Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без
Шрифт:
Сусед сеў на ложку ў позе лотаса, прыціснуў кнігу да грудзей:
— Ну, як вам?..
Я не ведаў, што сказаць, і сказаў: “На вякі…”
— Так! — адкінуў кнігу і накінуўся з абдымкамі сусед. — На вякі! І ўсе правы навечна пераходзяць да мяне, жывы застаўся толькі пляменнік, але ён у Мюнхене, параноік і хутка памрэ. Разумееце?..
Я не стаў удакладняць, хто гэты параноік, які ў Мюнхене хутка памрэ.
— Чаму да вас?
— Бо мая маці, перш чым стаць жонкай Гітлера, была жонкай Леніна. І захавала права спадчыны на ўсё, што напісаў Гітлер, як новая жонка, і на ўсё, што напісаў Ленін, як жонка старая. Ну, былая. Разумееце?..
Аказалася:
Самалёт ляціць
Над усёй бальніцай.
І нічога болей.
З маімі суседзямі праблем не было. Адзін ціха чакаў таракана, які прынясе пельмені, другі чытаў сабе і чытаў “Матэрыялізм і эмпірыакрытыцызм”, чакаючы, пакуль пляменнік Леніна ў Мюнхіне памрэ. А вось с суседзямі Віла былі праблемы. Асабліва з адным.
Суседам Віла быў Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў. Першы сакратар ЦК КПСС, праз якога мы й апынуліся ў псіхушцы. Днём ён ставаў за тумбачку, што імітавала трыбуну, і чытаў лекцыі па міжнароднай сітуацыі, якая з кожнай лекцыяй усё ўскладнялася, а начамі ўскокваў і патрабаваў неадкладна склікаць Прэзідыум ЦК КПСС. Штоночы яго вязалі санітары Цмок з Цыклопам, а ён штоночы ўскокваў, крычаў, патрабаваў…
— Ды дайце вы яму правесці прэзідыум! — праз тыдзень не вытраваў Віл. — Дастаў!
— Дадзім, — згадзіўся Круглы. — Калі вы згодныя ўвайсці ў ягоны склад.
Ні Віл, ні Біг, ні я Круглага не зразумелі.
— У склад чаго?
— Прэзідыума ЦК КПСС. Швернікам, Касыгіным і Казловым. Хрушчоў, Падгорны, Брэжнеў, Мікаян, Палянскі, Суслаў і астатнія ў нас ёсць.
Палкоўнік праўду казаў: гэтага лекара самога лячыць трэба.
— А Ота Вільгельмавіч Куусінен з Нурытдзінам Акрамавічам Мухітдзінавым, — спытаў Віл, бо толькі ён мог гэта выгаварыць, — ёсць таксама?
— Ёсць, — паказаў Круглы ў кут палаты, дзе ляжаў такі сухенькі, нібы ён муміфікаваны, дзядок. — І што цікава: адзін за двух. Куусінен-Мухітдзінаў. Не верыце? Спытайце яго самога.
Віл не паленаваўся, падышоў да дзядка:
— Скажыце: вы хто?
— Куусінен-Мухітдзінаў.
Віл сказаў вінавата: “Выбачайце, не пазнаў”. І падаў руку:
— Швернік.
Біг згадзіўся быць Касыгіным, а ў мяне ўжо не было выбару: толькі Казлоў. Я да гэтай пары не ведаю, чым ён, той Казлоў, у тым прэзідыуме ЦК КПСС займаўся. Можа, і нічым, проста быў у прэзідыуме. Як мы ў вар’ятні.
Калі наведаць нас прыйшлі Палкоўнік з Асяй і Воранам, і мы сказалі ім, хто мы цяпер ёсць, і што ў вар’ятні рыхтуецца паседжанне Прэзідыума ЦК КПСС, яны таксама захацелі на тым паседжанні быць. Паколькі вакантнымі заставаліся толькі месцы кандыдатаў у склад Прэзідыума, Круглы прапанаваў Палкоўніку стаць Рашыдавым, а Ворану — Шчарбіцкім. Асі ён сказаў, што яна, калі хоча, можа быць Мжаванадзэ, бо мужчына гэта ці жанчына — па прозвішчы не распазнаць.
Ася згадзілася, а Воран раптам заўпарціўся, захацеў стаць не першым сакратаром ЦК кампартыі Украіны Шчарбіцкім, а першым сакратаром ЦК кампартыі Беларусі Мазуравым. Каб уратаваць Нямігу. Круглы не стаў пярэчыць. “Ставай. Ратуй. Ты Мазураў”.
Хрушчоў
склікаў Прэзідыум у той жа дзень: “Нарэшце, таварышы, у нас кворум!..”Апроч сяброў Прэзідыума і кандыдатаў у яго, быў запрошаны, як сакратар, доктар Круглы, а таксама, па прапанове сакратара, таварышы Цмок і Цыклоп — прадстаўнікі братняй румынскай і братняй албанскай камуністычных партый. Узнікла пытанне з сынам Крупскай і Гітлера, які, як сын Крупскай, а значыць, не чужы чалавек Леніну, на Прэзідыуме прысутнічаць нібыта мог, а як сын Гітлера — ні ў якім разе. На гэта сын Гітлера сказаў, што ён, можа быць, і не сын Гітлера, а сын Леніна, тут ёсць няпэўнасць, а вось тое, што ён сын Крупскай — гэта пэўна, і пэўнасць у такім выпадку няпэўнасць пераважае. Пачаліся спрэчкі, якія спыніў Хрушчоў, сказаўшы, што сын Гітлера ці Леніна выступае фундатарам пабудовы новай бальніцы, так што не мае значэння, чый ён сын — няхай сабе і Гітлера. Тым больш, што ягоная маці — Крупская.
— Дарэчы, пра жанчын, — працягнуў Хрушчоў, палічыўшы папярэдняе пытанне вырашаным. — Пераважная большасць насельніцтва СССР — жанчыны, а яны не прадстаўленыя ў Прэзідыуме ЦК КПСС належным чынам. Гэта наша недапрацоўка, таварышы. Палітычная памылка. Трэба яе выпраўляць. Я прапаную, каб у склад Прэзідыума ўвайшла таварыш Мжаванадзэ. Хто — за?
Паглядзеўшы на Асю, паднялі рукі ўсе, апроч сухенькага дзядка ў куце палаты: Куусінена-Мухітдзінава.
— Аднагалосна, — з уласцівым яму валюнтарызмам пастанавіў Хрушчоў, але Куусінен-Мухітдзінаў не згадзіўся:
— Я супраць. Таварыша Мжаванадзэ я ведаю, ён першы сакратар ЦК Кампартыі Грузіі, а не жанчына.
— Тым больш, — сказаў Хрушчоў. — Пераходзім да міжнароднай сітуацыі. — Слова прадастаўляецца мне. І вось што я вам скажу: пры Сталіне Савецкаму Саюзу не ўдаўся ваенны прарыў у Лацінскую Амерыку, а пры мне ўдаўся! І мы не павінны выводзіць з Кубы нашы ракеты! Калі ўжо мы іх туды ўвялі, няхай яны там стаяць! Гэта правільна! А ўвесці і вывесці — няправільна! Тут і галасаваць няма чаго, таму пераходзім…
— Як гэта няма чаго?.. — падняў руку Палкоўнік, і Круглы, які вёў пратакол, сказаў:
— Таварыш Рашыдаў супраць.
Палкоўнік падышоў да тумбачкі, за якой стаяў Хрушчоў. Я здзівіўся — і ўсе нашы, як і я, здзівіліся: чаго раптам ён у гэта ўлез?
— Так, я супраць. Нашы ракеты на Кубе — гэта вайна. Ваенны патэнцыял СССР значна саступае ваеннаму патэнцыялу ЗША. У выпадку вайны не толькі ад Кубы нічога не застанецца — нас таксама не стане. Таму…
— Таму, — перапыніў яго Хрушчоў, — я прапаную вывесці таварыша Рашыдава са складу Прэзідыума ЦК КПСС за дыскрэдытацыю палітыкі партыі і савецкіх узброеных сіл. Пайшо-о-ў во-о-н! — зняўшы тапак, ляснуў ён па тумбачцы.
Гэты “Хрушчоў” здорава ўжыўся ў ролю сапраўднага Хрушчова… Да яго, раз’юшанага, падскочылі прадстаўнікі румынскай і албанскай кампартый, паглядзелі на Круглага, але той пакруціў галавой: “Не чапаць…” — і Цмок з Цыклопам узялі пад рукі і адвялі ўбок Палкоўніка.
— Прапаную прысвоіць нашым румынскім і албанскім таварышам званне Герой Савецкага Саюза, — нацягваючы тапак і падскокваючы на адной назе доўжыў Хрушчоў, — і перайсці да пытання будаўніцтва бальніцы. Без яе немагчымая пабудова камунізму. У камунізме неабходна: а) нешта есці; б) недзе жыць; в) неяк лекавацца. Усе гэтыя праблемы комплексна вырашае бальніца. Мы ў ёй: а) ядзім; б) жывём; в) лякуемся. Але бальніца старая, цесная. Нам трэба вырашыць, на колькі месцаў будаваць новую? Інакш кажучы: колькі савецкіх людзей мы прапускаем у камунізм? Слова мае таварыш Крупскі.