Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Фаўст

Гётэ Ёган Вольфганг

Шрифт:

Фаўст

Твой страх, каханая, дарэмны.

Маргарыта

Яго прысутнасць мне бунтуе кроў. Я ўсіх шаную, ўсім мая любоў; — І як цябе пабачыць прагна мару, Так ад ягонага дрыжу я твару. Здаецца мне, ён шэльма, пустабрэх, Калі не так — даруй мне, божа, грэх!

Фаўст

Хіба на свеце блазнам нельга быць?

Маргарыта

З
такім я не хацела б побач жыць!
Як толькі ўвойдзе ён у дзверы, Яго падступныя намеры, І здзеклівасць, і злосць відны; Напэўна, мерцвякі адны Яму на свеце гэтым любы. Пагардліва ён крывіць губы, І я чытаю з твару злога — Не можа ён любіць жывога. З табой так добра, так лагодна, З табой я дыхаю свабодна, А ён агідны, ён зласлівы.

Фаўст

О, мой анёлак баязлівы.

Маргарыта

Падыдзе толькі да цябе,— Я ўся ад страху калачуся, Здаецца, не люблю цябе. Пры ім я стыну, не малюся, Трывожна, цяжка мне тады. Ах, Генрых мой, каб не было бяды.

Фаўст

Ну, непрыгожы ён, ну, брыдкі з твару…

Маргарыта

Пара мне ўжо.

Фаўст

Ах, мілая, як мару Я хоць гадзінку лішнюю пабыць, Душу з душой і сэрца з сэрцам зліць.

Маргарыта

Калі б адна я ў хаце спала, Дык я б дзвярэй не замыкала, Ды мама чуйная мая; Каб нас яна ўдваіх застала, Ад сораму памерла б я.

Фаўст

Анёлак мой, вазьмі флакон, Падай тры кропелькі з вадой, І прыйдзе сон, здаровы сон І матцы прынясе спакой.

Маргарыта

Дзеля цябе на ўсё я згодна! Скажы, а гэта ёй не шкодна?

Фаўст

Навошта мне шукаць падману?

Маргарыта

Як толькі на цябе я гляну, Слабею ўраз і трачу волю, Нічым душы не задаволю. Зрабіла столькі я табе. Здаецца, Нічога больш рабіць не застаецца.

(Выходзіць.)

Мефістофель (уваходзячы)

Як малпачка? Пайшла?

Фаўст

Шпіёніў зноў?

Мефістофель

Урок закону божага і мілаты? — Я чуў ваш дыспут да апошніх слоў — Маралізатар недалужны ты, А дзеўчанё дарма не траціць часу. Калі ты ў бога верыш, —
будзь гатоў,
Што прыбярэ цябе да рук адразу

Фаўст

Пачвара, ці не бачыш ты, — яна Баіцца пакахаць І чыстай вераю святой Сама, адна Душу ад зла спрабуе ўратаваць, І за мяне убольвае душой.

Мефістофель

О кавалер звышпачуццёвы, Паддацца ты дзяўчу гатовы.

Фаўст

Паскробак полымя і гною!

Мефістофель

Яна здаецца недурною: Дзе недабачыць, носам чуе І грэбуе прысутнасцю маёй, Мая ўжо морда, бач, не імпануе. Адчула, бач, што перад ёй Не чалавек, а геній, сіла, Відаць, і чорта раскусіла. Дык ноччу?..

Фаўст

Што табе да гэтай справы?

Мефістофель

Ва ўсім ёсць частачка маёй забавы.

Каля студні{69}

Грэтхен і Лізхен са збанамі.

Лізхен

Ты чула, што Барбару напаткала!

Грэтхен

Не, я з людзьмі бываю мала.

Лізхен

Сівілачка шапнула мне на вушка, Што ўжо ў круцёлкі нашай пухне брушка,— Так ёй і трэба!

Грэтхен

Не!

Лізхен

Яно ж бо тое — Ужо і есць і п’е на двое!

Грэтхен

Ах! Ах!

Лізхен

Якая ж гэта навіна? Што заслужыла, тое — на! Штоноч спраўляла пагулянку, Любошчы з вечара да ранку, Усюды першай лезла смела, Віно піла, лагодкі ела, Каб дагадзіць свайму каханку. Дзе сорам? Страх? Наўме адно: Гулянкі, хлопцы і віно! Лізалася ў распуснай млосці І вось… чакае бусла ў госці.

Грэтхен

Няшчасная.

Лізхен

Твая спагада — не для шлюхі! Вось мы з табою, папрадухі, Сядзім, прадзём, на вуліцу — каб крок, Яна ж каханку горнецца пад бок, На прызбу цягне, ў сенцы і за плот — Шукае ўцех любоўных і прыгод. Дык хай жа гадаўка пакіне гулі, Паўзе да кірхі ў грэшніцкай кашулі.{70}
Поделиться с друзьями: