Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Фаўст

Гётэ Ёган Вольфганг

Шрифт:

Мефістофель

Ісці пара!

Марта

Вас не пусціла б я з двара, Ды наш завулак — зборышча ўсялякіх бед: Нібы ва ўсіх адна турбота — Дацікаваць паціхеньку з-за плота, Што з’еў, чым закусіў сусед, Што ні зрабі — адразу плёткі. Дзе ж пара наша?

Мефістофель

П’юць нектар салодкі, Як пчолкі.

Марта

Блізіцца да згоды.

Мефістофель

Каханне скрозь! Такі
закон прыроды!

Альтанка{62}

Убягае Маргарыта, хаваецца за дзвярыма, прыкладае палец да вуснаў і глядзіць у шчыліну.

Маргарыта

Ідзе!

Фаўст (уваходзячы)

Ах, дражнішся! Чакай, злаўлю!

(Цалуе яе.)

Маргарыта (абдымае яго і вяртае пацалунак)

Каханы мой! Люблю! Люблю!

Стукае Мефістофель.

Фаўст (тупае нагой)

Хто там?

Мефістофель

Твой друг!

Фаўст

Скаціна!

Мефістофель

Развітацца час!

Марта (уваходзячы)

Так, позна ўжо!

Фаўст

Дазвольце мне правесці вас?

Маргарыта

А маці? Не, не трэба!

Фаўст

Цяжкі час расстання! Бывайце ўсе!

Марта

Ад’ё!{63} Бывайце!

Маргарыта

Да спаткання!

Фаўст і Мефістофель выходзяць.

О, як натхнёна, мілы божа, Мужчына гэты мысліць можа! Я ж перад ім стаю, дурніца, Стаю, гатова праваліцца. Ах, Грэтхен бедная, чаму Ты спадабалася яму?

(Выходзіць.)

Лес і пячора{64}

Фаўст (адзін)

Магутны, ўзнёслы Дух, ты даў мне ўсё,{65} Чаго ў цябе прасіў. Ты нездарма, Аблічча ў полымі сваё явіўшы, Усю прыроду мне пад ногі кінуў І сілу даў, каб здолеў я жыццё Не толькі подзівам халодным мераць, Але й заглядваць у яго глыбіні, Нібыта ў сэрца сябра дарагога, Ты паўз мяне правёў жывых чароды, Ты навучыў мяне шукаць братоў У ціхім лесе, у вадзе й паветры! Калі раве, лютуе ў пушчы бура, І хвоя-волат, падаючы долу, Сасоннік трушчыць малады, і глуха Падзенне рэхам горы абуджае,— Тады вядзеш мяне ты ў ціхую пячору, Каб я, сябе пазнаючы, ўсе цуды Таемнага нутра свайго пабачыў! Калі ўстае пяшчотна чысты месяц На небе, — о, тады насустрач мне Плывуць са скал крутых і з гушчару, Як здані, постаці часоў мінулых, Лагодзячы натхнёную душу. Я ведаю, нішто не дасканаласць! Аднак ты шчодра шчасцем надзяліў, Якое зблізіла мяне з багамі, Даў спадарожніка, які ужо стаў Патрэбны мне, хоць холадна і дзёрзка Мяне ў маіх вачах шальмуе, бэсціць І з дзікім рогатам на глум і здзек Дары
твае і шчодрасць выстаўляе,
Распальвае ў душы маёй агонь, Агонь кахання абуджае зноў. Ад прагі рвуся я да асалоды, А ў асалодзе мару ўпіцца прагай.

Уваходзіць Мефістофель.

Мефістофель

Ці не абрыдла вам яшчэ? Ці, можа, досыць той забавы? Нядрэнна скаштаваць любоўнай стравы, Ды нам далей пара, жыццё ж цячэ.

Фаўст

Няма ў цябе другой турботы, бачу, Як ліпнуць да мяне ўвесь час смалою?

Мефістофель

Ну-ну! Пайду сабе — і не заплачу! — Я так не раю жартаваць са мною. Калі ты гэткі грубіян, дзікун, То, кінуўшы цябе, не шмат я страчу. Ты дзень у дзень служы яму, цікуй, Насі, вазі, шукай яму дзяўчат,— А ўсё не так табе, не ў акурат.

Фаўст

Ты што? Чакаеш ад мяне падзякі За кожны выбрык свой, фартэль усякі?

Мефістофель

А як жа ты, зямлі гаротнай сын, Прабавіў бы жыццё сваё адзін? Хіба не я, хіба не чорт Цябе пазбавіў ад згрызот? Каб не стараўся я і не штукарыў, Даўно б ты, пане мой, зямельку парыў; Чаго ж бо ты, нібы сава ў дупле, Не на дажджы сядзіш, але ў цяпле, Сядзіш, як жаба сярод багны, І смокчаш гразь, да ежы прагны,— А планаў маеш колькі ў галаве! — Не, доктар у табе яшчэ жыве.

Фаўст

Каб ведаў ты — як ачуняў я скора І колькі сіл дала мне гэтая пячора, Вярнуўшы дар шчаслівай маладосці! Каб ведаў ты, дык пазайздросціў!

Мефістофель

Прыемнасці, відаць, нямала — Вылежвацца ў траве, нагульваць сала, І заадно ў нябёсы ад зямнога Ляцець на крылах мар, ляцець да бога, І думкай працінаць зямлю і цвердзь, І божыя тварэнні ўразумець, І асалодай незямной упіцца, Ў любові зноў расчулена забыцца, Турботы будныя забыць І свой парыў…

(Робіць непрыстойны жэст.)

маўчу… вось гэтым завяршыць.

Фаўст

Цьфу на цябе!

Мефістофель

Ай-ай! Не даспадобы! — Яму варочае вантробы! Ханжам заўсёды вянуць вушы Ад рэчаў, да якіх імкнуцца душы. Я ж толькі даў магчымасць вольна жыць. Сябе самога часам пачмурыць, А ты адразу — на дыбкі. Калі характарам такі, Дык можаш розумам звіхнуцца, Зноў у віры шалёным апынуцца. Пра тое годзе! Грэтхен там — адна. Вядро наплакала з тугі, І мроіцца ёй вобраз дарагі — Па вушы закахалася яна. Твая любоў нядаўна бушавала, Нібы вясною горная рака, І да грудзей яе дапала,— Ды з той ракі цяпер не вып’еш і глытка. Па мне, чым тут бадзяцца па балоце, То лепш было б вярнуцца зноў, Каб у салодкай, радаснай пяшчоце Аддзякаваць красуні за любоў. Гадзіна днём, дзень тыднем ёй стае, Сядзіць, глядзіць, як за акном Заткалі неба хмары шэрым палатном, «Чаму не птушка я?» — пяе. Туга дзяўчыне сэрца разрывае. То падбадзёрыцца, то зноў на твар Кладзецца роспачы цяжар, То моўчкі пацеркі перабірае, Імя тваё з журботай паўтарае, То зноў у слёзы, зноў у плач — А ты тырчыш тут, як таўкач.
Поделиться с друзьями: