Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без

Некляев Владимир Прокофьевич

Шрифт:

Лоб — гэта Лоб, які ён быў, такі й застаўся: “У спартовай зале спортам займаюцца, а не п’юць!..” — і Сатуш адсоўвецца ад Лоба далей, бо той першы раз пытае: “А ў лоб не хочаш?..” — а другі раз б’е. Таму шмат гадоў назад, калі пачалі шукаць таго, хто Аджы зуб выбіў, дык першым, каго западозрылі, быў Лоб.

— Хто і за што? — спытаў мяне, выклікаўшы да сябе ў кабінет, дырэктар тэхнікума. — Лоб?.. Кон? Грыц? Балік?.. Ты павінен ведаць.

— Чаму я павінен ведаць?

— Бо ў цябе костачка на правай руцэ збітая. Вунь, на сярэднім пальцы. Ты ж не ляўша?

— Не ляўша.

— Значыць, калі не Лоб, не Кон, не Грыц і не Балік, тады ты. Разумееш?

Дзіўная логіка ў дырэктара. Чаму, калі не Лоб, Кон, Грыц ці Балік, дык я? І інтэрнаце трыста чалавек жыве — і яшчэ трыста ў госці прыходзіць.

Прозвішча

нашага дырэктара Тумас — і нейкі ён не такі дырэктар, якім трэба быць дырэктару. Арганізаваў у тэхнікуме секцыю бокса і разам са студэнтамі трэніруецца. На кожнай выпускной вечарыне кожная група выпускнога курса выстаўляе супраць яго свайго найлепшага баксёра. Ідуць у сутарэнне, дзе рынг, і б’юцца. Калі перамагае дырэктар, дык ніякіх групе выгодаў: усе едуць працаваць па размеркаванні. Калі перамагае выпускнік, ён атрымлівае вольны дыплом, а тыя з ягонай групы, хто займаўся боксам, размяркоўваюцца з улікам асабістых пажаданняў. За такое, скажу вам, варта пабіцца, бо калі ты размяркоўваешся, як усе, дык едзеш сувязістам на Кушку, Сахалін, Камчатку ці Новую Зямлю. Таму боксам у электратэхнікуме сувязі займаліся апантана. Нават дзявочая група ў секцыі бокса была.

На стале дырэктара Тумаса стаяў не надта чысты графін з вадой. Гэтакі самы, як на стале маёра Гагарына. Дырэктар заўважыў, што я гляджу на графін, і наліў вады.

— На, выпі. Дык хто?..

Я выпіў. Вада ў дырэктарскім графіне, як і ў графіне маёрскім, здалася падсоленай. Што ім усім падсыпаюць, каб яны маёрамі ды дырэктарамі былі?..

— Не ведаю, Павел Фёдаравіч.

— Не ведаеш… Помніш, як тут, у гэтым кабінеце, просячы за цябе, маці твая прыніжалася, калі цябе з інтэрната за твае выхадкі папёрлі? Хочаш, каб яна зноў прыніжалася, калі цябе папруць з тэхнікума?

Ніякіх выхадак за мной не было, але з інтэрната мяне папёрлі. І я помніў, што было тут, у дырэктарскім кабінеце — і зноў гэтага не хацеў. Не перажыў бы зноў такое.

Камендант вучэбнага корпуса краў спірт з хімічнай лабараторыі — і ўз’еўся на мяне, поскудзь, калі я дзяжурыў у лабараторыі і падлавіў яго. Ён піў крадзены спірт з камедантам інтэрната, якога падбіў выселіць мяне за порткі-дудачкі і кашулю з папугамі. “За знешні выгляд, — як напісаў камендант інтэрната ў загадзе на высяленне, — які не адпавядае выгляду савецкага студэнта Мінскага элекратэхнікума сувязі”. Дырэктару жаліцца я не стаў, два тыдні начаваў на вакзале, пакуль міліцыянты да мяне не прычапіліся. Затрымалі, паведамілі ў тэхнікум і бацькам. Маці прыехала, мяне за руку — пайшлі да дырэктара. Яна перад ім ледзь не кленчыць… Насоўку дастала завязаную, развязвае яе, плача… “Павел Фёдаравіч, даражэнькі, пашкадуйце вы яго…” Рукі ў яе дрыжаць, ледзь тую насоўку развязала, разгарнула няўдала — і грошы на падлогу… Па рублю, па тры, якія напазычала… Хабар даць хацела, Госпадзі!.. Нахілілася збіраць, як паклон біць — дырэктар яе за плечы: “Прашу вас, не трэба! Калі ласка, сядзьце…” Пасадзіў на крэсла, да мяне крочыў, я каля шафы з кнігамі стаяў, паміраў ад сораму — і аперкот! Такі, што я ўзляцеў разам з папугамі — і грымнуўся ў кут за шафу… Пасля ён змусіў мяне грошы на падлозе збіраць і рукі маці цалаваць… Я збіраў і цалаваў… Маці сядзела, як каменная…

Вось хіба гэта нармальны дырэктар? Я, канечне, зразумеў навуку ягоную і на ўсё жыццё запомніў, але хіба такі дырэктар нармальны?

— Хто папрэ? — спытаў я, стоячы цяпер у тым жа кабінеце каля той жа шафы і ўважліва сочачы за дырэктарскімі кулакамі. — Вы ж дырэктар…

— Я й папру! — цвёрда сказаў Тумас. — Іначай мяне папруць.

Назаўтра раніцай, калі мы прыйшлі на заняткі, нас пагналі ў спартовую залу. З усяго курса толькі нашу групу. Там паставілі ў шэраг і загадалі выцягнуць рукі ўперад далонямі ўніз. Са збітымі костачкамі на руках вывелі з шэрагу сямёх: Лоба, Кона, Грыца, Баліка, Ждана, Сатуша і мяне…

— У спартзалу ўсё ж давайце зойдзем, — глынуўшы “Royal salute”, якому болей гадоў, чым было нам, калі мы скончылі тэхнікум, сказаў, падабрэўшы, Лоб. — Там ёсць што ўспомніць. — І скамандаваў, як толькі мы зайшлі ў спартзалу. — А ну ў шарэг! Рукі ўперад далонямі ўніз!.. Вунь ва ўсіх пальцы дрыжаць, а яны п’юць на падваконніку!

Я паглядзеў: нават у тых, каго тады не вывелі з шэрагу, у Ханені,

Жука, Ігана, Івашкі, Сцепаненкі, Стукача, Кашыца сапраўды дрыжалі пальцы. Яны ўспомнілі той страх…

Як кожны з нас баяўся: выганяць! І што рабіць? Куды падацца? Дахаты вяртацца? Што дома сказаць? Бацькам, суседзям?..

Ніхто не думаў, што могуць пасадзіць. За што?.. Але пачаліся допыты — і да страху, што выганяць, дадаўся жах, што пасадзяць.

Што мы тады ведалі?.. Нічога. Дый тым, хто нас дапытваў, наўрад ці было вядома, што прэзідэнт маладой Рэспублікі Гвінея Секу Турэ, які ўжо выцыганіў у Хрушчова болей за 30 мільёнаў залатых рублёў, раптам замест візіту ў СССР рвануў у ЗША і атрымаў там 16 мільёнаў долараў пад абяцанне, што забароніць савецкім самалётам сядаць пры палётах да Кубы на аэрадром у сталіцы Гвінеі Канакры, які наўмысна дзеля гэтага савецкімі спецыялістамі быў адбудаваны. Нарастаў Карыбскі крызіс, СCCР нарошчваў на Кубе ваенную сілу, забарона на прамежкавую пасадку самалётаў у Гвінеі перапыняла хуткую дастаўку грузаў і вайскоўцаў, таму прыкладаліся неверагодныя намаганні, каб вярнуць блуднага афрыканскага сына ў лона савецка-гвінейскага сяброўства — і ў гэты час у гэтым лоне любімаму пляменніку блуднага сына выбіваюць зуб. “А!.. — сказаў Секу Турэ. — Во як вы сябруеце! Гэтак і мне, калі з’яўлюся да вас, зубы пералічыце! Не, лепш я да амерыканцаў…”

У інтэрнаце электратэхнікума сувязі зрабілі ператрус. Шмат у каго ў тумбачках, у ложках і ў валізах пад ложкамі пазнаходзілі невядома дзе ўзятыя, бо ў крамах такія не прадаваліся, радыёдэталі, а ў пакоі, у якім жылі Лоб, Ждан, Сатуш, Пашок, Лан і я, знайшлі незарэгістраваную радыёстанцыю. Мы сабралі яе зусім нядаўна, ніводнага разу яшчэ не выходзілі ў эфір, але каму ты гэта давядзеш?..

— Вы, пэўна, не ўяўляеце, у якую патрапілі гісторыю, — прайшоўся перад намі, парыпваючы чорна-бліскучымі ботамі на новым, нядаўна перасцеленым у спартзале светла-бліскучым паркеце, маёр Гагарын, які глядзеў на мяне гэтаксама, як і на ўсіх астатніх: нібы ўпершыню бачыў. — Вы хоць ведаеце, з якой краіны прыехаў вучыцца студэнт, якога вы ледзь не забілі?

“Хто яго ледзь не забіў?.. Выбіць зуб — гэта ледзь не забіць?..” — здзівіўшыся, хацеў спытаць кожны з нас, але ніхто не спытаў.

— З Афрыкі! — зрабіўшы крок наперад, адказаў на пытанне маёра Лоб, які заўсёды адказваў на ўсе пытанні, калі думаў, што ведае, як на іх адказаць.

Маёр Гагарын спыніўся перад Лобам, пасвідраваў яго позіркам і стаў казаць да яго і да ўсіх нас, сямёх, бо астатніх са спартовай залы адпусцілі. Пачаў ён ціха, з кожнай наступнай фразай падвышаючы і падвышаючы голас, нібы голасам сваім хацеў пасцяліць нас на паркеце пад боты.

— Няма такой краіны: Афрыка. Ён прыехаў з Гвінеі, якая першай на афрыканскім кантыненце стала на сацыялістычны шлях развіцця, кінуўшы выклік амерыканскаму імперыялізму! Амерыканскі імперыялізм пагражае гвінейскаму народу агрэсіяй! Гвінейскі народ просіць дапамогі ў Савецкага Саюза, пасылае вучыцца ў нас абаронцаў сваіх рэвалюцыйных заваёў, а мы іх як сустракаем?! А мы ім зубы выбіваем! — не з усёй сілы, але і не слаба ўрэзаў Лобу ў зубы маёр, і я падумаў пра яго з дырэктарам: вось для чаго яны аднолькавую ваду ў сваіх кабінетах п’юць. — Хто выбіў?! Ты?..

Лоб стаяў патыліцай да мяне, але й з паталіцы лобавай я ўбачыў, як галава ягоная напаўняецца і напаўняецца страхам, ад якога ён — менавіта ад страху, а не ад удару — нават пахіснуўся, і калі б ён ведаў, хто выбіў зуб абаронцу рэвалюцыйных заваёў братняга гвінейскага народа, ён сказаў бы, але Лоб не ведаў гэтага, таму адказаў толькі тое, што ведаў:

— Не! Не я…

Маёр Гагарын дастаў насоўку і выцер кулак.

— Не ты, дык не ты… Я вам што хачу сказаць… — Ён зрабіў паўзу, паклаў насоўку ў кішэнь. — Мы ведаем, што ў той вечар не было ў інтэрнаце двух вашых сяброў. Пашка, як вы іх называеце, і Лана. Пашкова і Ланскага. А паколькі іх не было, значыць, яны не вінаватыя. Дык вось: калі не прызнаецца той, хто гэта зрабіў, з тэхнікума будуць выключаныя менавіта Пашкоў і Ланскі, вашы ні ў чым не вінаватыя сябры. Праз некага… — ён зноў пасунуўся на Лоба… — ві-на-ва-та-га… — і калі Лоб стаў ад яго адступаць, маёр рэзка павярнуў яго тварам да нас. — Ты пачуў, што я сказаў, стараста?.. Калі пачуў, паўтары для тых, хто праслухаў! Ну!..

Поделиться с друзьями: