Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без
Шрифт:
Я расказаў, скуль… Гарык Клябанаў быў паэтам і не стаў казаць, што я сексот і засранец, ён увогуле ніколі не абражаў нікога, толькі паківаў галавой: “Та-а-к… І як цяпер Нэла?..”
Да раніцы сядзець са мной ён не захацеў, хоць звычайна сядзеў — лёг на свой тапчан і заснуў. Сам, маўляў, думай, як цяпер Нэла — і хто цяпер ты…
Раніцай Гарык не пускаў мяне нікуды: “Ды ў цябе жар! — І ўступаў свой тапчан. — Табе ляжаць трэба!”
Ад ягонага дома на вуліцы Леніна да вуліцы Савецкай, дзе жыла татарка Нэла, я йшоў ці не гадзіну — гэтак мяне хістала. Дахістаўся якраз у час: Нэла з пад’езда выходзіла. Убачыла мяне — і павярнула ў бок вакзала да прыпынку першага тралейбуса. Я за ёй не паспяваў, але ў тралейбус паспеў усунуцца. Сеў за ёй — што сказаць? Нэла, прабач?..
“Жы-шу-шых!..” — расчыніліся дзверы — і ў іх лёгка, як парушынка, выскачыла Нэла.
Нават не развіталася.
Нават кандуктарка здзівілася.
Нават бабулі ёй услед зірнулі.
Больш ніхто з тралейбуса не выйшаў, ніхто не ўвайшоў — і дзверы зачыніліся: “Шых-жы-шу!..”
Мне ўспомніўся сіні каптурык у гэтым жа першым тралейбусе, толькі не зімовым, а вясновым, у якім пахла пралескамі — і я не паспрабаваў выскачыць у дзверы, пакуль яны зачыняліся. Раптам зразумеў, што Нэлу, як і сіні каптурык, не даганю ўжо ніколі. І ніколі Нэла зноў не пакахае мяне, калі нават я знайду на Падлеснай тую ружовашчокую снягурку — і яна сыпане мне пад ногі ўсе, якія не закруціла яшчэ ў срэбныя фанцікі і не павесіла на елку, мандарыны.
Каля ўваходу ў тэхнікум мяне чакаў Лоб: “Табе да дырэктара”. “Чаго?” “Скуль мне ведаць? Я стараста, мне сказалі табе сказаць. Змерз, чакаючы. Да дырэктара — і ўсё”.
— Заходзь, — сам выйшаў у прыёмную дырэктар, як толькі сакратарка прыадчыніла дзверы ў кабінет. — І ў кабінеце спытаў, калі я прытуліўся да кніжнай шафы, каб не хістацца. — Ты чаму не сказаў мне пра Нэлу?..
Адкуль ён ведае? Нехта з нашых сказаў? Ці Гурык? Або маёр Гагарын?
Мусіць, Гурык ці маёр… А калі нехта з нашых, дык хто?
Я хацеў адказаць: “Вы не пыталіся…” — але не знайшоў у сабе голаса. У кабінеце дырэктара Тумаса чамусьці паўтаралася ўсё тое, што было ў кабінеце маёра Гагарына. З графінам з саланаватай вадой, з голасам…
Дырэктар вырашыў не чакаць, пакуль голас да мяне вернецца. Падышоў бліжэй — я прыкінуў, як лепей за шафу ўпасці, калі ў пашчэнкі ўрэжа. А ён сказаў: “Вось што, Валодзя. Не вінаватых Пашкова з Ланскім выгнаць я не дам. Але больш не магу нічога. Глядзі сам, хлопчык, што табе па сіле. — І крануў даланёй мой лоб. — Ты хворы?..
Які я хворы! Як з такім дырэктарам можна захварэць! З такім дырэктарам мне пляваць і на Чапаева, і на маёра Гагарына, не кажучы ўжо пра Гурыка!
— Не, Павел Федаравіч, — сам сябе знайшоў ува мне мой голас. — Я не хворы, проста не спаў усю ноч.
Дырэктар пацёр пераноссе, вочы.
– І я не спаў… Ды яго судзіць трэба! — ускінуў ён руку і ўскудлаціў валасы. — Я ўсім гэтым партупеям так і сказаў. Гэта ж жах! А што будзе, калі гэта па Мінску пойдзе? Уяўляеш?.. Таму не аддадуць пад суд, хоць маёр моцна раззлаваўся. З характарам… Ён праўда біў Лоба?
— Ды не… Даў раз у зубы.
— Даў раз у зубы… Якое мае права?..
З апошняга пытання вынікала, што даць раз у зубы студэнту электратэхнікама сувязі мае права толькі дырэктар электратэхнікума сувязі, што абсалютна правільна — і я сказаў для сябе самога нечакана:
— Трэба было, каб вы самі Аджы ў лыч далі. Вы дырэктар — вам і не было б нічога.
Дырэктар хакнуў, як Палкоўнік звычайна хакаў, калі лічыў, што нехта дазваляе сабе болей, чым мае на тое права, і выштурхаў мяне, хворага, у дзверы, у якія недзе праз месяц, пасля зімовых канікулаў, выштурхалі й здаровага яго… Нэла заяву ў міліцыю не напісала, Аджы ўставілі новы зуб і перавялі з тэхнікума электрасувязі ў радыётэхнічны інстытут, удвая падвысілі стыпендыю, але дзядзька ягоны
сябраваць з Хрушчовым усё адно не прыехаў, Савецкі Саюз пад ціскам амерыканцаў быў змушаны забраць з Кубы свае ракеты, праз якія ледзь не пачалася трэцяя сусветная вайна — і ва ўсім гэтым удзельнічала група ТР Мінскага электратэхнікума сувязі, дырэктара якога не выштурхаць з кабінета за ўсё гэта ну ніяк не маглі… Ды яшчэ маёр Гагарын раптам прыйшоў на выпускную вечарыну, пачаў шукаць дырэктара, а той б’ецца ў падвале з выпускнікамі. Дык хіба дзіва, што з такім дырэктарам студэнты зубы адзін аднаму выбіваюць?..Калі Павел Федаравіч Тумас памёр, група ТР зайшла ў цір радыёзавода, узяла там усе, якія былі, вінтоўкі — і тройчы адсалютавала свайму дырэктару.
— Давайце за Паўла Фёдаравіча! — ужо не зважаючы на тое, што ў спартовай зале трэба спортам займацца, а не піць, кажа Лоб. — Я вось цяпер таксама дырэктар. Але я дырэктар не такі.
Лоб — дырэктар таго самага радыёзавода, на якім некалі кралі мы дэталі. Але сапраўды ён дырэктар не такі.
Усе па чарзе вып’юць, і расійскі алігарх Сатуш, які выпівае апошні, кажа:
— Мы ўсе не такія… — І пытае, як кожны раз пры нашых сустрэчах праз кожныя пяць гадоў. — Дык хто Князя здаў? Хто прызнаўся, калі дамаўляліся не прызнавацца, крок наперад руш!..
Ён не скамандаваў, забыўся, бо не стараста, каб мы сталі ў шэраг — і мы становімся ў шэраг самі. Як рабілі гэта пяць, дзесяць і дваццаць гадоў таму. Сатуш глядзіць па чарзе на Лоба, Баліка, Ханеню, Жука, Ігана, Івашку, Сцепаненку, Стукача, Кашыца, на шэраг, які раз ад разу карацее і карацее, а яны глядзяць на мяне… І я ступіў бы крок наперад, але пра што тады праз наступныя пяць гадоў пытацца расійскаму алігарху Сатушу, калі ўсе ведаюць, хто павінен крок наперад ступіць — і гэта ў нас такая гульня.
Навінкі, вар’ятня
— Ці хацеў я забіць Хрушчова?.. Хацеў! І Падгорнага забіць хацеў, і Мікаяна, і Брэжнева, і Суслава, і Шверніка, і Касыгіна, і Палянскага, і Воранава, і Казлова, і Ота Вільгельмавіча Куусінена з Нурытдзінам Акрамавічам Мухітдзінавым!..
Віл крычаў гэта ў нашай “курылцы” пад лесвіцай — у бібліятэцы. У ленінцы гразіў забіць самых верных ленінцаў з Прэзідыума ЦК КПСС…
Пасля “замаху” на жыццё Хрушчова нас каго праз дзень, каго праз тыдзень выпусцілі з турмы КДБ, але штодня цягалі на допыты. Праз допыты ў Віла пасыпаліся клёпкі.
Збоку ад лесвіцы ў бібліятэцы ўздымалася сцяна, з якой дзе-нідзе паападала тынкоўка, і Віл палез па сцяне, чапляючыся за шчыліны і выбоіны. Са сцяны й крычаў: “…і Ота Вільгельмавіча Куусінена з Нурытдзінам Акрамавічам Мухітдзінавым!..” — як толькі такое запомніў? Падняўся да трэцяга паверху — і зрынуўся. Нехта б забіўся, а ён нават палец не зламаў.
— Убогіх ды слесараў Бог беражэ, — сказаў Палкоўнік. Маючы на ўвазе, што Віл — убогі, а Біг — слесар.
Палкоўнік прарочыў Бігу: “Цябе адусюль папруць і ты скончыш жыццё на заводзе цеплавых агрэгатаў”. І ўгадаў. Біга, які ведаў ці не ўсе мовы свету, выгналі з інстытута замежных моў — і ён зарабляў на хлеб слесарам. Кнігу напісаў: “Я — слесар!” Яе адразу ж выдала прафсаюзнае выдавецтва, Біг атрымаў ганарар ды яшчэ прэмію, за якую ўсе мы паехалі ў Крым і амаль месяц пілі навасвецкае шампанскае.
Праз тое, што ў Віла пасыпаліся клёпкі, ён зблізіўся з Бігам, які, ведаючы сто моваў свету ўключна з іўрытам, проста не мог быць нармальным. У яго нават меўся свой лекар — і Біг угаварыў Віла таму лекару паказацца.
— Мне сніцца, — казаў Віл, калі лекар спытаў, на што ён жаліцца, — адзін і той жа сон. З ночы ў ноч. Нібыта ў нейкім горадзе, дзе я невядома як апынуўся і не ведаю, што гэта за горад, атамны выбух. І ўздымаецца, вырастае над горадам ядзерны грыб. Я разумею, што зараз павінны палыхнуць агонь і ўдарыць выбуховая хваля, а яе ўсё няма. Грыб вісіць, я чакаю — няма хвалі! Я мярцвею, мяне халодны пот прабівае: куды яна падзелася?.. Так не можа быць, гэта супраць законаў фізікі!