Чужая бацькаўшчына
Шрифт:
Сюды, у хату, ужо ў новенькай сiняй з белымi лялькамi коўдры, купленай, мусiць, напалавiну з Iмполем, нясла першага хрышчонага сына Хрысця.
За доўгiя, прыстаўленыя адзiн да аднаго, пазычаныя ў суседзяў сталы выгаладаныя госцi лезлi ўжо без прынукi, дзеля прылiку пусцiўшы наперад сябе толькi бабку-павiтуху ды хрышчоных бацькоў — Хрысцю з Iмполем.
Алеся села астатняю, за нейкi нiзшы, з няроўнымi ножкамi, трэцi стол.
— Iрэна! — крычалi госцi, падняўшы гранёныя на тоненькiх ножках кiлiшкi. — Нясi сынка. I мы яго тут трохi акрэпiм, каб здаровы рос ды шчаслiвы быў.
— I
— А чаго ж, хiба ж мы горшыя за ксяндза?!
З-за перагародкi, трымаючы на руках перавiтае ў новыя пялёшкi дзiця i зашпiльваючы кофтачку, выйшла Iрэна. Недакормленае, мусiць, дзiця цiха крактала.
— Во, чуеце, шчабеча, як ластаўка на весну.
— Гаваркi, пэўня, будзе!
Перабiваючы ўсiх, тоўстым голасам загаварыў i трохi падняўся з лавы Корсак:
— Як кажуць, дай яму, божа, разам двое — шчасце i здароўе!
— А налета ды яшчэ гэта! — выпiўшы чарку i не крывячыся, засмяялася баба з доўгiм тварам.
Памачыўшы ў чарцы губы i папярхнуўшыся, парадзiха ўжо ўцякала за перагародку. Ацiхлыя раптам госцi бралi з мiсак застылае, абсыпанае крохкiм лоем мяса. Толькi перад Алесяю ў кантовым на доўгай ножцы кiлiшку калыхалася, не разлiваючыся на чысценькi, тканы ў каробачку абрус, густая, нiбы абцягнутая плевачкаю гарэлка.
— Адна вы не выпiлi, — падгроб пяцярнёю аб’еханыя на вуха сыпкiя валасы даўганосы, з тоненькiмi, як прарэзанымi, губамi мужчына, што ўсё цiкаваў за Алесяю.
— Вой, паспею, — Алеся нехаця прысунула да сябе чарку.
— Дальбуг, смашная. Не саромеючыся п’ецца, — пастукала па стале кiлiшкам i засмяялася старая кабета, што сядзела з правае рукi ад Алесi.
— Ой, дзе там, — закалацiлася Алеся, памачыўшы ў кiлiшку толькi губы. Але ў роце астаўся нейкi саладжавы, як бярозавы сок, смак гарэлкi. I нават кiслая хрумсткая капуста, нашаткаваная з качана ў глiняную мiску, здалася Алесi салодкай.
— I проўда ж, цётка, салодка, — сказала Алеся i, прыхiлiўшыся да звялае шчакi, прызналася ў глухаватае звялае вуха: — Але ж мне няможна.
— Любка мая, ешце i пiце ўсё, што хочацца. Я як хадзiла во старшым, — паказала старая на другi бок стала, на мужчыну з блiшчастымi гузамi на галаве — ела ўсё. I нiчога во, жыва i здарова. I ён во… А гузы гэта ад ценжару. У лесе нарваў, як на заработкi хадзiў.
Алеся не рада была, што прызналася ёй. Але другую чарку ўжо не прапусцiла, раптам учуўшы, як затуманiўся i перайначыўся свет.
Праз лiпучую павучыну, што завалакла вочы, Алеся бачыла, што за далёкiм каля покуцi сталом, каля расчырванелага Iмполя, смяялася i крывiла рот, мусiць, ужо ап’янелая Хрысця.
На падаконнi вiселi дзецi. Цераз плячо п’яныя бабы падавалi, кожная свайму, лусту пiрага. За сталом, як рой перад вылетам, гула бяседа. У таго-сяго ўжо заплятаўся язык. Мужчыны, рассмакаваўшыся i страцiўшы меру, падлiвалi сабе ў чаркi. Падсунуўшыся адна да адной, мянцiлi языкамi маладзiцы — дзiва што, не бачылiся мо пасля дзявоцтва цi даўняга вяселля.
Толькi старыя бабы, змучаныя духатою ды ўжо i гутаркаю, ад якое звiнела, нiбы ад царкоўных званоў, у вушах, памаленьку вылазiлi з-за стала.
Выцiраючы хустачкаю спацелую лысiну, перакiнуў нагу цераз прыстаўлены
заслон Улас Корсак.Гузаваты мужчына, выцягнуўшы з печы закураную бляшаную засланку, бiў па ёй апалонiкам, падспеўваў сам сабе.
Счуўшы музыку, з-за стала вылазiлi маладзiцы, пабраўшыся за рукi, дробненька ў такт бiлi абцасамi чаравiкаў па глiняным току.
Iм памагаў Улас Корсак. Выкiдваючы рукi, шоргаў ботамi, крычаў, чырвоны ад натугi:
— Гоп-ца-ца! Гоп-ца-ца!
Патрапляючы пад яго крык, звiнела закураная бляшаная засланка.
Доўгiмi спаднiцамi бабы ганялi вецер. Сцягнуўшы з галавы хустку, трасла цяжкiмi грудзьмi дзябёлая, сытая, як ялавiца, баба:
Гоп-пстрык з-пад калодкi…
З-пад ног у яе курэў сухi, гаркаваты пыл.
Алеся, папярхнуўшыся iм, выйшла за перагародку, чула, як мякка пагойдваецца ўсё перад вачыма. Там ужо на засланых ложках сядзелi бабкi. Парадзiха цiха паварушвала вялiкую, плеценую з лазы калыску.
— Вой, прысядзь, Аляксандра, хоць пагаворымо, — падсунулася на ложку парадзiха.
— Вой, проўда, Iрэначка, пагаворым. Колькi ж не бачылiся? З леташняе вясны…
Алеся прысела на ложак, праз шчылiнку мiж сабраных у фалды занавесак бачыла, як вылазiлi з-за стала, жмурачыся ад сонца, што жаўтляваружаватай плямай пералiвалася, гаснучы на покуцi, Iмполь з Хрысцяю. Памкнулася паклiкаць яго. Але, мусiць, злавiўшы яе зiрк, на слове перабiла Iрэна:
— Не цiкуй ужо за сваiм, не нацешылася? Харошы ж надта. Каб хоць жыццё ўдалося. З тым пазнала бяды…
— Ой, усе яны аднакавыя, — пакiвала галавою сухенькая бабка, седзячы на ложку i не дастаючы нагамi да току. — Мой некалi мяне як змалацiў, так i сёння рук не зварухну. Ушкодзiў недзе косць.
— Ой, не кажэця, цётка, як чыя доля.
— Мая доля жджэ мяне ў канцы поля. А вам, маладым, трэба жыць. Жывы ж пра жывое думае.
Алеся паслухала пустую бабскую гутарку, учула, што недабрыцца i нешта гiдкiм камяком падступае пад грудзi, выйшла з затхлае гарачынi хаты на чысты i ўжо сыраваты халадок двара.
За гумно хавалася нiзкае сонца — над страхою дрыжала яго залатая сляпучая макаўка. Высокая белая хмарка налiвалася цяжкай чырванню. З беланогага, голага яшчэ садку дыхала заараным гноем i жывою яшчэ раллёю. Востра пахла з двара параспраганымi коньмi, iхнiм едкiм, цяжкiм потам. Пад калодзежам стаяў п’яны рогат i крык. Узяўшыся за лучок, мужчыны цягнулi барану. Пасадзiўшы на яе, вязлi «тапiць», калi не адкупiцца пляшкаю гарэлкi, бабку-павiтуху. Згубiўшы шапку, ззаду барану папiхаў Iмполь. Яму памагала i падала на барану, бессаромна блiскаючы голымi сцёгнамi, п’янаватая Хрысця.
«Во набралася, як жаба гразi», — гарачым кiпяткам злосць апякла Алесiны грудзi.
Падхапiўшы на рукi, мужчыны няслi барану на абымшэлы ад вiльгацi зруб калодзежа. На ёй крычала i заходзiлася ад рогату Хрысця.
Бабка сядзела цiха, мусiць, баючыся ад страху нават дыхнуць.
— Яшчэ не набралiся, мала iм, — Алеся сказала ўслых, каб чуў Iмполь.
Але тут выскалiўся чырвоны ад натугi, мардаты мужчына, iдучы задам да калодзежа:
— Цiха, маладзiчка, не пераступай цераз аглоблi, а то будзе цяжка каню.