Фаўст
Шрифт:
Полішынелі{139} (блазнавата, амаль прыдуркавата)
Дурному праца Якраз прыдасца, А мы мазгуем І не працуем. Мы — рызыканты: Пантофлі, транты Спакойна носім, Выгод не просім — Нам каб крыўляцца І выскаляцца. Усе навіны Мы знаць павінны. Наробім крыку На вашым рынку; У нас разлікі — Жыць у прытыкі. На вашы светы, На этыкеты, На ўсе маралі Панасядзелі І паначхалі Полішынелі!Дармаеды (лісліва
і карысліва)
П’яніца (мармыча)
З глузду я яшчэ не з’ехаў — Сам сабе і цар і бог; Розных песень, розных смехаў Вам ці мала прыбярог. П’ю гарэліцу з падсёрбам І назло і насупор вам — Гэй, падсусед, падыходзь! Вып’ем! Што нам! — хоць бы хоць! Баба ў румзы, баба ные, Аж заходзіцца ад слёз, Ушчувае, просіць, вые — Каб яе пярун разнёс! А я п’ю сабе з падхлістам, Не сцялюся гладкім лістам, Весялю душу і плоць — Што мне, зрэшты? — хоць бы хоць! П’ю, каб поўнілася чарка! Каб пілося, як цяпер! Не раздобрыцца карчмарка, Дасць служанка напавер! І я вып’ю зноў з падсмоктам З карчмаром і з лысым чортам Вашым пацерам супроць — Мне ж бо, хлопцы, — хоць бы хоць! Нешта млосна, млява нешта, І язык стаіць калом,— Вам з таго якая рэшта, Што ляжу я пад сталом?Хор
За здароўечка, за ваша Кіньма чарку ў горла наша! З п’яным спрэчкі не заводзь! — П’яным свары — хоць бы хоць!Герольд абвяшчае прыход паэтаў розных напрамкаў: пеюноў прыроды, прыдворных начотчыкаў і мінезінгераў, пяшчотных лірыкаў і одапісцаў. У штурхатні і валтузні ніхто не дае другому вымавіць слова. Толькі адзін праціскаецца наперад.
Сатырык
Адно мне грэе сонца — Што маю нюх і хватку, Дзе толькі давядзецца, Я рэжу праўду-матку.Пеюны могілак і ночы просяць прабачэння, бо яны якраз заняты цікавай гутаркай з модным вампірам — можа, у будучым з яе ўзнікне новы напрамак паэзіі. Герольд адыходзіць ад іх і выклікае грэчаскую міфалогію, якая і ў сучасных масках захоўвае адметную самабытнасць.
Грацыі{140}
Аглая
З ласкай у жыццё ідзіце І пяшчотна дар дарыце.Гегемона
З ласкаю прымаць прыемна І адорваць узаемна.Еўфрасіна
А найлепш ад ласкі ўсякай Адарыць усіх падзякай.Паркі{141}
Атропа
Я старэйшая, мне спрасці Трэба нітку долі вашай, Шмат умельства трэба ўкласці, Каб хваліцца добрай пражай. Каб вілася нітка роўна, Трэба добра лён прыладзіць, Каб ён мяккі быў, як воўна, Трэба пальцамі прыгладзіць. Куралесьце ў буры танца — Ні на што ніякай скідкі: Толькі помніце, — парвацца Могуць тоненькія ніткі.Клота
Мне давераны нажніцы, Каб падрэзаць дзе-нідзе, Памагчы старой сястрыцы, Дзе яна не так спрадзе. Бо яна ў мяне — майстрыха З валакон гнілых сукаць, Бо яна ж умее ціха Крылы марам падсякаць. Ды і я не раз псавала Маладым любоўны пал, І таму цяпер схавала Я нажніцы ў футарал. Сёння хай ляжыць кудзеля — Абыдуся без сясцёр. Колькі радасных падзеяў! Як бушуе шумны двор!Лахезіс
Я, мудрэйшая, павінна Ў нітках бачыць палатно. Хай жа круціцца няспынна У сястры верацяно. Чашку ў чашку я паволі Навіваю на клубок, Пераблытаць іх ніколі Не павінен мой юрок. А спынюся ў час рабочы, Смерцю ўласнай заплачу; Наматаўшы дні на ночы, Аддаю клубок ткачу.Герольд
А гэтых трох не распазнаць натуры, Хоць вы антычныя чыталі скрыпты, Пад маскай ветлівасці ўяўнаў скрыты Вядзьмаркі нораў і пагляд пануры, Заўжды іх выгляд чысты і нявінны. То фурыі{142} — я сам не даў бы веры, Што пад такою маскаю — пантэры І кобры ўлезлі ў вобраз галубіны. А зрэшты, сёння тут, калі наўкола Усе распустай хваляцца, дурнотай, Навошта лютасцю ўпівацца ўпотай, Удаючы пры ўсіх з сябе анёла?Фурыi
Алекта
Даверлівасць мы шчыра вашу любім; Нам, фурыям ліслівым, вельмі проста Ашальмаваць каханка, як прахвоста,— Нашэпчам, наплявузгаем, загубім. Мы толькі скажам хлопцу, што нявеста З другімі бавіцца, другім міргае; Ды каб хоць людская была — худая, Як той казаў — ні рошчына, ні цеста. А ёй нашэпчам: «Твой каханы хлопец Перад другой дзяўчынай чапурыцца, Яшчэ й пакепвае з цябе, дурніца».— І будзе свара, і ўсяго там хопіць.Мегера
Калі ж яны асмеляцца пабрацца, Дык столькі я ў іх шлюб улью атруты, Пякучай жоўці і сямейнай смуты, Што праз жыццё ім будзе адрыгацца. Што знаю я ў людскім метамарфозе? Няма граніцы чалавечым марам: Здабыты скарб аддаць вам могуць дарам, Пагрэўшыся, сумуюць па марозе. Найбольш за ўсё люблю губіць людзей я, Калі яны адно другому ў пару, Бо тут не цяжка напусціць кашмару Ад дэманічнай страсці Асмадзея{143}.Тысіфона
Што атрута? Злыя пашчы? Здрады напушчу заразу! Хто кахае дзвюх адразу, Той ужо зусім прапашчы. За пацехі і забавы Прыйдзе, прыйдзе час расплаты — Будзе гонар твой распяты Горкай славаю няславы. Хто даруе зло, падманы Або выкажа спагаду? Нават рэха ганіць здраду: Паўтарае: «Згінь, паганы!»Герольд
Поделиться с друзьями: