Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

Адказаў проста, не адводзячы вачэй. Праўду сказаў.

Пасля дэманстрацыі Уладзімір Паўлавіч расказаў Сінякову пра начную прыгоду. Пятро Міхайлавіч не засмяяўся, змяніўся з твару. Толькі стары дапытлівы i навучаны жыццём Пыльчанка мог здагадацца, чаму спалохаўся малады, адукаваны, самаўпэўнены сакратар: што там, наверсе, пра яго маглі вось так падумаць.

Запрасіў яго на абед.

— Ты ж не быў на вяселлі. Між іншым, мае хвалююцца, што Глеб не прыехаў на свята.

Сінякоў адмовіўся. Няўжо баіцца? Што ж гэта робіцца? Як мы жывем? Адзін аднаго баімося. У гады праклятага застою пасля такой дэманстрацыі «парэзвы вадзілі» — з

кватэры ў кватэру, ад стала да стала. А сёння ніхто нікога не запрасіў. Можа, i збяруцца, але тайна, як падпольшчыкі.

Ад гэтага Уладзіміру Паўлавічу захацелася добра выпіць. A калі вярнуўся дадому, зазваніў тэлефон, «падліў масла» той жа начальнік міліцыі:

— Дык слухай, хто ўцёк. Твой баявы начальнік штаба — Пятрушкін. Рвануў з унукамі пасярод ночы.

Уладзімір Паўлавіч моцна вылаяўся, так, што пачулі на кухні жанчыны. Вольга Андрэеўна жахнулася, ёй стала сорамна перад нявесткай, ускочыла ў пакой, зачьшіла дзверы, дакорліва i грэбліва — якая брыдота! — скрывілася:

— Валодзя!

Мацней захацелася напіцца. Але ж не аднаму.

З кім? Безумоўна, ca сватам. На яго пасецы, дзе пяцьсот мілірэнтген. Чорт з імі, з рэнтгенамі, з бэрамі! Жыць дык жыць! Паміраць дык паміраць!

— Мама! Я паеду туды…

Вольга Андрэеўна замерла. Так, магчыма, замірае чалавек пад раптоўным ліўнем, калі адразу на яго абрушваюцца i радасць i навала, небяспека — ад удару бліскавіцы, ад вадаспаду. Радасць ад таго, што побач чалавек, жанчына, якая з такой жа любоўю, страхам, болем думае пра яе сына. Хіба не думала яна сама ўсю бяссонную ноч, што трэба паехаць туды, знайсці Глеба i пераканацца, што яму нічога не пагражае. Ірына думае пра гэта ж. Але ад таго, што i маладая жонка трывожыцца гэтак жа, надвоілася адчуванне небяспекі.

Падышла, абняла Ірыну, дагэтуль толькі ў загсе вось так абняла. Там пацалавала. Тут не пацалавала — не з тае нагоды.

— Не, дачка, паеду я.

— Вас не пусціць Уладзімір Паўлавіч.

— А цябе адну я не путчу! ірыначка, дзіцятка мае… Ніхто цябе адну не пусціць…

— Мама, я не магу чакаць. Не за гарамі ж гэта, не за морамі. За дзень дайсці можна… А мы нічога не знаем: што там? што з ім?

— Паедзем разам. Удзвюх.

— Мама!

— А як паедзем? Бацька кажа: паромныя пераправы блакіраваны, дарогі перакрытыя…

— Паедзем ад нашых. Ліза i Віктар… вы не знаеце, якія яны дзелавыя. Як бацька. Яны прыдумаюць. Яны ўсё ўмеюць. Віктар праз любыя кардоны правязе. З нашага сяла многа хлопцаў працуе там, усе дарогі знаюць… Я пазваню Віцю, каб прыехаў,— але тут жа ўздыхнула. — Не, Віця ўжо, канешне, цёпленькі.

— Не на ноч жа гледзячы, Ірыначка. Заўтра. Заўтра раніцою… Ды i здаецца мне: Глеб сёння прыедзе. Глеб прыедзе!

Раздзел 3

Аўрал

I

Лявонцій Мікалаевіч — вялікі працаўнік. Ca студэнцкіх гадоў у яго быў суровы парадак — прачынацца не пазней шасці. Толькі тройчы за год ён дазваляў сабе паснаць пазней — першага студзеня, другога мая i восьмага лістапада. Адсыпаўся ледзьве не да абеду, набіраў сну на месяцы напружанай працы. У яго пурытанскім жыцці — не піў, не курыў, не гуляў ні ў карты, ні ў більярд, на лыжах, праўда, хадзіў — тры дні сну былі ўзнагародай не толькі самому сабе, але i ўзнагародай хатніх — жонкі, дачкі, унукаў: усе шанавалі i пільна ахоўвалі яго сон. Акрамя зяця. Той, няўдзячны свінтух,

п’янюга, мог па-конску фыркаць у ванне, па-разбойніцку свістаць пад акном дачы. Любога іншага за такую непавагу Дырэктар расцёр бы ў парашок, а зяця не крані: жонка i дачка дзьмухаюць на яго, як на скулу, — не пакрыўдзіўся б Генадзічак; ад крыўды яго пакутавала хваравітая Тоня. Чуў, як за адчыненым акном зяць бухае валейбольным мячыкам. Чуў нават як упрошвала дачка i павяла некуды ў лес ці на пляцоўку побач з дачай суседа. Няхай пабухаюць ля таго аматара паесці, выпіць i паспаць.

I Лявонцій Мікалаевіч зноў пагрузіўся ў салодкі сон. I сніў прыемнае — дзіцячую гульню.

Разбудзіла жонка, далікатна тузала за плячо.

— Лёня… Лёня, прачніся. Тэлефон. Ягор Кузьміч.

Напружыў сонную памяць, успамінаючы, хто з яго падначаленых Ягор Кузьміч, каб у думках паслаць яго… Але ўбачыў трубку, якую працягвала жонка, — пераключыла тэлефон на спальню; па колеры трубкi сцяміў, які Ягор звоніць. Адкінуў коўдру, падхапіўся з ложка, выцягнуўся ў пакамечанай піжаме ўсё роўна як у парадным мундзіры.

— Слухаю, Ягор Кузьміч.

— Ca святам.

— Дзякую. I вас.

— Што ў вас робіцца ў сувязі з аварыяй?

— У нас? Паставілі жывёлу на стойлавае ўтрыманне. Учора на трыбуне на гэтай меры настойваў старшыня аграпрома.

— На якой адлегласці вы?

— Кіламетраў сорак-пяцьдзесят.

— Ды не. Мне далажылі: бліжэй.

— Вы маеце на ўвазе вёскі?

— У сё, дзе жывуць людзі.

— Вёскі бліжэй. Райцэнтры…

— Ёсць думка вучоных: эвакуіраваць з вашых сёл малых дзяцей i цяжарных жанчын. Не цягніце. Увечары засядае Палітбюро. Буду дакладваць.

— Слухаюся, Ягор Кузьміч.

Палажыўшы трубку, Лявонцій Мікалаевіч ажно застагнаў, спалохаўшы жонку.

— Што здарылася, Лёня?

— Нічога.

A перажываў ён з-за драбязы. Для каго іншага, можа, i драбяза, а для яго — аварыя. Не мог дараваць сабе. Навошта павялічыў адлегласць? З якой мэтай? I атрымаў моцную пстрычку па носе. Слёзы коцяцца. Каб жа не ведаў, то было б даравальна. Але ж добра ведаў, на якой адлегласці ад станцыі бліжэйшыя беларускія вёскі, назвы гэтых вёсак запомніў з тапаграфічнай карты — дакладваў начальнік грамадзянскай абароны. Але як дакладваў? Без трывогі. Во хто вінаваты — начальнік. I вучоныя. З ix трэба зняць стружку!

«Што ў вас робіцца?» А што ў нас робіцца?

Пазваніў загадчыку аддзела навукі. Падняў з ложка, як паднялі яго. Спытаў без вітання, без прэамбулы:

— Што ў нас робіцца па дакладной Мартынюка?

Іван Міхайлавіч засоп у нос. Што робіцца? Дакладная, пазначаная сінім i чырвоным фламастэрамі, была спушчана яму, але, акрамя яго размашыста напісанага прозвішча, ніякай рэзалюцыі на ёй не было. Што ж можна было зрабіць?

— Выехала група з Гомельскага універсітэта.

— Медыкі выехалі?

— Гэта не па маёй часці.

Дырэктар вылаяўся.

— Дзеячы! Раздзялілі рэспубліку на дзялянкі. I самі не знаеце, дзе чыя частка. Я павінен паказаць вам. Чаму Мартынюк не дачакаўся прыёму?

Іван Міхайлавіч сціснуў трубку да болю ў пальцах i засоп мацней. Паспрабуй сказаць, што чакаў да шасці вечара. Немагчыма прадбачыць рэакцыі. Але пэўна адно: з памочнікам адносіны сапсуеш, бо віна будзе перанесена на яго, калі сказаць шэфу праўду, што званіў памочніку многа разоў у прысутнасці акадэміка. Сябе Дырэктар не абвінаваціць, не было такога яшчэ. Вінаватымі будуць яны, выканаўцы.

Поделиться с друзьями: