! Кепска будзе, калі на судзе ўсплыве, што кніжкі яны бралі ў самога спраўніка. Давядзеш ты мяне тады да канфузу вялікага!

— Боязна стала? — Сулькевіч іранічна глянуў на круглы і таму дабрадушны твар Серабракова. — І гэта кажа чалавек, які хадзіў на зборы петрашэўцаў?!

— Не сам, не сам, старэйшы брат за ручку вадзіў. Таму і ўлічылі, у Сібір не саслалі, а толькі ў Паўночна-Заходні край перамясцілі. Што ж тычыцца боязі, то… Не баюся нічога я, але хацелася б да пенсіёна даслужыць. Вярнуўся б тады ў свой Звянігарад, на паляванне б хадзіў. Кніжкі чытаў, ружы разводзіў.

— Не доўга, Аляксандравіч, засталося, не доўга.

— І не доўга і доўга. Цяпер адзін дзень за дзесяць сыдзе. Пахвіснеў сказаў: «Заўтра ў Вільні быць!» Пан Умястоўскі наскардзіўся яму, што за парадкам у павеце не гляджу. Бунтуюць мужыкі, а я, маўляў, спакойненька кніжачкі пачытваю, Будуць з мяне, як сказаў губернатар, тлушч здымаць. Раскарміўся я, бачыш, на царскіх харчах. Нават сказаў, ха-ха-ха, ты не ўяўляеш нават, што ён мне сказаў. Толькі дай горла прамачыць. Няўжо ў цябе, Аляксандравіч, калішану не знойдзецца?

— Знойдзецца, чаму ж.

Сулькевіч правёў спраўніка ў сваю прахалодную канцылярыю, дастаў з шафы вясковы збанок з пітвом, зробленым з піва, віна і лімоннага соку і прысыпаным зверху дробнымі хлебнымі крошкамі, разліў

у алавяныя кубкі. Потым падышоў да дзвярэй і засунуў засаўку.

— Ну-ну. Дык што ён сказаў такога смешнага?

— Смакоцце якое… Толькі ты ў Ашмяне ўмееш такое рабіць.

— Ад дзеда, Аляксандравіч, рэцэпт дастаўся. Стары літоўскі калішан!

— Чым болей я тут служу, тым болей да гэтага краю прывыкаю — да людзей, гаворкі. Часам нават здаецца, што тут і нарадзіўся, Што і Маскву, і звянігарадскія муры бачыў толькі ў сне. А рэальнасць — вось яна, тут, на берагах Ашмянкі.

— Дык што ж смешнага сказаў наш губернатар?

— Прабач… Значыць, так. Мерае ён поглядам мой жывоцік і цэдзіць скрозь зубы: «Обжираетесь тут на казенный счет. Гоголя нету на вас в зденшей глуши». А я ў адказ гэтак згодненька: «Очень точно соблаговолили заметить. Нету на нас Гоголя. А зря! Столько великолепных типов пропадает!» Пахвіснеў здзіўлена лыпнуў вачыма і пытае: «Например?» Адказваю: «Первый пример — перед вами. Вместо того чтобы брать поборы со шляхты или драть мужиков, целыми днями лежу, подобно Обломову, на диване и глотаю романы». Тут Пахвіснеў яшчэ больш здзівіўся: «А что? Разве берут поборы?» — «Так точно, берут-с! И не токмо борзыми щенками, но н породистыми лошадьми, и французскнм шампаном, и медом, и картинами, и даже в последнее время конными молотилками-с». Тут Пахвіснеў заліўся чырванню ды як гаркне: «Нечего верить всяким дурацким сплетням! И вообще надо нам с вами, голубчик, серьезно поговорить. Жду вас завтра ровно в десять в своей канцелярии». Значыць, па дурасці зноў я пацэліў прама ў Дзесятку… Адстаўкай усё пахне…

— Пачакай, Аляксандравіч, нешта не ўсё я зразумеў. — Сулькевіч глытнуў калішану. — З коньмі — тут усё ясна: наш гараднічы Цімафей Фёдаравіч Майбарада. Шампанскае — гэта наш лекар. Анагдайчы карчмар быў у добрым гуморы і прызнаўся мне, што ў яго бутэлькі па кругу ходзяць: спачатку мужы парадзіх купляюць віно і нясуць яго дамскаму падлізнічку шаноўнейшаму Аўгусту Іванавічу Рэнарду, а потым сам Аўгуст Іванавіч нясе бутэлькі назад у карчму і патрабуе тыя ж грошы.

— Во-во! А беднаму карчмару ніякага прыварку. Таму і расказвае ўсім.

— Мёд — гэта, мусіць, наш старшыня Сіроцкага суда Ваўканоўскі. Кажуць, ездзіць па маёнтках і на бедных сіротак збірае. А потым медавуху робіць. Я, праўда, не каштаваў, бо ён у адзіноце п’е.

— І я не каштаваў. Толькі сіроткі расказвалі.

— А вось хто бярэ карцінамі — дальбог, не здагадваюся.

— І не здагадаешся. Нізавошта не здагадаешся. — Міхаіл Аляксандравіч яўна павесялеў, настроіўся на жартачкі. — Гэта наш павятовы наглядчык за будаўніцтвам чыгунак.

— Чыгунак? Якіх чыгунак? Наколькі мне вядома, па тэрыторыі нашага павета чыгунка не пройдзе.

— Пакуль што не пройдзе, дастойнейшы Мацвей Аляксандравіч. Але толькі пакуль што! Увогуле ж услед за дарогай з Вільні на Варшаву павінны пракласці дарогу з Вільні на Мінск і Маскву.

— Калі тое будзе…

— Калі? Хутка! Бо ўжо ёсць першыя ахвяры той чыгункі…

— Ніколі б не падумаў.

— І не падумаеце! Не падумаеце на нашага цішэйшага і сціплейшага Юльяна Адамавіча Мачыдлоўскага. Неяк з’яўляецца ён зімой у Палянах, па наваколлі ходзіць, гурбы месіць і — нешта мерае! Панства Янкоўскія перапалохаліся: усё ж сам павятовы пісар, правая рука самога Умястоўскага! Клічуць, значыць, Мачыдлоўскага ў двор, даюць яму прамачыць горла — і раз, і другі, і трэці. А потым лісліва пытаюцца: што б усё гэта значыла? А ён ім з важным выглядам вяшчае: гэта, маўляў, дзяржаўная тайна, але паколькі я шляхціц і трапіў да радавітай шляхты, то магу пад вялікім сакрэтам прызнацца, што праз Паляны, акурат во праз гэты салон, пройдзе жалезная каляя з Вільні ды на Жупраны. Пані Янкоўская тут у лямант: не губіце бедных сіротак, не разбурайце памяць па маім нябожчыку мужу… Мачыдлоўскі на лямант доўга не зважаў. Потым нібы працверазеў і нібы сам з сабой разважае: яно-то, вядома, можна было б каляю і скрывіць, можна было б дугой вакол Палян пусціць, але… Пані Янкоўская намёк зразумела і спытала: колькі? Мачыдлоўскі напусціў чмуру. Маўляў, не для яго гэта трэба. З-за павагі да радавітай шляхты ён згодны ўсе паслугі аказаць дарма. Але вось ёсць адзін высокі чыноўнік у Вільні… Адным словам, выцыганіў наш пісар у Палянах самы каштоўны абраз нейкага фламандскага майстра і…

Поделиться с друзьями: