Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без
Шрифт:
— Я ж за два гады пяцьсот спектакляў не сыграў… Паўтысячы… І ўвогуле мог… Дай закурыць, — просіць ён Віла, хоць не курыць, і калі Віл дае яму цыгарку, прыпальвае, зацягваецца і кашляе, запіўшы кашаль віном… — Радыё ў бараку звычайна а дзясятай адключалася, адбой. А тут, у канцы лістапада, роўна ў дзесяць: “Забіты прэзідэнт Джон Кенэдзі”. І такая ў бараку цішыня раптоўная… Поўная смерці, я такой ніколі не чуў. Усе як адзін усё зразумелі, падумалі ўсе пра адно: а раптам вайна? Гэта ж лагер… Куды нас, ворагаў, калі не ў расход? Толькі ў расход. — Эдзік тушыць цыгарку. — Брыдота якая, як ты яе смокчаш?.. Я, калі вызваліўся, іду ад лагера да станцыі… Поцьма называецца станцыя… А паперадзе мяне афіцэрык… З валізай, з пакункамі, усё ў яго падае… Я дагнаў, прапанаваў дапамагчы… Падняў валізу, дайшлі мы
— Дык нармальная рэч між нармальнымі людзьмі, што тут такога… — пачынае Віл і сканчае. — Хоць уяўляю карціну…
Эдзік узіраецца ў Віла так, нібы спрабуе ўбачыць, якая ж карціна Вілу ўяўляецца, і кажа, не ўбачыўшы:
— Чорны квадрат. Ты не ўяўляеш, які чорны… Калі памёр следчы, які мяне пасадзіў, Гарулёў было ягонае прозвішча, я адчуў такое гора! Вось ён памёр, не забілі яго, сам памёр, а я не паспеў адпомсціць! Нічым і ніяк. Пасля пайшоў на ягоную магілу і паклаў кветку. Адну. З такім шчасцем, з такой асалодай…
“Я малюю белай фарбай на цемры…” — спяваў некалі Гарык Клябанаў, і гэта была наша філасофія. Прынцыпова іншая, чым філасофія чорнага квадрата. Калі яна ўвогуле ў ім, у тым квадраце, ёсць.
— Ты што гэта перад спектаклем п’еш?!. — пытаецца ў Эдзіка, ціха падкраўшыся да яго з-за спіны, галоўны рэжысёр тэатра, і Эдзік адказвае, не павярнуўшыся: “Віно, Барыс Іванавіч…”
Галоўны рэжысёр забыўся, што ў рэпертуары тэатра не засталося спектакляў, у якіх Эдзік мог бы граць у валёнках. Ён увогуле шмат чаго не памятае… Можа патэлефанаваць сярод ночы: “Даруй мне…” — а спытаеш: “Што дараваць?..” — ён маўчыць.
Некалі Барыс Іванавіч быў блізкі да Палкоўніка, але ні ў антысавецкіх, ні ў якіх іншых групоўках не ўдзельнічаў. Так і пражыў жыццё ў тэатры…
Таэтр — месца ўтульнае. Калісьці, калі вуліца Валадарскага называлася Лошыцкай, тут была сінагога. Ад рабіна галоўнаму рэжысёру дастаўся някепскі кабінет.
— Вы чаго сабраліся? — цікавіцца ён, успомніўшы, што Эдзік не заняты ў спектаклі. — З якой прычыны п’янка?
— Ні з якой, — адказвае Эдзік, наліваючы Барысу Іванавічу майго з Вілам каньяку. — Проста п’янка… “Бо пакуль на абшарах Айчыны, што ўсё толькі збіраецца быць, аніводнай не знойдзеш прычыны, каб не піць…”
— А… — падсоўвае да сябе каньяк галоўны рэжысёр. — Тады, канечне… — і Эдзік пытаецца ў яго, руку на руку паклаўшы.
— Ты памятаеш Гурыка?.. Ну, Гурковіча, гэбіста, які з Асяй ажаніўся?
Заімгліўшыся на ўспаміне пра нейкага Гурыка, пры ўспаміне пра Асю твар Барыса Іванавіча з палёгкай прасвятляецца.
Асю памятаюць усе.
— За яе! — куляе чарку Барыс Іванавіч, які любіць выпіваць за ўсё былое. Скажам, чарку за ўсяго Бертольда Брэхта — і асобны кілішак за ягоную п’есу “Трохграшовая опера”, праз спекталь па якой Барыс Іванавіч займеў мімалётную славу ў апошняй чвэрці мінулага стагоддзя. Славу амаль такую ж, якую займеў ягоны калега Валерый Мікалаевіч, якога пахавалі з ганаровай вартай. Ён быў таксама галоўным рэжысёрам тэатра, але іншага.
Віл напісаў п’есу, якая ў першым акце — пра час, калі Барыс Іванавіч і Валерый Мікалаевіч былі яшчэ маладыя, а ў другім — пра час, калі яны дажывалі век. Там адзін персанаж кажа пра яшчэ аднаго: “І паліто ён даўжэй даношваў, чым насіў новае, і жыццё дажываў даўжэй, чым жыў”.
За тое, што ні Валерый Мікалаевіч, ні Барыс Іванавіч не паставілі спекталь па ягонай п’есе, Віл злаваў на абодвух. Цяпер злуе на аднаго. І прапануе: “Барыс, давай вып’ем за будучыню!..”
За будучыню Барыс Іванавіч выпіваць не любіць, бо нічога там добрага. Смерць тэатра і духоўная дэградацыя. І калі Эдзік налівае яшчэ чарку, Барыс Іванавіч выпівае яе моўчкі. Але мы ведаем, за што. За час, у якім займеў мімалётную славу праз “Трохграшовую оперу”.
Віл таксама любіць выпіваць за “Трохграшовую оперу”, бо ў спектаклі грала актрыса, якую ён кахаў. На тры дні яна нават выйшла за яго замуж, і хоць больш
з гэтага нічога не атрымалася — усё адно Віл выпіваць любіць. Дый я ніколі не быў супраць таго, каб падняць чарку за “Трохграшовую оперу”. Чаму не?.. У кожнага з нас ёсць свая трохграшовая опера.“І кожны выпіў за сябе…” — напісаў паэт, якога пахавалі без ганаровай варты.
П’еса Віла — пра антысавецкую групоўку Сысоя. Палкоўніка. Эдзік Гарачы мог бы сыграць у спектаклі па гэтай п’есе сябе самога. І Віл мог сыграць самога сябе, і я, але не Барыс Іванавіч. Ён там ёсць, але граць сябе там не хоча. Таму й спектакль не збіраецца ставіць.
— Я пайду, — кажа ён. — У мяне спектакль.
— Чакай, — спрабуе спыніць яго Эдзік. — Дык ты помніш Гурыка?.. — і Барыс Іванавіч перапытвае, адыходзячы:
— Які бацьку Асі пасадзіў?..
— Які бацьку Асі пасадзіў… Дык помніш?..
— Не помню… Для чаго яго помніць?..
— Ні для чаго!.. Проста помніш, ці не?
— Ні для чаго не помню… — пакідае нас галоўны рэжысёр, у якога спектакль, і Эдзік уздыхае: “Вось памяць, мне б такую…”
Я пытаю:
— А нашто табе, каб помніў?
— Бо я помню, я!.. — без аніякай, як мне здаецца, сувязі з самім Барысам Іванавічам і з тым, што ён помніць ці не, налівае сам сабе і адным глытком выпівае Эдзік… — Недзе праз тыдзень пасля таго, як Амерыканец забіў Кенэдзі, і мы яшчэ гадалі, ці пачнецца вайна, расстраляюць нас ці не, мяне прыводзяць да начальніка лагера, а там ён! — прыстуквае Эдзік па стале і глядзіць услед Барысу Іванавічу.
— Хто ён?.. — пытае Віл, хоць зразумела, што там, у начальніка лагера, не мог быць Бырас Іванавіч.
— Гурык! Увесь бліскучы… “Здароў, актор пагарэлага тэатра!” І што пачынае выкручваць!.. “Ты хадзіў, — пытае, — страляць у цір радыёзавода?” “Хадзіў”. “З Амерыканцам? З Лі Харві Освальдам?” “Не толькі, — кажу, — з ім”. “А з кім яшчэ?” “З Воранам…” “Яшчэ з кім?” “З Гарыкам Клябанавым…” “Яшчэ?” “З Вілам…” “А з братам?..” “Якім братам?” “Братам Віла, карэспандэнтам Усесаюзнага радыё?..” “І з ім стралялі, — падняўшыся з-за стала, нахіляецца Эдзік да Віла. — Што тут такога?..” “А з Палкоўнікам? З Кімам?..” “І з Палкоўнікам, і з Кімам…” “І па кім вы там стралілі?..” “Па мішэнях”. “Па якіх мішэнях?” “Па звычайных”. “А па незвычайных?..” “Па якіх незвычайных?..” “А вось па такіх! — раскручвае ён на стале перада мной трубку папяровую, плакат, памятаеце, плакаты такія былі з партрэтамі членаў Палітбюро, ці як яно тады называлася, Прэзідыума ЦК КПСС. — Па кіраўніках партыі і дзяржавы! Рыхтаваліся забіць першага сакратара ЦК, Старшыню Савета Міністраў СССР Мікіту Сяргеевіча Хрушчова! І за гэта ты хочаш толькі два гады?..” Уявіце: увесь плакат у слядах куль, у прабоінах… Мяне потам халодным прабіла… Ён мне тэрмін накруціць прыехаў, а, можа, і пад вышку падвесці, гад! “Не страляў я ні па кім і не рыхтаваўся нікога забіць!” “А хто страляў і рыхтаваўся? Хто?..” “Ніхто!” “Скажаш, адсядзіш, колькі табе засталося — і на волю, у свой пагарэлы тэатр. Вы ж і Кенэдзі ўвялі ў склад ЦК, і ў яго стралялі!” “Не ў яго! І не я!” “А ў каго? І хто?” “Амерыканец у Толіка!” “У ягога Толіка?” “У стылягу Толіка, падобнага на Кенэдзі!” “А на Хрушчова хто падобны быў? Хто на Хрушчова?..” І тут я ляпнуў, — абмякае Эдзік, стоячы сыграўшы сцэну з Гурыкам і зноў сядаючы да стала: “На Хрушчова быў падобны сам Хрушчоў!” — І Гурык па плячы мне: “Ну вось і малайчына, што прызнаўся! Засталося аформіць…”
Віл глядзіць на Эдзіка, чакаючы… Брата Віла, карэспандэнта Усесаюзнага радыё, які вёў рэпартажы з сустрэч Мікіты Сяргеевіча Хрушчова з працоўнымі Беларусі, арыштавалі напрыканцы 1963-га…
— Ды нічога ён са мной не аформіў, — складвае і паказвае дулю ў мінулае Эдзік. — Але з некім іншым мог аформіць, — ківае ён Вілу, які нервова выпівае і пытае, выпіўшы: “Што ж ты раней маўчаў?..” — і Эдзік расціскае дулю: “А ты пытаўся?..”
У мяне ёсць такая штуковіна ў мазгах, як відэамагнітафон, нейкія моманты пракручваюцца па некалькі разоў, я нават у вар’ятні з гэтым ляжаў, калі ў галаве круцілася і круцілася: “Самалёт ляціць над усёй бальніцай…” — і доктар сказаў, што гэта, канечне, адхіленне, але, калі яно не надта замінае, дык ён не будзе яго лячыць, бо не ведае, чым?.. — дык вось і зараз яшчэ раз пракруцілася, як на відэамагнітафоне: