Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без

Некляев Владимир Прокофьевич

Шрифт:

Каля бампера “Варшавы”, у якой быў адчынены багажнік, побач з Арцёмам стаяў Гурык. Ён быў не “ўвесь у бліскучым” — у цывільным.

— Кажу табе: на паляванні ўчора былі. Пасля выпілі. Позна лёг. Рана ўстаў. Забыўся дастаць. Дый часу не было, — рэбрамі абедзвюх далоняў рассякаў Арцём паветра над багажнікам, ад якога Гурык, засунуўшы рукі ў кішэні, не адрываў вачэй. Машына стаяла бокам да нас, нам не было відаць, што ў багажніку, але мы й не гледзячы ведалі: новенькая “іжэўка” і карабін “Browning”. Учора, калі мы вярнуліся з палявання, Арцём сказаў Амерыканцу (гэта ягоная новенькая “іжэўка”) і Вілу (гэта ягоны “Browning”), каб забралі з багажніка ўсё лішняе, бо яму заўтра з раніцы працаваць, а Віл з Амерыканцам не палічылі стрэльбу і карабін лішнімі. Калі б яны забралі іх, трэба было б ісці дахаты — не пацягнешся ж з дубальтоўкамі на танцы ў Палац прафсаюзаў. Вось яны і пакінулі іх у багажніку службовай машыны

карэспандэнта Усезаюзнага радыё ў дзень, калі з плошчы імя Леніна ён вёў рэпартаж пра сустрэчу Першага сакратара ЦК КПСС Мікіты Сяргеевіча Хрушчова з працоўнымі Мінска, чаму й “Варшаву” ягоную на плошчу прапусцілі.

Раптам у двор убеглі людзі, чалавек дзесяць, адзін падбег да Гурыка, нешта сказаў яму — Гурык ляснуў дзверцай багажніка і заштурхаў Арцёма ў машыну.

— Вы хто? Давай адсюль! — падскочыў да нас адзін з гэбістаў, а гэта былі яны, бо каго ж яшчэ, як сваіх, сустрэў бы Гурык, які ўбачыў нас і замахаў рукамі, каб мы сыходзілі, і Віл рушыў да ўвахода ў краму, але яшчэ адзін гэбіст пераняў яго: “Куды?! У пад’езд!” — і ў гэты момант укаціўся ў двор пузаценькі чалавек у каракулевай шапцы і ў доўгім, мехаватым паліто: Хрушчоў! Я пазнаў яго, хоць і вачам сваім не паверыў. І Віл яго пазнаў… І абодва мы пазналі Джона і Асю з Воранам: яны ледзь паспявалі за Першым сакратаром ЦК КПСС, які немаведама чаго папёрся з плошчы ў двор, дзе стаяла машына з дзвюма стрэльбамі ў багажніку, адна з якіх належала амерыканцу, а другая — актывісту антысавецкай групоўкі Сысоя. “Капец нам!” — мільгнула ў галаве, калі я ўбачыў, што Хрушчоў коціцца калабком не ў дзверы крамы, дзе ён, як Віл казаў, захацеў купіць крымскага партвейну і швейцарскага сыру, а кіруе наўпрост да нас, да мяне з Вілам — ды яшчэ крычыць: “Гэта вы тут перадавая моладзь, якая пратэстуе супраць зносу ўсялякага барахла?!.” А Косця Воран бяжыць побач з ім і дробна ківае: “Яны, яны, яны…”

Калі Хрушчоў, зацікаўлены чорным чалавекам з белым баянам, выйшаў на плошчу, дык у першым шэрагу прагрэсіўнага чалавецтва, аточаным міліцыянтамі і гэбістамі, убачыў побач з мурынам высокую, з зеленаватым смуткам глыбінных, саміх у сабе затоеных, вачэй, прыгажуню, якая сунула яму пад нос ватман, а нейкі хлопец нешта на тым ватмане спрабаваў паказаць і штосьці мямліў пра нейкую старую Нямігу і нейкую архітэктурную рэканструкцыю. Мікіта Сяргеевіч любіў прастату стандартных, складзеных з блокаў пяціпавярховікаў, кватэркі ў якіх у ягоны гонар народ назваў хрушчоўкамі. Аніякіх архітэктурных рэканструкцый, як і мастацкіх абстракцый, ён не трываў, таму страціў цікаўнасць да баяніста і вырашыў разабрацца з архітэктарам. А тое, як ён з ім — і ўсімі намі — разбярэцца, залежыла ўжо не ад Ворана з ягоным ватманам. Залежыла ад Гурыка. Ад таго, адчыніць ці не адчыніць ён багажнік “Варшавы”, дзе ляжалі паляўнічая “іжэўка” і двухствольны, пяцізарадны “Browning”, ніжні ствол якога — пад паляўнічы патрон 12-га калібру, а верхні — пад баявы патрон калібру 7,62.

Гісторый пра замахі на жыццё Хрушчова то ў Белавежскай пушчы, дзе яго нібыта памежнік нейкі застрэліць збіраўся, то на Хрэшчаціку ў Кіеве, дзе на яго накінулася жанчына з нажом, то ў Тбілісі, дзе ў яго збіраліся шпурнуць бомбу, распавядалася шмат, але насамрэч ні застрэліць, ні зарэзаць, ні бомбай падарваць Першага сакратара ЦК КПСС ніхто ўсур’ёз не спрабаваў — і ён не быў гэтым напалоханы. Таму і бегаў па дварах, дзе стаялі машыны, у багажніках якіх маглі стрэльбы ляжаць.

Пры такім спакойным жыцці незразумела было, за што атрымлівалі грошы гэбісты, якія ахоўвалі Хрушчова, і яны прыдумалі гісторыю з Кэнетам Крэбам, вадалазам ВМС Вялікабрытаніі, які нібыта прымацаваў да днішча крэйсера “Арджанікідзе”, на якім знаходзіўся Хрушчоў падчас візіту ў Англію, міну. Гэбісты, канечне, і пад вадой міну ўбачылі, правадыр застаўся жывы, а вось Крэба не стала — і ніхто дасюль не ведае: як?

Калі б Гурык адчыніў багажнік «Варшавы», нас магло не стаць — і ніхто дасюль не ведаў бы, як…

Перад Гурыкам была дылема: адразу выкрыць антысавецкую групоўку, якая падрыхтавала замах на жыццё Першага сакратара ЦК КПСС, ці адкласці выкрыццё на потым, калі Хрушчоў будзе далей ад стрэльбы з карабінам? «Ну, добра, — мусібыць, вагаўся ён. — Выкрыў. А як дапусціў?..» Праз гэта гэбіста Гурыка таксама магло не стаць, невядома як. Як вадалаза Крэба.

Пакуль Гурык вагаўся, з рыпам адчыніліся абітыя бляхай дзверы, што вялі з двара ў краму. З іх выйшла крамніца Анжэла, знаёмая Віла. Яна зірнула недаўменна на Хрушчова, на мурына побач з ім, на Віла, на гэбістаў, дастала цыгаркі з кішэні халата і запаліла.

— Вось! — тыркнуў пальцам у яе Хрушчоў і ўзяўся рукі ў бокі. — Пе-ра-да-ва-я моладзь! Піць ды паліць, як у Амерыцы! Тут што такое?.. — падскочыў ён да Анжэлы, адпіхнуў яе ўбок і з чорнага хода рынуўся ў краму — па швейцарскі сыр ды крымскі партвейн…

Калі

Хрушчоў праз парадныя дзверы выйшаў з крамы, нас усіх разам з крамніцай Анжэлай заштурхалі ў склад, дзе было віно з сырам, потым падагналі машыну — і з двара дома на Савецкай, якога ўжо няма, прывезлі ў двор будынка КДБ, які стаіць, як стаяў. Нас не сталі трымаць у двары, адразу павялі ў сутарэнні. Кожнага паасобку.

Праходзячы цераз двор, я зірнуў на сцяну ў чырвоных пырсках і ўжо не меў сумневу: расстраляюць.

Вуліца Камсамольская, колішняя Феліцыянская

У гэтыя сутарэнні, у гэты глухі, падобны на пенал падвальны пакой мяне зноў кінуць праз многа-многа гадоў. Голага вырвуць з-пад кропельніцы ў палаце рэанімацыі, закруцяць у коўдру і выкрадуць са шпіталю, у якім, на горкі яблык збіты міліцыяй, я, ужо не хлопчык, не студэнт электратэхнікума сувязі, а кандыдат у прэзідэнты, якога міліцыя павінна была не біць, а ахоўваць, апынуся па дарозе да той самай плошчы, з якой прывезлі мяне цяпер.

«Лёсу кругі, як кругі на вадзе: Кропелька падае з рук. Кожны з кругоў на Боскім судзе — Адзін і той жа круг»,

— спяваў Гарык Клябанаў, і Палкоўнік, ківаючы, казаў: «Так-так, нам толькі здаецца, што кругоў многа, а круг адзін. Так што можна іх не лічыць».

Ён ківаў і гэтак казаў, але лічыў свае кругі.

Праз многа-многа гадоў ва ўжо нібыта не савецкай, а незалежнай Беларусі я прыйду ў дзень галасавання на выбарах прэзідэнта на вуліцу Інтэрнацыянальную да Генеральнай пракуратуры, каб… Зрэшты, не так важна, дзеля чаго я прыйду да Генеральнай пракуратуры, побач з якой каля кінатэатра «Перамога», які быў некалі клубам імя Сталіна, дзе выступаў джаз-аркестр Эдзі Рознэра, убачу татарку Нэлу. Мы адразу пазнаемся, хоць не бачыліся з таго дня, як я з’ехаў ад яе ў вясновым тралейбусе, у якім пахла першымі пралескамі. Аднойчы сустракаліся, праўда, у тралейбусе зімовым, але, сустрэўшыся, не ўбачыліся. Так бывае… І праз многа-многа гадоў у валасах татаркі Нэлы сіненькім агеньчыкам будзе свяціцца заколка, падобная на пралеску. Вось што важна, а не тое, дзеля чаго я прыйду да Генеральнай пракуратуры.

«Пакляніся, што правядзеш мяне праз усё жыццё пад руку!..» — капрызна запатрабавала татарка Нэла, калі я, ніякавата азіраючыся па баках, вёў яе пад руку з танцаў у Палацы прафсаюзаў. Я пакляўся. Але ўсе нашы клятвы пішуцца на хуткаплыннай вадзе…

Татарку Нэлу вёў пад руку мужчына ў доўгім, падобным да шыняля, шэрым паліто і ў каракулевай, як у той дамы з першага тралейбуса, шапцы. Той самай дамы, на якую я загадаў: калі яна выйдзе з тралейбуса і рушыць уперад па праспекце — ажанюся з габрэйкай Асяй, калі пойдзе назад — з татаркай Нэлай. Але дама не пайшла па праспекце ні наперад, ні назад, звярнула на вуліцу Даўгабродскую — і ні з татаркай Нэлай, ні з габрэйкай Асяй я не ажаніўся. З Асяй ажаніўся Гурык, а з Нэлай, хутчэй за ўсё, вось гэты — у шэрым шынялі і каракулевай шапцы: маёр Гагарын. Не той, які ўзляцеў у космас, а той, які дапытваў мяне ў КДБ, і якога, як і Нэлу, я адразу пазнаў.

Маёр Гагарын таксама пазнаў мяне адразу. Некалі ён дапытваў мяне не толькі ў КДБ — яшчэ і ў тэхнікуме, у якім я вучыўся і з якога мяне праз КДБ з ягонымі генераламі, маёрамі і старшымі лейтэнантамі маглі выгнаць. «Глядзі, твой кандыдат у прэзідэнты…» — сказаў ён татарцы Нэле, пакуль я разгублена вырашаў, што мне рабіць: заўважыць Нэлу, ці не пазнаць праз многа-многа гадоў? Жанчыны не любяць, калі на іх глядзяць праз гады…

Татарка Нэла зірнула на мяне і залілася румянцам.

Гэтаксама румянілася і габрэйка Ася. Абедзве мае каханыя, заліваючыся румянцам, выйшлі замуж за гэбістаў.

«Ты абвінавачваешся ў спробе замаху на жыццё Першага сакратара ЦК КПСС, Старшыні Савета Міністраў СССР Мікіты Сяргеевіча Хрушчова…» — сталёва гледзячы мне ў вочы, дзёўб маёр Гагарын, які нездарма паабяцаў, што мы яшчэ сустрэнемся, і пульсавала ў маіх скронях, білася ў грудзях, трэслася ў пальцах: рас-стра-ля-юць… рас-стра-ля-юць… рас-стра-ля-юць…

«Вы абвінавачваецеся ў падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту, у спробе ўзброенага захопу ўлады…» — крыварота, гледзячы некуды ўбок, бо сам не верыў у тое, у чым абвінавачваў, гугнеў праз шмат гадоў адзін з трох гэбістаў, якія з’явіліся сярод ночы ў глухое, у якое мяне ўкінулі голага, сутарэнне «амерыканкі», унутранай турмы КДБ. На вуліцы лютаваў мароз, на сценах сутарэння бялела шэрань. Я так скачанеў, што ўжо не рухаўся, і мне ўсё адно было: расстраляюць мяне, павесяць, ці на кастры спаляць, але лепей бы спалілі — цяплей было б…

Поделиться с друзьями: