Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Чарнобыльская малітва

Алексиевич Светлана Александровна

Шрифт:

Штосьці я яшчэ баялася забыць? Прыкметнае… А! Успомніла. Чарнобыль… I раптам новае, нязвыклае пачуццё, што ў кожнага з нас ёсць сваё асабістае жыццё, да гэтага яно нібыта не патрэбна было. А тут людзі пачалі задумвацца: што яны ядуць, чым кормяць дзяцей. Што небяспечна для здароўя, а што не? Пераязджаць у іншае месца ці не пераязджаць? Кожнаму трэба было прыняць рашэнне. А прывыклі жыць — як? Усёй вёскай, абшчынай. Заводам, калгасам. Мы былі савецкія людзі. Саборныя. Я, напрыклад, была савецкім чалавекам. Вельмі. Вучылася ў інстытуце, кожнае лета ездзіла з каматрадам. Быў такі маладзёжны рух — студэнцкія камуністычныя атрады. Мы там працавалі, а грошы пералічвалі якой-небудзь лацінаамерыканскай кампартыі. Наш атрад, у прыватнасці, Уругваю…

Мы памяняліся. Усё памянялася. Вельмі вялікія намаганні патрэбны, каб зразумець. Яшчэ гэтая няздольнасць выказацца…

Я — біёлаг. Мая дыпломная праца — паводзіны восаў. Два месяцы сядзела на бязлюдным востраве. У мяне было там сваё асінае гняздо. Яны прынялі мяне ў сваю сям'ю пасля таго, як тыдзень прыглядаліся.

Бліжэй, чым на тры метры, нікога не падпускалі, а мяне на дзесяць сантыметраў ужо праз тыдзень. Я падкармлівала іх з запалкі варэннем проста на гняздзе. "Не разбурай мурашнік, гэта разумная форма чужога жыцця", — любімая прымаўка нашага выкладчыка. Асінае гняздо звязана з усім лесам, і я паступова таксама раблюся часткаю ландшафту. Падбягае мышанё і сядае на мыскі маіх красовак, дзікае, лясное, але яно ўжо ўспрымае мяне, як частку пейзажа, учора сядзела, сёння сяджу, заўтра буду сядзець…

Пасля Чарнобыля… На выстаўцы дзіцячых малюнкаў: ходзіць па чорным вясновым полі бусел… I подпіс: "Буслу ніхто нічога не сказаў". Гэта — мае пачуцці. А была праца. Мы ездзілі па вобласці, адбіралі пробы вады, пробы зямлі — і адвозілі ў Мінск. Дзяўчаткі нашы бурчэлі: "Гарачыя піражкі возім". Ні засцярогі, ні спецадзення. Сядзіш на пярэднім сядзенні, а за спіною пробы — "свецяцца". Складалі акты для захоўвання радыеактыўнага грунту. Хавалі зямлю ў зямлі… Гэткі дзіўны чалавечы занятак… Па інструкцыі захоўванне належыць ажыццяўляць з геалагічнай разведкай, каб глыбіня залягання грунтовых вод была не меней за чатыры-шэсць метраў, а глыбіня захавання — невялікая, сцены і дно катлавана заслаць поліэтыленавай плёнкай. Але гэта па інструкцыі. А ў жыцці, натуральна, па-іншаму. Як заўсёды. Ніякай геолагаразведкі. Тыцнуць пальцам: "Тут капай". Экскаватаршчык капае. "Дык на якую глыбіню капалі?" — "А чорт яго ведае! Вада з'явілася, я кінуў". Бухалі проста ў грунтовыя воды…

Вось кажуць: святы народ, злачынны ўрад… Я пасля вам скажу, што пра гэта думаю… Пра народ наш і пра сябе…

Самая вялікая камандзіроўка ў мяне была ў Краснапольскі раён, я ўжо казала, самы-самы. Каб папярэдзіць змыванне радыенуклідаў з палёў у рэкі, трэба было зноў жа дзейнічаць па інструкцыі: праараць двайныя барозны, прамежак — і яшчэ раз двайныя барозны, і далей праз такія ж інтэрвалы. Трэба праехаць уздоўж усіх малых рэк. Да райцэнтра дабіраюся рэйсавым аўтобусам, а далей, натуральна, трэба машына. Іду да старшыні райвыканкома. Старшыня сядзіць у сваім кабінеце, абхапіў галаву рукамі: план ніхто не здымаў, структуры севазвароту ніхто не мяняў, як сеялі гарох, так і сеюць, хоць і ведаюць, што гарох больш за ўсё бярэ радыяцыю, як і ўсе бабовыя. А там мясцінамі сорак кюры і вышэй. Яму не да мяне. У дзіцячых садках разбегліся кухары і медсёстры, дзеці галодныя. Зрабіць аперацыю апендыцыту — трэба везці чалавека на "хуткай" у суседні раён, шэсцьдзесят кіламетраў па дарозе, што як мыцельная дошка. Усе хірургі з'ехалі. Якая машына?! Тады я паткнулася да вайскоўцаў. Маладыя хлопцы, яны адпрацавалі там па паўгода. Зараз адчайна хварэюць. Далі ў маё распараджэнне бэтээр з экіпажам, нават не, не бэтээр, а бээрдэмку, як яны яе звалі (БРДМ) — разведвальная машына з кулямётам. Я вельмі шкадавала, што не сфатаграфавалася на ёй. На брані. Зноў — рамантыка. Прапаршчык, які камандаваў гэтай машынай, увесь час звязваўся з базай: "Сокал! Сокал! Працягваем работу". Едзем, дарогі нашы, лясы нашы, а мы — на баявой машыне. Стаяць ля платоў жанчыны. Стаяць і плачуць. Апошні раз яны бачылі гэтую тэхніку ў час Айчыннай вайны. I ў іх страх, што пачалася вайна.

Па інструкцыі ў трактараў для праворвання гэтых барознаў кабіна павінна быць ахаваная, герметызаваная. Я бачыла такі трактар, кабіна, сапраўды, герметычная. Трактар стаяў, а трактарыст ляжаў на траве, адпачываў. "Вы здурнелі? Хіба вас не папярэдзілі?" — "Дык я ж галаву целагрэйкай накрыў", — адказвае. Людзі не разумелі. Іх увесь час палохалі, рыхтавалі да атамнай вайны. А не да Чарнобыля…

Мясціны там надзвычай прыгожыя. Лес захаваўся не саджаны, а сапраўдны. Стары лес. Звілістыя рачулкі, у іх вада як на чаі настоена і празрыстая-празрыстая. Зялёная трава. Людзі перагукваюцца ў лесе… Для іх гэта натуральна, бы выйсці раніцою ў свой сад… А ты ўжо ведаеш, што ўсё гэта атручана. Сустрэлася нам бабуля:

— Дзеткі, а малачко ад сваёй кароўкі можна піць?

Мы вочы долу, у нас загад — дадзеныя збіраць, але з насельніцтвам асабліва не кантактавацца. Першым ачомаўся прапаршчык: Бабуля, а колькі вам гадкоў?

— Ды ўжо за восемдзесят, а можа, і болей. Дакументы ў вайну згарэлі.

— Ну тады піце.

Вясковых людзей больш за ўсё шкада, яны бязвінна пацярпелі, як дзеці. Таму што Чарнобыль не селянін прыдумаў, у яго з прыродай свае дачыненні — даверлівыя, не захопніцкія, як і сто гадоў назад, і тысячу. Яку боскай задуме… I яны не разумелі, што адбылося, яны хацелі верыць вучоным, любому адукаванаму чалавеку, як святару. А ім чаўплі: "Усё добра. Нічога страшнага. Толькі мыйце рукі перад ядой". Зразумела, не адразу, а праз некалькі гадоў, што мы ўсе ўдзельнічалі… У злачынстве… У змове… (Маўчыць.)

Вы не можаце ўявіць, у якіх памерах на машынах з зоны вывозілася ўсё, што туды пасылалася ў выглядзе дапамогі, ільгот яе жыхарам: кава, тушонка, вяндліна, апельсіны. Скрынямі, фургонамі. Тады ж такіх прадуктаў нідзе не было. Нажываліся мясцовыя прадаўцы, кожны правяральшчык, усё гэтае дробнае і сярэдняе чыноўніцтва. Чалавек аказаўся горшым, чым я думала… I я сама… Таксама горшай… Я цяпер гэта

пра сябе ведаю… (Запыняецца.) Я, вядома, прызнаюся… Для мяне самой гэта ўжо важна… Ну, зноў жа прыклад… У адным калгасе, скажам, пяць вёсак. Тры "чыстыя", дзве "брудныя", ад адной да другой — два-тры кіламетры. Дзвюм плоцяць "грабавыя", тром — не. У "чыстай" вёсцы будуюць жывёлагадоўчы комплекс. Маўляў, завязём чысты корм. А дзе яго ўзяць? Вецер нясе пыл з аднаго поля на другое. Адна зямля. Каб пабудаваць комплекс, патрэбны паперы. Камісія іх падпісвае, я — у гэтай камісіі, хоць кожны ведае, што падпісваць нельга. Злачынства. У рэшце рэшт, знаходзіла я сабе апраўданне, праблема чыстых кармоў не клопат інспектара па ахове прыроды.

Кожны знаходзіў нейкае апраўданне. Вытлумачэнне. Я праводзіла такі дослед з сабой… I наогул, я зразумела: у жыцці страшнае адбываецца ціха і натуральна…"

Зоя Данілаўна Брук, інспектар па ахове прыроды

Маналог пра тое, што рускі чалавек заўсёды хоча ў што-небудзь верыць

"А вы хіба не заўважалі, што між сабою мы нават не гаворым пра гэта? Праз дзесяткі гадоў, праз стагоддзі — гэта будуць міфалагічныя гады…

Я баюся дажджу — вось што такое — Чарнобыль. Баюся снегу… Лесу… Гэта не абстракцыя, не выснова розуму, а асабістае пачуццё. Чарнобыль… Ён у маім доме… У самай дарагой для мяне істоце, у маім сыне, які нарадзіўся вясною восемдзесят шостага… Ён хворы. Жывёліны, нават тараканы, яны ведаюць, колькі і калі раджаць. Людзі гэтага не могуць, Творца не даў ім дару прадчування. Нядаўна ў газетах апублікавалі, што ў дзевяноста трэцім годзе толькі ў нас, у Беларусі, жанчыны зрабілі дзвесце тысяч абортаў. Асноўная прычына — Чарнобыль. Мы ўжо паўсюль жывём з гэтым страхам… Прырода быццам скурчылася, чакаючы. Вычэкваючы. "Гора мне! Куды прапаў час?" — усклікнуў бы Заратустра.

Я шмат думаў. Шукаў сэнс… Чарнобыль — гэта катастрофа рускай ментальнасці. Вы пра гэта не задумваліся? Вядома, я згодзен, калі пішуць, што гэта не рэактар узарваўся, а ўся ранейшая сістэма каштоўнасцяў. Але ў гэтым вытлумачэнні мне чагосьці не хапае…

Я б гаварыў пра тое, пра што першым сказаў Чаадаеў — пра нашу варожасць прагрэсу. Пра нашу антытэхнічнасць, пра нашу антыінструментальнасць. Угледзьцеся ў Еўропу. Пачынаючы з эпохі Адраджэння, яна жыве пад знакам інструментальных адносін да свету. Разумных, рацыянальных. Гэта павага да чалавека-майстра, да інструмента ў ягоных руках. Ёсць выдатнае апавяданне ў Ляскова — "Жалезны характар". Што гэта такое? Рускі характар — авось і нябось. Лейтматыў рускай тэмы. Нямецкі характар — стаўка на інструмент, на машыну. З аднаго боку — спроба пераадолець, закілзаць хаос, з другога — наша родная стыхійнасць. Паедзьце куды хочаце, ну, напрыклад, у Кіжы, і што вы пачуеце, пра што з гонарам усклікне любы экскурсавод? Што гэты храм пабудаваны сякерай ды яшчэ без адзінага цвіка! Замест таго, каб пабудаваць добрую дарогу, падкуём блыху. Калёсы патанаюць у гразі, затое трымаем жар-птушку ў руках. Другое. Гэта расплата за хуткую індустрыялізацыю. За скачок. Зноў жа на Захадзе — ткацкі, мануфактурны век… Машына і чалавек рухаліся, мяняліся разам. Фармавалася тэхналагічная свядомасць, мысленне. А ў нас? Што ў нашага мужыка, акрамя рук? Да гэтай пары! Сякера, каса, нож — і ўсё. На гэтым увесь ягоны свет трымаецца. Ну, яшчэ рыдлёўка. Як рускі чалавек размаўляе з машынай? Толькі матам. Ці кувалдай, выспеткам. Ён яе не любіць, машыну, ненавідзіць, пагарджае ёю, на самой справе, ён да канца не разумее, што ў яго ў руках. Я недзе чытаў, што рабочы персанал атамных станцый часта называе рэакгар — каструляй, самаварам, керагазам. Канфоркай. Тут ужо ёсць гардыня: на сонцы спячом яечню! Сярод тых, хто працаваў на Чарнобыльскай станцыі, шмат вясковых людзей. Днём яны на рэактары, а вечарам — на сваіх гародах ці ў бацькоў у суседняй вёсцы, дзе бульбу яшчэ саджаюць рыдлёўкай, гной раскідваюць сахаром… Іх свядомасць існавала ў гэтых двух перападах, у двух часах — каменным і атамным. У дзвюх эпохах. Чалавек пастаянна, як маятнік, гайдаўся. Уявіце сабе чыгунку, пракладзеную выдатнымі інжынерамі-пуцейцамі, імчыцца цягнік, але на месцы машыністаў — учарашнія рамізнікі. Возчыкі. Гэта лёс Расіі падарожнічаць у дзвюх культурах. Паміж атамам і рыдлёўкай. А тэхналагічная дысцыпліна? Для нашага народа яна — частка насілля, калодкі, ланцуга. Народ стыхійны, вольны. Заўсёды марыў не пра свабоду — пра вольніцу. Для нас дысцыпліна — гэта рэпрэсіўны інструмент. Штосьці ёсць асаблівае ў нашым невуцтве, нешта блізкае да невуцтва ўсходняга…

Я — гісторык… Раней шмат займаўся лінгвістыкай, філасофіяй мовы. Не толькі мы думаем моваю, але і мова думае намі. У васемнаццаць гадоў, а можа, і трохі раней, калі я пачаў чытаць самвыд, адкрыў для сябе Шаламава, Салжаніцына, я раптам зразумеў, што ўсё маё дзяцінства, дзяцінства маёй вуліцы, а рос я ў інтэлігентнай сям'і (прадзед святар, бацька прафесар Пецярбургскага універсітэта), прасякнута лагернай свядомасцю. I ўвесь слоўнік майго дзяцінства — мова зэкаў. Для нас, падлеткаў, гэта было зусім натуральна: бацьку называлі паханам, маці — маханай. "На хітрую жопу ёсць х… з вінтом" — гэта я ў дзевяць гадоў засвоіў. Ніводнага цывільнага слова. Нават гульні, прымаўкі, загадкі былі зэкаўскія. Таму што зэкі — гэта не асобны свет, які існаваў недзе ў турмах, далёка. Гэта ўсё было побач. Як пісала Ахматава, "полстраны сажало, полстраны сидело". Думаю, што вось гэта наша лагерная свядомасць немінуча павінна была сутыкнуцца з культурай. З цывілізацыяй, з сінхрафазатронам…

Поделиться с друзьями: