Фаўст
Шрифт:
Блакітны светлячок
З ахвотаю! Сваім панам Гатоў служыць, змяню сваю прыроду: У траўцы поўзаць — звычай наш.Мефістофель
Ты пераняў сабе людскую моду? Хай людзі поўзаюць, а ты — наперад марш! Бо ўраз жыцця агеньчык патушу.Блакітны светлячок
Вы гаспадар, і вам я паслужу, Што загадалі, давяду да ладу. Але тут сёння шабас, аж зямля гудзе, Дык і святляк, магчыма, дрэнна правядзе, І вы ўжо майце да яго спагаду.Фаўст, Мефістофель, Блакітны светлячок (спяваюць па чарзе)
ВосьМефістофель
Дык ідзі ж за мной пакорна. Мы ў гарах, дзе бляск і звон, Дзе навокал змрочна, чорна, Дзе пануе цар Мамон.Фаўст
Як дзіўна льсніцца праз даліны Унізе цьмяная зара, Зганяе морак у цясніны, Як прывід кожная гара. Тут вецер чадны хмары пеніць, Там промень вырваўся з імглы, То тоненькім цурком струменіць, То б’е крыніцай са скалы, То мноствам жылачак барвяных Лагчыну краскамі затчэ, То зноў у прорве гор крамяных Ракой магутнаю цячэ, Тут пырскі іскраў пад нябёсы Пясочкам сыпле залатым, А там узносяцца уцёсы, Румяняцца рабром крутым.Мефістофель
Напэўна, к святу ягамосьці Раззалаціў Мамон палац? Шчаслівы той, хто зведаў Гарц! Але я чую — блізка госці.Фаўст
А вецер, вецер так і б’е, Лупцуе ў плечы бізунамі.Мефістофель
За рэбры скал дзвюма рукамі Трымайся, бо змяце цябе. Вакол клубіцца ўжо туман, Дубровы трушчыць ураган, Лапоча сыч, як утрапёны. Ты чуеш? — Крышацца калоны Палацаў, гай гудзе зялёны, Скрыгоча сучча і галлё. І стогны волатаў-камлёў, І енкі дзікія карэння. І лямант-гвалт жывых стварэнняў, І векавечныя кражы Трашчаць, бы ссохлыя лаўжы; І валіцца каменне ўпокат, Пад сковыт дзікі і пад ёкат, І ў прорвах заягліў, завіскаў Шалёны продзімень вятрыскаў. Чуеш крык — далей, бліжэй? Чуеш енк — вышэй, ніжэй? Там на схілах дзікіх гор Заспяваў вядзьмарскі хор.Хор ведзьмаў
На Брокен, ведзьмы, на папас! Там рунь ужо чакае нас! Там Урыян{86} у карагод Сабраў увесь нячысты зброд. Хутчэй туды на мётлах едзьма! — Казёл смярдзіць, смярдзіць і ведзьма!Голас
Старая Баўба з храпай грознай{87} Імчыцца на свінні пароснай.Хор
Хвала таму, каму хвала! Няхай бы Баўба нас вяла! Вядзі, старая Баўба, рэй — На Брокен заляцім хутчэй!Голас
А ты адкуль?Голас
Праз Ільзенштэйн{88}, жыве там Саве знаёмая з прыветам — Сядзіць лупатая…Голас
Каб ты згарэла; Бяжыш, ад спешкі ашалела?Голас
Сава мне здуру Злупіла скуру.Хор ведзьмаў
Шырокі шлях, усім праход, А мы стаўкліся на скале! Хто з віламі, хто на мятле — Цяжарнай раздушылі плод.Чарадзеі (палавіна хору)
Паўзуць мужчыны, як смаўжы, За бабамі брыдуць мужы. Як што да чорта ці да зла, Жанчына б ракам дапаўзла.Чарадзеі (другая палавіна хору)
Ды не зусім дакладна гэта, Хай зробіць крокаў сто кабета, Мужчына ж можа ў адзін скок Паабганяць усіх жанок.Голас (згары)
Хадзем за намі вы, з азёр!Галасы (знізу)
Мы б рады вырвацца да гор — Тут мыемся мы круглы год, Ды не завязваецца плод.Абодва хоры
Віхуры сціхлі, змоўклі ледзь, Завылі дзесь ваўкі ў гарах, Імчыцца гурт распусных ведзьм, А следам іскры, серкі пах…Голас (знізу)
Чакайце! Стойце! Не бягом!Голас (знізу)
Хто гэта енчыць наўздагон?Голас (знізу)
Прашу, вазьміце ў карагод! Сяджу я ў прорве трыста год І не магу ўслужыцца чорту І ўбіцца ў вашую кагорту.Абодва хоры
На вілах едзь, на памяле, Ці на ражне, ці на казле. Хто не дагодзіць сатане, Таго балота праглыне.Паўведзьма (знізу)
Трушком бягу, трушком бягу, Але дагнаць вас не магу. Я выйшла першая, аднак — Не паспяваю аніяк.Хор ведзьмаў
Нам мазь дае запал кіпучы, Стварае ветразі з анучы, З балеі робіць карабель — Прапаў, хто сёння сеў на мель.Абодва хоры
Каб абляцець гару ўначы, Нам трэба сілы зберагчы. Тады натоўпы нашых зграй Збяруцца ў чарадзейскі гай.(Апускаюцца.)
Мефістофель
Глядзі, якая калатня, І енк, і піск, і балбатня! Таўкуцца, крэкчуць, пхаюць, пруць, Рагочуць, харкаюць, плююць, Ляціць рыззё, вядзьмацкі пух! — Пануе скрозь чартоўскі дух! Сачы, каб нас не разлучылі! Ды дзе ж ты?Поделиться с друзьями: