Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без
Шрифт:
— Як і з намі, — сказаў сын маёра Гагарына. — Думаю, гэта вы таксама разумееце.
Гэта я разумеў… Але нічога з таго, што загадалі ім выбіць з мяне іхнія гаспадары, не існавала. Нідзе не было. Ні на Зямлі, ні на Месяцы.
— Я не буду падпісваць. Калі здолею вытрываць…
Сын маёра Гагарына пакруціў галавой:
— Не здолееце.
Ён круціў галавой так, як сказаць нешта хацеў, каб астатнія не пачулі. Як падаваў нейкі знак… Я й раней заўважаў, што ён хоча ад іншых гэбістаў неяк адасобіцца, паказаць, што ён з імі толькі па нявыкрутцы. Але ж круціцца з імі — дык чаго тады галавой круціць?..
Бацька ягоны не круціў.
— Нашага сына завуць, як цябе, і ён многае пра цябе ведае, — сказала татарка Нэла. — Нават пра тое, як вы з Амерыканцам хацелі Хрушчова забіць, і Амерыканец карабін у нашай кватэры схаваў.
Шмат гадоў таму татарка Нэла жыла ў тым жа доме, у тым жа пад’ездзе, дзе здымаў кватэру канадзец Джым Калеснікаў. На тым жа апошнім паверсе, на той жа лесвічнай пляцоўцы — дзверы ў дзверы. З тых дзвярэй я некалі выйшаў пад раніцу, каб ужо не пастукаць у іх ні днём, ні вечарам… У тыя дзверы пастукаўся Амерыканец, які, падняўшыся на дах, убачыў, што ў двор дома ўслед за Хрушчовым бягуць гэбісты. Ён спусціўся з гарышча, яму трэба было недзе схаваць карабін, — і ён ведаў, дзе жыве татарка Нэла, якая танцавала з ім рок-н-рол у Палацы прафсаюзаў.
Аднойчы пасля танцаў у Палацы прафсаюзаў Нэла выйшла з кватэры Джыма Калеснікава і ўвайшла ў сваю кватэру ўся падраная… І дапытваць яе прыехалі маёр і старшы лейтэнант. Гагарын з Гурыкам.
— Шкада, карабін я тады не знайшоў… — хмыкнуў маёр Гагарын. — Стаў бы генералам і меў бы жонку-генеральшу. Я адразу, як толькі яна дзверы адчыніла, па ёй убачыў: дзеванька ведае, чаго мы да яе прыйшлі. Зброя тут. Але знізу раптам крыкнулі, мы ўсе кватэры ператрасалі: “Знайшлі!..” Я спусціўся: карабін. Браўнінг. Пасля аказалася: не той. І гаспадар — наш супрацоўнік. З тэхнічнай службы, але наш. Я зноў наверх, усё абшарылі — нічога. А Нэла, пакуль мы ўнізе з нашым тэхнічным супрацоўнікам разбіраліся, карабін на гарышча падняла. Ну, хто будзе шукаць там, дзе ўжо шукалі?.. Дый падумаць я не мог, што яна на такое здольная. — Ён пацёр шыю, нібы яму гальштук муляў. — Так што вы ёй абавязаны. А я — вам. Не ляпні вы спачатку пра карабін, а пасля пра Нэлу — не стала б яна маёй жонкай. Усё наша жыццё з адных ляпаў.
— Чаму наша? — няласкава спытала татарка Нэла. — Тваё… — І праз гэтую няласкавасць зноў я ўспомніў, як некалі з’ехаў ад яе ў вясновым тралейбусе, у якім пахла першымі пралескамі, і як потым спрабаваў вярнуцца ў тралейбусе зімовым, але вярнуцца ўжо было немагчыма, позна. Я і ўспамінаць не хацеў пра гэта, бо вінаваты быў, наскрозь вінаваты і нават не думаў, што некалі яна мне даруе, а татарка Нэла зазірнула мне ў вочы. — Ты чаму не вярнуўся?.. Я за яго пайшла, бо за цябе баялася. Ён мяне застрашыў… І тым карабінам, і тым афрыканцам, які мяне… якога ты…
Яна заплакала…
Я ўстаў і пацалаваў заколку ў яе валасах. Сам не чакаў, што пацалую…
Гэта выглядала, канечне, тэатральна, маёр нават скрывіўся: маўляў, тэатр — але што ёсць наша жыццё? І хто ў маім жыцці маёр Гагарын, каб я зважаў, крывіцца ён ці не?..
Нэла скрозь слёзы ўсё зазірала мне ў вочы — я ледзь вытрываў позірк…
— Чаму ты не вярнуўся?.. — паўтарыла яна, мезенцам слязінку скінуўшы.
— Бо дама ў каракулі павярнула на Даўгабродскую.
— Што? — не зразумела Нэла. — Якая дама?..
Каб я ведаў…
Нікога і нічога мы не ведаем. Мяркуючы, што ведаем усё пра ўсё і ўсё пра ўсіх.
Некалі, апроч
дамы ў каракулі, была яшчэ дама з мандарынамі. Я на абедзвюх загадваў, як на лёс, а яны прабеглі міма па вуліцах Даўгабродскай і Падлеснай, і нават на імгненне думка ў іх не мільгнула, што яны прабеглі — і ўсё бягуць — праз маё жыццё…Час падціскаў, я развітаўся, каб пайсці — маёр Гагарын прыпыніў мяне.
— Ваш Гурык, генерал Гурковіч, прыехаў назіраць за вамі. Разумееце?.. Я вас папярэдзіў. Лічыце, што аддзячыў. — І ён кіўнуў у бок татаркі Нэлы. — За яе.
Шкада, што яна дасталася яму.
Нэла ўратавала Віла, Палкоўніка, Гарыка, Эдзіка, Амерыканца, мяне… Не ўратавала толькі Джона Кенэдзі. Калі б яна не схавала карабін, наўрад ці Амерыканец пабачыў бы Амерыку. І Прэзідэнта Злучаных Штатаў, які разам з Хрушчовым хацеў адкрыць свету таямніцу іншапланецянаў, ніхто б не забіў.
Ці ўсё адно забіў бы нехта?..
— Скажыце, — спытаў я, ужо выходзячы з кавярні, пра тое, пра што ад самага пачатку хацеў спытаць. — У Навінках… у вар’ятні…
Я зрабіў паўзу, каб паглядзець, як ён зрэагуе. На ягоным твары нічога не зварухнулася.
— Што ў Навінках у вар’ятні?..
Не скажа.
— Нічога.
Сын маёра Гагарына паклаў маю руку локцем на край стала.
— Не падпішаце вы — нехта падпіша. Нам усё адно, хто… Кандыдатаў хапае. Але я асабіста хацеў бы, каб гэта былі вы. Разумееце?..
Я зразумеў, чаго ён галавой круціў. І чаму маёр Гагарын двойчы сказаў: “З маім сынам не памыліцеся…”
Яны прапануюць мне гульню.
Але я нагуляўся.
— Няхай падпісвае, хто хоча.
— А вы — не?
Я пакруціў галавой. Гэтаксама, як ён.
— Ну, што ж… Торгніцеся — зламаю! — прыціснуў ён мой локаць да стала і кіўнуў аператыўніку. Той наклаў жгут, намацаў вену…
Некалі ў вар’ятні мне заломвалі руку, калолі. Цяпер — тое самае ў турме. Што ж яны да мяне прычапіліся? Праз усё жыццё…
Боль, як і казаў крывароты гэбіст, які зачытваў мне пастанову пра арышт, пачаўся ў нагах і руках, выкручваў кожны палец, пранізваў спіну і да чырвані распаленым свярдзёлкам укручваўся ў галаву, яго немагчыма было трываць — і я не вытрываў, страціў прытомнасць…
Ачомаўся ад лаянкі і крыку. “Чаму без доктара?! Калі б ён жмурыка сыграў — хто б адказваў?!.”
Граць жмура — граць на пахаванні. Жмурыка сыграць — памерці. Гэта я ведаў. Так лабухі казалі, ад іх навучыліся зэкі. І генералы.
Той, на каго крычалі, вінавата апраўдваўся.
“Дык не сыграў… Жывы…”
“Жывы! А што толку, калі не падпісаў!”
“Падпіша…”
Апраўдваўся сын маёра Гагарына. Лаяўся — я не мог не пазнаць ягоны голас — Гурык. Генерал Гурковіч. Адстаўны генерал беларускага КДБ і расійскага ФСБ, які прыехаў з Масквы назіраць і за выбарамі, і за мной, і за беларускімі маёрамі.
“Лёсу кругі, як кругі на вадзе…”
— Падпісвай, — падсунуў да мяне паперу Гурык. — Ніхто не будзе ведаць, што ты падпісаў. Толькі я. А каб ты мне паверыў, я табе скажу такое, пра што будзеш ведаць толькі ты.
Гэта было шмат гадоў таму… Ні Ворану, ні Вілу, ні Палкоўніку, — нікому я пра гэта не казаў, бо не ведаў: як сказаць? Не сказаў нават Асі, з якой выпадкова сустрэўся ў рэстаране “На ростанях” перад тым, як яна з’ехала ў Ізраіль, і якой сказаць трэба было б… Ёй, можа, я й сказаў бы, але што гэта мяняла, калі Ася з’язджала?..