Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Восень пасярод вясны

Мальдис Адам Иосифович

Шрифт:

— Не, ваша сяцельста, — спалохаўся Грыва. — Мне трэба раней бегчы. Мне, за перапрашэннем, трэба грубкі нанач паліць.

— Тады бяжы сабе з богам, бяжы! Але Грыва зноў грымнуўся на калені:

— Богам заклінаю, паночкі, не выдавайце толькі мяне, калі што там выкрыецца благое. І нагароды мне не трэба за вернасць царові. Абы толькі наўмыснікаў вылавіць. Абы толькі маніхвест не хавалі…

— Не схаваюць! — цвёрда паабяцаў Серабракоў. — Не змогуць схаваць. У газетах ён. ужо надрукаваны?

* * *

Ксёндз Генрык Вейсель, прыар Астравецкага дамініканскага кляштара, адчуў сябе блага яшчэ ў час ранішняй імшы. Спярша — як гэта ўжо не раз бывала — рэзка кальнула ў сэрцы. Потым — ужо ўпершыню — тупы боль разышоўся па грудзях.

Але, сабраўшы ўсю волю, прыар перамагаў сябе. Анямелай рукой даў прычасце перадвелікодным спавядальнікам. У закрыстыі яшчэ сам зняў арнат. І толькі тады папрасіў арганіста, каб ён узяў яго пад руку і непрыкметна адвёў у келлю. У келлі, не рассцілаючы пасцель, прысланіўся да падушак і нерухома праседзеў гадзіну і другую: а можа, пройдзе! Аднак боль не адпускаў. І тады, дзесьці ў абед, пацягнуў за стужку ад званочка, сказаў хлопцу-паслугачу, які прыадчыніў дзверы, каб той паклікаў брата Габздыля або брата Масойця. Праз колькі хвілін хлопчык вярнуўся і далажыў, што брат Габздыль паехаў да хворага ў Малі, а брат Масойць не з’яўляўся яшчэ з учарашняга вечара. Ва ўсім кляштары, паведаміў хлопчык, акрамя паслушнікаў ёсць толькі адзін брат Галабурда. Зранку сядзіць у сваёй келлі і нешта піша.

— То кліч тады хаця б яго! — папрасіў прыар. З братам Антонім Галабурдам адносіны ў яго склаліся напятыя, але выбару не было. Ды і выпадала, урэшце, папрасіць прабачэння, бо, ён гэта адчуваў, набліжаўся апошні час. Час усёдаравання. Усё жыццё ён адпускаў грахі сваёй пастве, а цяпер яны, авечкі, павінны дараваць свайму пастыру яго смяротныя і штодзённыя правіннасці. Колькі іх, тых правіннасцей? Не так ужо і многа, каб трапіць у пекла. Але не так ужо і мала, каб заслужыць на рай, Значыць, нешта сярэдняе, чысцец — тая ж геена вогненная, толькі з надзеяй на збавенее. Найгорай, аднак, што спавядацца ў правіннасцях прыйдзецца гэтаму Галабурдзе. Занадта ён разумны — усё бачыць навылёт. Ды і хто ён такі? Мужык, беглы катаржнік. Дарэмна прыгрэў яго ў кляштары, паслухаўшыся пані Кастравіцкай, дабрадзейкі кляштара… І тут жа спалохаўся гэтага «дарэмна»: зноў прагнявіў бога. Бо рабіць дабро трэба ўсім і ўсюды… Вось толькі ці дабро зрабіў ён тады, дваццаць год назад? А можа, зло? А можа, гэта смяротны грэх — прыняць на божую службу злачынца, на сумленні якога — жыццё двух чалавек, няхай сабе таксама грэшнікаў? І ці раскаяўся ён у зробленым, гэты Галабурда, а на самай справе Грымот, беглы катаржнік з Бабруйскай крэпасці? Калі раскаяўся, то добра. Тады будзе выбаўлены і сам грэшнік, і той, хто яму памог раскаяцца. А калі не раскаяўся, а толькі прыкінуўся, што стаў на калені? О, тады яго грахі каменем лягуць на мяне ў апошнюю часіну жыцця майго…

— Ляўдэтур Езус Хрыстус [1] , — пачулася ад парога.

Прыар уздрыгнуў ад нечаканасці, расплюшчыў павекі. Колькі гадоў ён сам настойваў, каб браты заходзілі ў суседнія келлі без ніякага папярэджання, ніякага стуку, бо нічога грахоўнага не можа быць у тых келлях ані ўдзень, ані ўночы. А тут адчуў прыкрасць ад таго, што вось ён, непакорлівы брат Антоні, застаў яго з патаемнымі думкамі і глядзіць так, нібы чытае іх.

— Ін сэкуля сэкулёрум! [2] — ціха адказаў прыар.

1

Пахвалёны Ісус Хрыстос (лац.)

2

На векі вякоў! (лац.)

— Клікалі, вялебны ойча?

— Клікаў. Вазьмі зэдлік і прысядзь побач. Рэдка мы з табой гаворым, а цяпер — трэба. Пагаварыць, як на споведзі…

Законнік падышоў да чыста вышараванага стала, на якім стаяла распяцце і ляжаў малітоўнік, выцягнуў з-пад нізу вузкі зздаль, прысунуў да ложка, цяжка ўсеўся, сашчапіў на каленях пудовыя рукі. Гэтыя рукі, як і ўся магутная постаць Галабурды, заўсёды раздражнялі хударлявага — толькі скура ды косці — прыара. Ад іх зыходзіла нейкая незразумелая моц, нейкі спакой. Такім рукам толькі араць або малаціць, а не перабіраць дробныя зернейкі ружанца! І наогул белая дамініканская сутана і белы каптур ніяк не пасавалі да мужыцкай постаці і мужыцкага твару брата Антонія. Яму больш падышла б, нечакана падумалася

прыару, шэрая сярмага. І з гэтым чалавекам яму, сыну курляндскага барона, трэба падводзіць рахунак усяго жыцця свайго… Божа мой, відаць, гэта кара твая за маю гардыню… А калі гэта кара твая, то прыму яе з годнасцю і ўдзячнасцю!

— Занядужаў я раптам, сыне мой. На дварэ вясна, сонейка свеціць, скаўронкі ўжо, мусіць, прыляцелі, а мне ў апошнюю дарогу збірацца пара. Заўсёды чамусьці здавалася, што гэты горкі келіх толькі для іншых прыгатаваны, што мяне ён павінен абмінуць, Што са мною ўсё будзе інакш… Ажно не абмінуў.

— А можа, яшчэ ўсё абыдзецца, — круглы твар Галабурды быў сама спагадлівасць. — Зараз п’яўкі паставім, а там у Вільню па лекара пашлём.

— Не трэба лекараў! Ніколі да іх не звяртаўся, то і цяпер не буду. Нельга ўмешвацца ў волю бога.

— Але, як кажуць, — гома прапоніт, дэус дзіспоніт [3] .

— Не трэба латыні, — прыжмурыў вочы прыар. — У тваіх вуснах гэтая мова гучыць так па-мужыцку, што я пачынаю сумнявацца ў яе высакароднасці.

— Што зробіш, — апусціў галаву Галабурда, — у мяне ж няма ступені магістра…

— А мог бы ім стаць! Пры тваіх здольнасцях — мог бы! І цяпер мог бы — у цябе яшчэ ўсё жыццё наперадзе. Але замест духоўнага самаўдасканалення ты траціш час на бясплодны занятак.

3

Чалавек мяркуе, а бог вырашае (лац.)

— Чаму ж ксёндз прыар лічыць, што пераклад свяшчэннага пісання, кнігі справядлівай, на гаворку тутэйшага народа ёсць занятак бясплодны? Калі мы прызнаём, што чалавек павінен размаўляць з панам богам, то абавязаны ён гэта рабіць на мове сваёй, зразумелай яму.

— Але ж на якой мове? — у прыары на момант ажыў прапаведнік, палеміст. — Не ведаюць вучоныя такой мовы! Ды і хто на ёй гаворыць? Жменька хлопаў.

— Ёсць такая мова, — Галабурда заставаўся вонкава спакойны, і гаварыў ён з прыарам, нібы з малым дзіцём. — І імя ў яе ёсць: беларусінская, або крывіцкая. Гавораць на ёй не толькі ў Астраўцы, але і на маёй роднай Магілёўшчыне, але і каля Бабруйска, каля Слуцка, каля Мінска… Ведаю, бо начаваў там, праходзячы, у мужыцкіх хатах… Разам тысячы, а то і мільёны набяруцца! Ну, а калі б нават і не тысячы. Няхай жменя, няхай сотня. Аднак жа яны — людзі. А старацца для людзей — хіба не ў гэтым сэнс святога пісання?

— Але мужыкам нашым зусім непатрэбна тое, што ты робіш, сыне мой. Яны добра абыходзяцца без кніг на тутэйшай гаворцы і са мной лёгка размаўляюць па-польску.

— Не кажыце, вялебны ойча. Калі я пачынаю з імі гаварыць па-нашаму, яны ахвотней адкрываюць мне свае душы і сэрцы. Як і ксяндзу Будрысу ў Гервятах, калі ён пачне размаўляць на літоўскай мове.

— Літоўская, — прыар вышэй узняўся на падушках. — Літоўская — іншая рэч. Яе не зблытаеш ні з польскай, ні з рускай. На ёй кніжкі набожныя даўно выходзяць. А на тутэйшай…

— І на беларусінскай выходзяць! — пераканана запярэчыў Галабурда. — Год з трыццаць назад выйшаў у Вільні катэхізіс. А калісьці быў беларускі пераклад Бібліі слаўнага доктара Скарыніча з Полацка. У Вільні мне яго кнігі паказвалі… Толькі сёння яны ўжо не чытаюцца. Трэба рабіць новыя, на жывой гаворцы.

— Не ведаю, сыне мой, не ведаю. Я ўзрос у іншай стыхіі, і тутэйшыя болькі дагэтуль мне не балелі, — прыар адчуў папрокі сумлення, што вось жа жыве побач чалавек, заняты нечым важным і, здаецца, карысным, а ён дагэтуль не знайшоў часу, каб з ім сардэчна пагаварыць, а цяпер, выходзіць, нават яго ўшчувае. — Я не пра гэта хацеў сказаць, сыне мой. А пра тое, што цябе часта ахапляе гардыня. Нябеснае цябе займае меней, чым зямное. Бязвер’я ў табе болей, чым веры.

— Бязвер’я, вялебны ойча, няма, а сумненні — сумненні ёсць. Ці так як трэба я жыву? Ці тое, што трэба, мы робім?

— Сумненні — першая ступенька ў декла…

— Але, ойча дарагі, якая можа быць вера, калі яна не грунтуецца на цвёрдых перакананнях! А да перакананняў я бачу адзін толькі шлях — праз сумненні. Гэта так натуральна для чалавека…

Прыар зморана прыкрыў павекі. У рэшце рэшт, чаго ён хоча ад гэтага мужыка? Хіба ён сам не пераадольваў такія ж сумненні, калі ў маладосці зачытваўся Кантам і Гегелем? Марыў тады казаннямі ператварыць увесь свет, зрабіць яго добрым і разумным.

Поделиться с друзьями: