Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Фаўст

Гётэ Ёган Вольфганг

Шрифт:

Грэтхен

Ён, пэўна, з ёй ажэніцца цяпер?

Лізхен

Трымай кішэнь напагатоў — Да лепшае зашле сватоў; Дарэчы, ўцёк і кавалер.

Грэтхен

Які падман жахлівы, бо-жухны!

Лізхен

А нават каб пабраліся яны, Вянок сарвалі б ёй мужчыны, А мы пад весніцы насыпалі б мякіны.

(Выходзіць.)

Грэтхен (ідучы дахаты)

І я калісьці кпіла ў горкай злосці З
дурных памылак іншага кагосьці,
Сукала плётак брудныя вяроўкі З грахоў няшчаснае сяброўкі! І прававала, і кляла, Счарніла б спрэс, калі б змагла — І вось цяпер якраз мне пара Дурная грэшніца Барбара! Ды ўсё, што ў грэх мяне ўвяло, Мне столькі-столькі радасці дало.

Гарадскі мур{71}

У нішы вобраз Mater Dolorosa{72}, перад ім вазы з кветкамі.

Грэтхен (ставіць свежыя кветкі)

Заступніца, Пакутніца, Нясі мой боль да бога. У сэрцы рана. Ты так аддана Аплакваеш сына свайго. Пакуты зносіш І слёзна просіш, Каб бог не пакінуў яго. Душа палае. Хто гэта знае? Хто мне ў бядзе паспагадае? Як збалела сэрца, Як дрыжыць, з грудзей ірвецца — О маці святая. Не маю патолі, Не маю шчасця-долі, Жыву, як у турме! Сама сябе не бачу І плачу, плачу, плачу, Ах, боль мне грудзі рве! Калі сягоння кветкі Табе збірала я,— Гарачая лілася На дол сляза мая. Калі ў маю камору Ў акно прамень зірнуў, Мяне застаў у горы, Мяне застаў адну. Ратуй ад ганьбы, лёсу злога, Заступніца, Пакутніца, Нясі мой боль да бога.

Ноч{73}

Вуліца перад домам Грэтхен.

Салдат Валянцін, брат Грэтхен

Валянцін

Акружаны з усіх бакоў Ардою п’яных дружбакоў, Сяджу, бывала, у карчме, Дзе кожнаму адно наўме — Каханку выхваліць сваю, Я слухаю і моўчкі п’ю, Кручу, падбочыўшыся, вус,— Бо не хвалько я і не хлус. Укіну чарку за сяброў, Скажу: «У кожнага свой густ, Кахай, гуляй і будзь здароў! Але знайдзіце мне дзяўчат Такіх, каб з Грэтхен сталі ў рад!» Тут шум, тут вэрхал, стукат, грук: «Ён праўду кажа, наш сябрук! Такой нідзе няма красы, Такая ўсім утрэ насы!» Хвалькам адразу як затне, Як ні круці — што не, то не! …А тут — насмешкі, жарты, кпіны, Атрута плётак, пырскі сліны; Калі на плечы ўзлезе гора, Лайдак апошні ў вочы пора. Сяджу ўвесь час напагатове, Лаўлю намёк у кожным слове. Тут нават хоць касцямі ляжаш, Хлусам нічога не дакажаш. Але!.. Каго нясе там ліха? Аж двое нават… Ціха! Ціха! — Калі панадзіліся ў госці, Пераламаю гіцлям косці.

Фаўст і Мефістофель.

Фаўст

Як там, святло лампадкі праз акно Цячэ ў густую цемру ночы, Чым ён жыве, яе спакой дзявочы, Праз шыбу з цемры не відно. Душа
мая ў зачараванай багне.

Мефістофель

Ну, а ў мяне настрой, нібы ў ката, Калі на дах яго пацягне Чароўнай кошачкі цната, А ў думках толькі дабрата: Душа гульбы марцовай прагне, Аж загадзя каўтаю сліну. Праз дзень пазбаўлюся ярма — І вуды ўжо на шабасе закіну:{74} Там недаспіш — дык недарма!

Фаўст

Ці бачыш, скарб свіціцца з лёха? Дастань яго — чарцям так лёгка.

Мефістофель

Дастану, добра. Скарбаў тых Я знаю безліч; асабліва Адзін каштоўны, з дзіваў дзіва — Паўнюткі горшчык залатых.

Фаўст

Каб то пярсцёначак які, Дык падарыць я быў бы рады.

Мефістофель

О, там на выпадак такі Каралькі — чыстыя смарагды.

Фаўст

А то ж! Я не магу згадзіцца Ісці да мілай без гасцінца.

Мефістофель

Чаго саромецца быць скнарам! Абы далі — бяры задарам! Пры бляску месяца я кралі Спяю начную серэнаду Ці песню, поўную маралі, Каб лепей брала на прынаду.

(Спявае пад цытру.)

Скажы, чаго{75} Чакаць яго, Хлапца свайго, Ля дома з ночкі ў ночку? На ноч, на дзве Гукне цябе, Вянок сарве — Не выйдзеш у вяночку. Твой мілы друг Хлапчына — зух, Ён мае нюх, Умее заляцацца. Спявай, кахай, Цалуй, гуляй — Цябе ж ён, знай, Не павядзе вянчацца.

Валянцін (выходзячы)

Каго ты надзіш, госць нязваны, Сабачы хвост, пацукалоў!{76} Зламаю інструмент паганы! Шпурну да д’ябла спевакоў!

Мефістофель

Разбіў нягоднік цытру нашу.

Валянцін

Ды я вам чарапы распляжу!

Мефістофель (Фаўсту)

Ну, пане доктар, вам уважу — За вас у бойцы пастаю! Вымай жалезіну сваю, Калі смялей — я адаб’ю!

Валянцін

Дык адбівай!

Мефістофель

Чаму ж бы не!

Валянцін

Яшчэ!

Мефістофель

Адбіў.

Валянцін

Тут спрыт па сатане! Ды што такое? Слабне ўжо рука.

Мефістофель (Фаўсту)

Калі!

Валянцін (падае)

Канец!

Мефістофель

Утаймавалі блазнюка! Цяпер бяжым, пакуль не позна, прэч — Падымуць шум. Хутчэй! Ты не пярэч — З паліцыяй управіўся б я тут, Але нам пагражае суд.{77}
Поделиться с друзьями: