Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без

Некляев Владимир Прокофьевич

Шрифт:

— Але не супраць законаў псіхіятрыі, — расцягваў Вілу павекі і зазіраў у вочы лекар, які, сябруючы з бацькамі Біга, лекаваў іх сына і згадзіўся падлячыць Віла. А заадно й мяне, бо ў мяне бяссонніца — і круціцца ў галаве адно і тое:

Самалёт ляціць Над усёй бальніцай.

Болей нічога ў галаве не круціцца.

Гэты лекар, які ўвесь круглы, таму ўсе Круглым яго й называюць, увогуле дзіўны. Яго б самога, як Воран кажа, лячыць. Вось ён сказаў Бігу пра законы псіхіятрыі — і тут жа дадаў, што ніякіх законаў

у псіхіятрыі няма. Як у сне — хвалі ад выбуху. “Увогуле, — ён кажа, — няма нідзе і нічога”.

У Круглага рэпутацыя аднаго з лепшых псіхіятраў, ён друкуецца ў замежных спецыялізаваных выданнях, яго куды толькі ні запрашалі і што толькі яму ні прапаноўвалі, а ён працуе санітарам у вар’ятні ў Навінках, куды ўладкаваўся, каб капейчыну падрабіць, яшчэ тады, калі быў студэнтам. Цяпер ён, зразумела, лекар, але ў штатным раскладзе вар’ятні, як і ў студэнцкія гады, запісаны санітарам — і не жадае перапісвацца ў лекара. “Як я, — пытае, — магу быць лекарам, калі не ведаю, што я лякую?..”

Гарык Клябанаў казаў, што Круглы працуе не толькі ў вар’ятні, але і ў КДБ. Кансультантам. Выяўляе сімулянтаў, якія падрабляюцца пад псіхаў. Працу такую прапанавалі яму як ганаровую — і адмовіцца ад такой ганаровай працы ён не мог.

Яшчэ Гарык казаў, што якраз круглы лекар паставіў Палкоўніку, які на камсамольскім сходзе назваў Сталіна людажэрам, дыягназ: шызафрэнія. І Палкоўніка не расстралялі.

Віл з Бігам не баяліся, што іх расстраляюць. Псіхі расстрэлу не баяцца. А вось, што пасадзяць, баяліся. Нават перакананыя былі, што пасадзяць, і заклаліся на “амерыканку”, каго пасадзяць першага. Віл заклаўся, што першым пасадзяць Біга, Біг — што Віла. Хто прайграе, той, як дамовіліся яны ў закладзе на “амерыканку”, галяком прабягае па “брадвэі” паўз будыніну КДБ ад вуліцы Камсамольскай да вуліцы Валадарскага.

Першым пасадзілі Эдзіка Гарачага. Біг з Вілам абодва прайгралі і вырашылі галяком не бегаць, але Палкоўнік, якога тады яшчэ не пасадзілі, сказаў, што гэта няправільна. Калі абодва прайгралі — абодва павінны бегчы. Іначай парушаецца прынцып гульні ў “амерыканку”, а прынцыпы парушаць нельга. З Палкоўнікам не паспрачаешся — і Віл з Бігам пабеглі на пару, павязаўшы на грудзі, як лёгкаатлеты, папяровыя нумары: 3012 і 3623. З парадных дзвярэй КДБ, у якія, здавалася, ніхто ніколі не ўваходзіў і з якіх ніхто не выходзіў, гэтым разам выйшлі два гэбісты і няўцямна праводзілі позіркамі двух голых лёгкаатлетаў, якія на рагу вуліцы Валадарскага і праспекта Леніна ўскочылі ў таксі. З таксістам загадзя было пра ўсё дамоўлена — і ён рвануў да Нямігі.

Круглы доктар, вярнуўшыся з КДБ пасля сваіх кансультацый, сказаў бацькам Біга, што калі іх сына арыштуюць, дык не за тое, што голы па горадзе бегае. Як і Віла не за тое пасадзяць. Справу антысавецкай групоўкі запатрабавалі ў Маскву. Значыць, рыхтуюць нешта сур’ёзнае. Так што трэба думаць, як выкручвацца. Недзе хавацца. А як выкручвацца? Дзе хавацца? І доктар, які кансультаваў КДБ адносна сімулянтаў, прапанаваў: у Навінках. У бальніцы для такіх псіхаў, як Біг з Вілам, якія голымі па вуліцах бегаюць. Нічога лепшага яны, калі б і хацелі, не прыдумалі б…

Паколькі я таксама баяўся, што мяне пасадзяць, і ў маёй галаве круціўся самалёт над усёй бальніцай, я разам з Вілам і Бігам прыйшоў да круглага доктара на прыём, і ён Бігу, Вілу і мне паставіў дыягназ: дэлірыёзны сіндром. Адзін на трох. “Пілі, — спытаў, — партвейн? Вось і дапіліся”.

І сказаў, каб заўтра прыехалі ў бальніцу. Я не хацеў, у мяне клёпкі не сыпаліся, а Круглы прапанаваў: “Тады едзь на Калыму”.

Я ўспомніў, якім з Калымы вярнуўся Эдзі Рознэр, і назаўтра разам з Бігам і Вілам быў у вар’ятні.

Круглы паклаў нас у палату да сапраўдных псіхаў. “Каб усё, — сказаў, — можна было пацвердзіць дакументальна”.

У палаце было дзесяць хворых на галаву — з намі стала трынаццаць. Віл пералічыў: “Чортаў тузін. Нічога добрага нас тут не чакае”.

А калі б не чортаў тузін, дык што ў вар’ятні магло чакаць добрага? З якога боку?..

Мой сусед злева чакаў таракана. Да яго ўжо прыходзіў таракан, сказаў, што прынясе пельмені. І не прынёс. Сусед чакаў і ўдзень, і ўночы, бо пры дэлірыёзе — бяссонне.

Віл, каб майму суседу весялей было чакаць, гуляў з ім у дурня на шчаўбаны. Казаў, калі выйграваў: “Я шчаўбаню — ты прайграў”. Калі прайграваў, казаў: “Ты выйграў — я шчаўбаню”. І мой сусед падстаўляў лоб — ніводнага разу не запярэчыў. “Не таму, што дурны, — казаў Віл. — А таму, што логіка”.

На ложку справа ад мяне ляжаў чалавек, які з дня ў дзень чытаў адну і тую кнігу, назву якой я не мог разгледзець, бо кніга была ў абгортцы. Час ад часу ён усклікваў: “Як сказана! Ах, як сказана! На вякі!..” — і мне карцела дазнацца: што ж там за кніга такая вечная?

— Абсалютная ісціна!.. — ускочыў аднойчы, неяк асабліва ўзбудзіўшыся, чытач вечнай кнігі. — Вы паслухайце!.. “Ці мысліць чалавек пры дапамозе мозга?” Пытанне? Яшчэ якое! І паслухайце, як яно развіваецца!.. “Адчуванне ёсць суб’ектыўны вобраз аб’ектыўнага свету. Прызнаваць аб’ектыўную, гэта значыць такую, якая не залежыць ад чалавека і чалавецтва ісціну, азначае так ці інакш прызнаць ісціну абсалютную”. Вы прызнаеце абсалютную ісціну?..

Я не ведаў, ці прызнаю я абсалютную ісціну, але на ўсялякі выпадак кіўнуў…

– І тым самым сцвярджаеце яе! — абсалютна задаволіўся маім кіўком мой сусед. — Бо, як сказана, “абсалютная ісціна складваецца з сумы адносных ісцін!” Ідзём далей! Глядзіце, якая логіка! Якая няўмольнасць!.. “Рух матэрыі не можа адбывацца інакш, як у часе і прасторы. З гэтага вынікае, што той, хто прызнае існаванне аб’ектыўнай рэальнасці, нашай з вамі, — сусед паказаў на сябе і на мяне, — абсалютнай ісціны, непазбежна павінен прызнаваць таксама аб’ектыўную рэальнасць часу і прасторы!” Вы прызнаеце аб’ектыўную рэальнасць часу і прасторы?..

Ён быў утрая старэйшы за мяне, але звяртаўся да мяне на вы, да таго ж, падобна было, лічыў, што я гэткі ж разумны, як ён, таму аб’ектыўную рэальнасць часу і прасторы я прызнаў без ваганняў.

— Дык вось, — усклікнуў сусед так, нібы, каб мы з ім гэтага не прызналі, часу і прасторы не было б, — цяпер галоўнае. Усё гэта адносіцца як да рэальнасці ў рэальнасці, так і да рэальнасці ў нашай свядомасці. “Свядомасць існуе рэальна; яна не ёсць нешта, што не ўласцівае прыродзе, а гэткі самы натуральны яе прадукт, як і тыя матэрыяльныя аб’екты, якія надзеленыя свядомасцю, як уласцівай ім унутранай якасцю. Таму супрацьпастаўленне матэрыі і свядомасці адноснае і мае безумоўнае значэнне толькі ў вышэйназваных межах. За гэтымі межамі аперыраваць з супрацьпастаўленнямі матэрыі і духу, фізічнага і псіхічнага, як з абсалютным супрацьпастаўленнем, было б велізарнай памылкай”. Рузумееце? А доктар аперыруе! Ён проста рэжа мяне без нажа!..

Поделиться с друзьями: