Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без
Шрифт:
“Запуск савецкай касмічнай ракеты азначае, што мы першымі ў свеце пракладваем шлях ад Зямлі да Месяца”. (Апладысменты).
— А чаго гэта Воран там туляецца? — раптам пытае Палкоўнік. — Ды яшчэ з Асяй…
— Дзе?.. — не магу я знайсці сярод процьмы людзей Асю з Косцем, і Палкоўнік паказвае: “Ды вунь у першыя шэрагі шчэмяцца, да Джона прабіраюцца… З плакатам “Слава КПСС!”
Нарэшце, я заўважаю Асю і Косцю, якія спрабуюць праціснуцца скрозь натоўп. Але не да мурына з баянам, як думае Палкоўнік, прабіраецца Косця — ён прабіваецца да Хрушчова. І ў руках ягоных не плакат “Слава
Вось што Воран прыдумаў!
Вось чаму ён партвейн з намі піць не захацеў!..
Косця ўжо колькі гадоў абіваў парогі кабінетаў розных начальнікаў, рассцілаў перад імі ватман, даводзіў, тлумачыў: “Гэтак мы захаваем памяць, рамантыку, дыханне, залаты пыл старога Мінску” — усё без толку. Адны не чулі, іншыя казалі, што не яны такія пытанні вырашаюць, трэція і слухаць не хацелі. “Які залаты пыл!.. Горад задыхаецца ў завулках, яму новая транспартная магістраль патрэбная, а не рамантыка!”
“Ты да таварыша Шарапава схадзі, да таварыша Шарапава… — нудзеў і нудзеў Саламон Майсеевіч. Ён думаў так: калі саму вуліцу таварыш Шарапаў і не ўратуе, дык ятку з газіроўкай вярнуць на Нямігу можа. Але таварыш Шарапаў, калі Косця ўрэшце патрапіў да яго, не захацеў слухаць ні пра вуліцу, ні пра ятку, бо ў горадзе былі ўжо праблемы не толькі з мясам, але і з хлебам. “Упёршыся ў тупік Нямігі, мы не хутка да камунізму дойдзем, таварыш Воран! А што партыя ўрачыста абвяшчае? Партыя абвяшчае, што ўжо цяперашняе пакаленне савецкіх людзей будзе жыць пры камунізме! Ты будзеш жыць, разумеш? І там табе не ваду з сіропам піць!..”
“Сіропу не будзе?..” — пажартаваў Косця — і быў выштурханы з кабінета старшыні гарвыканкама таварыша Шарапава пад такую лаянку, якой не чуў ні на Грушаўцы, ні ў Сельгаспасёлку. А праз два дні на камсамольскім сходзе інстытута “Мінскпраект” маладога спецыяліста Ворана выключылі з камсамола. З работы не пагналі, перавялі з інжынера ў тэхнікі. На перавыхаванне. Бо калі зусім з работы пагнаць, дык дзе тады перавыхоўваць?.. І вось цяпер Воран — выключаны з камсамола і амаль пагнаны з работы, пераведзены з інжынера ў тэхнікі — прэцца з ватманам пад пахай да першага сакратара ЦК КПС. Цераз плошчу, праз кардоны міліцыі…
Папруць яго з работы. Гэта ў лепшым выпадку. А ў горшым — пад суд. Там прыдумаюць, дзе яго перавыхоўваць. Запруць у “шарашку”, як некалі ягонага бацьку, акадэміка, які займаўся оптыкай, што ляціць зараз у космасе на савецкай ракеце.
“Гэтая перамога — вынік творчай працы савецкіх людзей, якія будуюць камуністычнае грамадства. Наша стваральная праца ўздымае савецкую Радзіму да новых ззяючых вышынь. Яна лепш за ўсё паказвае, якіх перамог можа дабіцца народ, які пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі ідзе па шляху, азораным вялікім вучэннем марксізма-ленінізма”. (Працяглыя апладысменты).
— Там весялей, — кажа Амерыканец і апранаецца. — Пайду да Джона. Буду ў першых шэрагах прагрэсіўнага чалавецтва.
— Ага, — кідае ўслед яму Гарык. — Пусцяць цябе, ворага. — І ўбачыўшы пустыя пляшкі, крычыць на Віла. — Падлюга! Ты ўсё вылыктаў!
Віл, які заўсёды выпівае болей за ўсіх, бо болей за ўсіх любіць выпіць, хавае бутэльку пад стол і ўздыхае.
— Малавата ўзялі… Джым, дай чырвонец, я ў краму спушчуся, пакуль Хрушчову партвейну крымскага
ды сыру швейцарскага не захацелася.Дзіўна, але Джым, не спрачаючыся, дае Вілу дзясятку. Мусібыць, каб наступным разам пяць даляраў не даваць.
— Chattanooga choo choo… — задаволена напяваючы, ідзе да дзвярэй Віл і мне адтуль шапку кідае. — Пайшлі са мной, пазнаёмлю з крамніцай. Татарка, на Нэлу падобная.
Мая трусіная шапка ляціць і пыліць поўсцю — такая старая. Яе даўно пара выкінуць, але нельга: яна — рэліквія. Палкоўнік яе ў турме насіў.
Не ў кожнага шапка, якую Палкоўнік насіў у турме. Ні ў кога, толькі ў мяне. Ён аддаў мне яе пасля таго, як сказаў, што я не сын палка, а сын Палкоўніка.
— Выкінь ты яе, — чмыхнуўшы, кажа Палкоўнік, у якога алергія на пыл. У яго алергія, а ў кватэры ягонай ад пылу не прадыхнуць. І прыбрацца не дае нікому, Ася колькі разоў спрабавала.
— Хадзіце сюды! — кліча ад акна Гарык. — Зірніце, што робіцца!
На плошчы каля Дома ўрада, адгароджваючы правадыра ад улюбёнага ў яго народа, ланцужком стаялі міліцыянты — і Воран з Асяй рванулі скрозь гэты ланцуг. Джон, які прабіўся ў першыя шэрагі прагрэсіўнага чалавецтва і якому немаведама што ўзбрыло ў ягоную мурынскую галаву, з баянам затрусіў за імі. Міліцыянты і таварышы ў цывільным, вынырнуўшы раптам з натоўпу, беглі за імі, а Хрушчоў, перагінаючыся цераз парэнчу гаўбца, з якога выступаў, нешта ўсім крычаў і махаў рукамі.
— Пасадзяць Ворана, — чмыхае Палкоўнік. — У лагеры будзе Нямігу рэканструяваць.
Я спрабую адчыніць акно:
— Там Ася з ім!
Гарык спыняе мяне: “Хочаш, каб па нас стрэльнулі?” — а Палкоўнік кажа абыякава:
– І Асю пасадзяць. І затрахаюць на зоне, пархатую.
Ён нечым раздражнены, незадаволены. Моцна незадаволены і раздражнены. І глядзіць у акно неадрыўна, як чакае нечага…
Міліцыянты першым схапілі Джона, потым Асю, а таварышы ў цывільным дагналі Ворана.
Як гэта іх пасадзяць?.. Трэба на плошчу бегчы, растлумачыць там, што яны не хацелі нічога кепскага!.. Нямігу пакінуць Нямігай!..
Хоць навошта канадскаму мурыну мінская Няміга? Нафіга казе баян?..
Як пасля аказалася, менавіта гэта й зацікавіла да ўсяго цікаўнага Хрушчова: чаго да яго бяжыць мурын з баянам? Ён тут жа вырашыў гэта высветліць, што ўратавала і Косцю, і Асю, і ўсіх нас, а, можа, і самога Мікіту Сяргеевіча.
Трэба ў гэтым свеце цікаўным быць…
На маю запыленую шапку яшчэ й сыпанула пацярухай, калі я выскачыў за Вілам на лесвічную пляцоўку. Узняўшы галовы, мы паспелі ўбачыць, як нехта прычыніў люк на дах. З таго боку, з даху.
— Алік!.. — гукнуў Віл, які не насіў шапкі ні ў снег, ні ў дождж, і пацяруха яму на валасы сыпанула. — Гэта ты, Алік?
Ніхто не азваўся. Напэўна, на даху гэбісты з аховы, што там Амерыканцу рабіць?..
Я абтрос шапку.
— Што там рабіць Амерыканцу?..
— А ну ў двор! — кінуўся ледзьве не сторч галавою ўніз па лесвіцы Віл. — Зараз пабачым, што яму там рабіць!..
У двары каля абітых бляхай дзвярэй чорнага ўваходу ў краму, у якой Віл збіраўся дакупіць партвейну, стаяла “Варшава” — службовая машына старэйшага брата Віла, карэспандэнта Усесаюзнага радыё Арцёма Ледніка, які сто разоў нас выручаў, а мы столькі ж разоў яго падстаўлялі. Падобна было, што падставілі ў сто першы раз…