Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Фаўст

Гётэ Ёган Вольфганг

Шрифт:

Фаўст

Мінулае ў мінулым застанецца! Не муч мяне, не крой мне сэрца.

Маргарыта

Застанься, мілы. Я раскажу пра тры магілы, Што заўтра будзеш ты капаць. Матуля ў першай будзе спаць, А побач ляжа родны брат, А я наўзбоч ад іх, не ў рад, Але не надта каб далёка, Каб не было мне адзінока, І на грудзях я прыгарну Маё дзіця і з ім засну, Бо дзе ж яшчэ яму ляжаць? О, як хачу я зноў абняць Цябе, мой любы, як бывала, Ды ўсё мінула, ўсё прапала: Сілком тулюся, ты ж не рад, Чамусьці
хілішся назад.—
Як рада я, што разам мы.

Фаўст

Тады пайшлі хутчэй з турмы.

Маргарыта

Куды?

Фаўст

На волю!

Маргарыта

Ў дамавіну! На смерць пайду, турму пакіну, На адпачынак вечны, на спакой Пайду хоць зараз я з табой. Далей ні кроку, мілы мой.

Фаўст

Ты можаш! Адчыніў я дзверы!

Маргарыта

О не! Няма ўжо больш надзеі, веры. Чаго ўцякаць? За сутарэннем Чакае варта — мне не збегчы. Павесіць торбачку за плечы, Ісці з нячыстым, злым сумленнем Нядобра, брыдка мне, і ўрэшце, Чаго блукаць, бадзяцца ў свеце, Калі ўсё роўна не ўцячы?

Фаўст

Я застаюся!

Маргарыта

Ах, маўчы! Мяне пашкадуй — Дзіцятка ратуй. Там, дзе ручай бяжыць У бары… У сажалцы ляжыць, У віры… Пад кладкай… Галоўкай дагары… Яно жывенькае яшчэ. Бяры яго хутчэй! Ратуй маё дзіцятка!

Фаўст

Адумайся, няўжо не хочаш волі?

Маргарыта

Каб толькі нам мінуць гару на полі! Сядзіць на камені матуля. Ах, як страшна мне з табою… Сядзіць на камені матуля… І мне ківае галавою… Панікла ўся… Васковае аблічча… І не заве яна мяне… не кліча… Каб добра нам было, яна заснула… Але мінула шчасце… ўсё мінула…

Фаўст

Ніякай просьбаю не ўзрушу, Цябе я сілай весці мушу.

Маргарыта

Я не люблю ні гвалту, ні падману. Пусці мяне, пусці, забойца, Не развярэджвай рану.

Фаўст

Каханая, ўзыходзіць сонца.

Маргарыта

Узыдзе сонца! Дзень настане… дзень маіх пакут — Ён днём вяселля будзе… Ты ж не кажы нікому, што пабачыў тут Сваю каханую ў цямніцы й брудзе… Сарвалі мой вянец! Ах, што рабіць? Канец… Нам суджана сустрэцца Не ў танцы… Не ў альтанцы… Народ таўчэцца, Ужо няма на плошчы месца… І рынак поўны… ён… Змясціць усіх не можа… Зламаў свой кій суддзя, ударыў звон, Натоўп знямеў ад жаху… Мяне хапаюць… вяжуць… божа… І ўжо вядуць на плаху… Ўсе дотык вострага ляза Нібы адчулі самі.{125} Пацякла… з вачэй спагадлівых сляза… І свет нямее… цішыня ў труне…

Фаўст

Ах, лепш бы не радзіцца мне.

Мефістофель (з’яўляецца ў дзвярах)

Ідзем.
Альбо дваім турма!
Вы не вагайцеся дарма! Чакаюць коні на двары, Прачнецца варта на зары.

Маргарыта

Хто гэта вылез з цемнаты? Ён! Ён! Гані яго!.. Што хоча ён у міг святы? Жыцця майго?..

Фаўст

Жыць павінна ты!

Маргарыта

Я аддаюся божаму суду!

Мефістофель (Фаўсту)

За мной, інакш адзін пайду!

Маргарыта

Іду, гасподзь, іду! Ратуй мяне! Анёлы, вы пры божым троне Не адмаўляйце ў абароне! Ты, Генрых, страшны мне.

Мефістофель

Яна асуджана!

Голас зверху

Уратавана!

Мефістофель (Фаўсту)

За мною!

(Знікае з Фаўстам.)

Голас з цямніцы (заціхаючы)

Генрых! Генрых!

Другая частка трагедыі{126}

Акт першы{127}

Прыгожая мясціна

Фаўст ляжыць на лузе сярод кветак, стомлены, неспакойны; хоча заснуць. Досвітак. Навокал кружацца грацыёзныя духі-эльфы.

Арыель (спявае пад эолаву арфу)

Па зіме, як толькі кветкі Амалодзяць стылы свет, Нашы пашы і палеткі Зноў адзенуцца як след,— Зноўку лёткія малыя Эльфы роем наляцяць, Людзі добрыя і злыя Могуць ласку іх прыняць. Вы, што лунаеце над Фаўстам сонным Чароўна-эльфаўскім надземным сонмам, Суцішце боль агорклае нуды, Развейце ў сэрцы роспач ад дакору, Злагодзьце дух яго, здыміце змору, Каб ён забыў былое назаўжды. Закалышыце ласкай і пяшчотай, Скрапіце забыццёваю вадой, Каб сіл набраўся ён душой, істотай Да новай рызыкі, да маладой. Зрабіце дзіва з чараў і дзівос, Каб Фаўст нарэшце сон атрос.

Эльфы (паасобку, па двое, хорам)

Цёплы ветрык ціха вее, Дзень згасае, вечарэе, Лёг на поле волкі змрок. Накалышам сон на вочы, Каб турбота адплыла, І зачынім браму ночы Ад праменнага святла. На бязмежжы, на прасторы Чорнай поўначы пячаць. У бяздонным небе зоры Запаліліся, зіхцяць І на луг, на гай чароўны Сыплюць іскры, прамяні. І плыве ўрачыста поўны Месяц горды ў вышыні. Адышлі ў нябыт суровы Шчасце, боль і пачуццё. Будзь бадзёры і здаровы, Вер у новае жыццё. На прыгорках, у далінах — Квецень, свежасць, пышны май: І калышацца на нівах, Даспявае ўраджай. Каб убачыць лёс жаданы, Глянь у ясную вясну, Прэч шпурні свае кайданы І адкінь лушпінне сну. Уставай жа, неўтаймоўны, Будзь нядрэмны між людзей І ваюй, натхнення поўны, За трыумф сваіх надзей!
Поделиться с друзьями: