Чужая бацькаўшчына
Шрифт:
— Во, калейка iдзе. Другая гадзiна ночы, — пазяхнуў, шырока разяўляючыся, Ваўчок.
Мiця ўчуў, што ўжо i самога пачынае хiлiць сон, лiпне павучынаю на вочы.
— Мо каб дзе прысесцi? — пацёр свае самлелыя каленi Марцiн Ваўчок.
— Дзе тут прысядзеш? Вернемся ў свой канец. Дайшоўшы да папярочнае вулачкi, мужчыны скiравалi на сваю вулiцу.
Прынёсшы раптоўны грукат i шум, за вёскаю прачахкаў нядужы, з трыма вагончыкамi, паравозiк — у прагале мiж будынкаў бегла яснасць ад слепаватых фар, жоўтае акно паравозiка, у якiм чорным сiлуэтам варушыўся машынiст, i калючае
— Быць не можа, каб ён калi не спалiў вёску, — пакруцiў галавою Ваўчок, узiраючыся, як там, у чарнаце ночы, ужо за вёскаю, з паравозiка пыхнуў i густым клубком завiўся раз’юшаны рой чырванаватажоўтых iскраў. Машынiст, мусiць, разварушваў у топцы белы дрыгатлiвы вугаль. Чырвоная грыва iскраў, што трапяталася i цягнулася за доўгiм комiнам паравозiка, нечакана растала. Як далёкае чахканне конiкаў, памаленьку астываў i далёкi перастук колаў.
Мужчыны, стоячы каля вялiкiх, белаватых упоцемку Ваўчковых каменняў, што падпiралi нахiлены шырокiм кустом бэзу плот, азiралiся i дабiралi ўжо, на якi сесцi. Ваўчок, прыткнуўшыся да большага, абслiзганага ўлетку чужымi заднiцамi, калi тут збiралася сяло, махнуў рукою, запрашаючы сесцi Мiцю:
— Садзiся, чаго там, за пастой, як кажуць, грошы не плоцяць.
Ломячы спiною пруткiя, што высунулiся мiж частаколiн, пасынкi бэзу, Мiця прысеў на нiжэйшы, круглы i даўгаваты камень. Заплюшчваючы вочы, учуў, што сунецца, нiбы па шапаткiм пяску, у нейкую глыбокую, зацярушаную мiгатлiваю чарнатою прорву.
Прачнуўся ўжо, адбiваючыся i адмахваючыся, як ад кусачае, надаедлiвае мухi, ад Ваўчковае рукi, што цягала яго за нос.
— Уставай, пойдзем глянем, што там у Мондравых робiцца, — трос яго ўжо за плячо, нiяк не адчэплiваўся Ваўчок. — Там нейкi гвалт стаiць, чуеш? I сучачка вые, лiха ёй, як перад канцом свету.
Мiця страсянуў яшчэ соннаю галавою, чуючы, што i праўда недзе там, на другой вулiцы, жалосна скавытала i заходзiлася, як дзiця ад плачу, Алесiна сучачка.
Ваўчок, курчачыся ад холаду i ўцягваючы ў плечы голаў, зашаркаў чаравiкамi па чэрствым з намерзлаю ўжо скарынкаю пяску, падбiваў пятамi доўгую бурку.
Каб разагрэцца, Мiця прыспешыў хаду, насцiг Ваўчка каля свайго надворка. Пакаўзнуўшыся на слiзкай ад марозу шчотцы маладое, дробнай, як зайцава капуста, дзяцелiнкi, завярнуў у свае веснiкi, каб наўпрасты выйсцi да Мондравых.
За хлевушкамi аддаваўся быстры тупат яго ног. Нiбы з перапуду, у курнiку моцна залапатаў крыллямi i хрыпата, як прадзiраючы горла, заспяваў певень. Нейкiм санлiвым голасам у канцы вёскi адклiкнуўся другi.
За Корсакавым гумном мужчыны прыпынiлiся, узiраючыся ў шапаткую, што ляжала яшчэ пры зямлi, цемнату. За чорным нiзкiм стогам Мондравай хаты пачынала крышку яснець неба, там ужо радзелi, асыпаючыся, як пераспелыя зярняты з коласа, дробныя зоркi. Адтуль дыхала холадам: над зямлёю церушыўся ранiшнi прыцемак.
За плотам у Мондравых вiшчала не сваiм голасам сучачка, быў чуваць ляскат палкi аб частаколiну, нехта, задыхаючыся ад злосцi, мусiць, з усяе моцы бiў сучачку.
Ваўчок, прыгнуўшыся, крадком i подбегам пусцiўся пад плот. Нейкi
знiякавелы i нiяк не могучы дабраць да галавы, што там робiцца, за iм спехам пайшоў Мiця.Цiха вiскнулi i зачынiлiся ў Мондравых сенцах дзверы: нехта, счуўшы за плотам Мiцю з Ваўчком, схаваўся ў хату.
— I што тут робiцца, га? Што? — цяжка дыхаючы, зашаптаў Ваўчок.
Адбегшыся пад гумно, скавытала i, мусiць, звiўшыся ў клубок, аблiзвала сама сябе пабiтая сучачка.
Мiцю зноў падалося, што там нехта стагнаў — цяжкi здушаны голас iшоў нiбыта з-пад зямлi.
Ваўчок страпянуўся, штурхнуў Мiцю локцем:
— А во, чуеш? Стогне нехта.
Мiця скрывiў голаў, настаўляючы адно вуха туды, на Мондравых надворак.
Слепаватымi бельмамi з-за плота, з-за рэдзенькае разарванае сетачкi вiшаннiку на вулiцу глядзелi зашморгнутыя фiранкамi вокны. Мiцю падалося, што ражок фiранкi раптам махнуўся — нехта, мусiць, зiркнуў з хаты на вулiцу.
— Мо глянем, чуеш? — Ваўчок зашастаў рукою мiж веснiчкамi i шулам, каб адчынiць зашчапiцу. — Мо канае хто?
Мiцю раптам хапiў i прабег па грудзях страх: падалося, што недзе там ляжыць, дзярэ рукамi зямлю, мэнчыцца, канае ў пакутах Алеся.
Ён налёг пахаю на веснiчкi, зняў з прабоя зашчапiцу, азiраючыся на белаватыя ад фiранак вокны, першым прабег цераз кароценькi надворак. Пад нагамi, як багна, гойдаўся поцемак. Пад гумном раптам нехта захроп, як яго здушылi за горла. Мiця спынiўся, знiякавелы.
— Што ж гэта? Цi не чалавек дзе падвярнуўся? — сумеўся i Ваўчок, прысядаючы i цiкуючы пад гумно, у цемнату.
— Ага, — Мiця прыгнуўся i памаленьку пайшоў да гумна, перамагаючы ў сабе нечаканы страх i невядомасць.
— Гэта ж нешта робiцца ў гумне, — задыхнуўся ўжо ад сполаху Ваўчок.
— Iмполь, Iмполь! — недзе ўжо з прачыненых у сенях дзвярэй гукала Алеся. — Дальбуг, во зладзеi ходзяць!.. Уставай, каб ты не даждаў!
— Цiха, чаго дрэнчыць? — ужо асмялеў Ваўчок. — Гэта ж я i Мiця восьдзека.
— Ах, божачка, чаго вы тут? — недзе ўжо, мусiць, успляснула рукамi Алеся. З ганка затупалi ногi, i ўпоцемку, як гонкi ялаўцовы куст, зацямнела i заварушылася яна сама.
— Што тут у цябе за гвалт стаiць? — насустрач ёй падаўся Ваўчок.
— Вой, дак гэта ж сучка, каб яна ўжо выдахла, цалюткую ноч спаць не дае, усё вые…
— Сучка… — ужо зазлаваў Ваўчок. — Вунь у гумне, кажу, што робiцца?..
— Ага, нехта як канае, — сказаў i зноў прыслухаўся да таго здушанага храпу Мiця.
Алеся маўчала, толькi чуваць было, як цяжка шаркала нагамi па зямлi. Потым засапла, як ёй забiла дух:
— Ой, не кажэця, якая ж у iх страшная хвароба. Учора звечара кавалi, як зязюлькi.
— Хто гэта? — здзiвiўся Мiця.
— Ну хто ж? Свякроў з залувiцаю.
— Так чаго ж ты маўчыш? Можа, помач iм патрэбна? — затрапятаўся Ваўчок, то падбягаючы туды да гумна, адкуль iшоў гэты спакутаваны, што аж раздзiраў душу, стогн, то варочаючыся назад, да Алесi.
— Якая тут ужо помач… Як бог даў, так няхай будзе! — Алеся махнула рукою i зноў зашаркала атопкамi па замерзлай сухаватай сцежцы, расплываючыся, як у вадзе, у шарым поцемку.