Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без

Некляев Владимир Прокофьевич

Шрифт:

У доме насупраць кінатэатра “Перамога” месцілася кавярня — і я прапанаваў маёру, ці кім ён цяпер быў:

— Можа, сюды?.. Тут жа ўсталяваная ваша праслухоўка?

— Можна й сюды, — рушыў ён цераз вуліцу. — Праслухоўка ў нас паўсюль. — І хмыкнуў. — Толькі я нічога і нікога больш не слухаю. У адстаўцы.

— Генерал?

— Не дацягнуў. Ці можна сказаць: не дашустрыў. Сябрук ваш шустрэйшы аказаўся.

Я спыніўся ў дзвярах кавярні, якія маёр расчыніў, прапускаючы мяне і Нэлу.

— Які сябрук? У мяне сярод вашых няма сябрукоў.

— Ёсць. Генерал Гурковіч. Ён, дарэчы, тут. Учора прыехаў з Масквы. Можна

сказаць: назіральнікам за выбарамі.

Гурык у Мінску?… Тады нечага трэба чакаць. І не найлепшага. Там, дзе Гурык, добрага не дачакаешся. Хоць ён на пенсіі.

— Ён жа на пенсіі.

Маёр зноў хмыкнуў.

— А я дзе?..

Былых гэбістаў не бывае.

Кавярня была пустая. Увесь горад у гэты марозны дзень здаваўся спусцелым, і мяне непакоіла толькі адно: ці выйдуць у такі холад людзі на плошчу? Усё залежыла менавіта ад гэтага: выйдуць ці не выйдуць? А калі выйдуць, то колькі?.. Трэба было столькі, каб у іх пабаяліся страляць.

— Вам не дадуць дайсці да плошчы, — памяўшы губу аб губу, сказаў, як толькі мы селі за столік, маёр Гагарын, і татарка Нэла зноў зірнула на яго няласкава.

Па тым, як яна з ім паводзілася, як размаўляла, не выглядала на тое, што яна купаецца ў сямейным шчасці. Не выглядала…

Мне патрэбная была хоць нейкая паўза, каб уцяміць, чаму гэтак нечакана пачаў размову маёр — і я, шукаючы паўзу, дакрануўся да рукі Нэлы.

— Як ты, Нэла?… — І прабачыўся перад маёрам. — Выбачайце.

— Нічога. Яна вас кахае. Усё жыццё. Ва ўсякім разе, так кажа.

Калі так, дык многа-многа гадоў назад не трэба было мяне голага ўсю ноч пад сталом трымаць. А самой пасля з тралейбуса, як сіні каптурык, выскокваць.

— Яна мне ўсё пра вас расказвала! — раптам рассмяяўся маёр, нібы здагадаўшыся, пра што я ўспомніў. — Прычым, яе для гэтага нават вербаваць не трэба было. — І паглядзеў на мяне сур’ёзна. — Вы позна вылезлі з-пад стала.

Я зразумеў, пра што ён, але спытаў:

— Вы пра што?

— Вам трэба было вылазіць раней. У канцы мінулага стагоддзя. Яно было нашым. Вашым і маім. Я чакаў, дый шмат хто са мной, што вы вылезеце.

Гэта магло быць: ён мог чакаць. Тады многія чакалі: што будзе? А галоўнае: хто?

— Чаму ж не сказалі, што вылазіць пара?

— Дык вы ж не захацелі! Не пажадалі быць з намі, — нахіліўся да мяне маёр. — Вось тут, на гэтай вуліцы, памятаеце?.. — Ён адхіліўся. — Памыліліся са мной, дык цяпер, глядзіце, не памыліцеся з маім сынам… — І паўтарыў, стараючыся як найглыбей зазірнуць мне ў вочы. — Не памыліцеся.

Значыць, і сын гэбіст.

— Ён наперад закідвае… — бачачы маю разгубленасць, паклала мне руку на руку татарка Нэла. — А раптам ты прэзідэнтам станеш.

У позірку, якім глянуў на яе маёр, не было любові.

Але й нянавісці не было.

Пусты позірк.

Гэбісцкі.

Як яны яго выпрацоўваюць? Гэта ж не голас падвышаць навучыцца, не паўзу трымаць…

— Як сына зваць? — спытаў я татарку Нэлу, і маёр адказаў за яе:

— Як і вас.

— Ваша прозвішча Гагарын? — спытаў я гэбіста, які прапанаўваў мне падпісаць пакаяльную паперу.

Ён прамаўчаў.

Сын.

“Лёсу кругі — як кругі па вадзе…”

Раней, калі бацька ягоны мяне дапытваў, яны называлі свае прозвішчы. Цяпер — не.

— Вы разумеце, што з вамі можа быць? — спытаў ён замест адказу. —

Нам патрэбны вынік. У нас загад. І мы яго выканаем. Таму, калі будзеце ўпірацца, нічога добрага вас не чакае. Між іншым, яны не ўпіраліся.

— Хто — яны?

Ён ткнуў пальцам у паперу.

— Вашы сябры ў палітыцы. Звалілі ўсё на вас.

Брэша… Дый што яны зваліць на мяне маглі?

— У мяне ў палітыцы няма сяброў.

— Значыць, ворагі.

– І ворагаў няма.

— А хто ў вас там? З кім вы?

— Нікога. Адзін.

Той, які палохаў мяне знойдзенымі ў маім офісе пісталетамі і гранатамі, сабраў фотаздымкі са стала і паклаў на стол шпрыц.

— Тады тым болей, — сказаў сын маёра Гагарына. — Калі яны вам ніхто…

— Яны табе ніхто! — шмат гадоў таму крычаў мне Гурык. — Ніякія не сябры! Сябры цябе гэтак не падставілі б! Не зацягнулі б у дом, з даху якога збіраліся забіць кіраўніка краіны!

— Ды ніхто не збіраўся…

— Тады на дах чаго падымаліся? Хто падымаўся?.. Дзе карабін?..

Яны шукалі карабін на даху — і не знайшлі. Калі б я не прагаварыўся, што ў машыне не толькі іжэўка, але й карабін быў, дык яны пра яго б і не ведалі. Я падставіў Віла і ягонага брата Арцёма, Палкоўніка, Эдзіка, Гарыка, Ворана, Джыма, Амерыканца… Але ж я і ўявіць не мог, у які бок маёр Гагарын той карабін паверне! І што Гурык прычэпіцца: “Хто страляць збіраўся?..” — ведаючы, што нікому з нас такое ў галаву б не ўзбрыло… Апроч хіба Палкоўніка і Амерыканца.

— Палкоўнік збіраўся? Амерыканец?.. — не адчапляўся Гурык, які дапытваў мяне пасля маёра Гагарына і даставаў нават больш, чым маёр.

Амерыканец мне, канечне, ніхто, але скуль я ведаю: збіраўся ён, не збіраўся? І я не бачыў, як ён на дах палез, толькі падумаў, што гэта мог быць ён… Дык што я казаць буду?

— Не збіраўся ніхто…

— Не збіраўся?.. Ніхто?… Хлопчык, ты разумееш, у што ты ўблытаўся? Па-мойму, не…

Гурык ступіў да дзвярэй, грукнуў у іх гэтаксама, як маёр Гагарын — кулаком і абцасам: “Ахова!..” Дзверы расчыніліся, Гурык падазваў мяне: “Сюды…” — і калі я падышоў, засунуў мае пальцы ў шчыліну паміж дзвярыма і вушаком, кінуўшы ахоўніку: “Давай!..” Ахоўнік, з якім прыём гэты быў, мусібыць, адпрацаваны, пачаў павольна прычыняць дзверы, а Гурык казаць: “Вось так табе будуць заціскаць пальцы на руках, на нагах… потым заціснуць тое, што ў цябе паміж ног… ты нават уявіць не можаш, як будзе балець… гэта яшчэ не баліць… ціснуць будуць датуль, пакуль ты ўсё не скажаш… нават тое, чаго не было… зразумеў?..” Я, пэўна, збялеў ад болю, бо ён, зірнуўшы на мяне, махнуў ахоўніку: “Досыць…”

— Вы не ўяўляеце, як будзе балець… — гледзячы, як аператыўнік набірае шпрыц, казаў той крывароты гэбіст, які няўпэўнена зачытваў пастанову пра мой арышт, але цяпер голас ягоны быў упэўнены: ён ведаў, пра што казаў. — Сутаргава, у вас здараліся сутаргі? Мяркую, здараліся, вы дастаткова пражылі. Яны пачнуцца ў нагах і руках, скручваючы кожны палец, пасля ў спіне, ва ўсім целе, але найстрашнае — болі ў галаве, іх немагчыма трываць… І вы падпішаце любыя паперы, назавеце ўсе, якія мы скажам вам называць, імёны. Усе замежныя разведкі. Прыдумаеце нават такія, якіх няма. Ні на Зямлі, ні на Месяцы… Так што падпісвайце, пакуль ёсць выбар, цацкацца з вамі ніхто не збіраецца.

Поделиться с друзьями: