Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Чужая бацькаўшчына

Адамчик Вячеслав

Шрифт:

I Таквiля, каб заглушыць гэты пякучы з востраю рэззю боль, скоранька, як сабака, учуўшы ў норцы мыш, абедзвюма рукамi пачала выграбаць з-пад каменняў перамешаны з пацярухаю i мышыным памётам сухi сыпкi пясок. Едкi пыл лез у горла, сцiнаў дух, але яна грабла, спадзеючыся, што вылезе яшчэ пад падрубу туды на двор, дзе знойдзе якi ратунак i збавенне.

Змораная i ўжо задыханая ад бяссiлля i болю, яна пашылася праточанаю нарою назад, каб паклiкаць на помач Еўку — яны ўдзвюх выкашчаць пад каменнямi яму i вылезуць на двор, думала яна.

— Еўка, дзе ты, цi чуеш? — падняўшыся на аслабелыя ногi, закрычала Таквiля, ведаючы, што нямая Еўка не чуе. I ўжо зняможаная заграбла слiзкую

салому, каб падняцца на торп, спаўзаючы назад у яму.

Выпiўшы той кубак чэмеру i здаволiўшы смагу, што пачала мучыць яе пад вечар, калi падняўся жар i загарэлiся, сталi пячы, як перад агнём, шчокi, Еўка ўчула спярша, што ёй зрабiлася лёгка. Ад гэтай лёгкасцi закружылася ў галаве, паплыў, закалыхаўся на сцяне закураны лiхтар з жоўтаю васковаю свечкаю, расплыўся белы, заляпаны мелам Алесiн твар, перайначыўся, завалокся рэдзенькiм пылком свет. Яна ўчула, што ап’янела — бо гэтак заўсёды засцiлалiся вочы i яна глядзела, як праз поцемак, калi мацi давала пакаштаваць ёй гарэлкi.

Еўка пацерла iх кулаком, але не сагнала лiпучага поцемку — вочы, як запарушаныя пяском, пачалi рэзаць i слязiцца. Праз гэтыя пякучыя слёзы яна яшчэ ўбачыла, як, скалыхнуўшы i пацягнуўшы за сабою яснасць, за дзвярыма схавалася Алеся, як недзе туды, топчучы порсткую салому, папаўзла мацi. Яна не ведала, але здагадвалася, што ўчынiлася нешта благое, бо яна выпiла не горкi палыновы ўвар, якiм лячыла яе мацi, калi раптам моцна забалiць, схапiўшы, жывот, а нешта гадкае на смак. I смуроднае, як, бывае, у лесе смярдзiць той непраўдзiвы, воўчы грыб, якога яна так нi разу i не бачыла.

Пад грудзi клубком падкочвалася едкая i ўдушлiвая млоснасць. Шумела, налiваючыся болем, i кружылася галава. I раптам, пераварочваючы i турзаючы ўсё ўсярэдзiне, яе пачало рваць — горкiм i атрутным, як iрвала малою, калi большыя пастухi, падмануўшы, накармiлi яе макам. Толькi падросшы, Еўка здагадалася, што гэта быў не мак, а зубнiк — тое кусцiстае, з вострымi, нiбы павыцiнанымi, лiсцiкамi i белым смуродлiвым цветам зелле, што расце за iхняю хатаю. Насенне яго i праўда падобна да маку, i каробачкi, як у мака, з зубкамi. Мацi, назбiраўшы сухiх каробачак, абкурвала хворыя зубы i, склаўшы, як у нябожчыка, на грудзях рукi, паказвала Еўцы, што гэтага маку есцi няможна — памрэш.

А падмануў тады Еўку гэты гадкi, з жоўтымi, вялiкiмi, як у каня, зубамi Вайтовiч.

Знiякавела i спалохалася яна Вайтовiча i цяпер, перад калядамi, калi ён прыйшоў у хату пiсаць паперу, калi смяяўся, прытоптваючы свае рэдзенькiя выкачаныя, як у малога дзiцяцi, валасы, i ўсё касiў белаватымi, як у смажанага шчупака, вачмi на раздабрэлую Алесю.

Еўка ведала, што зробiць ён нешта гадкае i брыдкае зноў, як хацеў зрабiць з ёю ў тое даўнейшае лета: яна тады, паварочаўшы ў Ельнiку сена i чакаючы, покуль яно высахне, прылягла пад шапаткi, у белай каля лiсцiкаў слiне, лазовы куст i не счула, як задрамала, прачнуўшыся ўжо ад гарачынi i страху, што нехта яе душыць. I раптам убачыла гэтыя белаватыя шчупаковыя вочы, ужо, што было моцы, заенчыўшы i цярэбячыся з-пад яго. Пасля гэтага яна баялася i гадзiлася Вайтовiча, як баялася i гадзiлася вялiкiх зялёных жаб. I куды ўжо нi адлучалася з дому, усё чула нейкi сцiшны страх, што ён крадзецца, вывiжоўвае за ёю або, цiкуючы, стаiць за кожным кустом, каб спадцiшка схапiць яе ўполкi i кiнуць на зямлю. I яна зноў убачыць яго дурнаватыя белыя вочы…

Цяпер яна ведала: усё благое зрабiў ён, Вайтовiч, з гэтаю сытаю, маладою братаваю, што ўчора выгнала iх з хаты, каб жыць з маладым, што прылашчыла да сябе, малацьбiтом. Алесю яна неўзлюбiла даўно, яшчэ нават з тых першых дзён, калi Алеся асталася за Радзiвонам замужам,

а найбольш пасля яго смерцi, убачыўшы, як на вяселлях цi вечарынках яна выскалялася перад маладымi хлопцамi, i Еўцы рабiлася шкода Радзiвона, як было шкода тое гарбаценькае кураня, якое забiла, можа, год дваццаць назад, незнарок, у нейкай пунтовай злосцi, выганяючы з расады ўрэдную, абутую ў лапцiкi з ануч квактуху, попустам кiнуўшы на яе палкаю i пацэлiўшы ў кураня.

I Еўку тады ахапiў жаль, i нейкая невядомая дагэтуль злосць i брыдкасць паднялася на сябе, калi яна ўзяла ў руку гэтае шчупленькае, з аперанымi трохi крыльцамi кураня, убачыўшы, як у яго вяне ўжо дзюбаносая, з намiткаю шурпатага грабянца галоўка i зацягваецца сiняю плевачкаю, застывае чорнае вочка.

Вунь колькi мiнула часу, а яна ўсё помнiць белае гарбаценькае кураня, помнiць нават той мiг, калi яно счахла ў яе на руцэ, раптам дробненька задрыжаўшы i выпручваючы худзенькую калючую лапку.

У нейкiм ужо страху, аж пачалi варушыцца валасы, падумала пра сябе — няўжо яна дойдзе i счахне тут у гумне, як счахла тое гарбаценькае недалужнае кураня? Бо ўжо, як касою, пачынае рэзаць жывот, зацiнае дух i, кiдаючы ў пот, калоцiць, б’е ад нейкага раптоўнага холаду. Гэты нечаканы, звар’яцелы страх падняў яе з пасцелi, гонячы туды, дзе цiха, як вада, пагойдвалася i варушылася порсткая салома. Там недзе была мацi, там было не гэтак страшна.

Разводзячы адною рукою гэтую мiгатлiвую глухую цемнату, яна папаўзла на край торпа.

А тут у яме яшчэ ўсё граблася, не ведаючы, што там зрабiлася з дачкою, i нiяк не магла залезцi на высокi торп саломы старая Мондрыха.

— Еўка, цi чуеш, дзе ты, Еўка? — крычала яна, ведаючы, што нямая не чуе, i шморгаючы слiзкую салому.

Рука яе раптам злавiла гарачую Еўчыну руку.

— Ы-ы-ы-ы, — загула нейкiм страшным змардованым крыкам Еўка, зарадаваўшыся, што знайшла ў гэтай чорнай, як сажа, цемнаце мацi, i аб’ехала з торпа ў яму, набiраючы ў рот калючых асцюкоў i пылу.

Старая схапiла яе за плячо, пацягнула ў праточаную каля пярыла i задушлiвую нору, туды да халоднае падрубы, дзе яна ўжо адна пачынала капаць яму, усё яшчэ спадзеючыся на нейкi ратунак.

Заплюшчыўшы вочы, каб не выпараць iх у гэтай удушлiвай саламянай нары, i задыхаючыся ад сухое гаркаты, ад таго моцнага, як вытрываць, болю, што рэзаў у жываце, нямая паўзла за старою Мондрыхаю, не ведаючы, куды i дзеля чаго паўзе. Яна яшчэ чула, як на вочы з лоба набягаў гарачы едкi пот, лiпла i паролася салома, як казытаўся ў носе востры асцюк.

Старая, схапiўшы Еўчыну гарачую руку, раптам спынiлася i пачала таўчы гэтаю рукою недзе пад сцяну. Нямая абмацала халодныя каменнi i неглыбокую, што пахла сухiм пяском i мышыным памётам, ямку. Дыхаючы гарачынёй у твар, мацi нешта крычала i грабла рукамi тую неглыбокую ямку. I Еўка дагадалася, што яна хоча падкапацца пад падрубу, каб вылезцi з цёмнага i глухога гумна, з гэтае ўдушлiвае гаркаты туды на двор, дзе будзе чым дыхаць, дзе будуць людзi i будзе нейкi ратунак.

Перамагаючы нясцерпны, востры, як ад бiтага шкла, боль, млеючы ад духаты, ад нейкае слабасцi, што навальвалася на яе, Еўка пачала дзерцi абедзвюма рукамi гэты сухi халаднаваты пясок. Ад яго падымаўся, забiваючы дух, горкi пыл, лез у нос, дзёр горла, скрыпеў жарствою на зубах. Але яна грэбла, чуючы, што поруч варушыць локцем мацi, чуючы, што вочы залiвае i есць пякучы, перамешаны з гразёю пот, што ўжо здзiрае свае ногцi i слабее ад цяжкае задушлiвае гарачынi, што яе вядзе i хiлiць набок — i яна ўткнулася лобам у гэты халодны i цвёрды ўжо глыбей пясок. I нiчагутка ўжо не хацела — нi жыцця, нi таго надворка, нi людзей, а толькi вады.

Поделиться с друзьями: