Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без

Некляев Владимир Прокофьевич

Шрифт:

“Пайшоў прэч!..” Ася магла падумаць, што гэта я…

Я сказаў ёй у Скразным гроце, у якім мы скарбы піратаў шукалі, дзе яна пры мне на кукішкі прысела, што злаўлю яе, як вецер, утаплю, як мора, і спалю, як сонца, да якіх яе раўную, калі яна пакіне мяне. Яна ўстала з кукішкаў, прыгарнулася і шапнула на вуха: “Я дарую табе”.

Калі яна даруе мне? У будучым? І што даруе? Тое, што, як вецер, злаўлю, як мора, утаплю і, як сонца, спалю?.. Наўрад ці. Тым больш, што ведала: і не злаўлю, і не ўтаплю, і не спалю.

— Я не пытаўся ў Рубена (гэта Андрэй пра рэжысёра): хто? Не мая справа. Дый дазнаўся я пра ўсё пазней. Ужо

ў Маскве, калі на Лубянку паклікалі… — Ён засмяўся. — “Вы таксама за вяртанне Крыма ў Расію?” А ў нас касцюмер быў з прозвішчам Крым, які ў Амерыку з’ехаў. Дай, думаю, пажартую. І кажу: “Як ён захоча”. “Дык вы, — мяне пытаюць, — за рэферэндум?” Ледзь не дажартаваўся… Усю нашую здымачную групу, як толькі вас забралі, там, на месцы дапытвалі, а мяне з Рубенам яшчэ й тут, на Лубянцы. Так я і не зразумеў: якую там вялі вы прапаганду — і што за тэлеграма ў Новы Свет з амерыканскага сената прыйшла?..

У атрадзе памежнікаў у Судаку была радыёстанцыя, і Вілу, які меў пасведчанне чэмпіёнаў свету па радыёспорце, памежнае камандаванне дазволіла час ад часу, калі радыёстанцыя не занятая, ёй карыстацца. Ну, каб чэмпіён не страціў форму… Чэмпіён форму не страціў, і калі праз дзень пасля мясцовых выбараў прыйшла ў Судацкі райкам партыі тэлеграма, падпісаная сенатарам Злучаных Штатаў Амерыкі Бары Галдуотэрам, у Сімферопальскім аддзяленні КДБ Украіны аказаўся не толькі Віл, а ўсе, апроч Асі і Аса, добраахвотныя памочнікі памежнікаў.

У тэлеграме было напісана: “Віншую дэпутата Маркача перамогай выбарах (клч). Жадаю поспехаў развіцці дэмакратыі (клч). Сенатар Галдуотэр”.

Тое, што тэлеграма прыйшла з сената ЗША, з Вашыгтона, а не пасланая нейкім жартаўніком з Гурзуфа, сумненняў не выклікала: праверылі. І адразу пачалі правяраць паказанні грамадзяніна Маркача (старшынёй ён праз тую тэлеграму не стаў, рады быў, што не пасадзілі), у якіх былы старшыня (а новым старшынёй прызначылі намесніка дырэктара вінзавода, так што Палкоўнік дабіўся свайго) сцвярджаў, што музыканты гурту “Varjaty” вялі агітацыю за вяртанне Крыма ў склад Расіі, і што на канцэртах дазвалялі сабе антысавецкія выказванні, з якіх ён запомніў такое: «Дзве малпы, а сутнасць адна і тая».

Пасля запыту ў Белдзяржфілармонію аказалася, што ніякага гурту “Varjaty” не існуе. А па паказаннях таго ж Маркача гурт прадаваў на свае канцэрты квіткі. “Каб пасадзіць вас, — сказалі крымскія гэбісты, — нам і палітыкі не трэба. Так што кайцеся.”

Што гэбісты крымскія, што гэбісты мінскія…

А ў чым каяцца? Хіба ў тым, што Ася пабегла, пырскаючы крывёй на пясок, і ні я, ні Воран — ніхто не кінуўся за ёй услед? У тым, што Ас залез на вяршыню Коба-Кая, спусціўся і сказаў, што ўбачыў Асю ў моры за мысам Капчык, схапіў лодку, паплыў — і ні я, ні Палкоўнік, ніхто яго не спыніў? А тут наляцеў амаль што ўраганны вецер, пачаўся рэдкі для гэтай пары года шторм, мора на дыбы ўставала, выкідваючы на бераг з мешанінай божых каровак водарасці, палкі, карэнні, смецце — і выкінула вясло лодкі, на якой паплыў Ас… Ні выратавальнікі, ні памежнікі на сваім кацеры не змаглі ў такі шторм выйсці з бухты.

Я быў агаломшаны, прыгнечаны, раструшчаны тым, што сталася, пакутаваў віной перад Асяй і Асам, і мне было ўсё адно, што будзе са мной. Гэтаксама пачувалі сябе і Віл, і Воран, і Гарык, і Біг — усе. Мы не толькі выглядалі неадэкватнымі, мы такімі былі, і калі Палкоўнік у адказ на абвінавачванні прад’явіў

даведкі, выдадзеныя ў псіхушцы, з якіх вынікала, што такімі, якімі мы выглядаем, мы і ёсць, крымскія гэбісты вырашылі не звязвацца з прыдуркамі — і назаўтра прад намі прадсталі маёр Гагарын і старшы лейтэнант Гурковіч. Ва ўсёй красе, бліскучыя.

Гурык знайшоў Асю. У Новым Свеце не было паліклінікі, Ася пабегла ў Судак, адкуль яе, амаль непрытомую ад таксікацыі, распухлую ад алергіі, на кацеры выправілі ў Феадосію, у шпіталь, дзе трымалі ў ізалятары, асцерагаючыся, што ў яе якая-небудзь небяспечная для ўсіх інфекцыя.

Аса Гурык не знайшоў, як не знайшлі яго ні выратавальнікі, ні памежнікі, ні крымскія гэбісты… Ніхто. Палкоўнік сказаў, што ён, можа быць, прычаліў недзе да берага і пайшоў па месцах баявой славы.

Можа быць.

Палкоўніка Гурык з маёрам Гагарыным забралі ў Мінск, а нас адпусцілі. “Прыедзеце, — сказаў маёр, — разбярэмся”. І калі мы сталі збірацца дахаты, Ася, якая выйшла са шпіталя, зноў прапала. Гэтым разам не надоўга. Праз пару гадзін мы ўбачылі яе на вяршыні Коба-Кая. Не паверыўшы, што Ас недзе прычаліў да берага, Ася стаяла і глядзела ў мора. У белай сукні яна была, як мармуровая статуя, якую тысячы гадоў таму паставілі тут таўры ці скіфы, грэкі ці рымляне, каб выплывалі з туману, як на агонь маяка, караблі на пажар яе валасоў, і даплыўшы, любаваліся ёй заваёўнікі і арганаўты, і маліліся ёй, як багіні, каля ног якой ляжыць Новы Свет і, як сабачка, круціцца вецер…

Мы прывязалі да выкінутага на бераг вясла папярэчыну, паставілі крыж на месцы намёта, у якім жыў Ас, узялі гітары. Заспявалі: “It’s a long way to Tipperary…” — і пачулі, як Ася там, дзе аблокі, анёлы ды божыя кароўкі,высока-высока заспявала з намі:

Up to mighty London Came an Irishman one day As the streets are paved with gold Sure, everyone was gay Singing songs of Piccadilly, Strand and Leicester Square Till Paddy got excited And he shouted to them there…

Песня жаўнераў брытанскай арміі сплывала над морам за мыс Капчык — зусім у іншы бок ад Ціперэры, дзе марыў Пэдзі сустрэцца з Мэры.

Вуліца Залатога пылу

— А ты памятаеш, як праз цябе нас ледзь не расстралялі?.. — пытае Воран Гурыка, які прыехаў з Масквы на пахаванне Палкоўніка. Ён чакаў, што Ася прыедзе з Ізраіля Палкоўніка хаваць, але яна не прыехала.

Косця злуе на Гурыка — і Гурык злуе на Косцю. Учора, калі хавалі Палкоўніка, яны пабіліся.

На памінках яны сядзелі найдалей адзін ад аднаго. Гурык усім жаліўся, як яму кепска. Але не праз тое, што Палкоўнік памёр. На Палкоўніка яму напляваць, дастаў яго па жыцці Палкоўнік. Кепска Гурыку без Асі. Ён без яе не можа жыць — і не можа да яе паехаць. Не кажа, чаму. Проста не можа — і ўсё. Магчыма, таму што адстаўных гэбэшных генералаў не бывае.

Гурыку непрыемна згадваць, як праз яго нас расстраляць маглі — ён хоча ўспамінаць пра Асю.

Я кажу:

— Але ж і Асю маглі расстраляць.

Поделиться с друзьями: