Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без

Некляев Владимир Прокофьевич

Шрифт:

Палкоўнік зрабіў паўзу, даючы магчымасць нашаму кандыдату асэнсаваць пачутае, і працягнуў.

— Гэтае пытанне рытарычнае. Сутнаснае ж у нашай праграме вось што: у 1954 годзе, калі са складу Расійскай Федэрацыі Крым быў перададзены ў склад Украіны, была зробленая памылка, якую неабходна выправіць. Мадэль, у якой існуе сёння Савецкі Саюз, не вечная. Пры зменах яе можа выбухнуць канфлікт, закладзены ў змене статуса Крыма, што можа прывесці да непрадказальных наступстваў. Да глабальнай катастрофы, якую сёння яшчэ можна прадухіліць. Вось з якой праграмай я прапаную вам пайсці на выбары, калі думаць не пра пасялковую — пра Вярхоўную Раду, а, можа быць, і пра большае.

Пра тое, што ён мае на ўвазе пад большым, Палкоўнік не сказаў, але па выглядзе Маркача не цяжка было здагадацца,

што найменшае, пра што ён зараз думае — гэта як нас прыбіць і дзе закапаць. І калі сесці, дык за забойства, а не за палітыку. Нічога ў адказ Палкоўніку не сказаўшы, ён павярнуўся і выйшаў, так ляснуўшы дзвярыма, што ў шашлычнай, дзе праводзілі мы штабную нараду, сарвалася карціна ў раме пад шклом: «Крым у час руска-турэцкай вайны».

— Я тут ваяваў, — сказаў Ас, калі карціну ўжо без шкла, якое сабрала і выкінула Ася, зноў павесілі на сцяну. — За савецкую дэмакратыю супраць нямецкага фашызму. — І ўсе павярнуліся да Палкоўніка, а той кіўнуў галавой.

— Заўтра ў нас на канцэрце будзе намеснік дырэктара вінзавода. Я з ім размаўляў, ён хоча быць чацвёртым. Хоць і ферму для гадоўлі божых каровак таксама хоча.

“Божая кароўка, што заўтра будзе?..” — спяваў назаўтра гурт “Varjaty” песню, пад якую Ас у генеральскім шынялі скакаў упрысядку:

“Хай пра будучыню слова Скажа дэпутат Маркач, А не нейкая карова І не нейкі смаркач!”

О, гэта было відовішча… Ас у генеральскім шынялі, Віл у ластах і аквалангу, Гарык у касцюме божай кароўкі, Воран у гумавай лодцы… Гурт “Varjaty”, дырэктар — Палкоўнік, які выконваў яшчэ й ролю (без чаго не абыходзіўся ў тыя часы ні адзін канцэрт савецкай эстрады) канферансье:

«У якім лагеры ён быў? У піянерскім?

Хто табе сёння будзе цалаваць пальцы? Начальнік пашпартнага стала.

Ад спецыяліста па намёках нельга патрабаваць дакладнай інфармацыі.

Дзве малпы, а сутнасць адна і тая.

Усялякая жывёліна мае права жыць, а некаторыя яшчэ й жывуць.

Вы таксама не збіраецеся жыць у гэтым свеце? Тады чаму такая асцярожнасць?..»

Чытаючы запісы з нататнікаў Паўла Уліціна, Палкоўнік не надта разлічваў на тое, што з такога канферансу будуць смяяцца. Ніхто й не смяяўся. “Ландышы! Ландышы давай!..” — крычалі падпітыя мужыкі ў дзіцячых панамках. Яны прыпёрліся на першы наш канцэрт, не давалі граць, мы не ведалі, што рабіць, бо не было каму ў нас “Ландышы” спяваць, і тады на сцэну, кіўнуўшы нам, каб падыгралі, выйшла Ася.

Мужыкі ў панамках сціхлі і сядзелі, як ламы праглынуўшы, пакуль мы падбіралі для Асі танальнасць, прабягалі мелодыю… У яе быў не такі голас, каб спяваць у дуэце з Шаляпіным, але саспявала яна “Ландышы” так, нібы толькі для таго, каб саспяваць “Ландышы”, на свет нарадзілася. “Біс!.. Брава!.. Біс!..” — паўскоквалі мужыкі ў дзіцячых панамках, і я не ўпэўнены, што такіх авацый дачакаўся б ад іх Шаляпін.

На тым канцэрце разам з мужыкамі ў дзіцячых панамках крычаў Асі “брава” Андрэй. Ён не быў яшчэ такім знакамітым акторам, якім стаў, саспяваўшы: «Ён яе, галубачку, шмяк-шмяк-шмяк, ням-ням-ням ды і шмыг-шмыг-шмыг», — але ўжо сыграў у фільме «А калі гэта каханне?», які Ася бачыла.

Назаўтра Андрэй прыйшоў на канцэрт з лілеямі. Адкуль ён ведаў, якія яна любіць кветкі?..

«Хто ў параўнанні з ім, маскоўскім акторам, героем-палюбоўнікам, нейкі мінскі архітэктар? — спытаў, калі Андрэй прыйшоў і на трэці канцэрт, Палкоўнік. — Ніхто». І аднойчы ранкам, кранаючы пальчыкамі ваду і ўздрыгваючы лапаткамі, Ася ўвайшла ў мора разам з Андрэем.

Косця глядзеў на гэта з берага разам са мной… Я раўнаваў, але не верыў, што Ася яму, мне, нам усім здрадзіла, а Воран раўнаваў і верыў, і каўтаў жаўлакі.

— У яе жаніх гэбіст, так што глядзі… — нібыта жартам кінуў ён Андрэю, калі мы ўсе разам, вар’яты, сябры памежнікаў, акторы, снедалі ў выдзеленай нам Маркачам шашлычнай, і Ася, бліснуўшы на Ворана позіркам, поўным пагарды, сказала: “Што ж, калі ён мне жаніх, за яго й пайду”. І паднялася, і пайшла.

Я

ўпершыню тады падумаў, што Ася Бланк Асяй Воран можа і не стаць.

Пад вечар таго ж дня я ўбачыў Косцю з Андрэем на сцяжыне Галіцына, якую князь загадаў ад падножжа гары Арол пратаптаць, каб з царом гуляць. Не так высока, але… Яны, Косця з Андрэем, стаялі адзін насупраць аднаго ў самым вузкім месцы сцяжыны, якая за спінамі іх строма абрывалася, і, як пеўні, штурхаліся грудзьмі. Вышэй па сцяжыне йшла Ася, і Косця з Андрэем, штурхаючыся, пакручвалі галовамі ёй услед, чакаючы, што на некага з іх яна азірнецца, убачыць, як яны, рызыкуючы жыццём, за яе б’юцца, а яна йшла і не азіралася… Тады Андрэй махнуў рукой і рушыў па сцяжыне ўніз.

Праз шмат-шмат часу, недзе за паўгады да смерці Андрэя, я пабачыўся з ім у Маскве. Мы выпадкова спаткаліся каля Дома кіно, паціснулі адзін аднаму рукі і пастаялі, як стаяць на горнай сцяжыне, якая за спінамі абрываецца. І ў яго, і ў мяне за спінай было жыццё, у якім многае можна было ўспомніць, а ён паглядзеў на мяне сумнымі — чамусьці яны амаль заўсёды былі ў яго сумнымі — вачыма і ўсё, што спытаў: “Як Ася?..”

Ася прапала. У дзень выбараў, які запісаўся ў маёй памяці як дзень божых каровак.

З самай раніцы, яшчэ да галасавання, Маркач вырашыў прадэманстраваць сваім выбаршчыкам, як ён будзе змагацца са шкоднікамі, якія зжыраюць вінаграднікі, калі яго абяруць дэпутатам і ён застанецца старшынёй Навасвецкай пасялковай рады. З узыходам сонца над Коба-Кая, гарой Арол, у нетрах якой прабітыя штольні, дзе й захоўваецца вырабленае з навасвецкага вінаграду шампанскае, застракатаў верталёт. Ён пакружыў над гарой, праляцеў над узбярэжжам, вярнуўся, з двух бакоў у ім расчыніліся люкі — і паляцелі ўніз такія, як для абутку, пушкі, якія адразу ж выбухалі, выкідваючы з сябе нешта падобнае на дым, на хмаркі. Разрастаючыся ад Коба-Кая да Куш-Кая, гары Сокал, дымныя хмаркі апускаліся ўсё ніжэй, ніжэй, і па самых нізкіх ужо відаць было, што гэта не хмаркі, а нешта лятуча-жывое — і з нябёс сыпанулі божыя кароўкі! Іх былі тысячы, мільёны, мільярды, і сыпацца яны павінны былі на вінаграднікі, каб пажэрці шкоднікаў, але верталётчыкі не разлічылі напрамак і сілу ветру: кароўкі пасыпаліся на пасёлак, на пляжы, на Зялёную, Сінюю і Блакітную бухты, вада ў якіх імгненна стала чырвонай. Бухты кішэлі кароўкамі, немагчыма было знайсці хоць лапік чыстай вады, і Ася, якая плыла ў гэтай чырвонай кішэчы, на бераг вылезла ў кроў скусаная — я б ніколі не падумаў, што кароўкі божыя могуць гэтак скусаць.

Ася сядзела на беразе, накрыўшы галаву рукамі, і плакала, плакала, плакала… Я падышоў, каб суцешыць, яна ўсхліпнула: “Прэч!..” І столькі было ў тым усхліпе нянавісці, што мяне сцяла ад яго, як ад шыпу змяі. Падумаўшы, што гэта яна праз боль, я сказаў: “Пройдзе…” — а яна ўскочыла: “Ніколі!..” — і пабегла, страсаючы кроў на пясок…

Андрэй сказаў, калі мы спаткаліся каля Дома кіно, што ў засыпаным божымі кароўкамі Новым Свеце Асі прапаноўвалі зняцца ў фільме замест Наталлі. Не ён прапаноўваў, рэжысёр, які вырашыў, што Ася болей на ролю дрэсіроўшчыцы падыходзіць, і сказаў ёй, што пасля здымкаў яна можа паехаць у Маскву, у інстытут кінематаграфіі, і Ася згадзілася, але нехта заклаў яе рэжысёру: маўляў, ваша справа, можаце й не звяртаць увагі на тое, што яна — дачка ворага народа. “Хто мог яе закласці?..” — разгублена спытаў я, і Андрэй пацепнуў плячыма: “Не Наталля ж, скуль яна ведала… Нехта з вашых. Можа, той вар’ят, які на вашых канцэртах антысавеччыну нёс. Ці Воран, каб яна ад яго не з’ехала”.

Ён і Ворана помніў. Нічога, што з Асяй звязанае, не забываецца.

У Асі мог быць зусім іншы лёс. Не абавязкова, але мог. І не плакала б яна на беразе Сіняй бухты, і не збягала б ад таго лёсу, у якім нехта з нас яе пакінуў, у Ізраіль, а піла б шампанскае ў Маскве ў Доме кіно… Хоць яна і так піла шампанскае ў Маскве ў Доме кіно, дзе толькі жонкі генералаў КДБ шампанскае і п’юць.

“Хто?..” — гляджу я на даўні чорна-бела фотаздымак, на якім дымяцца шашлыкі над надпісам: “Першы ганарар гурту “Varjaty”, Крым, Новы Свет”. Па правы бок ад Асі — Гарык, Ас, Воран, па левы — Віл, Біг, Палкоўнік. Я фатаграфую, мяне няма.

Поделиться с друзьями: