Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Фаўст

Гётэ Ёган Вольфганг

Шрифт:

Сола

Зноў катрынкі чуцен зык — Пузыр катрынкі з мыла: Слухай жа «трумзык-трумзык», Кірпатае дурыла.

Дух, які толькі фармуецца{100}

Жабін рот, павучы зад, І шчэлепы, і крылы: Як не выйдзе звер ці гад, Выйдзе вершык мілы.

Парачка{101}

Дробны бег, павольны крок — Нагамі топчам росы, Але,
ходзячы ўпадскок,
Не ўзнімемся ў нябёсы.

Цікаўны падарожнік{102}

Хто б вачам паверыць мог, Што тут не маскарады, Аберон, чароўны бог, Наладжвае парады.

Артадокс{103}

Аберон хоць без рагоў, А ходзіць чартавата. З ім і грэчаскіх багоў Лічыць чарцямі варта.

Паўночны мастак{104}

Натуры вартае шукай, Хай будзе сэрца рада. Найболей вабяць мастака Італія, Элада.

Пурыст{105}

Няшчасце прывяло сюды, Дзе брудныя лахудры. Толькі дзве з усёй арды Тут дараслі да пудры.

Маладая ведзьма

Старым і пудра ў акурат,— Я ж на казлішча села І еду голая да пят, Глядзі — якое цела!

Матрона

Нам старасць мудрасці дае — Спрачацца я не буду. Усе прынаднасці твае Згніюць у яме бруду.

Капельмайстар

Мухі, блохі і жукі, На голых не зважайце! Цвыркуны і слімакі, У такт і ў лад іграйце!

Флюгер{106} (у адзін бок)

Які, аднак, цудоўны з’езд І каскад манераў! — Як ззяе зала ад нявест І ад кавалераў.

Флюгер (у другі бок)

Няхай зямля іх праглыне, Хай дзень ім стане ноччу — Каб не паганілі мяне, Я сам у пекла ўскочу.

Ксеніі

Роем мы ляцім на пір, Нясём з сабой нажніцы — Каб сам д’ябал, наш кумір, Мог намі ганарыцца.

Генінгс{107}

Глядзі, падцкоўваюцца там Наіўна і зласліва, А ўрэшце раптам скажуць нам, Што любяць нас чулліва.

Музагет{108}

З вядзьмачай арміяй хаўрус Прыемна мне завесці. Між ведзьмаў лепш, чым паміж муз, Сябе да славы ўзнесці,

Ci-devant геній часу{109} (Музагету)

Праславіцца
на доўгі час,
Хто знае нораў немца. Наш Брокен — гэта не Парнас, Усім не хопіць месца.

Цікаўны падарожнік

Скажы, чый там схіліўся стан? Як ён сюды прыблытаў? Вынюхвае, шукае пан Між намі — езуітаў.

Журавель{110}

У чыстай я лаўлю вадзе, Лавіць і ў бруднай рады; Падчас і сам святы ідзе Туды, дзе чэрці й гады.

Дзіця свету{111}

Ханжам — і сродкі на падбор, Сваёй паслужаць мэце. На Брокене святы сабор Яны ўзвядуць, паверце.

Танцор

Ах, новы хор! Ах, спеў які! Як гучна бубен грае! Ды гэта, пэўна, шулякі — Бубніць, буркоча зграя.

Танцмайстар

Нахрапам лезуць, пруцца ў скок, Каб спадабацца даме: Глюгасты ўверх, клыбаты ўбок, Віхляючы задамі.

Скрыпач

Гуляе зброд — і віск, і роў. Ну ж гадаўё ўцінае! Як ліраю Арфей звяроў, Катрынка ўсіх яднае.

Дагматык{112}

Не дасць мне крытыка пажыць, Не дасць спакойнай смерці — Павінен чорт жа чортам быць, Інакш навошта чэрці?

Ідэаліст{113}

Заўжды фантазія мая Не ведае граніцы. Аднак калі ўсё гэта — я, Дык дурань я дурніца.

Рэаліст{114}

Рэальнасць гэтая падчас Даводзіць да знямогі. Дальбог, не чую першы раз Я пад сабой падлогі.

Супернатураліст{115}

Гуляю тут між весялух, Свае забыўшы скрухі; Калі на свеце ёсць злы дух,— То й добрыя ёсць духі.

Скептык{116}

Агеньчык вабіць — ды ражна Усім вам, а не скарбаў, Бо рыфма «сатана-мана» Не мае іншых фарбаў.

Капельмайстар

Цвыркуны і слімакі — Проста дылетанты. Мухі, блохі і жукі — Гэта музыканты!

Спрытныя

Мы без турбот, мы sanssousi, Нікому не нашкодзім, На ножках дыбаць не прасі — Бо на галовах ходзім!
Поделиться с друзьями: