Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без

Некляев Владимир Прокофьевич

Шрифт:

— Што ж ты раней маўчаў? — пытае Віл, нервова выпіўшы каньяк.

Эдзік расціскае дулю:

— А ты пытаўся?.. — І доўжыць, не надта зважаючы на нервовасць Віла. — У Маскву Гурык перавёўся і ў генералы выбіўся, і праз тое, што Амерыканца падрыхтаваў Кенэдзі забіць, і праз тое, што не даў забіць Хрушчова, выкрыў групоўку тэрарыстаў, — вось што такое Гурык. І вы мне будзеце казаць, што мы сярод нармальных людзей у нармальным часе жылі?.. Выклікаць ува мне настальгію?

Ніхто нічога пра час, у якім мы жылі, Эдзіку не казаў і настальгію не выклікаў — ён сам сказаў і выклікаў. Нам усім у тым часе, як, зрэшты, і ў гэтым, трэба было б да псіхіятра, калі б ён ведаў, чым лячыць?.. У мазгах краіны, дзе мы жылі і жывем, бо нікуды яна не падзелася, ёсць штуковіна

такая, як відэамагнітафон, і ўсё паўтараецца раз за разам — самалёт ляціць над усёй бальніцай…

Але нашто нам было Хрушчова забіваць?

Віл не разумее тое самае, што і я, таму адсоўвае пусты кілішак і пытаецца ў Эдзіка, ды нават не ў Эдзіка, а нібыта ва ўсіх: “А за што майму брату Хрушчова было забіваць?..” — і Эдзік нібы за ўсіх адказвае: “Відаць, было за што, калі забіць хацеў”.

— Амерыканец хацеў забіць Хрушчова, а не брат, — пачакаўшы, пакуль каньяк у ім сагрэецца, закусвае скрылікам лімона Віл. — Вы што: забыліся?..

Я помню… Таму пытаюся ў Віла:

— А навошта яно Амерыканцу было?..

Плошча Незалежнасці, былая Плошча Леніна

— Ты чаму ў інтэрнаце жывеш? — спытаў аднойчы Амерыканец Джыма Калеснікава па мянушцы Кола, студэнта філфака Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. — Грошай на кватэру не маеш?

Грошы ў Джыма былі — і Амерыканец, каб Джыму зручна было, параіў яму зняць кватэру ў доме цераз дарогу ад галоўнага ўніверсітэцкага корпуса. Дом той, цагляны, чатырохпавярховы, з калонамі і ляпнінай, з прадуктовай крамай на першым паверсе, фасадам глядзеў на вуліцу Савецкую, правым крылом выходзячы на плошчу Леніна. Цяпер яго няма — зруйнавалі. Прагульваючыся па Мінску, Першы сакрататар ЦК КПСС, Старшыня Савета Міністраў СССР Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў, які меў цікаўнасць да архітэктуры, заўважыў, што, калі дом знесці, дык плошча Леніна ў беларускай сталіцы стане самай вялікай плошчай Леніна ва ўсім Савецкім Саюзе. “Гэта было б, — сказаў ён, — сімвалічна, бо беларусы — найверныя ленінцы, якія першымі ўступяць у камунізм”. І Мікіта Сяргеевіч, зрабіўшы крок наперад, тупнуў нагой, дэманструючы, як яно, тое ўступленне ў камунізм, прыблізна будзе выглядаць.

— Ён хацеў бы, каб усе беларусы, уступіўшы ў камунізм, змясціліся на адной плошчы, — выказаў меркаванне Палкоўнік, і калі Віл, не зразумеўшы, спытаў: “Навошта?..” — Палкоўнік тыцнуў пальцам у акно: — Каб выступаць адразу перад усімі!

Два акны кватэры, якую Амерыканец параіў наняць канадцу Джыму, выходзілі на Дом урада, з гаўбца якога на другім паверсе выступаў перад сагнанымі на плошчу менчукамі таварыш Хрушчоў. Маленькі, таўсценькі, у куцавата-шэрым паліто з каракулевым каўняром, ён, падскокваючы, кідаўся і кідаўся грудзьмі на парэнчы гаўбца, крычаў і крычаў, размахваючы заціснутай у кулак каракулевай папахай, і каракулевая пара, вырываючыся з ягонага роту, клубілася над ягонай лысінай.

“Таварышы!

Мы сабраліся сёння ў слаўнай сталіцы Беларусі горадзе Мінску, дзе 60 год назад праходзіла работа Першага з’езда Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі”. (Апладысменты).

— Калі яго ў музей прывозілі, я на заводзе быў, — кажа Амерыканец, які жыве насупраць музея першага з’езда РСДРП. — Шкада…

— Чаго табе шкада? — пытае Кола, да якога набіліся мы ў госці, каб паглядзець на сустрэчу Хрушчова з народам, і амерыканскі марскі пехацінец, які прыехаў у СССР, паверыўшы ў камунізм, кажа сыну канадскага мільянера: “Савецкага народа шкада…”

Гэта значыць: нас. Мяне, Эдзіка, Віла, Біга, Гарыка — усіх. А чаго нас шкадаваць? Вось мы сядзім, крымскі партвейн п’ём, швейцарскім сырам закусваем…

Шкада, што Асі няма. Не прыйшла.

І Воран не прыйшоў.

Дзе няма Асі, там няма Ворана.

“Народ сёння радуецца таму, што нашы вучоныя, інжынеры, рабочыя стварылі і паспяхова запусцілі касмічную ракету, якая цяпер імкліва ляціць па зададзеным курсе ў напрамку да Месяца”. (Бурныя

апладысменты).

З вокнаў добра відаць, як бурна, паставіўшы баян у ногі і ўзняўшы рукі над галавой, стараецца выпляскаць сваё захапленне студэнт Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі Джон Дак, Джон-вуця — адзіны на ўсю плошчу мурын. Джона наўмысна паставілі ў першы шэраг насупраць гаўбца, каб Мікіта Сяргевіч бачыў, што паўсюль, дзе б ён ні выступаў, хай сабе нават у Мінску, яго слухае і ім захапляецца ўсё прагрэсіўнае чалавецтва. І не ведае таварыш Хрушчоў, што пасля таго, як прагрэсіўнага мурына ледзь не расстралялі ў двары Камітэта дзяржбяспекі, ён гатовы зрабіць усё, што скажуць. Сказалі прыйсці з баянам без футурала і пляскаць — прыйшоў з баянам без футурала і пляскае. Пасля баян пад паху — і ў Канаду! І перастраляйце вы тут па дарозе да камунізму хоць усе ўсіх…

— Алік, — адкаркоўвае ўжо трэцюю пляшку віна Віл, — а чаму амерыканскія ракеты да Месяца не далятаюць?

Амерыканец маўчыць, стаіць побач з Палкоўнікам і глядзіць у акно, а Віл, не чакаючы адказу, налівае і выпівае шклянку віна, крымскага партвейну “Кактэбель”, які купілі мы ў краме на першым паверсе таго ж дома, на апошнім паверсе якога зараз яго п’ём, закусваючы швейцарскім сырам і назіраючы за маўклівым народам і гаваркім правадыром.

Пакуль правадыр не прыехаў у Мінск, ніводнага разу крымскага партвейну, як і швейцарскага сыра, якім партвейн закусваем, мы ў нашай краме не бачылі. Гэта ўчора з вечара навезлі ўсяго, але да раніцы нічога не давалі — і ўсю ноч каля крамы таўклося столькі людзей, што іх якраз хапіла на мітынг.

Шчасліўцаў, якім удалося ў краме нешта ўхапіць, на плошчы нямнога… У Віла крамніца знаёмая, таму мы з віном і сырам.

— Бо савецкія ракеты ўсіх даганяюць і пераганяюць… — ківаецца ўзад-уперад Палкоўнік і раптам кажа Амерыканцу. — Калі яго канчаць, дык адсюль зручна. Зручней не прыдумаеш.

Віл паварочваецца да Палкоўніка:

— Каго канчаць? Хрушчова?

— Джона, — гэтак жа задумліва гледзячы на плошчу, адказвае Палкоўнік. — Распляскаўся там…

Палкоўнік не любіць Джона не за тое, што той мурын. Ці чорны ты, ці белы — Палкоўніку напляваць. Ён не любіць Джона за сквапнасць. А яшчэ больш за тое, што бацька Джона — капіталіст.

Палкоўнік аднолькава не трывае і камунізм, і капіталізм. Апошні — чыста тэарэтычна. Але з тэорыі вынікае, што капіталізм, як і камунізм, г. но. Першы прывязвае чалавека да ідыёцкіх ідэй, другі — да прыдуманых ідыётамі рэчаў. Да грошай. Нідзе няма свабоды. Таму, намагаючыся стварыць мадэль насамрэч вольнага грамадства, Палкоўнік спрабуе вырвацца з рэальных палітычна-грамадскіх фармацый — але як і куды?..

Гэтага ён пакуль не ведае, таму схіляецца да анархіі. Да Крапоткіна. І нас схіляе. Я нават вершы пра Крапоткіна напісаў:

Вас кіне ў пот! Вы накладзеце ў порткі, Калі дастане пісталет Крапоткін!

Эдзік Гарачы, які ціха сядзіць каля акна, папівае віно і глядзіць на плошчу, чытаў гэтыя вершы ў тэатры. У спектаклі пра рэвалюцыю. Калі рэжысёр спытаў, якое права мае актор прамаўляць нешта такое, чаго няма ў тэксце п’есы, Эдзік адказаў: “Права творчай свабоды”. Больш ён у тым спектаклі не ўдзельнічае. Добра, што ў тэатры пакінулі.

“Мы радуемся таму, што гэтая новая вялікая перамога Савецкага Саюза супала з вашым слаўным юбілеем”. (Апладысменты).

У Палкоўніка сёння слаўны юбілей. Ён падлічыў, што яму споўнілася 32 гады 2 месяцы і 3 дні. Калі дні паставіць паперадзе месяцаў, атрымаецца 32: колькасць дзён і месяцаў супадзе з колькасцю гадоў. Лепш, канечне, каб споўнілася 32 гады, 3 месяцы і 2 дні, тады і лічбы перастаўляць не трэба было б. Але такі слаўны юбілей яшчэ наперадзе, да яго застаўся адзін месяц без аднаго дня.

Іншым разам мне здаецца, што Палкоўнік сапраўды не надта нармальны — і яго зусім не за Сталіна ў турэмную вар’ятню заканапацілі, калі яму было 22 гады 2 месяцы і 2 дні…

Поделиться с друзьями: