Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без
Шрифт:
І прынялі нашага земляка ў партыю! Залічылі ў камуністы заднім чыслом!.. І правільна зрабілі, бо ён, хоць на сустрэчу з ім ніхто не прыйшоў і падтрымліваць яго нам не давялося, усё ж, як і абяцаў, накарміў нас шашлыкамі, якія да гэтай пары дымяцца ў маім хатнім альбоме на чорна-белым фотаздымку, падпісаным: “Першы ганарар гурту “Varjaty”, Крым, Новы Свет”.
У тыя часы ў тым райскім кутку, які да таго, як стаць Новым Светам, менавіта раем, Парадызам і называўся, былі адкрытыя для ўсіх і Зялёная, і Сіняя, і Блакітная, або Царская, бо ў ёй купаўся цар Мікалай ІІ, бухты, але калі мы пачалі ставіць намёты каля Скразнога грота, да нас падышлі людзі з аўтаматамі і спыталі, ці ёсць у нас дазвол, бо мы ў памежнай зоне. “Вунь там, — кіўнуў адзін з іх аўтаматам за марскі небасхіл, — Турцыя. А ў вас акваланг і лодка”.
— Наш дазвол у таварыша Маркача, які запрасіў нас, прадстаўнікоў
Не ведаю, што б я аддаў за тое, каб прачнуцца рана-рана на беразе Сіняй бухты і ўбачыць Асю, якая, уздрыгваючы спінай і сціскаючы лапаткі, кранае пальчыкамі ног такую празрыстую, што яе не відно, ваду, робіць з берага крок, другі, трэці, уваходзіць у мора па шчыкалаткі, па калені, па клубы, прысядае па локці, па плечы — і плыве. Яна плыве насустрач сонцу, якое толькі-толькі ўзыходзіць, і здаецца, што сонца, узыходзячы, спяшае ёй насустрач — яшчэ б яму не спяшаць!..
Ася плавае датуль, пакуль сонца цалкам не вынырвае з мора. Тады яна паварочвае да берага, выходзіць, атрасаючы валасы, з празрыстай хвалі, кладзецца, раскінуўшы рукі і запрашаючы сонца ў абдымкі, на пясок — і як я зайздрошчу сонцу, якое, абліваючы Асю з ног да галавы дрыготкім ранішнім святлом, можа яе ўсю-ўсю абдымаць, абдымаць, абдымаць, цалаваць, цалаваць, цалаваць… Потым я зайздрошчу ветру, калі мы, знайшоўшы пакручастую, стромую, але ўсё ж адольную сцяжыну, падымаемся амаль на самую вяршыню гары Сокал, дзе Ася мяне, бо мы толькі ўдваіх, пытае: «Калі Біг з Вілам голыя па Мінску бегалі, дык можна мне голай на гары пастаяць?» — і скідвае сукеначку, і ўскідвае рукі, і стаіць тварам да мора, мармурова-белая, як статуя, якую тысячы гадоў таму паставілі тут таўры ці скіфы, грэкі ці рымляне, каб выплывалі з туману, як на агонь маяка, караблі на пажар яе валасоў, і даплыўшы, любаваліся ёй заваёўнікі і арганаўты, і маліліся ёй, як багіні, каля ног якой ляжыць Новы Свет і, як сабачка, круціцца вецер…
Чаму Ася мяне не саромелася? Гэтак не саромеліся мяне жанчыны ў лазні, куды брала мяне маленькага маці. Не помню, як я побач з тымі жанчынамі ў той лазні пачуваўся, відаць, ніяк, хацеў толькі хутчэй вырасці, каб хадзіць у лазню з мужчынамі, а тут, на гары побач з Асяй мне было крыўдна. Я хацеў хутчэй стаць мужчынам, у чым, што начамі сніў і пра што днямі марыў, мне магла дапамагчы Ася, але яна не дапамагала мне і не збіралася дапамагаць.
Аднойчы ў Скразным гроце, дзе мы шукалі скарбы піратаў, і Ася пры мне прысела на кукішкі, я спытаў: чаму? Чаму яна мяне не саромеецца? Таму што я для яе хлопчык, якога можна ўзяць з сабой у лазню? Яна засмяялася: «Дурненькі! Глядзі: я не саромеюся мора, сонца, ветру… Ты ў такой кампаніі — і крыўдуеш?»
Я крыўдаваў. Я раўнаваў яе да мора, сонца, ветру… Ужо не кажучы пра Ворана, якому таксама давялося ўзрэўнаваць.
Да нашай кампаніі прыбіліся, бо не былі добраахвотнымі сябрамі памежнікаў і іх не пускалі ў памежную зону, а ім, канечне ж, хацелася туды, куды не пускаюць, артысты, што здымаліся ў фільме «Два плюс тры». Палкоўнік, прачытаўшы сцэнар фільма, напісаны аўтарам гімна СССР, сказаў, што такую пустышку глядзець нават выбаршчыкі зімой у клуб не пойдуць — і не ўгадаў: пайшлі. Перш за ўсё, мусібыць, з-за прыгажунь артыстак, адну з якіх, Наталлю, Віл адразу прыгарнуў песняй “Шлях далёкі да Ціперэры”, сказаўшы, што напісаў яе сам, хоць проста пераклаў маршавую песню брытанскай арміі. Але як прыгарнуў ён да сябе брытанскім маршам зорку савецкага кіно, гэтак яна ад яго і адгарнулася, бо аднекуль марш брытанскай арміі “It’s a long way to Tipperary”, напісаны, зразумела, не Вілам, а Джэкам Даджам і Вернанам Горэйсам, ведаў актор, які быў партнёрам Наталлі ў фільме — і праспяваў ёй той марш па-ангельску.
Да любоўнай паразы Віла дадалася яшчэ і параза творчая. У яго быў акваланг, ён здорава плаваў, дапамагаў у здымках пад вадой, за што выцыганіў у рэжысёра, вясёлага армяніна, эпізадычную ролю афіцыянта. Па сцэнары той афіцыянт абслугоўваў у рэстаране дрэсіроўшчыцу Зою, ролю якой грала Наталля — і Віл штодня прызначаў ёй “рэпетыцыі” ў рэстаране, запрашаючы, паколькі меліся грошы, і сваіх сяброў, і яе сябровак. Праз тое, што артысткі цягаюцца па рэстаранах з добраахвотнымі памочнікамі памежнікаў,
рэжысёр быў не ў захапленні, і ў самы разгар рэпетыцый раптам вырашыў, што аўтар марша брытанскай арміі на ролю савецкага афіцыянта не падыходзіць — і ён сыграе яе сам. Для Віла, які ўжо бачыў сябе на вокладцы часопіса “Савецкі экран”, гэта было ўдарам пад дых. Ускрыўдаваўшы на ўвесь белы свет, ён не вылазіў з сіняга мора, лавіў рыбу і збіраў рапанаў.Праз год, калі фільм быў зняты, я прапанаваў Вілу яго паглядзець, на што Віл буркнуў, у бок адвярнуўшыся: “Ідзі паглядзі адзін”. Я пайшоў паглядзець не адзін, а з Асяй, і калі дайшло да сцэны ў рэстаране, якую рэжысёр, вясёлы армянін, яшчэ й агучыў брытанскім вайсковым маршам, мы з Асяй так разрагаталіся, што кантралёрка вывела нас з залы, і я дасюль не ведаю, чым жа скончылася тое кіно.
Палкоўнік казаў, што кожны час мае не толькі сваё мастацтва і сваю палітыку, філасофію і паэзію, але і свой колер. Калі яно так, дык колер таго часу — гэта трохі размыты колер тагачасных фільмаў, знятых на стужках вытворчасці фабрыкі “Свема”.
Між тым, набліжаліся выбары. Кожны вечар, агітуючы за нашага кандыдата ў Навасвецкую пасялковую раду, мы выступалі з канцэртамі ў гроце Шаляпіна, названым так, бо нібыта ў тым гроце Шаляпін спяваў некалі для цара. Невядома, спяваў ці не спяваў, для цара ці не для цара, але імем Шаляпіна грот назвалі нездарма, бо ў ім была такая акустыка, што не трэба было ніякай гукаўзмацняльнай апаратуры, а тэнар Гарыка і барытон Віла гучалі не горай, чым гучаў тут, калі ён тут гучаў, знакаміты рускі бас. Мы мелі гэтакі поспех, што Віл, прагуляўшы грошы на “рэпетыцыях” у рэстаране і падрабляючы цяпер на рапанах, прапанаваў квіткі на канцэрты прадаваць, і на адзін канцэрт мы прадалі іх, па рублю квіток, зарабіўшы болей за сотню, але камерцыялізацыю мясцовых выбараў рашуча спыніла мясцовая ўлада ў асобе нашага кандыдата ў дэпутаты, што прынцыпова паўплывала на нашы адносіны да яго — і не ў лепшы бок.
— Тое, што вы наш зямляк і корміце нас шашлыкамі, не азначае, што выбары павінны быць недэмакратычнымі, — заявіў пасля канцэрта Палкоўнік на нарадзе нашага выбарчага штаба ў прысутнасці нашага кандыдата ў дэпутаты Навасвецкай пасялковай рады. — Вось глядзіце: колькасць жыхароў Новага Свету — 182 чалавекі. Па законе ў мясцовую раду павінен абірацца адзін чалавек ад пяцідзесяці. Разам з вамі зарэгістраваныя яшчэ два кандыдаты. Усяго, значыць, тры. Але ж 182 бліжэй да 200, чым да 150! Чаму тады тры, а не чатыры? Таму што ў пасялковай радзе тры пасады: старшыня, намеснік і сакратар. Чацвёрты — лішні, бо стварае вам альтэрнатыву. Але ён лішні для вас, а не для дэмакратыі! Канечне, каб выбары былі дэмакратычнымі, не абавязковая альтэрнатыва. Ды ў дадзеным выпадку яна неабходная! Сапраўдная перамога, якая ўмацуе ваш аўтарытэт — гэта перамога ў змаганні! Толькі тады людзі ў вас павераць і пойдуць за вамі! Вы зможаце сказаць ім: я перамог у сумленнай барацьбе! І мы, ваш выбарчы штаб, зможам пацвердзіць: так!
Наш зямляк глядзеў на Палкоўніка, міргаючы, з хвіліну… Позірк быў такі, што я б яго не стрываў, а Палкоўніку хоць бы што — і не стрываў наш зямляк.
— Я і зараз магу сказаць, што перамог у сумленнай барацьбе, — перавёў ён позірк з Палкоўніка на Віла, на Ворана, па чарзе з уважлівай цікаўнасцю ўзіраючыся ў кожнага з нашай кампаніі. — І мне не трэба, каб вы тое пацвердзілі. Як не трэба, каб нехта за мной некуды йшоў. Мне трэба, каб мяне не выклікалі ў гаркам партыі і не спыталі:
«Што ў цябе ў Новым Свеце робіцца?..» І не прапанавалі пакласці партбілет. Таму, калі хочаце есці шашлыкі, проста грайце і спявайце. Каб усім весялей было. Больш нічога. Гэта я вам, — зноў паглядзеў ён, цяпер ужо не міргаючы, на Палкоўніка, — па-зямляцку дапамагаю, а не вы мне. Зразумелі?..
Мы зразумелі. Усе, апроч Палкоўніка.
— Не мае значэнне, хто каму дапамагае, — спыніў ён Маркача, які збіраўся пайсці, бо вырашыў, што размова скончаная. — Значэнне мае толькі вынік. А які ён можа быць без ніякай палітычнай праграмы? Без ніякай палітычнай праграмы і вынік ніякі. А якой можа быць наша праграма? Калі ставіць перад сабой маштабныя мэты. Думаць не пра тое, як стварыць ферму па гадоўлі божых каровак, — націснуў Палкоўнік на любімы мазоль Маркача, які дзеля захавання крыштальнай чысціні навасвецкага шампанскага спрабаваў змагацца з тлёй, што пажырае вінаграднікі, не з дапамогай хіміі, а з дапамогай божых каровак, якія пажыраюць тлю. — Ясна, што праграма павінна быць не мясцовага разліву. Са 182-х жыхароў Новага Свету 151 — рускія. 2 — карэйцы, 9 — габрэі, 10 — украінцы і столькі ж — татары. Таксама 10. Прыблізна такая ж карціна па ўсім Крыме. Тады чаму Крым не падзялілі паміж украінцамі і татарамі, калі іх пароўну?