Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без
Шрифт:
«Давайце будзем дамаўляцца, — сказаў другі гэбіст, у нечым падобны да маёра Гагарына. — Прапаную вам падпісаць вось гэтую паперу…»
— Давай з табой так дамовімся, — у гэтым самым сутарэнні прапанаваў мне маёр Гагарын. — Ты падрабязна расказваеш нам, вось на гэтай паперы вось гэтай асадкай пішаш пра тое, як твае старэйшыя… — ён памяў губу аб губу… — я хацеў сказаць: старэйшыя сябры, — але сябрамі іх назваць нельга, яны ворагі, нашы з табой ворагі, разумееш?.. як грамадзянін Сысой, браты Леднікі, Гарачы, Галушка, Клябанаў… хто там яшчэ?… ну, хто?..
— Болей нікога…
— Як
— Дык ён…
— Што ён?.. Ну?.. Што ён?..
— Ён пазней прыйшоў…
— Куды пазней прыйшоў? Пазней за што?.. Чаго змоўк, га?.. Добра, пра гэта потым… Значыць, Сысой, браты Леднікі, Гарачы, Галушка, Клябанаў, Воран, які прыйшоў пазней, у змове з грамадзянінам ЗША… як яго?..
— Амерыканец…
— Зразумела, што амерыканец… Як яго?..
— Алік…
— Які ён Алік! Як яго зваць?
— Вы ж ведаеце…
— Ведаю! Але хачу, каб ты сказаў! Чым болей ты сам скажаш, тым для цябе самога лепей. Разумееш? Як яго зваць?
— Лі…
— Што: Лі? Лі — і ўсё?
— Харві. Лі Харві Освальд…
— Вось бачыш… Сказаў — і ўжо лепей… У змове з грамадзянінам Злучаных Штатаў Амерыкі Лі Харві Освальдам і грамадзянінам Канады… Ну, што маўчыш?
— А што казаць?
– Імя! У змове з грамадзянінам Амерыкі Лі Харві Освальдам і грамадзянінам Канады…
– Іх двое…
— Правільна, двое. Значыць, з грамадзянамі Канады… ну…
— Там толькі Джым быў. А Джон…
— Які Джым? Які Джон?
— Джым Калеснікаў. А Джон — Дак. Ён таксама пазней прыйшоў.
— З кім?
— З Воранам.
— Пазней з Воранам… Добра. Далей?
— Што далей?
— Далей што было?
— Нічога.
— Як нічога? Што было далей?
— Напраўду нічога! Мы сядзелі, елі…
— Вось бачыш: сядзелі, елі… А ты кажаш: нічога. Што елі?
— Сыр.
— Пілі? Што пілі?
— Віно.
— Якое?
— Партвейн.
— Партвейн. Ты піў?
— Не.
— А хто піў?
— Віл, Гарык… Усе патрохі.
— Усе патрохі… Напіліся і…
Маёр Гагарын зрабіў паўзу і глядзеў на мяне, чакаючы…
У часы пабудовы камунізму да выпівохаў адносіліся паблажліва, будаваць камунізм яны не заміналі, а калі нехта з іх і ўчыняў нешта нападпітку, гэта не абцяжарвала ягоную віну, а наадварот… Можа, маёр і праўда хоча, каб і мне, і ўсім нам лепей было? Але ж мы нічога не ўчынялі.
— Ніхто не напіўся.
— Значыць, цвярозыя па зброю пайшлі?
Мяне сцяла: вось яно! Хоць Гурык і не адчыніў багажнік…
Маёр заўважыў, як я сцяўся, нахіліўся да мяне і так, што з курткі гузік адляцеў, згроб загрудкі.
— Чыя зброя?
Маўчаць не было як — дый без толку: іжэўка і карабін зарэгістраваныя.
– Іжэўка — Амерыканца, карабін — Віла.
Маёр як згроб мяне — гэтак і адпусціў. Сам напружыўся.
— Які карабін?
— Браўнінг.
— Які браўнінг?
— Двухствольны. На калібр 12 і на 7.62.
— Хіба такія бываюць?..
Я са здзіўленнем паглядзеў на маёра дзяржбяспекі, які не ведае, што ёсць такія карабіны — і тут маёр пачаў падымацца: павольна, упёршыся рукамі ў стол.
— Дык у машыне быў яшчэ й карабін? Іжэўка і браўнінг пад баявы
патрон калібру 7,62?.. — І калі я, не разумеючы ягонага здзіўлення, кіўнуў, ён ткнуў пальцам у пакладзены на стол аркуш паперы: “Пішы! Усё пішы пад-ра-бя-зна!..” — і, грукнуўшы ў дзверы: “Ахова!..” — выскачыў з пакоя. Ён гэтак у дзверы грукнуў — кулаком ды яшчэ нагой, абцасам, што са столі вапна пасыпалася, і я ўспомніў, як у пад’ездзе, калі мы з Вілам з кватэры Джыма выйшлі, сыпанула пацяруха з люка на гарышчы. Хто на гарышча падняўся?.. Амерыканец?.. Для чаго?.. І я з жахам уцяміў, што карабіна ў машыне, калі брат Ледніка адчыніў для Гурыка багажнік, ужо магло й не быць. Багажнік дабітай леднікаўскай “Варшавы” і без ключа адчыняўся — цвічком…— Вось пісталеты, вось гранаты, якія знайшлі мы ў вашым офісе, — раскладваў перада мной праз многа-многа гадоў фотаздымкі на стале наймаладзейшы з трох гэбістаў, мусібыць, аператыўнік. — І з такімі цацкамі вы будзеце даводзіць, што заклікалі людзей прыйсці на плошчу для мірнай акцыі?
Я адсунуў фотаздымкі ўбок.
— У нас не было зброі. І ніхто вам не паверыць, што была.
— А ну ўстаць! — раптам крыкнуў той, які прапанаваў мне падпісаць паперу, падобны на маёра Гагарына і, як выглядала па ягоных паводзінах, старэйшы з іх. — Стаяць!
Я не падняўся. Голаму перад апранутымі і сядзець ніякавата, а не тое, што стаяць…
— Вам што сказалі!.. — рыўком за валасы падняў мяне аператыўнік, а старэйшы стаў насупраць, твар у твар: да чаго ж на маёра падобны! І позірк, як у таго, з адлівам сталёвым — дзе ім гэткія позіркі адліваюць? І гэтаксама не гаворыць, дзяўбе. — Людзі ў справакаваным вамі натоўпе падушылі адзін аднаго. За вамі — трупы. Вы дзе-небудзь чулі пра мірныя акцыі з трупамі?.. Вось і я не чуў. Разам з падрыхтоўкай дзяржаўнага перавароту і спробай узброенага захопу ўлады — гэта ці 25 гадоў, ці найвышэйшая мера! Прычым, у закрытым судзе, так што ні казак пра вас не раскажуць, ні песень пра вас не спяюць!.. Падпісвайце паперу, у вас проста няма іншага выйсця.
З паперы, якую яны прапаноўвалі мне падпісаць, вынікала, што мяне ўцягнулі ў прэзідэнцкія выбары, у барацьбу супраць законнай беларускай улады ворагі Беларусі, завербаваныя замежнымі разведкамі, і называліся імёны ворагаў — маіх паплечнікаў…
— Пакажыце пісталеты. І гранаты пакажыце.
Аператыўнік абсадзіў мяне на прыкручаны да падлогі зэдаль, зноў падсунуў фотаздымкі.
— А гэта што?
— Пісталеты пакажыце, — паўтарыў я. — А не фотакарткі. Пакажыце гранаты.
Старэйшы, падобны на маёра Гагарына, спытаў:
— Можа, вам і трупы паказаць?
Я кіўнуў.
— Так. І трупы.
— Давайце куды-небудзь зойдзем, — прапанаваў маёр Гагарын, муж татаркі Нэлы. — Раз мы ўжо спаткаліся.
І памяў губу аб губу.
Нашы звычкі з намі назаўсёды.
Татарка Нэла паглядзела на яго не надта ласкава — яна ўмела не надта ласкава глядзець.
— Нам няма калі.
Паўжыцця не бачыліся, а ёй няма калі…
У мяне насамрэч часу не было, меней за паўдня да пачатку мітынга на Плошчы заставалася, але раз яна так сказала…