Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без

Некляев Владимир Прокофьевич

Шрифт:

…нібыта ў нейкім горадзе, дзе я невядома як апынуўся і не ведаю, што гэта за горад, атамны выбух. І ўздымаецца, вырастае над горадам ядзерны грыб. Я разумею, што зараз павінен палыхнуць агонь і ўдарыць выбуховая хваля — і далёка, на небасхіле, нешта бліскае, як маланка, бляск шырыцца, запаўняе нябёсы, становіцца нясцерпным, але ўсё ж большая за нясцерпнасць святла нясцерпнасць глухаты і нематы, адсутнасць хоць якога-небудзь гуку: я крычу, крычу, крычу, не чуючы свайго голасу, і ад гэтага яшчэ страшней. Выбуховая хваля змятае горад у поўнай цішыні: вунь звон сарвала з царкоўнай званіцы, і ён, нема матляючы языком, ляціць разам з дрэвамі, бёрнамі, камянямі, жалеззем, і ўсё гэта сыплецца, падае, абрынаецца на людзей, што выбягаюць з разбураных дамоў і крычаць, крычаць, крычаць, а іх не чуваць, яны не чуюць самі сябе і ніхто

іх не чуе. На імгненне я азіраюся: ззаду сіняя рака, за ёй, на тым беразе, зялёная лугавіна, над якой блакітнае, з белымі аблачынкамі, неба, і трэба бегчы ў той бок, а ўсе бягуць у бок зваротны, туды, дзе бляск, дзе ўсе запальваюцца адзін ад аднаго, нібы паходня ад паходні. Я ўспыхваю, агорнуты, як чырвонай прасцінай, агнём, які зусім не пячэ, у якім можна купацца, як у сіняй рацэ, за якой зялёная лугавіна і блакітнае, з белымі аблачынкамі, неба, у якім я чую нарэшце гук: лёгкі-лёгкі пошум полымя — і мяне пакідае страх.

Новы свет, былы рай

Палкоўніка зноў забралі, калі мы яшчэ ў вар’ятні былі, і Гурык сказаў, што ўжо не выпусцяць, а яго чамусьці выпусцілі. Мы сабраліся ў Крым, каб прагуляць ганарар, які Біг атрымаў за кнігу пра слесара, і не думалі, што Палкоўнік з намі паедзе, таму й прапанавалі яму паехаць, а ён згадзіўся: «Збягу. Няхай ловяць». У яго таксама было не пуста ў кішэнях, з ім разлічыліся за дысертацыю, напісаную для нейкага новага доктара навук па этнаграфіі, і Палкоўнік даклаў заробак у агульную касу — да ганарара Біга за кнігу.

У нас была гара грошай. Столькі я ніколі не бачыў.

— Калі Палкоўнік едзе, тады й Аса давайце возьмем, — прапанаваў Віл. — Каб у гурце вар’ятаў быў камплект.

У нашай кампаніі гралі на гітары не толькі Гарык Клябанаў і Віл, але й Воран, а таксама, што ўсіх здзіўляла, Ас. Прычым, Ас, умеючы лепш за ўсіх свістаць, імітуючы палёт куль ды асколкаў, яшчэ і граў лепш за ўсіх: не адно так званым гітарным “боем”, усімі пальцамі па ўсіх струнах, але й шчыпкамі, пераборамі, і ніхто не мог ад яго дазнацца, дзе ён так граць навучыўся, бо ён сам гэтага не ведаў. Вось Віл і прыдумаў паехаць у Крым не проста звычайнай кампаніяй, адной з многіх, якія едуць летам на поўдзень, а музычным гуртам “Varjaty”.

Шкада, што ні Вілу, ні яшчэ камусьці з нас не прыйшло ў галаву назвацца гуртам “Beatles”. Гралі мы ў той час амаль тое самае, што й ліверпульская чацвёрка: запісы з альбомаў Літла Рычарда, Чака Беры, Карла Пернікса, якія дасылалі Вілу ягоныя сябры па радыёэфіры. Гэтаксама як Ленан з Макартні, Гарык з Вілам перараблялі ў рок-н-ролы блюзы і джаз, і, выступаючы на прыступках Тэатра юнага гледача ў Мінску з Асам і Воранам, мелі поспех не меншы, чым мелі яго ў клубе “Jacaranada” ў Ліверпулі хлопцы з гурту “Quarrymen” — будучыя бітлы. Так што хто ведае, як яно магло стацца, калі б наш Палкоўнік быў Аланам Уільямсам, які сасватаў нячэсаных ліверпульцаў немцу Бруна Кашмідзеру, а той выцягнуў іх у Гамбург, дзе яны запісалі свае першыя песні, адна з якіх, “My Bonnie”, зусім і не іхняя, прыдуманая народам Ірландыі. Ці калі б Ася Бланк была Астрыд Кірхгер, якая прыдумала для бітлаў зачэсаныя на лоб і вушы валасы і пінжакі без каўнерыкаў і лацканаў. Хоць яшчэ невядома, што круцей: тыя пінжакі ад Кардэна ці генеральскі шынель Аса…

Біг прапанаваў назваць гурт “Crazy”, бо яно тое самае, што вар’яты, толькі па-ангельску, але ягоную прапанову адмялі. Ангельскую мову на Крымскай паўвыспе нехта ж можа ведаць, а беларускую — ніхто, таму надпісы Varjaty на нашых гітарах будуць чытаццца, хутчэй за ўсё, як вар’етэ, за што міліцыя, можа быць, і не прычэпіцца. А калі прычэпіцца, дык у нас ёсць даведкі, што мы насамрэч прыдуркі: лячыліся ў псіхушцы. Гэтыя даведкі з круглымі пячаткамі, выдадзеныя нам круглым доктарам, Біг з Вілам хацелі выкінуць, дый мне такая даведка была без патрэбы, але Палкоўнік, вар’ят з досведам, сказаў, што мы проста не разумеем, якія займелі дакументы, і загадаў здаць іх яму, як дырэктару гурта “Varjaty”.

Ас вельмі хацеў паехаць з намі. Каб мы ўзялі яго, ён сказаў, што ў Крыме ваяваў, і правядзе нас па баявых мясцінах.

— Па якіх? — спытаў Воран, і Ас адказаў, што збіваў нямецкія самалёты над усім Крымам, так што баявыя мясціны там у яго паўсюль, але найлепшая мясціна ў Гурзуфе,

дзе ён папраўляў здароўе ў санаторыі пасля вайны.

Вырашылі ехаць у Гурзуф.

У плацкартным вагоне цягніка «Мінск-Сімферопаль» было душна і віскліва. Вагон быў набіты дзецьмі, якіх везлі аздараўляцца ў «Артэк», самы прэстыжны ў СССР піянерскі лагер, праз што дзеці лічылі сябе, мусібыць, элітнымі і паводзіліся нахабна. Палкоўнік, які не трываў дзяцей ні хворых, ні здаровых, ні звычайных, ні элітных, прыгразіў, што будзе скідваць іх пад адхон каля кожнага кіламетровага слупа, і тады Віл, які дзяцей любіў, схадзіў да брыгадзіра цягніка, вярнуўшыся з квітком у мяккае купэ, куды й перавялі Палкоўніка. Перад тым, на вакзале, брыгадзір крычаў пасажырам, якія штурмавалі цягнік: «У мяне й без вас людзі на галовах адзін у аднаго сядзяць! Ні ў адным вагоне ніводнага вольнага месца!..» — і тым не менш месца знайшлося. Некаму, мусібыць, брыгадзір адарваў галаву.

Грошы дапамагаюць не толькі вырашаць праблемы, але й ствараюць іх. Не было б у нас грошай — не перасеў бы Палкоўнік у мяккае купэ і не пазнаёміўся б з круглаватым у таліі мужыком, з якім выйшаў з вагона на вакзале ў Сімферопалі і абвясціў, што мы едзем не ў Гурзуф, дзе пасля вайны папраўляў здароўе Ас і дзе цяпер наўрад ці нас нехта чакае, а ў Новы Свет, дзе да вайны, прычым, яшчэ да першай сусветнай, жыў граф Галіцын, які вырабляў знакамітае навасвецкае шампанскае, і куды запрашае нас таварыш Маркач — старшыня Навасвецкай пасялковай рады і наш зямляк.

Старшыню пасялковай рады чакаў на вакзале грузавік. Цяжкагрузны «КРАЗ», які, як сказаў Віл, зжырае на адзін кіламетр прыблізна столькі ж бензіну, колькі легкавушка на сто. І такая махіна амаль дзвесце кіламетраў ехала па старшыню сюды — і амаль дзвесце будзе ехаць назад? «Службовую рамантуюць», — патлумачыў Маркач. Ён запрасіў Палкоўніка ў кабіну, а ўсе астатнія з намётамі, гумавай лодкай, аквалангам, заплечнікамі і гітарамі залезлі ў кузаў. У меншую машыну мы і не ўмясціліся б, так што ад пачатку былі ўдзячныя нашаму земляку, які не звык ездзіць на грамадскім транспарце.

Доўга-доўга мы трэсліся ў кузаве «КРАЗа» да Судака, паўзлі па горнай дарозе, ледзь не зваліўшыся з яе, да Новага Свету, сапрэлі, згаладаліся, а Палкоўнік пацягнуў нас з дарогі на сход, на якім мы, артысты гурту «Varjaty», павінны зараз жа выступіць у падтрымку нашага земляка — кандыдата ў дэпутаты Навасвецкай пасялковай рады, у якую ён павінен абрацца, каб застацца старшынёй, за што абяцае накарміць нас шашлыкамі. Аказалася, мы патрапілі ў Новы Свет за два тыдні да мясцовых выбараў — і Палкоўнік вырашыў уключыцца ў выбарчую кампанію.

У Савецкім Саюзе і мясцовыя, і немясцовыя выбары праводзіліся аднолькава проста. За тыдзень да іх у газетах з’яўляліся заклікі: “Усе на выбары!” — а ў дзень галасавання грамадзяне СССР спяшалі не столькі на выбарчыя ўчасткі, колькі ў буфеты пры іх, дзе куплялі апельсіны, якія ў дні і гады паміж выбарамі можна было ўбачыць хіба на ілюстрацыях у кнізе Чукоўскага пра доктара Айбаліта, якому, як вядома, пашчасціла з камандзіроўкай у Афрыку. Праз пару дзён у тых жа газетах пад лозунгам “Народ і партыя адзіныя!” друкаваліся вынікі галасавання: 99,99 % — і ўсе галасы за таго народнага кандыдата, які быў адзіны з партыяй. Іншых кандыдатаў, як і іншых апельсінаў, не было.

Што да сустрэч з кандыдатамі ў дэпутаты, дык на іх збіраліся хіба ў тыя часы, калі не бачылі не толькі апельсінаў, але й тэлевізараў, а ў клубе перад сходам круцілі кіно. Але ж не летам на беразе мора…

Летам на беразе мора наш кандыдат мог сустрэцца толькі з намі — і паколькі болей не было нікога, распавёў нам, землякам і артыстам, як угору пайшоў, у начальства выбіўся. Ён працаваў на заводзе шампанскіх вінаў, стаў ударнікам камуністычнай працы і яго выбралі партыйным сакратаром. На з’езд партыйны паслалі, а там, на тым партыйным з’ездзе, рэгістрацыя па партыйных білетах. А ў яго білет толькі на цягнік ад Сімферопаля да Кіева. Бо ён не камуніст… Кіеўскія камуністы за галовы схапіліся: “Госпадзі! Што рабіць?” Яго ўжо ў спіс партыйных дэлегатаў на з’езд у Маскве ўключылі! І цяпер выкрэсліваць, бо ён не камуніст? Як тады партыйным сакратаром яго выбралі, дэлегатам з’езда ў Кіеве? Такі шум уздымецца, такое пачнецца! І гэтаму Маркачу-смаркачу — што? Найбольшае — звання ўдарніка камуністычнай працы пазбавяць. А тых, хто такое дапусціў, правароніў, могуць пазбавіць куды большага…

Поделиться с друзьями: